Вы тут

Фінал «бабая»


Пісаць аб калегах няпроста. Паспрабуйце адрамантаваць машыну аўтаслесару альбо пашыць касцюм для краўчыхі. Пра калег неаднойчы рабіў матэрыялы. Іспыт прайшоў. Але тое былі станоўчыя матэрыялы. Медыйныя оды. Цяпер — крытыка. Цяжка, але патрэбна. Каб болей на наступаць на граблі інфармацыйнай дыверсіі. Каб ізноў грамадства не набіла гузакоў.


Каб атрымалася як трэба, неабходна — толькі праўду. Што і казаць, партал тут.бай я чытаў. Як яго чытала ўся Беларусь. І інтэлігентныя выкладчыкі ўніверсітэтаў, і прасунутая моладзь, і кабеты з рэгіёнаў, і суровыя рабочыя заводаў, нават чыноўнікі ў высокіх кабінетах. Чыталі, нібыта ласаваліся добра прыгатаванай інфармацыйнай стравай. Чыталі і рэдактары дзяржаўных медыя. Там шукалі герояў для сваіх матэрыялаў, інфармацыйныя нагоды. Вось як атрымліваецца. Адзін і той жа «журфак» скончылі, а працуюць па-рознаму. У чым быў сакрэт прывабнасці тут. бая, чаму мы — дзяржаўныя СМІ — так тады не маглі? Прычыны дзве. Першая. Звычка — другая натура. Працэдура наладжаная. Стылістыка, метады падачы, жаданне быць усім прыемнымі... А ў век засілля сродкаў інфармацыйных зносін — гэта пройгрыш. Другая прычына рэйтынгавасці тут. бая — россып крытыкі. Канешне, схаванай за шырму прафесійнай і якаснай журналістыкі. А людзям заўжды падабаецца «гарачае», «злобнае», «крымінальнае». Правядзіце саматэст. Ваш выбар: пропаведзь святара з царкоўнага амбона ці выступленне топавага калектыву прыгажунь? Безумоўна, залежыць ад інтэлектуальнага ўзроўню. Але канцэрт каля ратушы ў любую летнюю суботу збірае большую аўдыторыю, чым царкоўная служба. Такая вось суровая праўда грамадскай цікавасці. У тым прычына і папулярнасці тут. бая. З пярчынкай інфармацыйны «шашлык» больш даспадобы, чым звычайна прыгатаванае варыва.

І калі гэта спачатку турбавала (а мо і не) чыноўнікаў, што адказвалі за развіццё дзяржаўных СМІ, то потым выйшла за межы прафесійнага супрацьстаяння. Тут. бай ператварыўся ў інфармацыйны штаб пратэстаў. Такое не бывае адразу. Існуе кіраўніцтва, рэдакцыйная палітыка, штат аўтараў. Інфармацыйны партал — не чароўная карэта: за адну ноч не ператворыцца ў гарбуз. Гэта паступовы і спланаваны працэс. Можна, вядома, сказаць, што быў запыт у грамадстве, таму і падавалі медыяпрадукт так, як жадала пратэсная частка насельніцтва. Так, журналістыка — старадаўняя прафесія, але не такая, у якой грошы нібыта вецер для флюгера. Сапраўдны журналіст раз і назаўжды адзначае сваю пазіцыю. Няма ў ёй 50 адценняў шэрага. Значыць, рэдакцыя тут. бая проста чакала свайго часу. І ён надышоў.

Кажуць, заснавальнік партала патрабаваў плюралізму думак. Было такое пры ім. Аб гэтым у сваіх паказаннях распавядаюць былыя супрацоўнікі. Але гаспадар партала сышоў у лепшы свет. Знянацку і вельмі своечасова для некаторых! Тут з тут. баем і пачалося. У медыйным доме — інфармацыйны вэрхал. А мы ж не павінны забываць, што з тут. баем раніцу пачыналі. Чыталі гэты партал і тыя, хто з кавы пачынае дзень, і нават тыя, хто — з малітвы. Карацей, то быў ужо не звычайны інтэрнэт-рэсурс. Па ўздзеянні на грамадскую думку — інфармацыйная зброя масавага значэння. Беларусы паміж сабой абмяркоўвалі артыкулы з партала. Калі б не было вось такога інфармацыйнага інструмента, то яго б варта было стварыць. Таму і стварылі. Але хто ж бенефіцыяры масавага дарадцы беларусаў?

Зрабілі вельмі прафесійна. Людзей прывучылі нібыта да якаснага прадукту. А потым упакоўка («шапка») засталася, а змест ужо — іншы. Улічваючы гібрыднасць сучасных канфліктаў, здаецца, на медыйную прастору краіны запусцілі траянскага каня. Няўжо неспадзяванка, спалучэнне розных абставін? Хутчэй гэта нагадвае паспяховую спецаперацыю іншаземных разведак.

Дастаткова згадаць, пра што пісаў партал пачынаючы з 2018 года, а мо і трошкі раней. Калі пра Прэзідэнта, дзяржаўныя святы, знакавыя падзеі ў жыцці краіны — то заўсёды з нейкай чарвяточынай, элементамі «сцёбу» і сарказму. Усё ў рамках прававога заканадаўства, але ж з падтэкстам. Почырк для мяне вядомы. Так працавалі рэвалюцыйныя газеты перад Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцыямі, так працавалі «нэзалежныя» ад інтарэсаў дзяржавы СМІ Украіны перад Майданам. Ды што там, згадайце, як дыскрэдытавалі ўлады ў пачатку 1990-х. Аўтар і СМІ розныя, а метад стварэння адзіны. З такімі метадамі я пазнаёміўся ў пачатку сваёй прафесійнай дзейнасці. Маладых здольных журналістаў, асабліва з рэгіёнаў, «навучалі» свабодзе ад дзяржаўных інтарэсаў замежныя спонсары. Грошы на такія праекты выдаткоўваў усім вядомы Сорас.

Кожны негатыўны факт умела раздзімаўся, нібы паветраны шарык. І такіх збіралася ўсё больш і больш. Такім чынам узнімаўся рэйтынг. І кожны раз гэта была аплявуха дзяржаўнаму аўтарытэту. Хто спаў у шапку, дазваляючы атакаваць інтарэсы краіны, — пытанне адкрытае. Ды і самі ведамствы былі вінаватыя. Не каб аб сваіх хібах і памылках адразу казаць самім у дзяржСМІ. Не было такога. Наадварот. Некаторыя начальнікі нават пагражалі: калі што выйдзе ў свет, то яны, маўляў, ведаюць, куды патэлефанаваць. А дзяржСМІ ўсё роўна потым прыходзілася распавядаць праўдзівую інфармацыю аб тых дрэнных выпадках. Але гэта была ўжо зусім іншая пазіцыя. Загадзя — нявыгадная. Пазіцыя апраўдання.

А тут.бай быў на кані. Нават інфармацыйнай «шашкай» махаў — наперад, на барыкады. У сваіх офісах яны ўжо адзначалі перамогу. Кожны дзень. Пакуль у рэчаіснасць не вярнулі сілавікі.

Ніхто асабліва не разглядаў дзейнасць тут. бая яшчэ з аднаго боку — маральнага выхавання. А на партале ці не штодня з’яўляўся матэрыял, які ставіў пад сумненне традыцыйнасць нашага грамадства. «Псіхалягіні» (так яны самі сябе прадстаўлялі) убівалі ў галаву беларуса шмат брыдкай інфармацыі. Маўляў, блізкая сувязь з бацькамі — адхіленне, жонка неабавязкова павінна быць верная мужу і ўвогуле саюз мужчыны і жанчыны — не канстанта для сучаснага грамадства. А яшчэ з асалодай распавядалі пра розных бінарных і небінарных, пра вольныя норавы. Шмат матэрыялаў было пра суіцыды, адхіленні ад нармальных паводзінаў. Стваралася карціна, нібы беларусы — нацыя адшчапенцаў, фрылансераў, фрыкаў і хворых людзей.

І калі мне скажуць пра свабоду слова, то я адкажу. У тут. бая яна была вышэй ад іх галавы, якая закружылася ад магчымасцяў. Улады не чапалі, замежныя спонсары дапамагалі. Я добра памятаю, як «тутбаеўцы» прысутнічалі на ўсіх дзяржаўных мерапрыемствах, ніхто ім не замінаў. А яны кідалі ў бок дзяржаўных журналістаў зневажальныя позіркі. Маўляў, хто вы, а вось мы — «свабодная прэса». Як потым ужо аказалася, свабодная ад маралі і сапраўдных інтарэсаў дзяржавы і грамадства. І не такая свабодная ад ганарараў. Чамусьці яны, нібы на дражджах, выраслі ў мяцежны перыяд 2020-2021 года. Але з гэтага «цеста» нічога не атрымалася, бо яно з самага пачатку было цвілым. Такі вось «тут бабай».

Яўген ПУСТАВОЙ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.