Дажджы з узмацненнем ветру і 10—17 цяпла — такое надвор'е чакаецца на выхадныя, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Паводле прагнозу сіноптыкаў, да канца гэтага тыдня і ў пачатку наступнага тэрыторыя Беларусі будзе знаходзіцца ва ўладзе атмасферных франтоў, якія ідуць з Заходняй Еўропы. Таму без ападкаў у выглядзе дажджу не абыдзецца. Тэмпературны фон па-ранейшаму павышаны.
У пятніцу на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць дажджы. У ранішнія гадзіны па паўночным усходзе на асобных участках дарог чакаецца галалёдзіца. Тэмпература паветра ўначы складзе 6—12 градусаў вышэй за нуль, удзень — 11—17 градусаў цяпла.
У суботу таксама дажджы. Уначы месцамі прагназуецца ўзмацненне ветру парывамі да 15—18 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 5—12 градусаў вышэй за нуль, удзень — 10—16 градусаў цяпла. У нядзелю ў многіх раёнах краіны пройдуць дажджы. Тэмпература паветра ўначы — 2—9 градусаў вышэй за нуль, удзень — 8—14 градусаў цяпла.
Паводле папярэдняга прагнозу айчынных сіноптыкаў, у панядзелак ноччу месцамі пройдуць невялікія дажджы, днём ападкі (у асноўным дождж) чакаюцца на большай частцы тэрыторыі краіны. Тэмпература паветра ўначы складзе 1—6 градусаў вышэй за нуль, пры праясненнях — ад нуля да мінус 2 градусаў. Удзень будзе 7—13 цяпла, па паўднёвым усходзе — да плюс 15 градусаў.
Такую выснову зрабіла начальнік службы метэаралагічных прагнозаў Белгідрамета Таццяна Чэтырка. Чаму? Згодна з саюзнай праграмай, доўгатэрміновыя прагнозы нам дапамагае распрацоўваць расійскі Гідрамет. Дык вось, у канцы сакавіка — пачатку красавіка нас чакаюць зусім не вясёлыя дзянькі. Ужо 28 сакавіка атмасферны фон павінен істотна панізіцца. У гэты дзень у нашу краіну пачне паступаць вельмі халоднае паветра са Скандынавіі, таму начныя і ранішнія замаразкі ад нас яшчэ нікуды не «ўцяклі». Як вынік — тэмпература паветра будзе на некалькі градусаў ніжэйшай за кліматычную норму.
Так, цяпер сапраўды пахне вясной, калі тэмпература паветра ў разрэзе краіны падымаецца да 11—19 цяпла. Аднак камунальныя службы ўжо папярэджаны, што 29 сакавіка ў разгар дня тэмпература паветра не будзе падымацца вышэй за 0 — плюс 7 градусаў. А пры такой тэмпературы цяпло не адключаюць.
Акрамя таго, у складаных міжнародных умовах Белгідрамет умудрыўся павысіць дакладнасць прагнозаў надвор'я. Як паведаміла на брыфінгу першы намеснік начальніка Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Святлана Кузьміч, сярэдняя апраўдвальнасць прагнозаў надвор'я на наступныя суткі па абласцях у 2022 годзе была 98,2 % (у 2021 годзе 97,8 %).
«Апраўдвальнасць кароткатэрміновых прагнозаў надвор'я па абласных цэнтрах — 95,6 % (раней 94,3 %), гідралагічных прагнозаў — 97,6% (да гэтага было 97,3 %), аграметэаралагічных — 92 % (раней 91,9 %), прагнозаў ураджайнасці — 91,5 % (раней 90,8 %)», — сказала Святлана Кузьміч.
Яна адзначыла, што мінулы год быў вельмі няпросты для гідраметэаралагічнай службы. «Мы страцілі частку сінаптычнай інфармацыі, якая прыходзіла з заходніх краін, перасталі атрымліваць даныя ад Еўрапейскага цэнтра сярэднетэрміновых прагнозаў надвор'я. Але той зачын, які быў забяспечаны ў папярэднія гады мадэрнізацыяй гідраметэаралагічнай сеткі, павышэннем кваліфікацыі метэаролагаў, дазволіў нам вытрымліваць высокую планку ў апраўдвальнасці прагнозаў надвор'я», — падкрэсліла першы намеснік начальніка Белгідрамета.
Сяргей КУРКАЧ
Прэв’ю: pexels.com
Кропка адліку гісторыі беларускага гандбола — 1950-я гады.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.