Вы тут

У Нацыянальным архіве прэзентавалі зборнік дакументаў «Хатынская трагедыя»


У выданні, створаным супрацоўнікамі архіва, распавядаецца аб знішчэнні нацыстамі вёскі Хатынь Лагойскага раёна. Карціна таго страшнага дня, 22 сакавіка 1943 года, узноўлена максімальна дакладна і аб’ектыўна — дакументы не хлусяць. Прычым аб тым, што гэта быў акт генацыду ў дачыненні да мірных жыхароў, пацвярджаюць не толькі паказанні відавочцаў і дакументы Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі, якая займалася выяўленнем і расследаваннем злачынстваў акупантаў і іх памагатых, а і сведчанні катаў, забойцаў хатынцаў. 


Акрамя таго, у зборніку можна даведцца, як ажыццяўляўся працэс увекавечання памяці жыхароў Хатыні. Як узводзіўся знакаміты на ўвесь свет мемарыяльны комплекс, хто быў у гэтым задзейнічаны, адлюстравана ў дакументах і ва ўспамінах аўтараў мемарыяла. Усе 195 дакументаў расказваюць аб хатынскай трагедыі і яе мемарыялізацыі. Большасць з іх захоўваецца ў Нацыянальным архіве Беларусі. Аднак увайшлі ў зборнік і дакументы з іншых архіваў, у тым ліку Расійскай Федэрацыі. Каштоўны матэрыял знайшоўся і ў перыядычным друку. Ілюстрацыйны матэрыял прадстаўлены фотаздымкамі сведак трагедыі, аўтараў мемарыяльнага комплексу. 

Дакументальны доказ злачынства

Падчас прэзентацыі зборніка дакументаў дырэктар Нацыянальнага архіва Андрэй ДЗЕМЯНЮК адзначыў сімвалічнасць таго, што ён выйшаў напярэдадні 80-годдзя хатынскай трагедыі. «Здавалася, што прайшло ўжо столькі часу і тэма гэта дастаткова вывучана, аднак дагэтуль існуюць розныя інтэрпрэтацыі, адбываюцца адкрытыя фальсіфікацыі тых падзей, — заўважыў ён. — Таму Нацыянальны архіў сумесна з сурацоўнікамі Інстытута гісторыі вырашылі яшчэ раз зірнуць на гэтую праблему і прадставіць неабвержаны дакументальны доказ аб зверствах нацыстаў і іх памагатых у спальванні вёсак, у прыватнасці Хатыні».

Гэтая лагойская вёска стала сімвалам знішчаных населеных пунктаў падчас Вялікай Айчыннай вайны. Аднак лёс Хатыні паўтарылі, па апошніх звестках, не менш за 216 паселішчаў. Усяго, па даных Генеральнай пракуратуры, у гады вайны поўнасцю і часткова было спалена звыш 10,5 тысячы сельскіх населеных пунктаў. Аднак гэта яшчэ не канчатковая лічба — расследаванне аб генацыдзе беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны час працягваецца.

«Сёння, напэўна, няма чалавека, які б не чуў такога слова, як Хатынь, — перакананы дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводстве Алег ВОІНАЎ. — Назва невялікага беларускага паселішча для ўсіх нас стала сімвалам трагедыі народа Беларусі падчас Вялікай Айчыннай вайны. Гэтая вайна якасна адрознівалася ад папярэдніх. Перш за ўсё тым, што ўслед за нямецка-фашысцкімі войскамі ішлі так званыя войскі СС, асноўнай задачай якіх было падаўленне любога супраціўлення і знішчэнне тых, хто не быў згодны з рэжымам, які спрабавалі ўстанавіць на нашай тэрыторыі. Нагодай для масавага знішчэння людзей была барацьба з рухам супраціўлення, з падпольшчыкамі і партызанамі. Бязлітаснасць у адносінах да мірнага насельніцтва захопнікі тлумачылі тым, што караюць толькі партызан і іх памагатых. Гітлераўцы лічылі, што масавыя пакаранні, знішчэнне гарадоў, вёсак дазволяць узяць пад кантроль сітуацыю, запалохаць беларусаў і не дапусціць супраціўлення на нашай зямлі».

Аднак, як вядома з гісторыі, у іх гэта не атрымалася. Беларускі народ — ад малога да вялікага — змагаўся з ворагам, не думаючы пра ўласнае жыццё, але ніколі не забываючы пра будучыню краіны, заўтрашні дзень сваёй нацыі. 

Акадэмік-сакратар, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр КАВАЛЕНЯ падкрэсліў, што Хатынь стала сімвалам трагедыі і смутку беларускага народа, перамогай дабра над злом. Па яго словах, званы Хатыні «будзяць у нас неабходнасць памяці, каб здзяйсняць новае ў нашым жыцці, каб адстойваць праўду аб вайне». 

Як звярнула ўвагу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Лілія АНАНІЧ, можна дапускаць магчымасць інтэрпрэтацыі тых падзей, але нельга скажаць факты, асабліва калі гэта датычыцца нашай гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне, Вялікай Перамозе, падзеях — трагічных і гераічных. «Нашу гістарычную памяць хочуць адмяніць і робіцца для гэтага ўсё: не толькі разбураюцца помнікі, а і прымаюцца міжнародныя рэзалюцыі, калі на Савецкі Саюз ускладаецца адказнасць за развязванне вайны», — канстатавала дэпутат. 

Парламентарый нагадала, што ў Беларусі назапашаны вопыт мемарыяльнага заканадаўства (у маі 2021 года быў падпісаны Закон «Аб недапушчэнні рэабілітацыі нацызму», у студзені 2022 года — Закон «Аб генацыдзе беларускага народа»), які можа быць не толькі карысным, а і неабходным, для іншых краін. «Дзяржаў, якія так, як і мы, раздзяляюць і трагедыю Хатыні, і таго пакалення, якое вынесла на сабе гэтую страшную вайну, якія шануюць гэтую памяць, увекавечваючы яе ў велічных манументах і сціплых абелісках, — падкрэсліла Лілія Ананіч. — Да таго часу, пакуль мы будзем рабіць менавіта так, мы маем права называць сябе нашчадкамі пакалення пераможцаў, прадстаўнікамі народа Рэспублікі Беларусь і быць упэўненымі ў тым, што ніколі наша зямля не будзе ведаць падобных выпрабаванняў». 

Адказнасць перад судом гісторыі 

Вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый Нацыянальнага архіва Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ адзначыў, што 15 гадоў як хатынская тэма ўвайшла ў дзейнасць Нацыянальнага архіва. «У апошнія гады, наша навуковая супольнасць не праявіла цікавасць па гэтай праблеме, — заўважыў кіраўнік творчага калектыву зборніка дакументаў „Хатынская трагедыя“. — Цяпер жа, калі гэтай тэмай занялася Генеральная пракуратура, разгарнулася маштабная работа. Аднак па-ранейшаму ў нас няма ні аднаго навуковага даследавання па тэме спаленых беларускіх вёсак. Затое ёсць 11 зборнікаў дакументаў, у якіх разглядаецца хатынская праблема і стварэнне мемарыяла на месцы трагедыі. Прыступаючы да гэтай тэмы, на той момант мы атрымалі добрую магчымасць працаваць з крымінальнымі справамі асуджаных ваеннаслужачых 118-га батальёна і асобага батальёна СС Дзірлевангера. Сёння звярнуцца да гэтых дакументаў нельга: яны засакрэчаны». 

Затое ёсць шэраг адпаведных зборнікаў дакументаў — архівістамі поўнасцю адноўлена карціна таго, што адбылося 22 сакавіка 1943 года ў Хатыні. Дакладна вядома, што ў знішчэнні Хатыні ўдзельнічалі два падраздзяленні: 118-ты ўкраінскі батальён ахоўнай паліцыі і асобы батальён СС Дзірлевангера. Адзіным «белым пятном» у гэтай крывавай гісторыі, па словах Вячаслава Селяменева, застаецца лёс камандзіра 118-га батальёна Кёрнера. 

«Хатынь — гэта яшчэ праблема не толькі нашай памяці, — звярнуў увагу навуковы супрацоўнік Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Валерый НАДТАЧАЕЎ. — Гэта яшчэ і пытанне размеркавання і захавання адказнасці аб асобах, якія здзейнілі злачынствы. Мы пра іх памятаем не таму, што імі ганарымся. Мы пра іх памятаем па той прычыне, што яны павінны быць пакараны. І нават праз гады, няхай гэта будзе і завочны прыгавор суда, не кажучы ўжо аб судзе нашай памяці. Забойцам хатынцаў няма ніякага даравання». 

Храм пад адкрытым небам

Кіраўнік Творчай майстэрні архітэктара Леаніда Левіна Галіна ЛЕВІНА назвала кнігі, выпушчаныя ў розны час Нацыянальным архівам па гісторыі Хатыні, залатым фондам мемарыялізацыі гісторыі Хатыні. І апошні зборнік — не выключэнне. «Як сама трагедыя ў Хатыні перавярнула адносіны да Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны, так і стварэнне мемарыяла паўплывала на тое, як пачалі ўспрымаць нашу краіну з пачатку 1970-х гадоў, — заўважыла архітэктар. — Хатынь паўплывала і на мастацтва (Нацыянальны мастацкі музей рыхтуе выставу тых работ, якія па матывах Хатыні стваралі мастакі 1970-х гадоў), і на літаратуру, кінематаграфію. У Леаніда Мендэлевіча пыталіся, ці з’яўляецца помнік у Хатыні савецкім. Бацька заўсёды казаў, што гэта беларускі помнік, бо ён мог узнікнуць толькі тут, на беларускай зямлі». 

Падчас прэзентацыі зборніка дакументаў прысутнічаў адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Хатынь», лаўрэат Ленінскай прэміі Юрый ГРАДАЎ. Вядомы архітэктар узгадаў, як адбывалася ўзвядзенне адной са святынь беларускага народа, сімвала ўсіх спаленых вёсак у нашай краіне. Ён распавёў, што вельмі эмацыйны адбітак на творчую каманду наклала гісторыя знішчэння Хатыні. «Хатынь — гэта помнік-дакумент, — перакананы Юрый Градаў. — Мы дакументальна сродкамі мастацтва, архітэктуры, дызайну расказалі аб трагедыі, якая тут адбылася. Я называю Хатынь храмам пад адкрытым небам, дзе неба — гэта купал, навакольны лес — сцены, а 26 хат са званамі — гэта званіца». 

Як справядліва заўважыў Юрый Градаў, Хатынь вытрымлівае выпрабаванні часам — яна сучасная і сёння. І з гэтым складана не пагадзіцца. Колькі раз не прыязджаў бы на гэтае месца, якое стала незагойнай ранай для беларусаў, адчуваеш непадробныя эмоцыі. Пабываўшы нават у адной Хатыні, разумееш, што вайна — гэта страшна і недапушчальна. Ні пры якіх абставінах такое не павінна паўтарыцца на нашай зямлі. 

Вераніка КАНЮТА

Фота Нацыянальнага архіва

Выбар рэдакцыі

Спорт

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.