Вы тут

Бярозавік з дастаўкай


Бярозавы капеж заўсёды становіцца першым сведчаннем таго, што наступіла вясна. Дрэвы прачынаюцца ад зімовага сну і спяшаюцца напаіць гаючай вільгаццю галіны і лісточкі, што неўзабаве распусцяцца. Пачынаецца сезон нарыхтоўкі соку. І першымі ў краіне традыцыйна выходзяць на дзялянкі брэсцкія лесаводы. У лясніцтвах ужо тыдзень кіпіць работа.


На пляцоўцы лясгаса

Нарэшце і ў Брэсце паявілася магчымасць купіць карысны напітак, не выязджаючы з горада. «Не прайшло і дзясятка гадоў, — жартуе муж, — як цябе пачулі». Маецца на ўвазе, што я пісала на дадзеную тэму і пяць, і больш гадоў таму, прыводзіла як прыклад вопыт Старобінскага, Ваўкавыскага, іншых лясгасаў, якія даўно арганізоўвалі продаж соку для насельніцтва на гандлёвых пляцоўках гарадоў. А нашы наракалі то на завышаныя патрабаванні санітарных службаў, то на ... «адсутнасць скаргаў з боку насельніцтва на адсутнасць арганізацыі продажу соку». Праўда, ужо летась пустую нішу часткова запоўнілі спрытныя прыватнікі: хлопцы нарыхтоўвалі сок у лясгасах і дастаўлялі па заяўках у сеціве. Такім чынам дастаўшчыкі атрымлівалі неблагі даход, а людзі — магчымасць паспытаць вясну на смак. На іх паслугі былі немалыя чэргі.

І вось нарэшце справа зрушылася. Брэсцкі лясгас аб'явіў на сваім сайце, што з 13 да 18 гадзін грамадзяне могуць набываць сок на гандлёвай пляцоўцы Брэсцкага лясгаса па вуліцы Кобрынскай. Кошт за літр складе 36 капеек.

Прыязджаем акурат у 13 гадзін, сок ужо актыўна адпускаюць. У чарзе стаіць каля дзясятка чалавек. Аказалася, бярозавік прывезлі некалькі гадзін таму. Гэты перасоўны «магазін» складае вялікі грузавік МАЗ, у кузаве якога ўстаноўлены тры пластыкавыя ёмістасці па тоне кожная. Зранку супрацоўнікі лясніцтва збіраюць сок, напаўняюць пасудзіны і прывозяць.

— Калі падвязуць, тады і пачну адпускаць, — адказвае супрацоўнік лясгаса Максім, якому даручылі рэалізацыю, на пытанні пра распарадак на заўтра. — Сёння прадаём першы дзень (22 сакавіка. — Аўт.), пакупнікоў хапае.

Працэс тут арганізаваны добра. Людзі падыходзяць са сваёй тарай, прадавец адкручвае кран, устаўляе шланг у бітон ці бутлю. Пакуль запаўняецца вялікая тара, ён паспявае разлічыць пакупніка і выдаць чэк. Апошні з'яўляецца дакументам для вартаўніка, які падніме шлагбаум на выездзе. Усе заязджаюць на пляцоўку машынамі, бо купляюць па 40, 50, 60 літраў. Ёсць ахвотныя набыць і 200 літраў, аб чым спрабуюць дамовіццца па тэлефоне з прадаўцом. Ім раяць прыязджаць з раніцы. Праўда, адна жанчына папрасіла без чаргі прадаць ёй літр соку. Усе заўсміхаліся і, вядома ж, прапусцілі не зусім звычайнага пакупніка.

І прагулка, і добрая справа

А вось суседзі мае аддалі перавагу ранейшаму спосабу нарыхтоўкі — у лясніцтве. Выбралі найбліжэйшае ад Брэста, дакладней, ад нашага мікрараёна лясніцтва — Мухавецкае, якое забяспечвае сокам многіх гараджан. Спачатку, вядома, запісаліся па тэлефоне, пазначаным на сайце. Патэлефанавалі яшчэ перад выхаднымі, каб быць сярод першых. Іх запрасілі прыязджаць у аўторак у другой палове дня. Пётр і Валянціна — пенсіянеры, ім падыходзіць любы час, таму ўзялі ўнукаў і накіраваліся да вёскі Забалацце, як і было сказана тым, хто запісваў. У прызначаны час пад'ехаў нарыхтоўшчык, зверыў усіх па прозвішчах у сваім тэлефоне і падаў знак рухацца за ім. У лесе хутка размеркаваў кліентаў па дзялянках, там яны самі хадзілі між бярозамі, адвязвалі мяшкі, напаўнялі свае пасудзіны.

— Мы бралі 80 літраў, — расказвае Валянціна, — сабе, дзецям, унукам папіць, крыху кансервую — адным словам, хопіць. На дзялянцы справіліся за гадзіну, а яшчэ пагулялі ў лесе, надвор'е было хоць і не надта сонечнае, але даволі прыемнае, лясным паветрам падыхаць пасля гарадскога аказалася задавальненнем. Адным словам, атрымалася і прагулка, і карысная справа. Праўда, потым правялі падрабязны ўзаемаагляд на прадмет кляшчоў: супрацоўнікі лясніцтва папярэджвалі аб неабходнасці такой працэдуры.

Паводле слоў Валянціны, людзей на лясной дзялянцы было нямала, многія стараюцца скарыстаць магчымасць і нарыхтаваць карысны прадукт. Літр у лясніцтве каштуе 0,195 рубля.

У прамысловых маштабах

— Нарыхтоўку соку распачалі ўсе лясгасы Брэсцкай вобласці, — паведаміў вядучы інжынер аддзела вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі Брэсцкага абласнога лесагаспадарчага аб'яднання Мікалай ПАШКЕВІЧ. — Значныя партыі ўжо ў першыя дні нарыхтоўчай кампаніі адгрузілі перапрацоўшчыкам Лунінецкі, Пружанскі, Пінскі, Драгічынскі, Кобрынскі лясгасы. Скажам, Пінскія лясніцтвы адгружаюць сыравіну гродзенскай фірме «АВС», Маларыцкаму кансерваваму заводу, Мінскаму заводу безалкагольных напіткаў. У Гродзенскую вобласць пастаўляе сок і Лунінецкі лясгас.

Калі надвор'е паспрыяе, у рэгіёне маюць намер нарыхтаваць каля 4 тысяч тон бярозавіку. Каля 700 тон плануюць прадаць насельніцтву. Продаж бярозавага соку насельніцтву ў шэрагу раёнаў праводзіцца як на лясных дзялянках, так і на гандлёвых пляцоўках лясгасаў.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».