Вы тут

У Доме літаратара прайшоў круглы стол беларускіх і узбекскіх пісьменнікаў


У Доме літаратара прайшоў круглы стол беларускіх і узбекскіх пісьменнікаў, прысвечаны пытанням літаратурных, гуманітарных стасункаў. 


Тон дыскусіям задаў народны пісьменнік Беларусі ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. Ён нагадаў прысутным, што яшчэ 30-35 гадоў назад звыклай справай было правядзенне Дзён, Тыдняў нацыянальных літаратур. Такія традыцыі спрыялі агульным творчым праектам. Выходзілі анталогіі, калектыўныя зборнікі, адзначаліся юбілеі пісьменнікаў з іншых краін у перыядычным друку. Да юбілею класікаў ладзіліся творчыя вечарыны. Празаікі, паэты звярталіся да тэматычных абсягаў, звязаных з жыццём іншых народаў. Пісьменнікі ездзілі ў творчыя камандзіроўкі ў іншыя савецкія рэспублікі, падарожнічалі па бязмежных прасторах Савецкага Саюза…

Кіраўнік дэлегацыі літаратараў з Ташкента дарадца старшыні СП Узбекістана па пытаннях выканання заканадаўчых актаў аб дзяржаўнай мове, паэт і перакладчык Салім АШУР расказаў пра надзвычайную дзяржаўную ўвагу да развіцця літаратурнага працэса, да прапаганды ўзбекскай літаратуры, якую выяўляе кіраўніцтва іх краіны. Асобна вылучыў клопаты ў галіне мастацкага перакладу. Ва Узбекістане рэалізаваны праект па выданню 100-томнай анталогіі рускай літаратуры ў перакладзе на ўзбекскую мову. Пра развіццё літаратурнай перыёдыкі гаварыў галоўны рэдактар аб’яднанай рэдакцыі часопісаў «Шарк юлдузі» — «Звезда Востока» Сіражыддзін РАУФ. Папулярнасцю сярод чытачоў Узбекістана карыстаецца часопіс «Сусветная літаратура». Пра мастацкі пераклад на сустрэчы пісьменнікаў дзвюх краін гаварыў паэт і перакладчык, член Саюза пісьменнікаў Узбекістана, галоўны спецыяліст аддзела па рабоце з абласнымі аддзяленнямі і творчымі саветам Саюза пісьменнікаў Узбекістана Мікалай ІЛЬІН. Ён звярнуў увагу на тое, што зараз у іх літаратуры перакладаюць і з англійскай мовы, і з рускай, а таксама з моў многіх іншых краін свету. Але заўважыў і тое, што беларуская літаратура ў апошнія гады — у полі зроку ўзбекскіх перакладчыкаў. Вось і на кніжную выстаўку пісьменнікі і выдаўцы з Ташкента прывезлі новае выданне выбраных твораў народнага песняра Беларусі Якуба КОЛАСА на ўзбекскай мове. У зборнік увайшлі як старыя, так і новыя пераклады. 

Кучкар НАРКАБІЛ, публіцыст і празаік, галоўны рэдактар газеты «Інсон ва конун», за плячыма якога і вайсковая служба ў Афганістане, не ўпершыню наведваецца ў Беларусь. Ранейшыя паездкі ён выкарыстаў для збору матэрыялу пра падзеі 1941 года на Міншчыне, у іншых кутках краіны-партызанкі. Пабываў у самых розных мясцінах. І зараз на круглым стале узбекскі літаратар згадаў спаленую вёску Беразянка на Пухавіччыне, з лёсам якой яго пазнаёмілі мясцовыя музейшчыкі і краязнаўцы. К. Наркабіл выдаў у Ташкенце кнігу пра падзеі 1941 года ў Беларусі, пра тое, якім драматычным выпрабаваннем для беларускага народа стала Вялікая Айчыннай вайна. 

Выканаўчы дырэктар грамадскага фонда імя Алішэра Наваі Алімджон ДАЎЛЯТАЎ адзначыў важную ролю класікі ў развіцці міжнародных літаратурных сувязяў. Нагадаў, што кнігі класіка ўсходняй паэзіі выходзяць ва ўсім свеце. У тым ліку творы Алішэра Наваі двойчы пабачылі свет асобнымі выданнямі і ў Беларусі. А. Даўлятаў запрасіў беларускіх перакладчыкаў і для далейшага супрацоўніцтва ў прапагандзе творчай спадчыны Наваі. Сваімі развагамі пра развіццё беларуска-узбекскіх гуманітарных, культурных адносін падзяліўся Часовы Павераны ў справах Узбекістана ў Рэспубліцы Беларусь Рахматула НАЗАРАЎ. За мінулы год гандлёвы таваразварот паміж краінамі, па словах дыпламата, склаў 500 мільёнаў долараў. Кіраўнікі дзяржаў паставілі задачу рухацца да лічбы ў адзін мільярд долараў. І гэта дасягальна, зазначыў Р. Назараў, яшчэ і пры ўмове пашырэння стасункаў ва ўсіх сферах зносін — і ў адукацыі, і ў культуры, у сферы літаратуры таксама. 

Удзел у размове, дыскусіях прынялі і беларускія літаратары — старшыня Мінскага гарадскога аддзялення СП Беларусі Міхась ПАЗНЯКОЎ, першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена СТЭЛЬМАХ. Яны расказалі пра свой перакладчыцкі вопыт, пра ўласныя судакрананні з узбекскім прыгожым пісьменствам. Вёў круглы стол старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Алесь КАРЛЮКЕВІЧ

Сустрэча ў Доме літаратара паклала пачатак Дням літаратуры Узбекістана ў Беларусі. Наперадзе — творчыя вечары, мерапрыемствы ў літаратурных музеях і іншыя імпрэзы. 

Кастусь ЛЕШНІЦА

Фота Канстанціна ДРОБАВА 

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.