Вы тут

Урок, які вучыць быць розным


Аматар беларускай літаратуры, таленавіты перакладчык, выбітная ўзбекская пісьменніца Рысалат Хайдарава не раз была ў Беларусі, брала ўдзел у творчых сустрэчах. Напярэдадні Дзён літаратуры Узбекістана ў Беларусі і ХХХ Міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу літаратарка расказала аб бягучых праектах пісьменніцкай арганізацыі Узбекістана, падзялілася планамі і чаканнямі, звязанымі з удзелам у маштабных мерапрыемствах. 


— Шаноўная Рысалат, акрэсліце, калі ласка, прыярытэтныя кірункі ў міжнародным культурным супрацоўніцтве Узбекістана. 

— Ёсць мудрая ўзбекская прымаўка: «Той, хто не сябруе з блізкім суседам, не сябруе і з далёкім». Нашы прыярытэты ў міжнародных сувязях вынікаюць з гэтай прымаўкі. 

За апошнія два-тры гады Узбекістан стаў членам адразу некалькіх міжнародных арганізацый, і як вынік гэтага адбыліся некаторыя змены ў сферы міжнародных сувязей. Напрыклад, Саюз пісьменнікаў Узбекістана пачаў цеснае супрацоўніцтва з міжнароднай арганізацыяй ТЮРКСОЙ, хаця з краінамі — удзельніцамі гэтай арганізацыі — Турцыяй, Азербайджанам, Казахстанам, Кыргызстанам, а таксама Туркменістанам (які мае статус назіральніка) — у нас здаўна наладжаны літаратурныя сувязі. На цяперашнім этапе мы працуем у межах праектаў, што ажыццяўляе ТЮРКСОЙ. Гэта своеасаблівы і захапляльны працэс. Так, у сувязі з тым, што Узбекістан прыняў чарговы саміт цюркскіх краін у старажытным горадзе Самаркандзе, летась мы падрыхтавалі да друку найлепшыя творы літаратуры краін-членаў ТЮРКСОЙ у 100 тамах. Кніжная серыя называецца «Жамчужыны цюркскай літаратуры». У яе ўвайшлі вершы, апавяданні, паэмы, раманы і аповесці 1010 літаратараў вышэйзгаданых краін і Венгрыі, якая разам з Туркменістанам з’яўляецца назіральнікам у гэтай міжнароднай арганізацыі. Усе творы, што ўвайшлі ў 100-томнік, былі пераствораны з мовы арыгінала, толькі пераклады з венгерскай — пры дапамозе рускай мовы. Гэта быў маштабны міжнародны праект — у падборы неабходных матэрыялаў з намі супрацоўнічалі пісьменніцкія арганізацыі Казахстана, Кыргызстана і Азербайджана, спатрэбіліся і парады турэцкіх перакладчыкаў. У падрыхтоўцы тамоў казахскай і кыргызскай літаратур бралі ўдзел і ўзбекскія літаратары, якія стала жывуць у Казахстане і Кыргызстане, над перакладам апавяданняў сучасных турэцкіх пісьменнікаў на ўзбекскую мову нароўні з намі працавалі і турэцкія перакладчыкі. 

У нашых міжнародных сувязях асаблівае месца займае супрацоўніцтва з літаратурнымі арганізацыямі краін СНД — на працягу больш чым 70-гадовага перыяду нашы краіны цесна ўзаемадзейнічалі. Натуральна, трэба захаваць гэтыя сувязі. 

— Падзяліцеся планамі Саюза пісьменнікаў Узбекістана на найбліжэйшую і далёкую перспектывы ў плане міжнародных сувязей.

— Летась мы падпісалі мемарандум аб супрацоўніцтве з Саюзамі пісьменнікаў Беларусі і Сербіі. Насамрэч мы ўжо на працягу некалькіх гадоў кантактуем з Саюзам пісьменнікаў Беларусі — то-бок, задакументавалі і афіцыйна замацавалі нашы літаратурныя дачыненні. 

Цяпер наладжваем сувязі з літаратурнымі арганізацыямі Саудаўскай Аравіі. У 2021 годзе ў Саудаўскай Аравіі пабачыла свет кніга «Апавяданне ў сучаснай узбекскай літаратуры. Літаратурна-крытычнае даследаванне і выбраныя апавяданні», дзе ў перакладзе на арабскую мову былі надрукаваны творы такіх узбекскіх пісьменікаў, як Абдулхамід Чулпан, Абдула Кадыры, Гафур Гулям, Абдула Кахар, Саід Ахмед, Уткур Хашымаў, Хуршыд Дустмухамед. У 2021 годзе ў Ташкенце выйшла некалькі кніг з творамі пісьменнікаў Саудаўскай Аравіі. Аўтар дадзеных праектаў — прафесар Ташкенцкага ўніверсітэта ўзбекскай мовы і літаратуры імя Алішэра Наваі Муртазо Саідумараў. Цяпер у Ташкенце на ўзбекскай мове публікуюцца даследаванні арабскіх вучоных аб нашай нацыянальнай прозе. Нам неабходна пашыраць супрацоўніцтва з літаратурнымі арганізацыямі Саудаўскай Аравіі. 

Летась Узбекістан далучыўся да Міжнароднай арганізацыі дзіцячых і юнацкіх кніг IBBY. Гэта з’яўляецца цікавай перспектывай для Саюза пісьменнікаў Узбекістана. 

— Што патрэбна, акрамя ўласна ўзаемаперакладаў, каб развіваць міжнароднае супрацоўніцтва пісьменніцкіх арганізацый?

— Супрацоўніцтва пісьменніцкіх арганізацый розных краін не абмяжоўваецца ўзаемаперакладамі, хаця яны з’яўляюцца неабходнымі ўмовамі сумеснай работы, што павышаюць узровень інфармаванасці ў сферы літаратуры, спрыяюць узбагачэнню нацыянальнай літаратуры. Сёння абстаноўка такая, што пісьменнікі-гуманісты не павінны заставацца ўбаку ад таго, што адбываецца ў свеце, бо пагрозы (экалагічны крызіс, зніжэнне культурнага ўзроўню, шавінізм, рэлігійны фанатызм, расізм) небяспечныя для ўсіх, незалежна ад нацыянальнасці і веравызнання. Што могуць зрабіць пісьменнікі для таго, каб прадухіліць такія з’явы ці супрацьстаяць ім? Набірае абароты такая праблема, як бескультур’е, навязанае чалавецтву пад назвай «глабальная культура», і гэта — нагода для роздумаў пра спосабы захавання ідэнтычнасці нацый. Літаратура заўжды несла гуманістычныя ідэі, таму нацыянальныя літаратуры, на якой бы мове, якімі метадамі ці формамі ні ствараліся б, павінны ажыццяўляць агульную місію — падштурхоўваць грамадства да гуманістычнага існавання. У гэтым узаемадачыненні пісьменнікі розных краін неабходны, таму і міжнародныя літаратурныя сувязі павінны стварацца незалежна ад палітычных поглядаў. 

— У розных народаў заўжды ёсць тое, што іх аб’ядноўвае, і ўласна ідэнтычнае: унікальны досвед нацыянальна-гістарычнага развіцця, асаблівасці менталітэту. Што, на вашу думку, найбольш істотнае ў плане ўзаемапранікнення літаратур? 

— Найперш, на маю думку, агульны гістарычны шлях, хаця б на пэўным адрэзку, а таксама блізкі менталітэт. Мы ў тым пераканаліся, калі рыхтавалі да друку 100-томнік «Жамчужыны цюркскай літаратуры». Гістарычныя карані Азербайджана, Турцыі, Туркменістана, Казахстана, Кыргызстана і Узбекістана агульныя, у іх шмат кропак судакранання ў гісторыі, што абумоўлівае ўзаемапранікненне літаратур. У творчасці Чынгіза Айтматава ёсць такі цікавы момант: у яго творах моцныя алюзіі на ідэі Алішэра Наваі. Так, ідэя, блізкая да разумення падання аб манкуртах, ёсць у «Пецярыцы» Алішэра Наваі. Але тэма манкурта ў Чынгіза Айтматава адрозніваецца сюжэтным ходам і драматызмам (у Алішэра Наваі яна мае філасофскі падтэкст). Такое сугучча і ўзаемапранікненне вельмі важныя ў развіцці літаратур — нішто з ніадкуль не ўзнікае, заўжды ёсць першааснова. 

І яшчэ адметны момант: у 1940-х гадах у творчасці беларускіх (як і рускіх) пісьменнікаў з’явілася тэматыка Узбекістана, што потым стала пунктам адліку для збліжэння ўзбекскай і беларускай літаратур. Гэтаму спрыяла і развіццё перакладчыцкай дзейнасці 60–80-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ўзбекскія пісьменнікі перастваралі творы беларускіх калег, а беларускія перакладчыкі — узбекскую літаратуру. У нашых літаратурах ёсць блізкія тэмы. У беларускіх літаратараў заўважала аднолькавыя матывы з узбекскімі: імкненне не адыходзіць ад гістарычных традыцый, ствараць новую літаратуру на аснове класічных тэндэнцый. 

Нямала кропак судакранання і ў дзіцячай літаратуры. У творчасці яркага ўзбекскага дзіцячага пісьменніка Анвара Абіджона і беларускіх пісьменнікаў Алеся Карлюкевіча і Генадзя Аўласенкі можна заўважыць адзінства творчых канцэпцый, блізкія мастацкія стылі. 

Насамрэч узаемапранікненне літаратур — працэс непазбежны. Узбагачаецца нацыянальная літаратура і на выхадзе атрымліваюцца шэдэўры сусветнага маштабу. Але найцікавейшае тое, што ўнікальны аўтэнтычны досвед літаратуры таксама не ўзнікае на пустым месцы, гэта вынік сінтэзу. 

— У вашым багажы перакладчыка ёсць творы Салжаніцына, Буніна, Андрыча, нашых сучаснікаў, якія загучалі на вашай роднай мове. Ці было нешта агульнае паміж аўтарамі, якіх вы выбіралі для перакладу? Альбо яны былі самі па сабе цікавыя вам як асобы? 

— Івана Буніна перастварыла таму, што надзвычай падабалася яго проза, хаця доўга не наважвалася ўзяцца за пераклад. З Салжаніцыным атрымалася наадварот: не было іншага выйсця, як узяцца за гэтую работу. Калі звярнулася ў выдавецтва з прапановай сваіх паслуг перакладчыка для 100-томніка «Жамчужын рускай літаратуры», там заставалася толькі аповесць «Адзін дзень Івана Дзянісавіча». Пераклад Салжаніцына даўся мне нялёгка: складаная, лексічна малавядомая мова (крымінальны жаргон, шмат слоў з асяроддзя рускага сялянства), маркотныя карціны аповеду... Пасля таго, як 100-томнік пабачыў свет, я даведалася, что да мяне ад працы над Салжаніцыным адмовіліся два перакладчыкі!.. 

Зазвычай бяруся за пераклад, калі твор мне спадабаўся, нечаму вучыць у творчым плане, чымсьці захапляе. Апавяданні Алеся Бадака, Людмілы Рублеўскай, Алега Ждана якраз такія. Уразіла, які шырокі ахоп рэчаіснасці ў творах Іва Андрыча. Зачаравала ідэя, форма рамана «Мост над Дрынай»: зрабіць галоўным героем... мост?! Мост, пабудаваны над ракой Дрынай пяць стагоддзяў таму. Ён з’яўляецца немым сведкам падзей, што мелі месца ў грамадстве, ён злучае людзей незалежна ад іх веры і нацыянальнасці. Вельмі цікавы сюжэт! 

Нядаўна скончыла пераклад на ўзбекскую мову аповесці Уладзіміра Караткевіча «Сівая легенда». Вельмі ўразілі ідэя, форма і стыль аповеду. Караткевіч на высокай ноце апісаў бязмежную любоў і свабоду — я пераканана, что ўзбекскі чытач абавязкова павінен прачытаць гэты твор. Ён рыхтуецца да публікацыі ў часопісе «Жахон адабиёти» («Сусветная літаратура»).

Пераклад — гэта як урок майстэрства, ён вучыць пісьменніка быць розным. Вось чаму многія ўзбекскія творцы пакінулі багатую спадчыну мастацкага перакладу. І я — адна з іх паслядоўніц. 

— Наперадзе — ХХХ Міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. З чым прыедуць пісьменнікі Узбекістана, пра што будуць распавядаць?

— У межах ХХХ Міжнароднага кніжнага кірмашу пройдуць Дні ўзбекскай літаратуры. Гэта было ўзгоднена на сустрэчы з прадстаўнікамі Саюза пісьменнікаў Беларусі ў Ташкенце на Міжнародным кніжным кірмашы Tashkent Book Fest, што прайшоў летась у лістападзе. Маюць адбыцца: літаратурны вечар, прысвечаны творчасці вялікага ўзбекскага паэта і мысліцеля Алішэра Наваі, прэзентацыя паэтычнага зборніка Якуба Коласа на ўзбекскай мове «Кадрдон кушиқлар» («Родныя напевы»), а таксама літаратурны вечар, прымеркаваны да 120-годдзя слаўнага ўзбекскага паэта Гафура Гуляма. А яшчэ будзе арганізавана перасоўная выстаўка архіўных фотаздымкаў на тэму «Унёсак узбекскага народа ў перамогу ў Другой сусветнай вайне». 

Для ўдзелу ў Днях узбекскай літаратуры ў Мінску прыедуць нашы вядомыя пісьменнікі. Сярод іх — Салім Ашур — паэт, яго вершы прывабліваюць чытача арыгінальнай формай і зместам, Сіражыдзін Рауф — галоўны рэдактар аб’яднанай рэдакцыі часопісаў «Шарк юлдузи» — «Зорка Усходу» — літаратурных выданняў Узбекистана, што маюць найбагацейшую традыцыю. У 2021 годзе часопіс «Шарк юлдузи» адзначыў 90-гадовы юбілей, а летась 90 гадоў святкавала «Зорка Усходу». Мікалай Ільін — паэт і перакладчык, узнагароджаны ордэнам «Дустлик» («Дружба»), выбітны перакладчык узбекскай паэзіі, Алімджон Даўлатаў — вучоны, наваівед, Кучкар Наркабіл — пісьменнік і драматург, аўтар адметных твораў на тэму Другой сусветнай і Афганскай войн. Думаю, што адбудуцца сустрэчы і творчыя дыскусіі беларускіх чытачоў і ўзбекскіх літаратараў. 

Гутарыла Таша ШПАКОЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.