Вы тут

Цёплы дотык настальгіі


Узбекскі пісьменнік з беларускімі каранямі Аляксей Усціменка прыцягнуў маю ўвагу даўно. Ён — значная фігура ў Саюзе пісьменнікаў Рэспублікі Узбекістан.


Аднойчы пісьменнік даслаў мне электронную версію свайго рамана, які раней публікаваўся фрагментамі ў часопісным варыянце і нарэшце выйшаў асобным выданнем.

Гэта не мэйнстрым. Пераважная большасць сучасных аўтараў такія кнігі не піша. Не хочуць і, як мне думаецца, проста не могуць. На жаль, паменшала і мэтавая аўдыторыя чытачоў, здольных бавіць з кнігай доўгі час, а не выхопліваць асобныя старонкі ў кароткіх паўзах паміж справамі.

Каб засвоіць, а не праглынуць разам гэтую двухтомную эпапею, лепш узяць на працы некалькі вольных дзён альбо дачакацца водпуску, каб адасобіцца ад мітусні. Не маючы такой магчымасці, я мусіў ахвяраваць начнымі гадзінамі.

Двухтомнік «Тыя, хто вандруюць у залатым міражы» («Странствующие в золотом мираже») велічэзны па аб’ёме тэксту — каля двух мільёнаў знакаў. І гэта той рэдкі выпадак, калі нават самы ўедлівы крытык ці скрупулёзны рэдактар не захоча, як мне здаецца, пераставіць аніводнае слова або літару, нават калі дзе-нідзе не зусім згодны з аўтарам, асобныя сцэны сам выпісаў бы не так... Твор уражвае цэльнасцю і дасканаласцю.

Я не буду пераказваць сюжэт, тым больш што сюжэтных ліній некалькі, лепш раскажу не што ў рамане напісана, а як.

Мова і стыль твора цудоўныя, у найлепшых традыцыях рускай і савецкай прозы. Стылізацыя пад даўніну зроблена віртуозна, з глыбокім унутраным адчуваннем слова. У той жа час стыль цалкам сучасны, што відавочна, калі параўнаць аўтарскія прыёмы стылізацыі з тымі, якімі карыстаўся Аляксей Талстой у рамане «Пётр Першы». У прыватнасці, аўтар пазбягае прынятага ў савецкія і дарэвалюцыйныя часы занадта інтэнсіўнага, з пункту гледжання сучаснай моды, ужывання дзеяслова «быць» у мінулым часе і прыналежнага займенніка «свой». Непазбежныя пры чарнавым наборы тэксту паўторы пільна вычышчаны, што сведчыць аб багацці лексічнага запасу і сінанімічнай разнастайнасці аўтарскай мовы.

Ілюзія архаічнасці тэксту дасягаецца змяненнем парадку слоў — прыметнікі часта змяшчаюцца пасля назоўнікаў — і выкарыстаннем паняццяў, якія выйшлі з ужытку. Я зачараваўся пачуццём меры аўтара. Злоўжыванне архаізмамі значна перашкаджае засваенню твора чытачом. Досыць складана вытрымаць «раўнамернасць канцэнтрацыі» архаізмаў. Мяркую, што пісьменнік напрацаваў пэўны стыль і проста яго захоўвае, атрымалася выдатна.

Персанажаў шмат, і Аляксей Усціменка выразна пераключаецца паміж points of view, сцэны падаюцца як бы вачыма асобных герояў. Толькі ў канцы, калі выкладаецца паслядоўнасць гістарычных падзей пасля завяршэння галоўных, цэнтральных у рамане, пераважае тэкст ад аўтара.

Большасць гістарычных асоб, такіх як Пётр Вялікі, царэвіч Аляксей, Кацярына I, Меншыкаў і іншыя, шматразова былі прататыпамі персанажаў твораў. Усціменка здолеў пазбегнуць стэрэатыпаў. Пётр на захадзе жыцця, пачынаючы з 1717 года, паўстае хутчэй як палітык-гаспадар і стратэг, а не гуляка і авантурыст, якім ён паказваецца ў сучасных падробках. Глыбей, чым звычайна, выпісаны вобраз Аляксея, які часцей за ўсё зводзіцца да банальнага няўдачніка або здрадніка інтарэсаў бацькі і імперыі. Вельмі яскравымі атрымаліся бухарскія тыпажы...

Рэдка кнігі перачытваю, часцей за ўсё, прачытаўшы, выдаляю. Да гэтай вярнуся абавязкова.

Двухтомнік Аляксея Усціменкі па якасці адпавядае ўзроўню класічнай літаратуры. Спадзяюся, што ў Расіі, Узбекістане, Беларусі і іншых рэспубліках, дзе ёсць рускамоўная чытацкая аўдыторыя, знойдзецца досыць знаўцаў класікі, каб раман быў заўважаны і атрымаў адэкватны водгук.

Анатоль МАТВІЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.