Вы тут

Адноўлены беларускі іканапіс прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі


Адноўлены беларускі іканапіс прадстаўлены ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь як удзячнасць мітрапаліту Філарэту.


Днямі ў нашай краіне добрым словам узгадвалі першага Патрыяршага Экзарха усяе Беларусі мітрапаліта Філарэта, і да яго дня нараджэння у Нацыянальным мастацкім музеі прымеркавалі выставу абразоў, якія перажылі шмат выпрабаванняў, бо розныя эпохі паўплывалі на іх захаванасць. Але ёсць у нас майстры, якія ўмеюць вяртаць да жыцця знявечаныя творы мастацтва. Дзякуючы клапатлівым рукам рэстаўратараў выявы святых зноў змаглі з’явіцца перад людзьмі ў найлепшым выглядзе. І цяпер, у дні Вялікага посту, да іх можна прыйсці, нават звярнуцца. Бо абразы – дзе б яны ні захоўваліся – не губляюць свайго галоўнага прызначэння: несці людзям святло і даваць надзею.

У гэтым жа была і сутнасць служэння мітрапаліта Філарэта, які з’явіўся ў Беларусі тады, калі для царквы былі не лепшыя часы, існавала ўсяго адна епархія. Але адчуўшы і зразумеўшы душу Беларусі, дзе традыцыі веры ішлі са старажытных часоў, ён мэтай свайго служэння паставіў вяртанне людзей да запаведзяў Божых. Ён спрыяў аднаўленню манастырскага жыцця, развіццю праваслаўных епархій, будаўніцтву храмаў і ўмацаванню сістэмы хрысціянскай асветы ў Беларусі. А яшчэ ён выдатна разумеў, чаму частка хрысціянскіх святынь Беларусі апынулася па-за храмамі і працягвае жыць у музейных зборах. Сапраўды, калі нейкі храм у вёсцы разбуралі, то трапіць у музей для ікон фактычна было выратаваннем. Так і засталіся тут. Так і зберагаюцца – як частка вялікага скарбу зямлі беларускай. Мітрапаліт Філарэт радаваўся, калі абразы, цудам ацалелыя, вярталіся да належнага выгляду і з’яўляліся на выстаўках. За 35 гадаў служэння ён здабыў павагу і шчырую ўдзячнасць вернікаў Беларусі. А цяпер і яго партрэт тут – нібыта бласлаўляе на ўзаемадзеянне з абразамі, да якіх сёння можна ставіцца і як да носьбітаў высокіх ісцін, і як да ўнікальных твораў мастацтва. 

Калі хто яшчэ не ведае, чым асаблівыя беларускія абразы, то на выставу трэба ісці абавязкова. Нашы майстры здолелі зрабіць выявы адмысловымі. Вядома, на гэты працэс паўплывала геаграфічнае становішча Беларусі. Але найперш істотнымі былі сакральнасць вобразаў і разуменне майстрамі Святога Пісання, яны імкнуліся перадаць сутнасць жыцця, служэння, пакутаў святых.

Зараз самы прыдатны час для таго, каб углядацца ў вобраз Ісуса Хрыста, Божай Маці, іншых святых, каб паглыбляцца ў сцэны евангельскай гісторыі і супастаўляць яе са сваім жыццём. Бо Збаўца даў прыклад нам, пацярпеўшы за іншых…

Ларыса ЦІМОШЫК

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.