Вы тут

Валянціна Быстрымовіч. «Аплявуха па збегу абставін»


На перапынку Сашка з 10-га «Б» перадаў запіску, і ўвесь урок гісторыі васьмікласніцы Каця і Светка перачытвалі яе, шукалі таемныя знакі, дадумвалі і абмяркоўвалі. Добра, што іх парта на «Камчатцы» і настаўніку не відаць, чым яны занятыя. У запісцы былі вершы:

Погляд мне твой начамі сніцца,
растрывожыў душу мне.
Як жа мог я так забыцца,
што хаджу я як у сне...


Фота: pixabay.com

Такое мог напісаць толькі закаханы, вырашылі дзяўчаткі. Першае прызнанне ў каханні! Як адказаць? Яны хіхікалі, уносілі ў чарнавік адказу праўкі, закрэслівалі, дапісвалі, грызлі аловак, думалі. У рэшце рэшт, атрымалася чатырохрадкоўе, якім яны нават заганарыліся:

Я б хацела стаць птушкай,
каб узляцець над зямлёй.
Каб магла я так захапіцца,
дзе ты, мой слаўны герой?

Каця з Сашкам даўно пераглядваліся. На перапынках школьныя калідоры станавіліся шумнымі і шматлюднымі, але яны заўсёды заўважалі адзін аднаго ў гэтым мурашніку. Каця пры сустрэчы ўпарта апускала вейкі, а Сашка, наадварот, не зводзіў з яе чорных, шырока расстаўленых вачэй.

Таемная перапіска захапляла, дотыкi рук хвалявалі, сэрцы трапяталі. Сашка па раніцах вітаўся, Каця ківала ў адказ і адводзіла погляд. Запіскі пісаліся рэгулярна. Па вечарах яна думала пра Сашку, марыла, адчувала нейкае салодкае хваляванне.

У той дзень у іх была фізкультура, і клас бег у распранальню. Чорныя Каціны косы распусціліся на бягу, вочы блішчалі — у апошні час яна знаходзілася ў прыўзнятым настроі. Недалёка ад распранальні Сашка загарадзіў ёй дарогу.

— Куды ляціш?

— На фізру, — адказала яна і апусціла вочы.

Яго рука дакранулася да яе рукі, і Каця непрыкметна ўзяла запіску і сунула ў кішэню. Хацела бегчы далей, але ён стаяў на шляху і ўсміхаўся, блізка і мякка свяціліся яго вочы. Каця збянтэжылася, сэрца забілася часцей. Запіскі запіскамі, але вось так адкрыта... яна ўспыхнула:

— Пусці.

І тут з-за кута з’явіўся Дземянкоў. Падобна на тое, ён пераймаў свайго старэйшага брата, хулігана і пашляка. Ухмыляючыся, ён цынічна агледзеў Кацю і сказаў гадасць:

— Ну чаго ты на яе глядзіш, хапай яе! Яна ж гэтага чакае!

Кацю як кіпенем абдала ад прыніжэння. Яе накрыла хваля абурэння. Кроў кінулася ў галаву, яна адштурхнула руку, што загароджвала дарогу, і ў сэрцах уляпіла аплявуху Сашку.

Спрацаваў інстынкт. Па збегу абставін, аплявуху атрымаў той, хто стаяў бліжэй за ўсіх і перашкаджаў прайсці. Аплявуха была звонкай, як стрэл. Каця ў роспачы кінулася ў распранальню. Яна прыйшла ў жах ад таго, што нарабіла. Не ведала, як паводзіць сябе далей, была гатовая расплакацца або ўцячы на край свету.

Сашка быў хлопец інтэлігентны, але чамусьці аднакласніцы не сумняваліся, што ён абавязкова дасць здачы. Празвінеў званок, аднак з распранальні ніхто не выходзіў, дзяўчынкі абмяркоўвалі сітуацыю. Разгубленая Каця не разумела, як такое магло адбыцца. І ўсё з-за гэтага гадкага пашляка Дземянкова!

Няўжо Сашка дасць здачы? З распранальні ў спартзалу яе правялі дзяўчынкі, акружыўшы шчыльным кальцом, каб абараніць ад Сашкі. Але той і не думаў набліжацца.

Дзень прайшоў у напружаным чаканні. Каця і Светка не выходзілі з класа. Дома Каця палезла ў кішэню і знайшла запіску — у віхуры падзей яна забылася пра яе. Разгарнула лісток і прачытала: «Я кахаю цябе, німфа».

З таго дня Сашка не вітаўся і адводзіў погляд. Напісаць яму Каця не рашалася, ды і Светка сказала:

— Перачакай, праз тыдзень школьны баль, там і памірыцеся.

Каці купілі бірузовую сукенку з белым жабо, якая ёй вельмі пасавала. З’явілася надзея: яна прыйдзе ў прыгожым уборы, Сашка запросіць яе на танец, а яна скажа: «Прабач мяне».

Сашка стаяў на супрацьлеглым баку залы, і дзяўчынкі раілі Каці:

— Запрасі яго на белы танец.

Але яна чакала — ён павінен запрасіць яе сам. Загучаў вальс, і Сашка накіраваўся да іх праз залу. Каця расхвалявалася, апусціла вочы і чакала. Сэрца білася, румянец заліваў шчокі...

Ён запрасіў Таньку, якая стаяла побач з Кацяй. Гэта прагучала як гром сярод яснага неба. Каця выскачыла з залы і доўга рыдала ў прыбіральні. Дзяўчынкі прыбеглі супакойваць яе, лаялі Таньку:

— Як яна магла пайсці з ім танцаваць? Сцерва, яна ж усё ведала!

— Гэта ён адпомсціў за аплявуху, — канстатавала Каця і сышла з вечара.

Потым падышоў час экзаменаў, а неўзабаве школа засталася ззаду.

Прайшло некалькі гадоў, Каця выйшла замуж, пераехала ў Мінск і забыла пра аплявуху. Узімку мужу на працы далі пуцёўку выхаднога дня — у комплекс «Юнацтва» на Мінскім моры.

Раніцай муж сышоў на рыбалку, а Каця адаспалася, паснедала і ў дзесяць гадзін раніцы ў чырвоным спартыўным касцюме, з лыжамі ў руках увайшла ў ліфт і апынулася ў кампаніі некалькіх маладых мужчын.

Хлопцы ў касцюмах са значкамі на грудзях трымаліся паважна, на строгіх тварах было напісана: «Мы — людзі адказныя». Яна прыціснула да сябе лыжы, адчуваючы, што не ўпісваецца ў гэтую каманду строгіх шэрых пінжакоў і гальштукаў. Падняла вочы — і сустрэлася позіркам з Сашам... Зніклі пражытыя гады, злашчасная аплявуха, ліфт і хлопцы ў касцюмах.

— Добры дзень, Німфа. Адкуль ты тут? — здзіўлена і пяшчотна спытаў ён.

— З мужам адпачываем, — аўтаматычна адказала яна, ашаломленая тым, што ён назваў яе Німфай, як у той запісцы.

— Нічога сабе ўзровень жыцця, адпачываць у такой гасцініцы! — сказаў нехта з хлопцаў.

— А ты што робіш тут?

— У нас семінар. Ты стала яшчэ прыгажэй.

— У цябе сям’я?

— Не, — усміхнуўся Саша.

Каця ўспыхнула, хваля незразумелага шчасця накрыла яе.

— Пакуль, мяне чакаюць, — хутка прамармытала яна і куляй вылецела з ліфта, каса матлялася за спінай.

«Чаму я не выбачылася тады за аплявуху?» Сустрэча была нечаканай і кароткай, і яна проста разгубілася.

Сашка глядзеў ёй услед і думаў: «Чаму я тады так адрэагаваў на тую аплявуху?» Каця падышла ўжо да дзвярэй, і раптам Сашка ясна ўсвядоміў: ён больш ніколі яе не ўбачыць. Нечакана для сябе ён крыкнуў:

— Німфа, не знікай!

Калегі са здзіўленнем паглядзелі на яго, а Каця павярнулася і памахала рукой.

Хто ведае, ці сустрэнуцца яны зноў? Але з гэтага часу, успамінаючы шчасце першага кахання, яны з пяшчотай будуць думаць аб гэтай сустрэчы, а не пра тую аплявуху.

Валянціна БЫСТРЫМОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».