Вы тут

Культура, адлюстраваная ў кожным


21 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень паэзіі. У святочны дзень дэлегацыя ўзбекскіх пісьменнікаў прыняла ўдзел ва ўрачыстых мерапрыемствах, прымеркаваных да Дзён літаратуры Узбекістана ў Беларусі, у галоўных літаратурных музеях сталіцы.


Вуліца Багдановіча

Першым пунктам культурнай праграмы для гасцей стаў Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры. Міжнародная імпрэза «Літаратурны мост сяброўства» была падрыхтавана сумесна з Выдавецкім домам «Звязда» і Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Таксама да сустрэчы далучыліся Мікалай Іваноў, старшыня Саюза пісьменнікаў Расіі, і Святлана Ананьева, загадчыца аддзела Інстытута літаратуры і мастацтва імя М. А. Аўэзава (Казахстан).

Супрацоўнікі музея падрыхтавалі для гасцей аглядную экскурсію. Засяродзілі ўвагу на асноўных і найбольш выбітных пісьменніках Беларусі, якія шырока вядомы і ва Узбекістане. 

Адным з першых слова ўзяў Алесь Карлюкевіч, старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі. У сваёй прамове ён звярнуў увагу на даўнія традыцыі беларуска-ўзбекскіх літаратурных сувязей, а таксама на істотнасць аднаўлення руплівага супрацоўніцтва двух народаў у галіне кнігавыдання ў будучыні.

Салім Ашур, паэт і перакладчык, дарадца старшыні Саюза пісьменнікаў Узбекістана, падзяліўся досведам дзейнасці Музея ўзбекскай літаратуры ў Ташкенце, правёў паралелі з беларускім музеем, які гасцінна прыняў дэлегацыю. 

Уласную калекцыю перакладных кніг узбекскіх аўтараў на беларускую мову прадставіў Міхал Бараноўскі, паэт, загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча. Сярод скарбаў — выданні Алішэра Наваі, Бабура, Зульфіі, зборнік маладой узбекскай прозы, выдадзены ў 1960-я гады.

Галоўны рэдактар часопіса «Полымя», паэт, аўтар перакладаў з узбекскай мовы Віктар Шніп расказаў пра альманах «Далягляды», назва якога адпавядае зместу — пад вокладкай пераклады на беларускую з моў усяго свету, у тым ліку і з узбекскай. Таксама паэт прачытаў вершы паэтаў Узбекістана, пераствораныя ім. 

Уражаннямі ад візіту ў Беларусь падзяліўся член Саюза пісьменнікаў Узбекістана, галоўны рэдактар газеты «Инсон ва конун» Кучкар Наркабіл. Ён прызнаўся, што яго любімы беларускі пісьменнік Васіль Быкаў, а ў часы Вялікай Айчыннай вайны яго дзед загінуў, вызваляючы беларускую зямлю.

Мікалай Ільін, член Саюза пісьменнікаў Узбекістана, паэт і перакладчык, распачаў сваё выступленне з прывітання на беларускай мове. Аўтар перакананы, што кожны з творцаў, якія складаюць гонар беларускай літаратуры, увабраў усё найлепшае з мясцовай культуры. А кожны з жыхароў нашай краіны атрымаў для сябе найлепшае з таго, што было створана ў літаратуры за стагоддзі.

У межах мерапрыемства «Літаратурны мост сяброўства» адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж Саветам маладых літаратараў Саюза пісьменнікаў Расіі і Саветам па рабоце з моладдзю Саюза пісьменнікаў Беларусі.

У сценах музея гучалі вершы на беларускай і на ўзбекскай мовах у выкананні студэнтаў беларускіх універсітэтаў.

Вуліца Акадэмічная

Другім пунктам праграмы ўзбекскай дэлегацыі стаў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Знакаміты пясняр беларускай зямлі ў часы Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў эвакуацыі ў Ташкенце. Менавіта ў сталіцы ўсходняй рэспублікі ён пазнаёміўся з узбекскімі паэтамі і літаратарамі. Добра вядома аб яго цесных творчых зносінах з паэтам Хамідам Алімджанам і паэтэсай Зульфіёй.

У межах круглага стала «Коласава слова яднае народы і літаратуры Беларусі і Узбекістана» ўзбекскія літаратары разам з беларускімі аўтарамі і прадстаўнікамі музея абмеркавалі спадчыну знакамітага паэта, яго значны ўнёсак у развіццё беларуска-ўзбекскіх адносін, прытым не толькі ў галіне літаратуры. Таксама да сустрэчы далучыўся часовы павераны ў справах Рэспублікі Узбекістан у Рэспубліцы Беларусь Рахматула Назараў.

Васіліна Міцкевіч, праўнучка Якуба Коласа, правяла для замежных гасцей экскурсію па музеі народнага паэта, распавёўшы пра творчы і жыццёвы шлях знакамітага продка.

— Якуб Колас правёў у Ташкенце больш за два гады, — нагадаў удзельнікам мерапрыемства Алесь Карлюкевіч. — Там ён працягваў пісаць патрыятычныя вершы, друкаваўся ў самых розных перыядычных выданнях, як на рускай, так і на беларускай мовах. Здолеў выпусціць некалькі кніг. 

Вынікі працы літаратара ва Узбекістане ўключаны і ў асноўную экспазіцыю музея. 

— Калі не лічыць цюркскія краіны, з якімі ў нас блізкасць нацыянальная і геаграфічная, то больш ні з кім такіх актыўных сувязей эканамічных і культурных, як з Беларуссю, у нас няма, — падзяліўся з журналістамі Мікалай Ільін. — Калі прааналізаваць чаму, то, на маю думку, ваша краіна нясе ў сабе літаратурныя і агульначалавечыя імпульсы, блізкія і для нашай культуры.

Падчас круглага ўзнімаліся пытанні перакладной літаратуры. Госці перадалі ў дар музею новае выданне Якуба Коласа на ўзбекскай мове, а таксама партрэты слынных літаратараў Узбекістана — Зульфіі, Айбека, Хаміда Алімджана і Гафура Гуляма.

Валянцін САЛОМА

Фота Кастуся ДРОБАВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».