Вы тут

Першыя па малаку


Цяпер Брэсцкая вобласць забяспечвае чвэрць аб'ёмаў усяго беларускага малака. Апошнія гады рэгіён трымае ўпэўненае лідарства па краіне ў малочнай жывёлагадоўлі, паказчыках удояў малака ад каровы і ўносіць свой важкі ўклад у харчовую бяспеку краіны. Але так было далёка не заўсёды. Напрыклад, у 2004 годзе галоўнай задачай называлі дасягненне агульнарэспубліканскіх паказчыкаў.


Самы паспяховы праект

Традыцыйнае ўшаноўванне перадавікоў галіны па выніках работы ў мінулым годзе адбылося на гэтым тыдні ў Століне. Прагучалі не толькі добрыя словы ў адрас віноўнікаў урачыстасці — называліся асноўныя складнікі паспяховай работы.

У гэты дзень не раз звярталіся да статыстыкі. Яна найбольш красамоўна адлюстроўвае работу герояў дня. Брэсцкую вобласць традыцыйна называюць аграрнай. У структуры эканомікі рэгіёна сельская гаспадарка складае 14,3 працэнта. Калі дадаць галіну перапрацоўкі, то гэта будзе больш за палову ўсёй народнай гаспадаркі. Асновай аграпрамысловага комплексу рэгіёна з'яўляецца жывёлагадоўля, якая дае звыш 80 працэнтаў выручкі. А 60 працэнтаў эканомікі жывёлагадоўчай галіны складае рэалізацыя малака. Напрыклад, за дзесяцігоддзе гадавая вытворчасць малака павялічылася больш чым на 700 тысяч тон. Істотна вырасла пагалоўе малочнага статка. І, галоўнае, значна павялічылася яго прадукцыйнасць. У малочнай жывёлагадоўлі Брэсцкая вобласць з 2007 года зрабіла каласальны рывок і выйшла па ўдоях на першае месца ў краіне.

Аператар машыннага даення ААТ «АграНіва» Камянецкага раёна Зоя Ярошык.

Развіццё малочнай жывёлагадоўлі спецыялісты называюць самым паспяховым праектам у эканоміцы Брэсцкай вобласці. Праект стаў не толькі эканамічным, інвестыцыйным, але і цалкам сацыяльным, таму што з уводам у строй новых ферм вырашаюцца пытанні занятасці на сяле, павышэння зарплаты, росту ўзроўню жыцця, развіцця сферы паслуг.

Менавіта з улікам запатрабаванасці прадукцыі жывёлагадоўлі на знешніх і ўнутраным рынках быў выбраны гэты кірунак. Землі ў рэгіёне не самыя ўрадлівыя, а ўтрыманне буйной рагатай жывёлы не патрабуе пераважнай колькасці збожжа ў кармавой базе, як, скажам, свінагадоўля альбо птушкагадоўля. Карова, як вядома, акрамя камбікорму, спажывае траву ў розных выглядах.

Штуршок для развіцця — будаўніцтва і мадэрнізацыя малочна-таварных ферм у адпаведнасці з даручэнннем Прэзідэнта ад 2009 года. З той пары штогод у вобласці ўводзяць у эксплуатацыю па некалькі дзясяткаў новых альбо рэканструяваных жывёлагадоўчых комплексаў. Цяпер у рэгіёне іх налічваецца каля 360.

Сусветны ўзровень

Старшыня аблвыканкама Юрый ШУЛЕЙКА, які шчыра дзякаваў жывёлаводам за працу, падкрэсліў, што ад іх залежыць устойлівая работа мяса і малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў, харчовая бяспека краіны і яе экспартны патэнцыял. Толькі за мінулы год вобласць паставіла на экспарт 76 працэнтаў сваёй малочнай і 41 працэнт мясной прадукцыі, у цэлым на суму 1,3 мільярда долараў. Гэта на 37 працэнтаў перавысіла паказчык папярэдняга года. За гэтымі лічбамі стаіць, несумненна, штодзённая праца работнікаў ферм. Як і за тым, што цяпер сярэдні ўдой на карову ў рэгіёне набліжаецца да сямі тысяч кілаграмаў. Ёсць комплексы, якія можна без перабольшвання назваць фабрыкамі малака. Напрыклад, у гаспадарцы «Моладава-Агра» Іванаўскага раёна атрымліваюць ужо больш за 13 тон малака ад каровы за год.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаіл РУСЫ скарыстаў магчымасць, каб адзначыць працавітасць і гаспадарлівасць столінцаў:

— У палешукоў свой падыход да зямлі. Тут кожны яе лапік выглядае прыгожым і дагледжаным. Там, дзе былі пясчаныя кар'еры, цвітуць сады. Гэтак жа скрупулёзна ставяцца да справы і жывёлаводы раёна — нездарма па выніках мінулага года яны выйшлі на першае месца па вобласці.

Міністр сельскай гаспадаркі краіны Ігар БРЫЛО, які прыехаў асабіста адзначыць брэсцкіх жывёлаводаў, сказаў, што на Брэстчыну трэба раўняцца:

— Тыя вынікі, якіх вобласць дасягнула ў справе малочнай жывёлагадоўлі, несумненна, можна назваць дасягненнямі сусветнага ўзроўню.

Міністр падкрэсліў значнасць экспартнага патэнцыялу рэгіёна. Цяпер вобласць забяспечвае 28 працэнтаў экспарту. Адна толькі гэтая лічба сведчыць пра важкі ўклад рэгіёна ў экспартны складнік, ды і валавая вытворчасць тут адна з самых высокіх. Паводле слоў міністра, на Брэстчыне выбралі правільную стратэгію, якая дэманструе вынікі.

Сістэмны падыход

А якімі намаганнямі агучаныя паказчыкі дасягнуты, нагадалі ў камітэце па сельскай гаспадарцы і харчаванні аблвыканкама. Стаўка робіцца на комплексны, сістэмны падыход. Гэта найперш мадэрнізацыя вытворчасці, укараненне новых тэхналогій. Але ж не менш значнымі выглядаюць кармавая база, генетыка і племянная работа, вырошчванне маладняку, аднаўленне статка. Асаблівы ўпор робіцца на інфарматызацыю працэсаў. Калі сёння гаворыцца, што жывёлаводы трымаюць першыя пазіцыі ў краіне, то гэта азначае найперш паглыбленую работу па паляпшэнні якасных паказчыкаў малочнай прадукцыі і аднаўленчай здольнасці жывёлы, а таксама павышэнне яе генетычнага патэнцыялу, пароднага складу. У селекцыйнай рабоце вялікая роля належыць «Брэстплемпрадпрыемству». Яго рэсурсы дазваляюць весці мэтанакіраваную селекцыйную работу. Племянны ўлік ва ўсіх гаспадарках вобласці вядзецца ў інфармацыйнай сістэме «Племсправа». Ва ўказаную сістэму ўнесена фактычна 100 працэнтаў жывёлы.

Спецыялісты ўвесь час трымаюць руку на пульсе. Напрыклад, убачылі, што ёсць праблемы з генетычным патэнцыялам статка, кінулі пэўныя намаганні і сродкі на вырашэнне праблемы. Затым у прыярытэце аказалася вырошчванне рамонтных цялушак. Іншымі словамі, пастаянна ацэньваецца ўзровень развіцця кожнага складніка і падцягваецца тое, што адстае.

Пашана — па працы

На форуме жывёлаводаў, які праходзіў у Століне, была наладжана выстава-дэгустацыя прадукцыі перапрацоўчых прадпрыемстваў. Як слушна заўважалі наведвальнікі выставы, брэндавыя брэсцкія перапрацоўшчыкі здабываюць прыхільнасць спажыўца выдатнай якасцю сваіх тавараў. Але ж з няякаснай сыравіны высакаякасны прадукт харчавання ніяк не зробіш, таму працаўнікам вёскі і на дэгустацыі ёсць чым ганарыцца.

Старшыня СВК «Узыходзячая зара» Таццяна Дземідзюк.

На сцэну ў гэты дзень падымалася па ўзнагароды больш за сто чалавек: аператары машыннага даення, лабаранты, тэхнікі-асемянатары, спецыялісты, кіраўнікі. Усе яны датычныя да тых салідных вынікаў, якія дэманструе Брэсцкая вобласць у жывёлагадоўлі. Сярод раёнаў — пераможцаў спаборніцтва — узнагарод удастоены Столінскі, Пружанскі, Кобрынскі. У ліку лепшых гаспадарак — ААТ «Парахонскае» Пінскага, ААТ «Нарутавічы» Бярозаўскага, а на першым месцы сёлета — СВК «Узыходзячая зара» Кобрынскага раёна, якую ўзначальвае Таццяна Дземідзюк. Летась ад каровы тут атрымалі па 10 145 кілаграмаў малака, пры гэтым гадавая прыбаўка на кожную карову склала 805 кілаграмаў.

За працу ўшаноўвалі найлепшых, такім чынам, атрымаліся своеасаблівыя «дажынкі» на ніве жывёлагадоўлі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».