Вы тут

Гарадскія сілуэты


Дзейнасць Уладзіміра Гладкова — натхняльны, але не адзіны прыклад пасіянарнага абмену паміж народамі Беларусі і Узбекістана. У нечым падобны лёс чакаў і іншага мастака (прычым у самым шырокім сэнсе гэтага слова), які пакінуў важны след у гісторыі абедзвюх краін. Гаворка пойдзе пра ўраджэнца Краснаярскага краю і заслужанага архітэктара Беларусі Віктара Волчака. Некалькі гадоў у пачатку сваёй творчай кар’еры ён працаваў галоўным архітэктарам на розных праектах у Ташкенце, аказаўшы такім чынам магутны ўплыў на сілуэт і характар горада.


Ташкент, помнік Алішэру Наваі на плошчы перад Тэатрам юнага гледача, 1960-я гг.

У 1929 годзе, па завяршэнні настаўніцкай практыкі, дзевятнаццацігадовага Віктара Волчака накіроўваюць на вучобу ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут у Маскве (ВХУТЕИН), дзе яго выкладчыкамі становяцца праслаўленыя майстры савецкай архітэктуры і манументальнага мастацтва Іван Фамін, Вера Мухіна, Леў Руднеў, а кіраўніком дыпломнай работы прызначаецца прафесар Іосіф Лангбард. Будучаму заслужанаму архітэктару Беларусі, кіраўніку праекта «Брэсцкая крэпасць-герой», аўтару будынка Мінскага аблвыканкама, у суаўтарстве — Літаратурнага музея Я. Купалы, у ролі архітэктара — помнікаў Феліксу Дзяржынскаму, Марату Казею ў Мінску давялося спачатку папрацаваць у сталіцы Узбекскай ССР, куды ён трапіў па размеркаванні ў 1936 годзе.

Ташкент, фантан на Тэатральнай плошчы, 1974 г

Шлях да пакарэння архітэктурнага Алімпа пачаўся для Віктара Волчака вельмі крута — ажно з працы (зразумела, у складзе аўтарскага калектыву) над генеральным планам цэнтральнай часткі Ташкента. Затым малады архітэктар бярэцца за іншы праект — непадалёк ад цэнтральнага сквера павінен быў з’явіцца будынак Ташкенцкага гаркама Камуністычнай партыі Узбекістана. Крыху пазней гэты прыкметны ампірны палац у самым цэнтры горада пяройдзе ва ўладанне Саюза пісьменнікаў Узбекістана, стаўшы на доўгі час штаб-кватэрай арганізацыі. Апошнім праектам, які творца паспеў выканаць перад Вялікай Айчыннай вайной, з’яўлялася архітэктурнае афармленне гідразбудаванняў Катакурганскага вадасховішча ў Самаркандскай вобласці. На фронт трапіў інжынерам, камандаваў інжынернай разведкай, удзельнічаў у бітве на Курскай дузе, вызваленні Беларусі, Польшчы, Усходняй Германіі і Чэхаславакіі.

Пасля заканчэння вайны вярнуўся ў Ташкент, дзе да свайго пераезду ў Беларусь у 1950-я паспеў прыкласці руку адразу да некалькіх знакавых праектаў. Адным з такіх стаў высачэзны помнік найвялікшаму ўзбекскаму паэту Алішэру Наваі. Адкрыццё скульптуры на плошчы перад Тэатрам юнага гледача адбылося пры ўдзеле дойліда ў 1949 годзе. Віктар Мацвеевіч адказваў за канструктыўную частку і пастамент, тады як за мастацкае рашэнне — Леапольд Дзітрых. Помнік гэты перажыў неаднаразовую рэканструкцыю, але і сёння ўпрыгожвае сабой цэнтр гасціннага горада. Апошні ж заўважны праект Віктара Волчака на тэрыторыі Ташкента — пластычнае рашэнне фантана на Тэатральнай плошчы, які з цягам часу ператварыўся ў святломузычны атракцыён...

Бернард ЗАТЫЛКІН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».