Вы тут

Як краязнаўца збірае па драбніцах гісторыю роднага краю


Сяргей Старыкевіч — даволі вядомая асоба ў Маладзечанскім раёне. Былы супрацоўнік Мінскага абласнога краязнаўчага музея, чалавек, адданы сваёй малой радзіме, па драбніцах збірае малавядомыя факты з гісторыі роднага краю, прадметы побыту, якімі карысталіся продкі, і аддае абласному музею і музею Красненскай сярэдняй школы.


Сяргей Віктаравіч чалавек сціплы, пра сябе расказвае сцісла.

—Нарадзіўся ў пасёлку Краснае ў 1961 годзе, тут жа скончыў дзесяцігодку. У 1978-м паступіў у Мінскі інстытут культуры. У праграме навучальнай установы быў курс музеязнаўства, які мяне вельмі зацікавіў. Але тады нават не думаў, што буду займацца музейнай справай. Пасля заканчэння інстытута мяне размеркавалі ў Івянецкі Дом культуры. Папрацаваў там крыху больш за месяц, атрымаў павестку з ваенкамата і звольніўся з месца працы. Але ў армію мяне не ўзялі па стане здароўя. І тады ўладкаваўся ў Мінскі абласны краязнаўчы музей. Работа была цікавая: сустрэчы з людзьмі, экспедыцыі, камандзіроўкі, збор экспанатаў, праца ў архівах, — згадвае мой суразмоўца.

Краснае — цэнтр ліцейнай вытворчасці

— Сяргей Віктаравіч, вы шмат увагі ўдзяляеце сваёй малой радзіме — Краснаму, яе гісторыі, культуры, лёсу сваіх землякоў, знаходзіце цікавыя прадметы побыту, якія належылі продкам. Чула, што нейкая цікавая гісторыя звязана з алюмініевым чыгунком, які вы аддалі ў музей.

— Так, у гэтага чыгунка цікавая гісторыя. Ім карысталася яшчэ мая бабуля па маці, Любоў Сяргей, якая жыла ў Мясаце. І варыла ў ім ежу для ўсёй сям’і. Гэты чыгунок зрабіў сваімі рукамі стрыечны брат бабулі Сяргей Ульчыц з вёскі Ласі яшчэ да Кастрычніцкай рэвалюцыі. Вельмі гаспадарлівы быў мужчына, трымаў кузню, млын. У яго была нават невялікая ліцейная вытворчасць па вырабе розных прадметаў. Як робяць алюмініевыя чыгункі, мой сваяк убачыў у Мінску. Гэтая справа яго зацікавіла, бо ў даваенны час яго землякі карысталіся гліняным посудам. У выніку ён прывёз у Ласі некалькі форм для адліўкі чыгункоў. Прадукцыя была запатрабаваная ў жыхароў. Прадаваў яе на кірмашы ў Красным, а калі яго закрылі, перабраўся ў суседні Гарадок. Пасля ўдалага продажу вяртаўся дадому з поўным возам зерня, — распавёў Сяргей Старыкевіч. 

Ліцейная вытворчасць працягвала працаваць і падчас Вялікай Айчыннай вайны, і пасля яе. Пры вызваленні Краснага было падбіта шмат танкаў — брытанскіх «Валентайнаў» і амерыканскіх «Шэрманаў», якія траплялі ў Савецкі Саюз па ленд-лізу. Маторы ў іх былі лёгкія, танкі былі нашпігаваныя алюмініевымі дэталямі. Умельцы разбіралі машыны на запчасткі, здабывалі неабходны матэрыял, які ішоў на выраб посуду. Пра гэта Сяргею Старыкевічу расказваў дзед, мясцовыя старажылы. Сяргей Віктаравіч мяркуе, што і чыгунок, які дастаўся яго бабулі, быў выраблены з такіх алюмініевых запчастак. Ён бракаваны. «Нестандарт», які нельга было прадаць, аддавалі работнікам. Бабуля ім карысталася доўгі час. Калі яе не стала, Сяргей Старыкевіч разам з маці пераехалі ў Маладзечна. «Вядома, выкінуць такую ўнікальную рэч не паднялася рука. Думаю, падобных самаробных прадметаў у Беларусі не засталося», — лічыць Сяргей Віктаравіч. 

Пасля вайны вырашылі перанесці ліцейную вытворчасць з Ласёў у больш буйны населены пункт — Маладзечна. Уладкавалі яе ў падвале яўрэйскага цаглянага дома. Спачатку тут працавала дзесяць майстроў, у тым ліку і дзед Сяргея Старыкевіча — Ігнат Аляксандравіч.

— Мой дзед быў родам з Мясаты. Падчас вайны хату спалілі фашысты. За некалькі месяцаў да вызвалення немцы ганялі мясцовых жыхароў на разбор чыгуначнага палатна, якое ўзарвалі партызаны разам з эшалонам. Ігнату Аляксадравічу бервяном пакалечыла нагу. Трэба было адбудоўвацца, карміць сям’ю. І калі пасля вайны пачалі арганізоўваць маленькія вытворчасці, кааператывы, то дзед падаўся ў ліцейку. Ён адліваў формы — спатрэбіліся навыкі сталяра.

... і ганчарнага майстэрства

Па словах Сяргея Старыкевіча, Краснае славілася і ганчарнай вытворчасцю. Каб даказаць гэты факт, краязнаўцу давялося карпатліва папрацаваць у архівах. Існаванне «ганчаркі» пацвердзілі і мясцовыя старажылы. У вёсцы да вайны функцыянавалі два заводы па вырабе пячной кафлі. Іх уладальнікі — Шалом і Ёсель Камянецкія. Тут працаваў вядомы майстра Баляслаў Сабалеўскі, якога ведалі далёка за межамі Маладзечанскага раёна. Ён распрацаваў асаблівы састаў глазуры, якой пакрывалі ганчарныя вырабы.

Уладкавацца на заводы Камянецкіх лічылася прэстыжным, таму недахопу ў рабочай сіле не было. Тут працавала 28 чалавек. Але часам людзі выказвалі незадаволенасць, хоць зарплата была даволі прыстойнай на тыя часы. У прыватнасці, Сабалеўскі атрымліваў 140 злотых, на гэтыя грошы можна было купіць 70 кілаграмаў добрага сала.

У 1940 годзе вытворчасць адышла пад юрысдыкцыю дзяржавы. Баляслаў Сабалеўскі працаваў простым рабочым, затым яго прызначылі дырэктарам. Як сведчаць архіўныя дакументы, 4 студзеня 1941-га на адным з прадпрыемстваў узнік пажар. У падпале абвінавацілі дырэктара, асудзілі. 

Падчас Вялікай Айчыннай заводы не працавалі. Пасля яе заканчэння вытворчасць не аднавілі, хаця такія намеры былі. Кажуць, тут хацелі нават дзіцячыя цацкі выпускаць. Але пачалі з’яўляцца канкурэнты, адкрываліся аналагічныя вытворчасці ў Мінску, Маладзечне. 

— У 2010 годзе ў Красным пракладвалі газаправод па тэрыторыі аднаго з былых заводаў. Я абследаваў траншэі. Пашанцавала знайсці кавалкі аўтэнтычнай кафлі. Найбольш часта сустракалася кафля зялёнага, карычневага, аранжавага, пясочнага колераў, — падзяліўся Сяргей Віктаравіч.

— Дарэчы, муж маёй роднай цёткі быў выдатным печніком, выконваў заказы землякоў. Я хадзіў па людзях, фатаграфаваў печы, складзеныя яго рукамі. А ў некаторых хатах засталіся толькі аскепкі кафлі, мне аддалі некалькі ўзораў, якія я перадаў у Мінскі абласны краязнаўчы музей, — дадае краязнаўца.

Тут жа захоўваецца і прыбор для стрыжкі, выраблены ў 1960 годзе на заводзе ў Горкім. «Маці купіла яго ў гандлёвай лаўцы ў Красным. У дзяцінстве яна стрыгла гэтай машынкай нас з братам», — згадвае Сяргей Віктаравіч. 

Ніне Ігнатаўне ўжо 89 гадоў. У яе выдатная памяць і светлы розум. Сын з задавальненнем слухае матулю і занатоўвае яе ўспаміны. А жанчыне ёсць пра што расказаць. За сваё доўгае жыццё яна перажыла шмат.

У апошнія гады Сяргей Старыкевіч напісаў некалькі кніг. Пра гісторыю роднага краю, лёс землякоў, пра вайну. Кніга «Просім у вас прабачэння» прысвечана тэме Халакосту, ахвярам канцэнтрацыйных лагераў. Заслугоўвае ўвагі кніга «Невядомае пра вядомае», якая заняла пачэснае месца ў фондах музея. А тэму для даследчай работы падказаў незвычайны выпадак. Жыхарка вёскі Мароські Вольга Калачык капала на агародзе яму пад пограб і наткнулася на гаршчок. У ім знаходзілася 5 768 манет сярэдзіны XVI — пачатку XVII стагоддзя. Зараз ён захоўваецца ў музеі.

Паралельна з напісаннем кніг Сяргей Старыкевіч займаецца сваім радаводам. 

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».