Сёння стартуе ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш — падзея, якую чакаюць пісьменнікі, кнігавыдаўцы, кнігараспаўсюджвальнікі і не менш самі чытачы. Бо штораз на яе пляцоўках, шматлікіх мерапрыемствах можна не толькі даведацца пра апошнія тэндэнцыі кніжнай сферы, але і сустрэцца з любімымі аўтарамі, папоўніць уласную бібліятэку і проста пабыць у коле аднадумцаў, якія раздзяляюць з вамі цікавасць да кнігі.
Ганаровым госцем выстаўкі сёлета з'яўляецца Расійская Федэрацыя. Такі выбар, можна сказаць, невыпадковы, паколькі 2023 год праходзіць як Год рускай мовы ў краінах СНД. Варта адзначыць, што нашы суседзі плануюць радаваць наведвальнікаў вельмі разнастайнай праграмай. Нас чакаюць прэзентацыі, дыскусіі, віктарыны, майстар-класы, літаратурныя чытанні, творчыя сустрэчы з пісьменнікамі і шмат цікавых мерапрыемстваў, дзе зможам адкрыць для сябе кніжнае слова па-новаму.
Калі гаварыць пра выстаўку-кірмаш глабальна, то ў гэтым годзе яе асноўныя мерапрыемствы прымеркаваныя да Году міру і стваральнай працы, што знайшло свой адбітак і ў яе дэвізе «Свет кнігі без межаў». На Нацыянальным стэндзе можна таксама прасачыць і сучасныя кнігавыдавецкія тэндэнцыі, у тым ліку і што датычыцца Беларусі. Адной з галоўных пляцовак Нацыянальнага стэнду стане імправізаваная студыя, дзе на працягу ўсіх выставачных дзён будуць праводзіцца прэзентацыі новых кніжных праектаў у фармаце інтэрв'ю, дыялогаў, дыскусій з журналістамі вядучых СМІ Рэспублікі Беларусь. А быць у курсе таго, што абмяркоўваецца, цяпер ёсць магчымасць і ў анлайн-фармаце. Трансляцыі мерапрыемстваў можна адсочваць штодня на інтэрнэт-рэсурсах Міністэрства інфармацыі, суарганізатараў і партнёраў з 12.00 да 18.00.
Так, у дзень адкрыцця выстаўкі студыя працуе пры падтрымцы холдынга «Беларусь сегодня» з прамымі ўключэннямі ў радыёэфір (радыёстанцыя «Альфа-радыё»), на відэа-, інтэрнэт-пляцоўках. Другі дзень: прэзентацыі ў інтэрактыўным фармаце будуць забяспечвацца сумесна з Белтэлерадыёкампаніяй, тэлеканалам «Беларусь 3». А вось у трэці дзень у якасці інтэрв'юераў аўтараў кніг і выдаўцоў выступяць прадстаўнікі Саюза пісьменнікаў Беларусі, якія з рэальнага вопыту ведаюць пра кнігу, яе стварэнне і прасоўванне больш за іншых. У чацвёрты дзень пляцоўка нацыянальнага стэнда будзе ў распараджэнні ўдзельнікаў маладзёжнага стартапу, беларускіх выдавецтваў і аўтараў.
А вось сярод тэматычных пляцовак нацыянальнага стэнда лёгка сарыентавацца, дзякуючы ўнікальным арт-аб'ектам: Зубру, Пегасу і механічнай энцыклапедыі беларускага кнігавыдання. Усе яны выкананы з выкарыстаннем дэталяў друкарскіх машын і створаны ў рамках праекта «Бацькаўшчына» Уладзіміра Ліхадзедава, які рэалізоўваецца пры падтрымцы Мінінформа. Як адзначаюць арганізатары, каля Зубра плануецца сканцэнтраваць літаратуру па тэме развіцця нашай краіны, яе гісторыі, а вось Пегас збярэ вакол сябе кнігі паэзіі, творчай тэматыкі. Усе падборкі гэтых кніг убачылі свет у беларускіх выдавецтвах і звернуць на сябе ўвагу сваёй унікальнасцю.
Таксама сумесна з Міністэрствам культуры дзяржаўныя тэлеканалы ў дні выстаўкі-кірмашу здзейсняць паказ экранізацый, створаных па матывах папулярных кніг.
Неад'емнай часткай Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу стаў традыцыйны міжнародны сімпозіум літаратараў «Пісьменнік і час». Напярэдадні старту кніжнага форуму 21 сакавіка на базе БДУ пісьменнікі, прадстаўнікі выдавецкіх колаў, творчай інтэлігенцыі, друкаванай індустрыі краін-удзельніц выстаўкі абмеркавалі тэму «Някніжны свет». Падрабязнасці сустрэчы чытайце ў найбліжэйшых выпусках «Звязды».
Асобна хочацца спыніцца на праграме таго, што падрыхтаваў для аматараў добрай кнігі «Выдавецкі дом «Звязда». Па ўжо складзенай добрай традыцыі наведвальнікаў чакаюць падбор разнажанравай літаратуры, сустрэчы з любімымі аўтарамі і шмат іншых сюрпрызаў. Напрыклад, 23 сакавіка на галоўнай сцэне Нацыянальнага стэнда чакаюцца прэзентацыі кніг Мікалая Чаргінца «Цяжкія дарогі жыцця», «А ён не вярнуўся з бою», а таксама прадстаўленне выдання «Старажытныя сядзібы Гродзеншчыны». У суботу 25 сакавіка завітвайце на прэзентацыю кнігі «Адзінства непераможнага народа» Уладзіміра Ліхадзедава, а таксама на сустрэчу з аўтарам Ганнай Чыж-Літаш і знаёмства з яе кнігамі «Дары Бога» і «101 спатканне, ці Дзённік вольнай жанчыны». А 24 сакавіка — прэзентацыі кніг Іны Фраловай «Дзе была сарока?», Таццяны Дземідовіч «Мармеладнае лета», Алены Стэльмах «Пашка і сонечны праменьчык». У нядзелю 26 сакавіка адбудуцца прэзентацыі серыі кніг Паўла Гушынца «Казкі для Вяснушкі», Кацярыны Хадасевіч-Лісавой «Зорка нябесная, зорка зямная».
Акрамя гэтага, на стэндзе нашага выдавецтва запланаваны шэраг аўтограф-сесій, дзе можна будзе сустрэцца з любімымі аўтарамі. Вас будуць чакаць Віктар Шніп, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Іна Фралова, Алена Стэльмах, Ірына Карнаухава, Таццяна Дземідовіч, Таццяна Дашкевіч, Анатоль Зэкаў. Таму сачыце за праграмай выстаўкі-кірмашу і заходзьце да нас.
Алена ДРАПКО
Прэв’ю: pexels.com
Дзяцінства — найлепшая краіна.
Тэхналогіі, што накормяць.
Гісторыя сям'і Шамехіных.