Вы тут

Лёс і выбар. Выпрабаванняў нам даецца роўна столькі, колькі можам вытрымаць


Хварэць у пачатку вясны, зрэшты, як, напэўна, і заўсёды, — так сабе задавальненне. Асабліва бянтэжыць перспектыва дзве-тры гадзіны правесці ў чарзе ў паліклініцы. Але ж як трэба, дык трэба — бальнічны сам сабой не закрыецца. Галоўнае — не страціць у той чарзе пільнасць і ўважліва сачыць за тым, хто перад табой (каб куды не збег) і за тым, хто за табой (каб, калі што, было каго папярэдзіць: «Я перад вамі, зараз вярнуся»). Гэтым разам пашанцавала: малады хлопец, за якім заняла чаргу, сядзеў, утаропіўшыся ў тэлефон, і было зразумела, што з месца ён не скранецца. Следам за мной прыйшла і села побач надзвычай каларытная... хацела напісаць «бабуля», але рука не падымаецца. Пані паважнага ўзросту, скажам так. Гадоў ёй было ўжо далёка за семдзесят, але ж пафарбаваныя ў модны колер і акуратна прычасаныя валасы, чаравікі на невысокіх, але ўсё-ткі абцасіках і рукі з манікюрам сведчылі пра тое, што пані за сабой глядзіць. «Пэўна, сям'і не мае, вось і ходзіць на манікюр», — падумалася амаль са злосцю, прадыктаванай перспектывай сядзець дзве, а можа, і больш, гадзіны ў душным калідоры.


Мая суседка па чарзе аказалася вельмі прыветлівай і гаваркой. Ёй трэба было памяняць лекі ад высокага ціску, таму і прыйшла ў гэты тлумны час да ўчастковага. Сядзела і вельмі перажывала, што не паспее падагрэць ежу праўнучкам, якія ў шэсць прыйдуць з «прадлёнкі». «Яны ў мяне двайняткі, у другі клас ходзяць. Такія самастойныя. Мікрахвалеўку, калі што, і самі ўключаць. Але ж хачу прасачыць, каб усё з'елі. А там і дзед іхні прыйдзе, яго карміць вячэрай трэба...» «Во, паглядзіце, — працягнула пані тэлефон. — Яны ў мяне, бачыце, якія прыгажуні». З фота на экране глядзелі дзве ладненькія дзяўчынкі — і непадобныя адна на адну, і падобныя, як могуць быць толькі родныя людзі. «Гэтая, светленькая, больш на маму, унучку маю, падобная, а цямнейшая — больш на бацьку. Харошыя бацькі ў іх былі, такая прыгожая пара...» «Чаму — былі?» «Загінулі два гады назад у аварыі пад Маладзечнам. Можа, чулі? Тады нейкі сямнаццацігадовы бяспраўнік выехаў ім насустрач, а яны з Браслаўскіх азёраў вярталіся, адпачывалі там. Унучка з мужам спераду сядзелі, удар увесь на іх прыйшоўся, да бальніцы ні яе, ні яго не давезлі. А дзяўчаткі, ім тады па пяць гадоў было, ззаду ў дзіцячых крэслах сядзелі. І на іх — вось жа лёс! — ані драпіны, толькі спалохаліся вельмі...»

Выпадковая суразмоўніца памаўчала крыху, уздыхнула цяжка: «Вось вы ведаеце, шмат ёсць выслоўяў пра тое, што ў адну раку нельга ўвайсці двойчы, снарад у адну варонку не трапляе. Можна. І трапляе. Мы трыццаць гадоў назад так сына з нявесткай пахавалі. Таксама ехалі на машыне летнім вечарам. А з бакавой вясковай дарогі — п'яны трактарыст на «кіраўцы». Памятаеце, былі такія трактары — вялізныя, зялёныя з шэрым. «Масквіч» сынаў — у блін. Ні ў яго, ні ў жонкі ніякіх шанцаў выжыць не было, аўтагенам іх з той машыны выразалі. Мы з мужам думалі: не перажывём, адзінае дзіця пахаваўшы. Выратавала ўнучка — у іх дзяўчынка засталася, ёй тады чатыры гадкі было. Мы яе адразу да сябе забралі, апякунства аформілі. Цяжка было тады, самыя галодныя гады, але яшчэ абое з мужам працавалі, неяк выцягнулі. Стараліся, каб у нашай дзяўчынкі ўсё было, каб адукацыю атрымала. І яна для нас старалася — і вучылася добра, і ва ўніверсітэт паступіла, і работу добрую — яна ў нас на бухгалтара вывучылася — знайшла. Яшчэ ва ўніверсітэце з добрым хлопцам пазнаёмілася, пажаніліся, кватэру пабудавалі, дзяўчынкі ў іх нарадзіліся. Мы з дзедам нарадавацца не маглі, а ўжо як яна за намі ўпадала! І лекі самыя дарагія, калі трэба, і падарункі, і дваццаць разоў на дзень пазвоніць: «Бабулечка, як ты?» А ў самой жа двое малых на руках. Як пандэмія пачалася, «эвакуіравалі» нас з дзедам у вёску, спецыяльна домік знялі, праз дзень ці яна, ці муж, прыязджалі, прадукты прывозілі, прысмакі ўсялякія. Прыедзе, стаіць каля брамкі і здалёк нам махае, усміхаецца. Гукае: «Вельмі хачу вас абняць, ды не буду. Мне трэба, каб вы жылі доўга!» Як адчувала маё дзіця, што яе сірот глядзець давядзецца»...

«Як жа вы цяпер? Вы ж, прабачце, немаладыя ўжо?» — спытала асцярожна. «Немаладыя. Мне сёлета семдзесят пяць будзе, дзеду — семдзесят восем. Колькі пахадзілі па інстанцыях, каб дзяўчынак нам пакінулі. Бо як гэта — пры жывых родных людзях кудысьці іх аддаць. Удалося — здароўе, дзякуй богу, нічога, жыллёвыя ўмовы добрыя, пенсія неблагая. Дзед у свой даследчы інстытут яшчэ і на работу выйшаў, там вельмі рады былі, што досвед перадасць... Не, вы не падумайце, нас не пакінулі. Органы апекі заўжды цікавяцца, як справы, са школы заходзяць, дапамогу горад дае — восенню вось агародніны на цэлую зіму прывезлі. Малю толькі Бога, каб даў сілы і здароўя, пакуль дзяўчаткі школу закончаць. Вось таблеткі ад ціску трэба памяняць, а то ад ранейшых кашляць нешта стала. А дзяўчаткі, як закашляюся, бягуць ужо: «Бабуля, бабуля, што з табой?» Вельмі за мяне баяцца...»

Так незаўважна падышла мая чарга. «Вельмі добра выглядаеце», — так хацелася маёй выпадковай знаёмай сказаць нешта прыемнае на развітанне. «Дзякуй. Але хіба ў мяне ёсць выбар, каб інакш?»

Давялося толькі моўчкі пагадзіцца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.