Вы тут

За культуру бяспекі


У ходзе выязной трыццаць сёмай сесіі абласнога Савета ХХVІІІ склікання асноўным пытаннем стала эфектыўнасць работы зацікаўленых службаў па захаванні бяспекі жыцця і працоўнай дзейнасці, а таксама мерах, якія прымаюцца па фарміраванні ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці на прыкладзе работы абласнога ўпраўлення МНС. Перад пленарным пасяджэнням дэпутаты наведалі шэраг аб'ектаў.


Юрый Наркевіч (на першым плане) у пнеўмакаркасным палатачным комплексе.

На гарадской набярэжнай удзельнікі мерапрыемства змаглі паглядзець аварыйна-ратавальную тэхніку, абсталяванне, якое ратавальнікі скарыстоўваюць у рабоце. Уразіў, напрыклад, пнеўмакаркасны палатачны комплекс з чатырох модуляў у поўнай камплектацыі, які можа функцыянаваць цалкам аўтаномна. Пра спецыфіку работы расказалі таксама прадстаўнікі таварыства выратавання на водах. Пасля гэтага прысутным паказалі эпізод ратавання ў сітуацыі, змадэляванай на вадзе. Сваё майстэрства прадэманстравалі байцы аварыйна-выратавальнага атрада МНС.

У сярэдняй школе № 16 удзельнікі сесіі азнаёміліся з адукацыйным і выхаваўчым працэсам у класах прафесійнай накіраванасці МНС. Таксама гаворка зайшла пра работу, якую праводзіць гарадскі аддзел па адукацыі разам з гараддзелам па НС са школьнікамі ў плане навучання культуры жыццядзейнасці. Вучні прадэманстравалі свае навыкі, паказалі, як умеюць аказаць першую дапамогу пацярпеламу, як упэўнена карыстаюцца вогнетушыцелем, пераадольваюць паласу перашкод. Відавочна, што, калі гэтыя дзеці і не звяжуць у далейшым сваё жыццё са справай выратавання, то атрымаюць каштоўныя навыкі бяспекі і дапамогі, якія спатрэбяцца ў жыцці.

Далей работа дэпутацкага корпуса працягвалася ў адукацыйным цэнтры МНС. Ужо некалькі гадоў установа паспяхова займаецца навучаннем насельніцтва правілам бяспекі. Прысутным прадэманстравалі праграмны комплекс «ІнспектКом», распрацаваны Брэсцкім навукова-тэхналагічным паркам . Больш падрабязна аб гэтым гаворка вялася на пленарным пасяджэнні сесіі.

У сваім дакладзе начальнік Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Валерый РУДОЛЬФ упор зрабіў на тую работу, якую праводзяць органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях разам з суб'ектамі мясцовага самакіравання, прадпрыемствамі і ўстановамі. Работа накіравана як на пажарную бяспеку, абарону насельніцтва ад надзвычайных сітуацый, так і на фарміраванне ў грамадстве культуры бяспекі жыццядзейнасці.

Былі агучаны лічбы: летась на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 907 пажараў, гэта на 7,5 працэнта менш, чым годам раней. Ахвярамі агню ў мінулым годзе стала 77 чалавек (для параўнання: годам раней было 99 чалавек). Асноўнай прычынай бяды па-ранейшаму становіцца неасцярожнае абыходжанне з агнём. Выклікае занепакоенасць спецыялістаў і парушэнне правілаў эксплуатацыі электрапрыбораў і электраабсталявання. У 13 выпадках летась апошняе прывяло да гібелі людзей. Што гэтаму супрацьпаставіць? Вядома, найперш тлумачальную, выхаваўчую, арганізацыйную работу.

Начальнік абласнога ўпраўлення МНС Валерый Рудольф.

Кіраўнік пажарна-ратавальнай службы падрабязна спыніўся на аспектах такой дзейнасці. Напрыклад, летась ратавальнікамі ў складзе аглядных камісій была праведзена прафілактычная работа ў 60 тысячах дамах і кватэрах грамадзян, у тым ліку наведалі больш за 1300 домаўладанняў і кватэр сем'яў, дзе дзеці знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным стане. Па выніках былі накіраваны сігналы ў органы адукацыі, органы ўнутранных спраў, органы аховы здароўя. У 53 выпадках хадайнічалі аб накіраванні састарэлых грамадзян у сацыяльныя ўстановы. Напісалі 797 пісьмаў блізкім сваякам з прапановай дапамагчы бацькам прывесці ў парадак жыллё на прадмет бяспекі. Пісалі нават па апошнім месцы работы адзінокіх састарэлых грамадзян, прасілі арганізацыі і ўстановы аказаць дапамогу.

Працуе аварыйна-ратавальны атрад МНС.

Валерый Рудольф расказаў аб пілотным праекце па ўкараненні праграмна-апаратнага комплексу «ІнспектКом», які рэалізоўваецца на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. У дадзеным выпадку з дапамогай высокіх тэхналогій ажыцяўляецца ўзаемадзеянне ўсіх зацікаўленых службаў па папярэджанні гібелі людзей. Асаблівая ўвага ў рабоце ўдзяляецца масавым прафілактычным мерапрыемствам на тэрыторыі сельсаветаў, вялікіх населеных пунктаў. Такія, напрыклад, як чэлендж «Суботнік бяспекі», што зладзілі з удзелам Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных, таварыства Чырвонага Крыжа, Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства і іншых.

Выхаваўчая, асветніцкая работа праводзіцца з прыцягненнем прадпрыемстваў, арганізацый, грамадскасці. Актуальнымі застаюцца сустрэчы ў працоўных калектывах, сельскія сходы. Асаблівы ўпор робіцца на асвету дзяцей і моладзі. На базе гандлёва-забаўляльных цэнтраў, дзіцячых пакояў, гульнявых пляцовак функцыянуе зараз 36 іміджавых аб'ектаў, дзе работнікі падраздзяленняў па НС праводзяць навучанне ў гульнявой форме. Ужо сёлета такі іміджавы пакой адкрыты ў Брэсцкай абласной бальніцы.

У вобласці працуюць тры адукацыйныя цэнтры бяспекі — у Камянцы, Століне і Брэсце. Апошні і наведвалі дэпутаты ў ходзе работы сесіі. Навучанне ў цэнтрах за пяць гадоў прайшлі каля 20 тысяч чалавек. «Такія цэнтры, а таксама іміджавыя аб'екты павінны быць у кожным раёне, і дэпутаты могуць пасадзейнічаць іх стварэнню», — заўважыў дакладчык.

Увагу народных выбраннікаў, старшынь раённых і гарадскіх Саветаў дэпутатаў начальнік абласнога ўпраўлення МНС засяродзіў таксама на праблеме пажараў у экасістэмах. Бясснежная зіма і анамальнае надвор'е гэтага года паспрыялі таму, што першае ўзгаранне ў экасістэме было зарэгістравана яшчэ 15 лютага. З наступленнем сакавіцкага цяпла сітуацыя зноў выглядае напружанай. Нядаўна прайшло пасяджэнне камісіі па НС пры аблвыканкаме, прынята рашэнне, на выкананне якога патрэбны намаганні мясцовай улады. Каб менш было такіх пажараў, неабходна своечасова наводзіць парадак — ліквідаваць сухія зараснікі, несанкцыянаваныя звалкі, зносіць трухлявыя пабудовы, пракладваць мінералізаваныя палосы паблізу населеных пунктаў.

У СШ № 16.

На сесіі таксама разгледжаны пытанні прафілактыкі гібелі людзей на вадзе і траўматызму на вытворчасці. З паведамленнямі выступілі Віталь КУЛІНІЧ, старшыня абласной арганізатыі таварыства ратавання на водах, Віктар СУПРУНОВІЧ, начальнік абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі па працы. Па ўсіх названых пытаннях прыняты адпаведныя пастановы.

Старшыня Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Юрый НАРКЕВІЧ нагадаў пра абавязак дэпутатаў Саветаў усіх узроўняў пастаянна ўздымаць пытанні бяспекі ў вытворчых і навучальных калектывах, спрыяць захаванню працоўнай дсцыпліны:

— Летась у нашым рэгіёне на вадзе загінула 82 чалавекі, самы высокі паказчык у краіне, — сказаў старшыня аблсавета —. А гэта ў кожным выпадку трагедыя. Як паказвае аналіз, прычынай падобных і іншых незваротных страт найчасцей становіцца парушэнне правілаў і мер асабістай бяспекі. Нярэдка да бяды і на пажары, і на вадзе, і, што асабліва прыкра, на рабочым месцы, прыводзіць ужыванне алкаголю. Наш абавязак не толькі вучыць культуры жыццядзейнасці, але і ствараць атмасферу непрымірымасці да падобнай практыкі, кантраляваць працэсы і строга спаганяць з парушальнікаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».