Вы тут

Як за званне Каралевы студэнцтва змагаліся 12 найлепшых канкурсантак


Днямі ў Спартыўна-культурным цэнтры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў было шматлюдна: там праходзіў фінал XXXІ Міжнароднага конкурсу прыгажосці і таленту «Каралева студэнцтва — 2022». Арганізатарамі выступілі Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі і Расійскі саюз моладзі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Беларусі і Нацыянальнай школы прыгажосці.


...Апошнія музычныя рэпетыцыі перад стартам шоу, гледачы, якія паступова запаўняюць трыбуны, і канкурсанткі, што рыхтуюцца да выхаду на сцэну ў грымёрцы... А яшчэ — прыгажосць: яна літаральна лунала ў паветры. Менавіта такая атмасфера і панавала ў зале перад мерапрыемствам...

У фінальным шоу ўзялі ўдзел 12 канкурсантак: па шэсць ад Беларусі і Расіі. Трэба адзначыць, што для гэтага ім прыйшлося прайсці зусім няпросты шлях. Напрыклад, на выхад у паўфінал ад беларускага боку прэтэндавала 370 студэнтак. Адборачныя туры адбыліся ў 44 установах вышэйшай адукацыі, паўфіналы — у пяці абласных цэнтрах і Мінску. Каманда фіналістак была сфарміравана канчаткова пасля рэспубліканскага конкурсу грацыі і таленту «Каралева студэнцтва — 2022».

Пасля канцэптуальнага пралогу «Адлюстраванне сапраўднай каралевы» мы нарэшце ўбачылі саміх канкурсантак. Яны ўпэўнена дэфіліравалі па сцэне ў яркіх кактэйльных сукенках. Але ж проста знешняй прыгажосці недастаткова. Сапраўдная каралева павінна быць харызматычнай, крэатыўнай, разумнай і таленавітай. Менавіта гэтыя якасці і былі патрэбны канкурсанткам, каб годна прадставіць творчы нумар. Адным з самых яркіх стала выступленне Ганны Івановай, студэнткі трэцяга курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Яна выканала народны танец на сучасны манер. Гледачы былі ў захапленні.

Вельмі крануў нумар Веранікі Лукашэвіч, студэнткі другога курса факультэта дашкольнай адукацыі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Гэта была інсцэніроўка балю канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. Сваё выступленне дзяўчына завяршыла невялікім маналогам:

— Ва ўсе часы любоў і прыгажосць былі тымі пачуццямі, якія, акрыляючы сэрцы людзей, дапамагалі ім у самых складаных сітуацыях. Так склалася ў маім жыцці, што я расла без бацькоў, але менавіта гэтыя пачуцці дапамаглі мне прайсці скрозь усе нягоды майго дзяцінства.

Самым незвычайным было выступленне Айыыны Пудавай, студэнткі трэцяга курса Інстытута псіхалогіі Паўночна-Усходняга федэральнага ўніверсітэта імя М. К. Амосава. Гэта было сапраўднае этнічнае шоу — з маналогам на якуцкай, завываннем звяроў і ігрой на нацыянальным інструменце. І ўсё гэта ў выкананні адной дзяўчыны.

Далей было яшчэ некалькі разнапланавых дэфіле ў нацыянальных і дзелавых касцюмах, а таксама ў вячэрніх сукенках. Усе дзяўчаты былі вельмі прыгожыя, кожнай пасаваў абраны строй.

А яшчэ ў праграме быў конкурс прамоўніцкага майстэрства «Люстэрка». Асабліва спадабалася, як гэту тэму інтэрпрэтавала Дар'я Алістрава, студэнтка другога курса факультэта мастацкай культуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Яна пачала сваё выступленне з таго, што ў кожнай жанчыны ёсць асаблівы мужчына, які, нібы люстэрка, паказвае яе ўнутраны свет. Магло падацца, што цяпер пачнецца рамантычны аповед, але не. Для Дар'і асаблівы мужчына — яе тата. Яна прыгадала, як ён у дзяцінстве катаў яе на шыі, як яны разам ездзілі ў лес, як бацька вучыў яе плаваць.

«Тата, твае вочы — маё люстэрка, дзякуючы табе я ўбачыла сябе сапраўднай», — гучаў голас Дар'і. Але самой дзяўчыны ўвесь гэты час не было на сцэне. Пры гэтым усе чулі яе словы і бачылі субцітры на экране. У чым справа, куды знікла канкурсантка?

 

Усё стала на свае месцы ў канцы нумара, калі ўсе пачулі: «Тата, павярніся, я побач». Сафіты падсвятлілічастку глядзельнай залы, і ўсе ўбачылі Дар'ю з букетам кветак, якая абдымалася са сваім бацькам.

..Самым напружаным момантам, вядома, было абвяшчэнне вынікаў: хто ж стане «Каралевай студэнцтва — 2022»? Пасля шэрагу раздадзеных узнагарод мы нарэшце даведаліся, што гэты тытул атрымала Айыына Пудава, студэнтка трэцяга курса Інстытута псіхалогіі Паўночна-Усходняга федэральнага ўніверсітэта імя М. К. Амосава. «Віцэ-каралевай студэнцтва — 2022» стала Ганна Іванова, студэнтка трэцяга курса факультэта эканомікі і бізнес-кіравання Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. А тытул «ІІ Віцэ-каралева студэнцтва — 2022» падзялілі паміж сабой Арыяна Гайнуліна, студэнтка чацвёртага курса гуманітарнага факультэта Табольскага педагагічнага інстытута імя Д. І. Мендзялеева, і Паліна Шыркова, студэнтка другога курса магістратуры будаўнічага факультэта Варонежскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта. А «Каралевай студэнцтва onlіne» стала Наталля Папко, студэнтка чацвёртага курса лячэбнага факультэта Гомельскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.