Вы тут

Фларысты і спецыялісты па інфармацыйнай бяспецы. Якія яшчэ спецыяльнасці адкрыюцца ў беларускіх каледжах?


Пяты Рэспубліканскі конкурс прафесійнага майстэрства, які пройдзе ў Мінску 13—16 мая, варта наведаць абітурыентам бягучага і двух наступных гадоў. У гэтым упэўнена намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра ПЯТРОВА. У фінале будзе прадстаўлена 47 кампетэнцый: ад аўтамабільных тэхналогій, кулінарнага мастацтва, рэстараннага сэрвісу, візуальнага мерчэндайзінгу да мабільнай робататэхнікі, інжынернага дызайну CAD і тэхналогій праектавання будынкаў. Як адзначыла спецыяліст, у падлеткаў і іх бацькоў будзе магчымасць на свае вочы ўбачыць сутнасць многіх сучасных прафесій, іх адметнасці і разбурыць стэрэатыпы, якія існуюць у грамадстве наконт рабочых спецыяльнасцяў.


Новыя кампетэнцыі

Конкурсы прафесійнага майстэрства праводзяцца не толькі дзеля таго, каб вызначыць пераможцаў. Гэта яшчэ і магутнае прафарыентацыйнае мерапрыемства. Дарэчы, менавіта ў рамках гэтага конкурсу нарадзілася і новая спецыяльнасць «Фларыстычны дызайн». Такая кампетэнцыя была прадстаўлена яшчэ на першых конкурсах, але толькі сёлета ў Мінскім дзяржаўным каледжы рамесніцтва і дызайну імя М. Кедышкі распачнецца падрыхтоўка фларыстаў.

— «Фларыстычны дызайн» — абсалютна новая прафесія ў нашай краіне. Адкрыта яна дзякуючы актыўнай рабоце творчай групы пры падтрымцы Міністэрства адукацыі, Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі і асноўных арганізацый — заказчыкаў кадраў: гэта Мінскі парнікова-цяплічны камбінат, Галоўнае гаспадарчае ўпраўленне Кіраўніцтва спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і «Ружа.Бел», — расказала дырэктар каледжа Ганна БОЙКА. — Набіраць на гэты кірунак мы будзем як на ўзровень прафесійна-тэхнічнай, так і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У першым выпадку рыхтуем фларыстаў чацвёртага разраду, у другім — пятага. Абітурыентам, якія паступаюць на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі, здаваць нічога не трэба. Да ўвагі бярэцца толькі сярэдні бал дакумента аб адукацыі.

— Калі ж малады чалавек першапачаткова жадае атрымаць больш высокую кваліфікацыю і мае намер падаваць дакументы на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то яму, акрамя прад'яўлення атэстата, трэба будзе вытрымаць яшчэ і творчы экзамен. Цяпер на зацвярджэнні знаходзіцца праграма ўступнага іспыту: гэта будзе фармальная кампазіцыя з пяці аб'ёмных геаметрычных фігур, — праінфармавала Ганна Бойка і патлумачыла, чым жа адрозніваюцца паміж сабой фларысты розных разрадаў. — Спецыяліст чацвёртага разраду ўмее вырабляць круглыя, каскадныя, сіметрычныя букеты з жывых зрэзаных кветак і іншага расліннага матэрыялу ў спіральнай і паралельнай тэхніцы, кветкавыя кампазіцыі на фларыстычнай губцы.

Фларыст пятага разраду будзе ствараць дэкаратыўныя структурныя букеты з жывых зрэзаных кветак, сухацветаў, штучных кветак і іншага расліннага матэрыялу нестандартных форм, з вялікай колькасцю зеляніны і дэкаратыўных элементаў са штучных і натуральных матэрыялаў, кветкавыя кампазіцыі нестандартных форм з жывых зрэзаных кветак, сухацветаў штучных кветак, аксесуары рознага роду. Акрамя таго, падчас вучобы юнакі і дзяўчаты змогуць паралельна асвоіць прафесіі кантралёра-касіра і кветкавода.

Таксама наш каледж упершыню будзе ажыццяўляць набор па спецыяльнасці «Абслугоўвая праца. Выяўленчая творчасць». Гэты кірунак навучання прыцягальны для дзяўчат — будучых настаўніц працы і малявання ў пачатковых класах. Мы даследавалі рынак працы — патрэба ў такіх кадрах ёсць з боку ўпраўленняў па адукацыі», — запэўніла Ганна Бойка.

Па конкурсе атэстатаў

Усяго ў прафесійныя каледжы плануюць прыняць сёлета больш за 65 тысяч абітурыентаў.

— Усе навучальныя ўстановы, якія рэалізоўваюць праграмы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, перайшлі на адзіны від установы адукацыі — цяпер гэта каледж, — патлумачыла Аляксандра Пятрова. — Сёння ў краіне іх налічваецца 229. Акрамя таго, быў уведзены новы класіфікатар спецыяльнасцяў і кваліфікацый. Гэта важны фундаментальны дакумент, у якім перагледжаны найменні спецыяльнасцяў, унесены новыя, а нейкія страцілі сваю актуальнасць і былі выключаны.

Што датычыцца правілаў прыёму, то ў сёлетнюю ўступную кампанію выпускнікі 9 і 11 класаў будуць залічвацца па конкурсе сярэдняга бала дакумента аб адукацыі. Раней, нагадаем, адзінаццацікласнікі здавалі ЦТ.

— Праўда, змены не закрануць творчыя спецыяльнасці, а таксама прафесіі, звязаныя з фізічнай культурай і спортам. У такіх выпадках (акрамя сярэдняга бала атэстата) абітурыенты па-ранейшаму будуць здаваць і ўступныя іспыты. Гэта спецыфіка адбору таленавітых дзяцей, — удакладніла Аляксандра Пятрова.

Прыём дакументаў у каледжы на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі стартуе 15 чэрвеня і завершыцца 23 жніўня. Калі застануцца вакантныя месцы, залічэнне можа быць працягнута да 15 верасня. Усяго на гэты ўзровень плануецца прыняць больш як 26 тысяч абітурыентаў. А на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі план прыёму складае больш за 39 тысяч чалавек, з іх больш за 27 тысяч будуць навучацца за кошт бюджэтных сродкаў.

Як заўважыла спецыяліст, пералік спецыяльнасцяў у каледжах пераглядаецца штогод. Набор па нейкіх закрываюць ці, наадварот, аднаўляюць. Гэта звязана з бягучай патрэбай у рэгіёнах базавых прадпрыемстваў у канкрэтных кадрах. Таму ў 2023 годзе на ўзроўні ПТА плануецца спыніць набор па 142 прафесіях і адкрыць па 136. Абсалютна новыя прафесіі, па якіх падрыхтоўка ў краіне будзе весціся ўпершыню, таксама з'явяцца. Акрамя ўжо згаданага вышэй «Фларыстычнага дызайну» на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі распачнецца навучанне па прафесіях «Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў», «Фізіка-хімічны аналіз прадуктаў вытворчасці», «Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў і збудаванняў», «Выраб аптычных прыбораў».

Пад патрэбы заказчыкаў

У філіяле БДУІР «Мінскі радыётэхнічны каледж» упершыню ў краіне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрыецца спецыяльнасць «Тэхнічнае забеспячэнне інфармацыйнай бяспекі» з атрыманнем кваліфікацыі «Тэхнік па інфармацыйнай бяспецы».

— Гэта вельмі актуальны напрамак, бо мы жывём у лічбавым свеце, усе прадпрыемствы пераходзяць да канцэпцыі «Індустрыя 4.0», — расказала дырэктар каледжа Вікторыя ШАТАЛАВА. — Спецыяліст па інфармацыйнай бяспецы — адна з ключавых прафесій, запатрабаваных на рынку працы, бо амаль кожная арганізацыя сёння сутыкаецца з праблемай інфармацыйных пагроз і, як вынік, задачай гарантавання бяспекі даных. Пастаянна ўдасканальваюцца тэхналогіі абароны баз даных, але ўразлівасць абароны не толькі не памяншаецца, а ўвесь час расце. Выпускнікі гэтай спецыяльнасці будуць ажыццяўляць маніторынг сістэмы інфармацыйнай бяспекі, устанаўліваць неабходныя тэхнічныя і праграмныя сродкі абароны, ажыццяўляць пошук магчымых каналаў уцечак даных, устаноўку, настройку і абслугоўванне тэхнічных і праграмна-апаратных сродкаў абароны інфармацыі. Спектр прадпрыемстваў, якія выказалі зацікаўленасць у выпускніках гэтай спецыяльнасці, дастаткова шырокі — ад банкаў да кампаній-рэзідэнтаў ПВТ, бо сёння любая арганізацыя сутыкаецца з праблемай інфармацыйных пагроз, таму спецыяльнасць надзвычай запатрабаваная. Раней атрымаць яе можна было толькі на ўзроўні вышэйшай адукацыі, але ўзнікла патрэба адкрыць падрыхтоўку і на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Вікторыя Шаталава паведаміла, што на фоне бурнага развіцця ў краіне мікраэлектронікі ААТ «Інтэграл» — кіруючая кампанія холдынга выказала зацікаўленасць у заказе большай колькасці спецыялістаў для мікраэлектроннай прамысловасці, таму на спецыяльнасць «Вытворчасць вырабаў мікра- і нанаэлектронікі» ў бягучым годзе будзе павялічаны набор. Прычым на «Інтэграле» зацікаўлены менавіта ў мэтавай падрыхтоўцы па гэтай спецыяльнасці, каб гарантавана атрымаць праз некалькі гадоў патрэбных спецыялістаў.

Таксама дырэктар каледжа звярнула ўвагу, што ў 2023 годзе будзе праводзіцца набор на базе 11 класаў на дыстанцыйную форму навучання па спецыяльнасці «Распрацоўка і суправаджэнне праграмнага забеспячэння інфармацыйных сістэм». Дыстанцыйная форма навучання была замацаваная ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі.

У Індустрыяльна-педагагічным каледжы РІПА таксама адкрываецца новая спецыяльнасць «Будаўніцтва і эксплуатацыя энергаэфектыўных будынкаў». Набор будзе весціся на аснове базавай адукацыі, а тэрмін навучання складзе 3 гады 10 месяцаў.

У Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным каледжы адкрываецца спецыяльнасць «Распрацоўка і суправаджэнне вэб-рэсурсаў» з прысваеннем кваліфікацыі «Тэхнік-праграміст». Дарэчы, гэта адзіная ўстанова ў краіне, дзе вядзецца падрыхтоўка па такіх рабочых прафесіях, як «Ювелір» і «Майстар ручнога ткацтва».

Попыт і прапанова

У Гродзенскім дзяржаўным электратэхнічным каледжы адна з апошніх спецыяльнасцяў, якая тут адкрылася, — «Электроніка механічных транспартных сродкаў» (згодна з новым класіфікатарам, яна будзе называцца «Тэхнічнае абслугоўванне электронных сістэм транспартных сродкаў»). Як расказаў дырэктар каледжа Алег РАХУНАК, унікальнасць гэтай спецыяльнасці ў тым, што яна запатрабавана амаль ва ўсіх галінах эканомікі: «Калі мы вывучалі патрэбу ў адпаведных спецыялістах, то пачыналі з сельскай гаспадаркі. Трэба разумець, што цяпер уся сельскагаспадарчая тэхніка кіруецца электронікай. Штогод конкурс на гэту спецыяльнасць даходзіць у нас да трох чалавек на месца. Мы камплектуем як бюджэтныя, так і платныя месцы. Імкнёмся арганізаваць сваю работу так, каб навучанне было апераджальным. Па-першае, гэта цікава моладзі, а па-другое, запатрабавана прадпрыемствамі. Таксама лічым, што трэба даць больш кампетэнцый нашым выпускнікам, таму, напрыклад, слесары па рамонце аўтамабіляў асвойваюць яшчэ і прафесію электразваршчыка ручной зваркі, бо часта акрамя рамонтных патрабуюцца яшчэ і кузаўныя работы. Такая інтэграцыя вельмі апраўданая...»

Увогуле, патрэба ў прадстаўніках рабочых прафесій і спецыялістах сярэдняга звяна пастаянна нарастае. Попыт на выпускнікоў каледжаў на рынку працы значна перавышае прапанову. Таму будзе далей пашырацца мэтавая падрыхтоўка спецыялістаў. Аляксандра Пятрова патлумачыла яе перавагі:

— Выпускнік школы заключае дагавор і з установай адукацыі, і з прадпрыемствам. Гэта значыць, што малады чалавек ад пачатку разумее, дзе пасля вучобы будзе працаваць і ў якіх умовах. Ён зможа прайсці практыку ў гэтай арганізацыі, якая, у сваю чаргу, будзе суправаджаць свайго будучага работніка, арыентаваць яго па тэматыцы курсавых, гэта значыць, будзе рыхтаваць спецыяліста пад сваю спецыфіку. Таксама некаторыя заказчыкі кадраў выплачваюць навучэнцам, якія заключылі з імі дагавор, дадатковую стыпендыю.

— Кожны год мы ўдасканальваем формы прафарыентацыйнай работы. Сёлета сталі арганізоўваць кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, дзе абітурыенты і работадаўцы могуць сустрэцца і знайсці адзін аднаго, — дадала Аляксандра Пятрова. — У Мінску такі гарадскі кірмаш праходзіў на базе Палаца чыгуначнікаў. Таксама ў нас з'явілася анлайн-платформа прафарыентацыйнай падтрымкі «ПрофіТэст», створаная ў Рэспубліканскім інстытуце прафесійнай адукацыі. Яе мэта — дапамагчы навучэнцам у выбары прафесіі на аснове вывучэння іх індывідуальных здольнасцяў, схільнасцяў і інтарэсаў. Магчымасці «ПрофіТэста» дапамагаюць правесці комплексную дыягностыку і выбраць не толькі прафесію, але і канкрэтную ўстанову адукацыі, дзе абітурыент яе атрымае. Гэта можа быць узровень прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі.

«Сёння ў сістэме адукацыі няма тупіковых траекторый для моладзі, — падкрэслівае Аляксандра Пятрова. — Калі сям'я стаіць перад выбарам, ці варта ісці дзіцяці пасля дзевяці класаў у сістэму прафесійна-тэхнічнай або сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то хачу запэўніць, што пасля завяршэння навучання перад выпускніком адкрыты ўсе дарогі для прырошчвання сваіх кампетэнцый. Выпускнікі 11-х класаў усяго пасля аднаго года навучання ў ПТВ могуць прэтэндаваць на скарочанае навучанне на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі. А далей для іх адкрыты спектр адпаведных спецыяльнасцяў у ВНУ, дзе можна навучацца ў вочнай і завочнай форме».

Надзея НІКАЛАЕВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.