Вы тут

Інклюзія як прынцып дзяржаўнай палітыкі


На мінулым тыдні ў Полацку прайшло выязное пасяджэнне кансультатыўнага савета пры Савеце Рэспублікі па пытаннях сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У пасяджэнні ўзялі ўдзел Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, прадстаўнікі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў — адукацыі, аховы здароўя, сацабароны, а таксама бацькі, якія выхоўваюць дзяцей з асаблівасцямі развіцця.


Фота: БелТА

Адмовіцца ад спецшкол нельга

«Сёння адным з важных прынцыпаў адукацыі, які замацаваны ў Кодэксе аб адукацыі Рэспублікі Беларусь, з'яўляецца інклюзія. Кожная ўстанова адукацыі, пачынаючы ад дашкольных і заканчваючы ВНУ, нацэлена на тое, што ў іх сцены могуць прыйсці дзеці з асаблівасцямі. Сёння ў краіне функцыянуюць 237 устаноў спецыяльнай адукацыі, з іх 141 цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі, фактычна ў кожным раёне нашай краіны сёння працуюць такія цэнтры. У іх раннюю комплексную дапамогу атрымліваюць 1,5 тысячы дзяцей ва ўзросце да 3 гадоў; навучаецца ў групах і класах каля 3 тысяч; дадаткова атрымлівае карэкцыйна-педагагічную дапамогу больш за 4,5 тысячы навучэнцаў. Акрамя ЦКРНіР, больш за 4 тысячы дзяцей наведвае 48 спецыяльных дзіцячых садкоў, у тым ліку гэта 22 спецыяльныя дзіцячыя садкі для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення, 10 — для выхаванцаў з парушэннямі зроку, 3 — для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, 2 — для дзяцей з парушэннямі слыху, па адным — для дзяцей з цяжкасцямі ў навучанні і парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату. Таксама 9 дзіцячых садкоў маюць групы для выхаванцаў з рознымі парушэннямі псіхафізічнага развіцця», — адзначыў у дакладзе міністр адукацыі Андрэй Іванец.

У краіне функцыянуюць 48 спецыяльных школ, у якіх навучаецца 5190 дзяцей. За апошнія гады праведзена сур'ёзная работа па аптымізацыі сеткі ўстаноў спецыяльнай адукацыі: пачынаючы з 2000-х гадоў колькасць такіх устаноў скарацілася амаль у два разы (з 95 да 48), але адмовіцца ад іх функцыянавання нельга, таму што сёння для цэлага шэрагу дзяцей неабходна стварыць асаблівыя ўмовы для іх навучання і выхавання. Сёння больш за 70 працэнтаў дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця навучаецца ў інтэграваных групах і класах, у кожнай школе такіх выхаванцаў ад 2 да 14 працэнтаў.

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучаецца 2712 дзяцей з асаблівасцямі развіцця і 902 дзіцяці з інваліднасцю — гэта сведчыць аб тым, што сетка інклюзіўнай адукацыі створана не толькі на ўзроўні дашкольнай і сярэдняй адукацыі. Узнікае заканамернае пытанне: ці дастатковая існуючая сетка адукацыі для задавальнення патрэб у навучанні і выхаванні такіх дзяцей? Сетка дастатковая, аднак існуюць праблемы, якія трэба будзе вырашыць: падрыхтоўка кадраў і выхаванне інклюзіўнай культуры ва ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Сёння кожнае асаблівае дзіця знаходзіцца не проста ў полі зроку сістэмы адукацыі, але і навучаецца ў адпаведнасці са спецыяльным адукацыйным маршрутам.

Гіперактыўнасць — гэта дыягназ

Сёння каля 179 тысяч чалавек знаходзіцца ў банку даных дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, 97 працэнтаў з іх — дзеці з парушэннямі маўлення, 6 — з інтэлектуальнай недастатковасцю, 6,7 працэнта — дзеці з цяжкасцямі ў навучанні, 1,5 — з парушэннямі зроку, больш за 1 працэнт — з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, амаль 2 працэнты — з парушэннямі аўтыстычнага спектра і больш за 1 — дзеці з цяжкімі псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі. Разнастайнасць відаў захворванняў — сур'ёзны выклік для сістэмы адукацыі. Так, за апошнія пяць гадоў колькасць дзяцей з РАС вырасла ў тры разы. Актуальным пытаннем з'яўляецца і выбудоўванне сістэмы дапамогі дзецям з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці. Паводле аператыўных даных, сёння ва ўстановах дашкольнай і сярэдняй адукацыі навучаецца больш за 1000 такіх дзяцей, аднак на ўліку ва ўстановах аховы здароўя знаходзіцца больш за 2000 чалавек. Гэта сведчыць аб тым, што практычна кожныя другія бацькі, якія выхоўваюць дзіця з СДУГ, не інфарміруюць настаўнікаў пра асаблівасці школьніка, што значна ўскладняе работу педагогаў. Міністэрствам адукацыі вызначаны шляхі вырашэння праблем у сферы інклюзіўнай адукацыі. Першае — укамплектаванасць устаноў адукацыі кваліфікаванымі кадрамі. Сёння ў сістэме адукацыі задзейнічаны 418 тысяч педагогаў, 40 тысяч з іх ажыццяўляюць адукацыйны працэс ва ўстановах спецыяльнай адукацыі ва ўмовах інтэграванага навучання. З 40 тысяч педагогаў 12 тысяч — настаўнікі-дэфектолагі, 4,1 тысячы — псіхолагі. Укамплектаванасць кадрамі складае 99 працэнтаў, аднак павышэнне кваліфікацыі і перападрыхтоўка кадраў — неабходны і бесперапынны працэс.

Асаблівым дзецям — кваліфікаваныя педагогі

«Вялікая работа праводзіцца і па распрацоўцы вучэбна-метадычнага забеспячэння адукацыйнага працэсу, за апошнія тры гады выдадзена 76 вучэбных дапаможнікаў для дзяцей з АПФР, у тым ліку 18 на аснове шрыфту Брайля. Асаблівая ўвага ўдзяляецца стварэнню асаблівых умоў для навучання, гэта сумесная работа Міністэрства адукацыі з мясцовымі органамі ўлады. Элементы даступнага асяроддзя маюць усяго 60 працэнтаў устаноў дашкольнай і сярэдняй адукацыі, актыўная работа ў даным кірунку будзе працягвацца», — падкрэсліў міністр.

Каб забяспечыць суправаджэнне дзяцей з парушэннямі аўтыстычнага спектра, з 2016 года былі ўнесены змяненні ў кваліфікацыйныя характарыстыкі пасад «выхавальнік дашкольнай адукацыі» і «выхавальнік». Сёння гэта каля 1800 штатных адзінак, якія забяспечваюць дзейнасць дзіцяці на занятках, аказваюць дапамогу ў захаванні распарадку дня, узаемадзеянні з аднагодкамі. З 2022 года ўпершыню падрыхтоўка такіх кадраў пачалася на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў двух каледжах. Персанальнае суправаджэнне і педагагічная дапамога можа арганізоўвацца дзецям з парушэннямі зроку, функцый апорна-рухальнага апарату і іншым.

Дастукацца да бацькоў здаровых дзяцей

На сённяшні дзень бацькі дзяцей з асаблівасцямі развіцця становяцца паўнапраўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, праваднікамі для сістэмы адукацыі ў пошуку аптымальных умоў для задавальнення адукацыйных патрэб дзіцяці. З бацькамі рэгулярна праводзяцца сустрэчы, на якіх знаходзяць шляхі ўзаемадзеяння з органамі мясцовай улады, грамадскімі арганізацыямі, установамі аховы здароўя. У мэтах выканання папярэдняга пасяджэння кансультатыўнага савета Інстытутам інклюзіўнай адукацыі сумесна з Камітэтам па адукацыі Мінгарвыканкама былі арганізаваны навучальныя курсы на базе інстытута для ўсіх кіраўнікоў устаноў адукацыі горада Мінска, педагогаў-псіхолагаў і настаўнікаў-дэфектолагаў.

Застаецца праблемай несфарміраваная ў бацькоў звычайных дзяцей культура прыняцця дзяцей з асаблівасцямі развіцця ў агульных класах. У сувязі з гэтым неабходна актывізаваць інфармацыйную работу, першы крок ужо зроблены — на базе «Настаўніцкай газеты» быў праведзены круглы стол са спецыялістамі і бацькамі. У кастрычніку 2022 года міністэрствамі аховы здароўя, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі падпісана дарожная карта па міжведамасным узаемадзеянні ў галіне сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі дзяцей з АПФР.

«У сферы інклюзіўнай адукацыі кожны з нас павінен разумець, што толькі сумеснымі намаганнямі мы можам вырашыць такую важную і актуальную задачу навучання і інтэграцыі дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Гэта праца штодзённая і паступальная, якая, набываючы новыя формы, будзе працягнута», — адзначыў Андрэй Іванец.

Справа дабрыні і міласэрнасці

Наталля Качанава падзякавала членам кансультатыўнага савета за аператыўнае рэагаванне на тэмы мінулых пасяджэнняў і адзначыла, што наша краіна ў сферы інклюзіўнай адукацыі мае багаты перадавы вопыт. «Самае галоўнае для нас, каб гэтыя дзеці ў далейшым маглі сябе рэалізаваць. Мы ўсе павінны падключыцца да такой работы», — падкрэсліла Старшыня Савета Рэспублікі. Яна звярнула ўвагу на ўкамплектаванасць школ педагогамі-псіхолагамі і дэфектолагамі, якія маюць адпаведную адукацыю. «Нам неабходна быць упэўненымі ў тым, што з дзецьмі працуюць кваліфікаваныя спецыялісты. Практыка паказвае, што калі б псіхолагі працавалі з асаблівымі дзецьмі якасна і кампетэнтна, то цяжкасцяў у сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадстве можна было б пазбегнуць».

Наталля Качанава завастрыла ўвагу і на пытанні аказання дапамогі дзецям з сіндромам дэфіцыту ўвагі і гіперактыўнасці і іх бацькам. Статыстыка паказвае, што колькасць такіх дзяцей, якія стаяць на ўліку, у два разы вышэй колькасці тых, што навучаюцца па спецыяльнай праграме. Гэта сведчыць аб складанасці выяўлення дыягназу, па якім некалькі гадоў таму не вялі аналіз наогул. Многія бацькі з-за недастатковай дыягностыкі ва ўстановах аховы здароўя не ведаюць, як выхоўваць дзяцей з асаблівасцямі. Тут павінны падключыцца сродкі масавай інфармацыі для шырокага асвятлення і прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы. «Для нас гэта вельмі важна. Паверце, чым больш у нас будзе дабрыні і міласэрнасці, тым больш мы будзем разумець, што наша грамадства здаровае», — адзначыла Наталля Іванаўна.

Кожны настаўнік будзе ведаць асновы інклюзіўнай адукацыі

Дырэктар Інстытута інклюзіўнай адукацыі БДПУ імя Максіма Танка Вера Хітрук расказала аб падрыхтоўцы кваліфікаваных педагагічных кадраў. Сёння ў інстытуце навучаецца больш за 1,5 тысячы студэнтаў па ўсіх спецыяльнасцях дэфекталогіі. З 2021 года для ўсіх педагагічных спецыяльнасцяў уведзены дадатковыя раздзелы дысцыпліны, а таксама ўключана ў праграму дысцыпліна «Інклюзіўна-адукацыйная практыка» — гэта значыць, цяпер кожны педагог нашай краіны будзе мець асновы інклюзіўнай адукацыі незалежна ад атрыманай спецыяльнасці. Новаўвядзенне абумоўленае павелічэннем колькасці дзяцей з асаблівасцямі развіцця і неабходнасцю навыкаў работы з імі ў педагогаў. Асаблівая ўвага аддадзена падрыхтоўцы псіхолагаў і дэфектолагаў, з верасня 2021 года ў інстытуце ўведзены дадатковыя дысцыпліны «Спецыяльная псіхалогія», практыкум па карэкцыі і развіцці эмацыянальнай сферы асобы, у падрыхтоўку сацыяльных педагогаў таксама ўключаны новыя дысцыпліны. Фокус увагі ў падрыхтоўцы настаўніка дэфектолага ссунуты з фіксацыі дэфіцытаў дзіцяці да выяўлення яго моцных бакоў, стварэння ўмоў развіцця асобы. «Не дыягназ вызначае паспяховасць чалавека ў соцыуме, а той функцыянал, які ён можа выкарыстоўваць», — падкрэсліла Вера Валер'еўна. З верасня 2023 года пачнецца падрыхтоўка настаўнікаў-дэфектолагаў па новай спецыяльнасці «Спецыяльная і інклюзіўная адукацыя» з шасцю прафілізацыямі. Адна з прафілізацый новая не толькі для нашай краіны, але і для Расіі — «Псіхолага-педагагічнае суправаджэнне асоб з расстройствамі аўтыстычнага спектра».

Наталля Іванаўна падкрэсліла, што сёння са з'яўленнем новых інфармацыйных тэхналогій востра стаіць праблема камунікацыі сярод дзяцей незалежна ад іх фізічнага здароўя. Да вырашэння дадзенага пытання неабходна падключаць не толькі педагогаў, але і бацькоў.

Праблемы трэба бачыць на месцах

На пасяджэнні кансультатыўнага савета прысутнічалі бацькі дзяцей з асаблівасцямі развіцця, яны падзяліліся з прысутнымі гісторыямі паспяховай інтэграцыі ў грамадства і рэалізацыі дзякуючы кваліфікаванай дапамозе спецыялістаў. Так, мама з Гомеля прадэманстравала дасягненні свайго сына ў спорце і творчасці, цяпер з дапамогай спецыялістаў сям'я вядзе актыўны лад жыцця і з радасцю дзеліцца з іншымі прыкладам веры і стойкасці на шляху да пераадолення перашкод.

«Мы разгледзелі пытанні, як дзеці з асаблівасцямі развіцця могуць атрымаць інклюзіўную адукацыю, як гэта ўспрымаецца тымі, хто знаходзіцца ў класе. Мы наведалі Цэнтр карэкцыйна-развіццёвага навучання, убачылі, як інтэграваная адукацыя ажыццяўляецца ў школе, і разумеем, што ў цэлым у нас у дзяржаве выбудавана выразная сістэма, уключаючы навучанне педагогаў, якія займаюцца з такімі дзецьмі. Аднак на месцах узнікаюць некаторыя праблемы, і для таго каб іх убачыць і вырашыць на мясцовым узроўні, мы абмяркоўваем і тлумачым, што трэба яшчэ зрабіць, каб мінімізаваць іх. Гэта ўжо трэцяе такое пасяджэнне, і людзі на кожным з іх дзякуюць за тую дапамогу, якая аказваецца ім для аператыўнага вырашэння праблем», — адзначыла па выніку выязнога пасяджэння кансультатыўнага савета Наталля Качанава.

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».