Вы тут

Давай злавацца... разам


Аднойчы сядзелі мы з сынам на кухні і малявалі. У нейкі момант у Сымона штосьці пайшло не так, як хацелася, і ён пачаў стукаць фламастарам аб стол, ажно пакуль не зламаў «інструмент». Пры гэтым на твары было столькі напружання і злосці! «Сымон, — кажу — ты, канешне, можаш злавацца, але давай паспрабуем зрабіць гэта па-іншаму. Бо так неўзабаве зламаеш усе свае фламастары і не будзе чым маляваць. Табе ж тата падарыў баксёрскую грушу — бяжы і пабі яе». На гэта Сымон адказаў: «У мяне столькі злосці, што я не дабягу». Тады я абхапіла сваімі далонямі яго кулачкі і пачала біць падушку, якая ляжала побач на канапе. Праз некалькі секунд малы ўжо залівіста смяяўся.


Вельмі часта дзеці выказваюць сваю агрэсію з дапамогай кулакоў. Не раз бачыла, як малеча ў парыве злосці замахваецца на сваю маму. У мяне таксама некалькі разоў было такое. Тут псіхолагі адназначна рэкамендуюць адразу абазначыць свае граніцы, перахапіўшы руку са словамі: «Маму біць нельга, маме будзе балюча». Больш цяжкае праяўленне агрэсіі — самаагрэсія, калі дзіця пачынае біць сябе. У такой сітуацыі прыціскаем яго да сябе. Прагаворваем пры гэтым: «Сябе біць таксама нельга. Ты цудоўны. Я цябе люблю». І абавязкова выводзім дзіця на адаптацыйныя слёзы, бо ў выпадку самаагрэсіі іх адназначна не дачакаешся. (Як гэта рабіць, чытайце ў артыкуле «Слёзы — гэта нармальна...», «Звязда», 2.03.2023).

Калі дзіця злуецца, бацькам трэба паспрабаваць перанакіраваць агрэсію на штосьці іншае. Можна не толькі біць падушку, як гэта рабілі мы з сынам, але і рваць паперу, тупаць нагамі, «маляваць» сваю злосць, зляпіць з пластыліну тое, што не падабаецца, і расціснуць у блін. Цудоўна, калі па першым часе вы будзеце злавацца разам з дзіцем, тым самым паказваючы прыклад экалагічнага выказвання эмоцый. Баксёрская груша наогул павінна быць устаноўлена ў кожным доме, дзе нараджаецца немаўля. У цяжкія моманты ёй можа карыстаецца не толькі дзіця, але і мама з татам. Калі ваша крывіначка ў парыве злосці раз за разам псуе каштоўныя рэчы ў доме, пагаварыце з ім. Маўляў, ты можаш зламаць крэсла, але май на ўвазе — новае мы будзем набываць за твае кішэнныя грошы. Яшчэ бацькам важна памятаць, што ні ў якім разе нельга караць дзіця за тое, што яно пакуль не можа справіцца са сваімі эмоцыямі. Майце на ўвазе: спрабуючы пазбавіцца ад дзіцячай агрэсіі з дапамогай бізуна, вы толькі дадасце стрэсу. У выніку агрэсія нікуды не знікне, яе будзе яшчэ больш.

Выдзяляюць тры правілы эмацыянальнага інтэлекту. Па-першае, няма лішніх эмоцый. У соцыуме прынята дзяліць эмоцыі на добрыя і дрэнныя. Радавацца можна, здзіўляцца можна, натхняцца таксама можна. А вось злавацца, псіхаваць, раздражняцца — нельга. І вельмі часта мы даём дзіцяці такі пасыл: адчувай толькі станоўчыя эмоцыі! Я хачу, каб ты заўсёды радаваўся і ўсміхаўся! 

Але гэта немагчыма. Чалавек павінен адчуваць усе эмоцыі, бо кожная мае ўнікальнае значэнне. Без страху мы наогул не выжылі б. Злосць — вельмі энергетычна моцная эмоцыя, якая не толькі дазваляе абараніць свае асабістыя граніцы, але і шмат чаго стварыць. Таму казаць дзіцяці «не бойся», «не злуйся», «не засмучайся», тым самым падаўляючы яго эмоцыі, не варта. Бо такім чынам мы транслюем: з табой штосьці не так. Па-другое, эмоцыі павінны выйсці. Бо нявыказаныя эмоцыі нікуды не знікаюць, яны назапашваюцца і рана ці позна ператворацца ў зрывы, агрэсію ці, што яшчэ горш, праблемы са здароўем. Па-трэцяе, экалагічнае выказванне эмоцый — тое, чаму мы навучаем. Калі бацькі самі не ўмеюць экалагічна — так, каб не раніць іншых, выказваць сваю злосць, смутак, раздражненне, страх, гнеў, дзіця таксама не будзе ўмець гэта рабіць.

Дарэчы, лічыцца, што поспех у жыцці ў многім залежыць ад таго, развіты ў чалавека эмацыянальны інтэлект ці не. Менавіта таму важна яго развіваць у любым узросце: вучыцца не толькі распазнаваць эмоцыі іншых людзей, але і браць пад кантроль уласныя, імкнуцца не дазваляць негатыўным думкам захапіць сваю свядомасць. Кажуць, прывесці свае эмоцыі і думкі ў парадак дапамагае матрыца кіравання часам, якую прыдумаў вядомы коўч Стывен Кові. Ён прапануе падзяліць усе свае справы на чатыры катэгорыі (тэрмінова важна, нетэрмінова важна, тэрмінова няважна, нетэрмінова няважна) і планаваць час пад кожную з іх. Тады ў вас застанецца менш прычын для стрэсу і вызваліцца больш месца для пазітыву ў паўсядзённым жыцці.

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Спорт

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

У нас была адна мэта — перамагаць. Гандбольную гісторыю краіны пісалі гераічныя людзі

Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.

Калейдаскоп

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

Усходні гараскоп на наступны тыдзень

АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.