Вы тут

Таццяна Белашапка: «Некаторыя сапернікі ад маёй гульні стагналі»


З днём нараджэння легендарную спартсменку павіншаваў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка. Прэзідэнт НАК Беларусі адзначыў, што на працягу ўсёй кар'еры прафесійнага спартсмена і пасля завяршэння актыўных выступленняў у складзе мінскага «Гарызонта» і зборнай СССР Белашапка заставалася ў баскетболе і прысвяціла сябе выхаванню новага пакалення ігракоў, папулярызацыі любімай гульцоў. «Вашы перамогі і ўзнагароды на Алімпійскіх гульнях, чэмпіянатах свету і Еўропы застаюцца непераўзыдзенымі дасягненнямі ў айчынным баскетболе і служаць прыкладам для юных атлетаў», — гаворыцца ў віншаванні. Віктар Лукашэнка пажадаў Таццяне Белашапцы добрага здароўя, шчасця, кахання і дабрабыту.


Юбілей — выдатная нагода ўспомніць выдатную кар'еру баскетбалісткі. Расказваем самыя цікавыя факты пра Таццяну Белашапку. Сваю спартыўную кар'еру яна магла пабудаваць у гімнастыцы, але трэнер паглядзеў на тоненькую доўгую дзяўчынку і сказаў: «Набор завершаны». Затым з'явіўся шанц знайсці сябе ў плаванні, трэнер нават паабяцаў, што быць Таццяне алімпійскай чэмпіёнкай. Але пастаянныя ангіны і атыты прымусілі пакінуць басейн. Таццяна Міхайлаўна вырасла ў баскетбольнай сям'і — гэтым відам спорту займаліся старэйшыя брат і сястра. Выбар быў зроблены.

Ва ўсім першая

У 1973 годзе на Спартакіядзе школьнікаў СССР у Вільнюсе зборная каманда дзяўчат БССР заняла трэцяе месца. У складзе той каманды была і Таццяна Івінская (Белашапкай яна стала пасля замужжа). Пасля гэтага 15-гадовую баскетбалістку запрасілі ў юніёрскую зборную СССР, з якой яна паехала на чэмпіянат Еўропы. Яго савецкая каманда выйграла! У 15 гадоў Таццяна Івінская стала чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёраў, і ёй было прысвоена званне «Майстар спорту Савецкага Саюза». Да яе ніводнай беларускай баскетбалістцы ў 15 гадоў гэтага звання не прысвойвалі.

У тым жы лёсавызначальным 1973 годзе Таццяну Івінскую запрасілі ў мінскую каманду «Гарызонт», якую ўзначальваў легендарны трэнер Сямён Халіпскі. «Чэмпіянат Савецкага Саюза гулялі турамі: вялікі тур з шасці гульняў і малы тур з пяці гульняў. Пасля аднаго тура прыязджаеш дадому па-вар'яцку стомленай. Момантамі было вельмі цяжка, але лёгка нідзе не бывае. Баскетбол сярод гульнявых відаў спорту — лідар па траўматызме. Гэта кантактная гульня, і не ўсе рухі суперніка можна кантраляваць. Траўмы могуць быць вельмі сур'ёзныя. У 1975 годзе, падчас падрыхтоўкі да юніёрскага чэмпіянату Еўропы, на зборах у Сухумі атрымала траўму — разарваўся меніск. Ад болю страціла прытомнасць. Замест чэмпіянату Еўропы адправілася на аперацыйны стол. Аперыруюць меніск на сагнутай назе. І калі мяне падобным чынам размясцілі на аперацыйным стале, хірург не даставаў да калена. Але не разгубіўся — стаў на зэдлік. І праз 10 гадоў падчас чэмпіянату свету ў мінскім Палацы спорту да мяне падыходзіць невысокі мужчына: «Таня, добры дзень! Гэта я табе рабіў аперацыю». Аказалася, ён яе запомніў надоўга», — успамінае Таццяна Міхайлаўна.

У 1977 годзе Таццяна Івінская другі раз стала чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёраў. Галоўны трэнер зборнай СССР Лідзія Аляксеева прапанавала павысіць свой узровень у камандзе Вышэйшай лігі. Таццяна выбрала ленінградскі «Спартак», дзе атрымала выдатны досвед гульні ў асноўным складзе каманды, якая займала чацвёртае месца ў чэмпіянаце СССР. Але праз два гады вярнулася ў родны «Гарызонт». Вясной 1980а года «Гарызонт» у чэмпіянаце СССР з першай лігі падняўся ў вышэйшую.

А летам 1980-га беларуская баскетбалістка дасягнула галоўнай спартыўнай мэты — стала алімпійскай чэмпіёнкай. «На саміх Гульнях я перажывала, што мала гуляю. Хацелася б больш выходзіць на пляцоўку. Калі ў складзе зборнай выходзіш на пляцоўку «Лужнікоў» і за цябе хварэюць тысячы людзей — эмоцыі зашкальваюць», — дзеліцца чэмпіёнка.

«Больш за ўсё ганаруся сваімі дзяцьмі»

Літаральна праз тыдзень Таццяна выйшла замуж. Хутка даведалася, што цяжарная. Сыну было пяць месяцаў, калі яна вярнулася да трэніровак. Сезон 1981/1982 мінская каманда «Гарызонт» правяла ў першай лізе чэмпіянату СССР. У 1982 годзе вярнулася ў Вышэйшую лігу. І дабралася да чацвёртага месца ў чэмпіянаце СССР. Гэта быў суперузровень. У вышэйшай лізе «Гарызонт» гуляў да 1987 года.

У фінале чэмпіяната свету 1983 года зборная СССР з Таццянай Белашапкай у саставе абыграла амерыканскіх саперніц. «З-за таго, што іх не было на Алімпіядзе-80, гэтая перамога была ўдвая значная. Амерыканкі да таго часу ўжо гулялі ў іншы баскетбол, больш за мужчынскі. А ў нас яшчэ быў класічны. Асабіста я гуляла ў жорсткі баскетбол, некаторыя гульцы ад маёй гульні стагналі. Мне заўсёды ў камандзе саперніка давалі самага складанага гульца», — расказвае Таццяна Міхайлаўна.

У 1987 годзе з нараджэннем другога сына Таццяна Белашапка скончыла актыўную спартыўную кар'еру. Працавала трэнерам, выкладала ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. І сёння яе можна сустрэць на баскетбольных спаборніцтвах у якасці суддзі. Да сваіх спартыўных дасягненняў яна ставіцца спакойна: «Я мала аб чым шкадую. Мая спартыўная кар'ера склалася так, як было наканавана. Я не бравірую тым, што я алімпійская чэмпіёнка. Больш за ўсё я ганаруся сваімі дзецьмі. Для жанчыны гэта самае галоўнае ў жыцці».

Валерыя СЦЯЦКО

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».