Вы тут

Як завяршалася XXХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш


На гэтых выхадных завяршыла работу юбілейная XXХ Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш. Якім выдаўся апошні дзень, якія ўражанні аб выставе ў наведвальнікаў, пісьменнікаў і прадстаўнікоў выдавецтваў? Давайце разам пройдземся паміж яркімі экспазіцыямі, якія вось-вось пачнуць дэмантаваць.


Наталя Медлева з дачкой Элізабэт.

І вось ён, апошні дзень працы юбілейнай XXХ Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмаша. Якім ён выдаўся, якія ўражанні аб выставе ў наведвальнікаў, пісьменнікаў і прадстаўнікоў выдавецтваў? Давайце разам пройдземся паміж яркімі экспазіцыямі, якія вось-вось пачнуць дэмантаваць.

Увагу прыцягвае дзяўчынка гадоў шасці, якая ўважліва разглядае кнігу з яркімі малюнкамі і чытае ўслых. Заўважыла фатографа — збянтэжылася, але потым сабралася з духам і працягнула чытаць. Побач стаяла яе мама. Аказалася, яны з дачкой наведваюць кніжную выставу штогод, аднак сёлета выбрацца атрымалася толькі ў дзень закрыцця. Дзяўчынка вельмі любіць чытаць, ведае шмат вершаў напамяць. Падобна, дарэмна мы бядуем, што ўсе дзеці свету гаджэтаў адвыклі ад кнігі.

На стэндзе Выдавецкага дома «Звязда» — аўтограф-сесія пісьменніка Паўла Гушынца.

— Я шосты год удзельнічаю ў выставе-кірмашы, увесь час на стэндзе «Звязды». Выстава — гэта магчымасць абмяняцца досведам, падглядзець нешта ў суседзяў, зрабіць лепш, чым суседзі. Гэта магчымасць пагутарыць ужывую з чытачом, даведацца яго меркаванні і пажаданні.

Пісьменнік Павел Гушынец з дачкой Соф’яй.

Побач сядзела дачка пісьменніка Соф’я. Менавіта яна натхніла яго на стварэнне дзіцячай кнігі «Дзяўчынка і кракадзіл». Калі Соф’і было 5 гадоў, Павел пачаў расказваць ёй казкі ўласнага сачынення.

Нельга абмінуць і міжнародны складнік выставы... Вядома, асабліва аб’ёмныя і разнастайныя экспазіцыі Ганаровага госця — Расіі. Але і іншыя краіны зацікаўлівалі наведніка. Стэнд выдавецтва «Усходняя культура» з’яўляецца беларускім прадстаўніцтвам Міжнароднай выдавецкай кампаніі «Шанец», заснаванай у Пекіне ў 2010 годзе. Дырэктар выдавецтва Марына Любарская расказала, што яны ўжо трэці раз удзельнічаюць у выставе. Таксама яна дадала, што ў гэтым годзе аўдыторыя стала шырэй. Раней іх кнігамі цікавіліся ў першую чаргу кітаісты, зараз жа кнігі кітайскіх аўтараў купляе звычайны чытач.

Дырэктар выдавецтва «Усходняя культура» Марына Любарская.

Цырымонія закрыцця выставы пачалася са слоў намесніка міністра інфармацыі Ігара Бузоўскага:

—Я з задавальненнем магу рэзюмаваць нашу сумесную дзейнасць на працягу гэтых некалькіх дзён, работу выдаўцоў, пісьменнікаў, людзей, якія чытаюць кнігу. Наша юбілейная, ХХХ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш завяршае сваю работу, і ўцешна адзначыць, што яна адбылася менавіта так, як мы і задумвалі. У няпросты кавідны і геапалітычны час мы сабралі прадстаўнікоў 20 краін.

Выканаўчы дырэктар кніжнай выстаўкі-кірмашу Дзмітрый Макараў стаіць ля вытокаў гэтага мерапрыемства:

—Гэта шмат ці мала — 30 гадоў? Ёсць выдавецтвы, якія ўвогуле ніводнай выставы не прапусцілі, — адзначыў ён, — Мы бачым, што за гэтыя гады змянілася ўсё: знешні выгляд выставы, афармленне, але перш за ўсё змяніліся кнігі.

Па яго словах, сёлетняя Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш — гэта рэкардсмен па колькасці наведвальнікаў. У гэтым годзе яе наведала больш за 50 тысяч людзей.

Пасля гэтага лепшых удзельнікаў выставы ўзнагародзілі ганаровымі граматамі. Сярод іх былі Выдавецкі дом «Звязда» і Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.