Вы тут

Камфорт для беларусаў праз законы ў сферы ЖКГ


Работнікі сферы ЖКГ паказалі неблагія вынікі працы ў галіне, а самае галоўнае — паляпшаецца даступнасць, якасць і аператыўнасць аказання жыллёва-камунальных паслуг (ЖКП), ахарактарызаваў леташнюю дзейнасць свайго ведамства міністр ЖКГ Андрэй ХМЕЛЬ. Ён расказаў пра планы камунальнікаў па забеспячэнні беларусаў чыстай вадой, выкананні капрамонту, дзейнасці таварыстваў уласнікаў, а таксама пра новаўвядзенні ў законы, якія паспрыяюць павелічэнню камфортнага жыцця людзей і забеспячэнню іх патрэб. «Будзем працаваць далей і рабіць жыццё лепшым, прыгажэйшым, больш камфортным, думаю, людзі ў нас не расчаруюцца», — паабяцаў міністр напярэдадні прафесійнага свята ЖКГ.


Калі кожны жыхар краіны будзе ведаць і бачыць, што заплачаныя ім за жыллёва-камунальныя паслугі грошы ідуць у справу, то інакш паставіцца да работы камунальнікаў, стане давяраць ім і, пэўна, сябраваць. Аднак самае галоўнае — своечасовы водгук на запыты і звароты грамадзян, празрыстасць і прафесіяналізм, бо работнікі ЖКГ працуюць на карысць людзей, дадаў міністр.

Для сферы ЖКГ мінулы год, як звычайна, быў няпросты. Тым не менш камунальнікі дасягнулі неблагіх вынікаў у вырашэнні задач, пастаўленых праграмай «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе», заўважыў Андрэй Хмель:

— Знізілася колькасць зваротаў грамадзян на няякаснае аказанне паслуг. Гэта асноўны паказчык, бо галоўныя, хто нас ацэньвае, — людзі, нашы спажыўцы. Цяпер задача — трымаць планку, рухацца далей наперад і развівацца. Працягнецца работа па забеспячэнні грамадзян якаснай пітной вадой. Мы прыкладзём усе намаганні, каб выканаць заданне па капрамонце жыллёвага фонду. Сёлета будуць дадаткова выдзелены сродкі на ўтрыманне ў належным стане пакрыцця дарог населеных пунктаў, 50 мільёнаў рублёў накіравана і на рамонт дахаў. Гэта асноўныя чаканні і патрэбы людзей у частцы камфортнага пражывання і эксплуатацыі жыллёвага фонду, мы іх ведаем і плануем выканаць.

У канцы мінулага года адбыліся сур'ёзныя змены ў заканадаўстве. У прыватнасці, быў прыняты Закон «Аб дзяржаўных закупках у жыллёва-камунальнай гаспадарцы», які цяпер дазваляе назначаць падрадчыкаў на цэлы пералік работ без правядзення працэдуры закупак. Гэта, безумоўна, паскорыць працэс як прыняцця рашэнняў, так і выканання саміх работ, звязаных з аказаннем ЖКП. Ужо сёлета гэты закон будзе паказваць вынікі, лічыць Андрэй Хмель:

— Цяпер разглядаюцца пытанні, датычныя паслуг водазабеспячэння і водаадвядзення, таму што мы бачым пэўныя праблемы. У праграме «Чыстая вада» хочам развіваць больш сетак, каб больш людзей атрымлівалі якасныя паслугі. Каб арганізацыі, якія аказваюць паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення, увайшлі і ў садовыя таварыствы, каб якасць паслуг тут таксама была на належным узроўні. Разглядаецца і пытанне аб дзейнасці таварыстваў уласнікаў (прапрацоўваецца адпаведны законапраект). Гэта неадназначнае і важнае пытанне, і многія людзі звяртаюцца па гэтай тэме. Адпрацоўваецца і шэраг іншых напрамкаў, важных для беларусаў.

Перадсвяточны дзень для камунальнікаў не стане нагодай для адпачынку — сёння яны традыцыйна выйдуць на суботнікі, у якіх да канца красавіка могуць паўдзельнічаць усе ахвотныя дапамагчы навесці парадак на зямлі і зрабіць нашы мястэчкі прыгажэйшымі.

Ірына СІДАРОК

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?