Вы тут

На кніжнай выставе ўзнагародзілі пераможцаў конкурса «BOOKTRAILER»


Уладзімір Караткевіч, Якуб Колас, Ян Баршчэўскі, Мікола Гусоўскі... Сучасная беларуская моладзь адшуквае сваіх улюбёных герояў і аўтараў у беларускай літаратуры. А каб падштурхнуць юнакоў і дзяўчат да гэтых пошукаў, у мінулым годзе Рэспубліканскі моладзевы цэнтр і Саюз пісьменнікаў Беларусі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі абвесцілі Рэспубліканскі конкурс «BOOKTRAILER». Двуххвілінныя ролікі пра беларускія кнігі, знятыя школьнікамі і студэнтамі, дасылаліся з усіх рэгіёнаў Беларусі. І вось падчас ХХХ Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмаша былі падведзеныя вынікі. Удзельнікаў аказалася столькі, што давялося перагледзець умовы конкурса: напачатку арганізатары збіраліся абраць пераможцу з першых пяцідзесяці прэтэндэнтаў, але ўжо да канца лістапада колькасць заявак перавысіла сотню, а ўсяго было пададзена больш за шэсць з паловай соцень заявак. Конкурс праводзіўся ў трох намінацыях: «Старажытная беларуская літаратура», «Новая беларуская літаратура» і «Найноўшая беларуская літаратура». Былі вызначаны таксама ўладальнікі Гран-пры і прыза глядацкіх сімпатый. 


Прысутныя на цырымоніі ўзнагароджання мелі магчымасць паглядзець відэаролікі, прызнаныя журы лепшымі. У намінацыі «Старажытная літаратура» лепшым быў прызнаны буктрэйлер пра паэму Міколы Гусоўскага «Песня пра зубра». Лацінамоўная эпічная паэма часоў Адраджэння, у якой з любоўю і гонарам паказваецца беларуская зямля і яе народ, натхніла аўтарскі калектыў з СШ № 5 горада Смаргонь — Цімафея Забрамскага, Ангеліну Патанейка і Валерыю Садоўскую. І гэта не адзіная перамога конкурса, калі прагучала назва той навучальнай установы. У намінацыі «Новая беларуская літаратура» перамог ролік па кнізе Яна Баршчэўскага «Шляхціц Завальня», які знялі таксама навучэнцы СШ № 5 горада Смаргонь — Маргарыта Дудко, Караліна Кавяка, Антон Шалік, Віялета Чартовіч і Данііл Карасевіч. Атрымалася сапраўдная мініэкранізацыя: на ўроку беларускай літаратуры адзін з вучняў засынае і бачыць сон па матывах апавядання Яна Баршчэўскага «Пра чарнакніжніка і цмока». А каб даведацца, чым закончыцца інтрыгоўны сюжэт, глядачу прапануюць звярнуцца да кнігі. 

Пераможца ў намінацыі «Найноўшая літаратура» Ілля Братачкін з СШ № 2 горада Слаўгарада паказаў сваё бачанне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Прыз глядацкіх сімпатый заваяваў буктрэйлер па кнізе Уладзіміра Караткевіча «Дзікае паляванне караля Стаха». Яго зрабіў Мікіта Гарбачоў з Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэту, перанесшы падзеі аповесці Караткевіча ў наш час. Гран-пры экспертнае журы прысудзіла буктрэйлеру па кнізе Яўгена Хвалея «Прынцэса з тусоўкі», які зняла Марыя Бондарава з СШ № 16 г. Мозыра. Аповесць пра сучасных падлеткаў з дэтэктыўным сюжэтам нязменна карыстаецца папулярнасцю ў школьнікаў.

Прызы лаўрэатам уручалі начальнік упраўлення па справах моладзі — намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення выхаваўчай работы і маладзёжнай палітыкі Міністэрства адукацыі Таццяна Сіманоўская і дырэктар-галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда», старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч.

Лепшыя буктрэйлеры конкурса будуць перададзеныя бібліятэчнай сістэме Беларусі — бо што лепей для падлеткаў і моладзі прарэкламуе кнігу, чым крэатыўна аформленае меркаванне іх равеснікаў?

Людміла ІВАНОВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.