Вы тут

У Беларусі зафіксаваны рост захваральнасці на туберкулёз


Туберкулёз — адна з самых старажытных інфекцый і адна з самых «упартых». Кожныя 20 хвілін у свеце памірае адзін хворы на туберкулёз. Практыка паказвае, што як толькі пільнасць губляецца, захваральнасць пачынае расці. Менавіта так і здарылася і ў Беларусі, і ва ўсім Еўрапейскім рэгіёне падчас пандэміі COVІD-19. Захваральнасць на туберкулёз летась вырасла больш як на 12 % — у поле зроку медыкаў трапілі ў тым ліку і тыя хворыя, што ў папярэднія гады ў паліклінікі не звярталіся.

Цяжкасць барацьбы з гэтым захворваннем звязаная яшчэ і з тым, што больш за 30 працэнтаў хворых з упершыню выяўленым туберкулёзам заражана асаблівай бактэрыяй, устойлівай да некалькіх прэпаратаў адразу. За 10 гадоў яна стала сустракацца ўдвая часцей. Сёння ёсць бактэрыі, якія маюць рэзістэнтнасць адразу да 11 прэпаратаў. Па сутнасці, гэта большасць лекаў супраць мікабактэрый. Пацыенты, у якіх маецца адчувальнасць да ўсіх прэпаратаў супраць туберкулёзу, хутчэй вылечваюцца, у іх хвароба рэдка пераходзіць у хранічную форму і яны менш заражаюць іншых. Пацыенты ж з лекавай устойлівасцю цяжэй паддаюцца лячэнню, хвароба ў іх часта пераходзіць у хранічную форму.

Чаго чакаць ад такой каварнай інфекцыі ў будучым? Захваральнасць на туберкулёз і далей будзе расці? У якіх рэгіёнах краіны яна найбольшая? Пра гэта і іншае расказалі спецыялісты.


З чым звязаны рост?

Нагадаем, што ўпершыню мікабактэрыя туберкулёзу была вызначана ў 1882 годзе Робертам Кохам. Гэтая хвароба ў той час лічылася невылечнай. Сёння, як вядома, туберкулёз можна і папярэдзіць, і вылечыць. Больш за тое, Сусветная арганізацыя аховы здароўя паставіла мэту пакончыць з туберкулёзам да 2035 года.

Пры гэтым вынікі мінулага года сталі для медыкаў дастаткова засмучальнымі.

— Пандэмія COVІD-19 у спалучэнні з канфліктамі ў Еўропе, Афрыцы і на Блізкім Усходзе, а таксама сацыяльна-эканамічныя нягоды адбіліся на шматгадовых поспехах у барацьбе з туберкулёзам, — адзначае прадстаўнік СААЗ у Рэспубліцы Беларусь, кіраўнік краінавага офіса СААЗ у Беларусі Сяргей Дыёрдзіца. — У нядаўнім дакладзе СААЗ было адзначана, што ўпершыню больш як за дзесяцігоддзе выраслі паказчыкі захваральнасці і смяротнасці ад туберкулёзу. Смяротнасць ад туберкулёзу ў Еўрапейскім рэгіёне павялічылася ў 2021 годзе ў параўнанні з 2020 годам. А крывая захваральнасці, якая нязменна ішла ўніз, спынілася ўпершыню за 20 гадоў. Ва Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі сітуацыя абцяжарваецца ў многім з-за распаўсюджанасці ўстойлівага да лекаў туберкулёзу і спалучанай інфекцыі туберкулёзу і ВІЧ.

Але ёсць і станоўчыя моманты. У нашай краіне ў поўнай меры выкарыстоўваюцца перавагі сучасных тэхналогій — такіх, як хуткая малекулярная дыягностыка, лепшыя і больш кароткія схемы прафілактыкі, лячэння і догляду, а таксама інавацыйныя рашэнні ў галіне лічбавай аховы здароўя.

Упершыню ў гісторыі туберкулёзу ў Беларусі выкарыстоўваецца схема лячэння працягласцю ўсяго шэсць месяцаў як для звычайнага, так і для ўстойлівага да лекаў туберкулёзу. А дыягназ і наяўнасць лекавай устойлівасці пацвярджаецца на працягу ўсяго некалькіх гадзін. Яшчэ пару гадоў таму ўявіць такое было немагчыма.

— Да дасягненняў беларускай нацыянальнай праграмы неабходна аднесці шырокае прымяненне кароткатэрміновай цалкам пераральнай схемы лячэння туберкулёзу з множнай лекавай устойлівасцю, добрыя вынікі лячэння, а таксама выкарыстанне малекулярнай дыягностыкі ў якасці першасных тэстаў на туберкулёз, — пералічвае Сяргей Дыёрдзіца. — А такі падыход як відэасуправаджэнне тэрапіі дапамагае многім пацыентам да канца прайсці курс лячэння і разглядаецца як альтэрнатыва шпіталізацыі і наведванню лячэбнай установы для атрымання прэпарату, што зніжае затраты на лячэнне і рызыкі інфіцыравання.

Найменшая захваральнасць — у Мінску, найбольшая — на Гомельшчыне

Як адзначыў дырэктар РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі, галоўны пазаштатны фтызіятр Міністэрства аховы здароўя Генадзь Гурэвіч, у 2022 годзе супрацьтуберкулёзная служба працавала па сваім прамым прызначэнні, прытым што ў два папярэднія гады больш за 50 % ложкавага фонду было перапрафілявана пад лячэнне пацыентаў з COVІD-інфекцыяй.

Летась для супрацьтуберкулёзнай службы на 7,8 мільёна рублёў былі набыты лічбавыя рэнтгенаўскія апараты, абсталяванне для лабараторнай дыягностыкі і стэрылізацыі, расходныя матэрыялы і рэагенты для малекулярна-генетычный і бактэрыялагічнай дыягностыкі, супрацьтуберкулёзныя лекавыя сродкі. Таксама капітальна адрамантаваныя бактэрыялагічныя лабараторыі магілёўскага і брэсцкага супрацьтуберкулёзных дыспансераў.

— Паспяхова развівалася міжнароднае супрацоўніцтва, у прыватнасці, праграма ўзаемадзеяння з глабальным фондам па барацьбе з ВІЧ, туберкулёзам, малярыяй. Фінансаванне па гэтай праграме склала 3,9 мільёна долараў ЗША. Паспяхова выконваўся сумесны праект РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі і міжнароднай арганізацыі «Урачы без межаў». На базе РНПЦ прайшлі навучанне 44 спецыялісты з Азербайджана, Кіргізіі, Туркменістана, — расказаў Генадзь Гурэвіч.

Летась у Беларусі было выяўлена 1384 пацыенты з туберкулёзам, захворванне ў якіх развілося ўпершыню, і 279 пацыентаў з рэцыдывам туберкулёзу, што на 185 чалавек больш, чым у папярэднія гады. Захваральнасць з улікам рэцыдываў склала 18,1 на 100 тысяч, што на 12,4 % вышэй ад захваральнасці ў 2021 годзе. Выяўлена 16 хворых дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў (год таму іх было 13). А таксама пастаўлена на ўлік 138 пацыентаў з ВІЧ-асацыіраваным туберкулёзам.

Найменшая захваральнасць рэгістравалася ў Мінску (7,9 чалавека на 100 тысяч насельніцтва), найбольш высокая — у Гомельскай вобласці (28 чалавек на 100 тысяч).

— Нязначнае павелічэнне ў 2022 годзе колькасці выяўленых хворых на туберкулёз было чаканым і прагназаваным і звязанае з недавыяўленнем часткі хворых у папярэднія гады з-за пандэміі COVІD-інфекцыі. У параўнанні з папярэднім дзесяцігоддзем мы скарацілі захваральнасць у тры разы. У адрозненне ад іншых краін у нас гэты невялікі усплёск суправаджаўся агульным паляпшэннем сітуацыі па туберкулёзе. Пра гэта сведчыць зніжэнне смяротнасці на 11 % у параўнанні з 2021-м. На сёння яна складае 1,1 на 100 тысяч насельніцтва, ад туберкулёзу за год памерла 97 пацыентаў. Таксама знізілася ўдзельная вага пацыентаў з мультырэзістэнтным туберкулёзам як сярод упершыню выяўленых (да 35,5 %), так і паўторна лечаных (да 60 %). На 230 чалавек зменшылася колькасць пацыентаў, якія стаяць на ўліку ў супрацьтуберкулёзных дыспансерах. На ім знаходзіцца 1538 пацыентаў, у тым ліку 850 — з мультырэзістэнтным туберкулёзам. Знізілася колькасць пацыентаў на паліятыўным лячэнні, іх 128. На прымусовае лячэнне летась быў накіраваны 121 чалавек. Эфектыўнасць лячэння з лекава-адчувальным туберкулёзам складае 85 %, з мультырэзістэнтным — 81,6 %, — прывёў лічбы Генадзь Гурэвіч.

У Беларусі дзейнічае пацыент-арыентаваная мадэль аказання дапамогі. Гэта азначае, што пацыентам даюць не толькі супрацьтуберкулёзныя прэпараты, але і сацыяльную і псіхалагічную падтрымку. Усе пацыенты, якія знаходзяцца на амбулаторным лячэнні і рэгулярна прыходзяць прымаць прэпараты, атрымліваюць прадуктовыя наборы. Прымяняецца і відэакантраляванае лячэнне, што дазваляе пацыенту не хадзіць кожны дзень у дыспансер дзеля прыёму прэпаратаў, а самастойна іх прымаць і перадаваць выяву медработніку ў дыспансер.

Лячэнне пацыентаў як у стацыянарных, так і ў амбулаторных умовах нятаннае. Кошт аднаго дня ў стацыянары складае 173 рублі, аднаго наведвання пры амбулаторным лячэнні — 59 рублёў. А кошт поўнага курса вагаецца ад 2,5 да 44 тысяч рублёў. І тут сума залежыць ад ступені выразнасці захворвання і лекавай устойлівасці. Найбольш танным з'яўляецца лячэнне лекава-адчувальнага туберкулёзу.

— Таму мы зацікаўленыя, каб як мага хутчэй вылечыць пул пацыентаў з мультырэзістэнтным туберкулёзам, — кажа кіраўнік РНПЦ пульманалогіі і фтызіятрыі. — Для гэтага ёсць усе магчымасці, у тым ліку лабараторная дыягностыка. У краіне працуе 84 лабараторыі, у тым ліку рэспубліканская рэферэнс-лабараторыя на базе нашага РНПЦ, якая летась атрымала міжнародную акрэдытацыю.

Інавацыйныя падыходы ў лячэнні

Беларусь сапраўды стала піянерам па выкарыстанні новых методык лячэння туберкулёзу. Найперш гэта выкарыстанне новых супрацьтуберкулёзных прэпаратаў: бедаквіліну, дэламаніду, клафазіміну. Прымяняюцца дзевяцімесячныя курсы лячэння — гэта вялікі прагрэс у параўнанні з ранейшымі двума гадамі. Такое лячэнне, дарэчы, прайшло больш за тысячу пацыентаў, і яго эфектыўнасць складае 91 %. Апошнія некалькі гадоў практыкуюцца новыя схемы лячэння, якія дазваляюць за 5,5 месяца дасягнуць поўнага вылечвання ад туберкулёзу. Такім чынам ужо пралячылі 320 пацыентаў, эфектыўнасць лячэння — 93 %.

А сёлета плануецца ўвогуле скараціць тэрміны лячэння лекава-адчувальнага туберкулёзу з шасці да чатырох месяцаў. Гэта стане магчымым пасля атрымання шэрага прэпаратаў ад глабальнага фонду. У прыватнасці, будзе прымяняцца рыфампіцын з моксіфлаксацынам.

У хуткім часе плануецца апрабаваць і новую супрацьтуберкулёзную вакцыну, якую распрацаваў інстытут грыпу Расійскай Акадэміі навук.

Як западозрыць туберкулёз?

Прыкметамі хваробы з'яўляецца нематываваны кашаль, слабасць, праявы інтаксікацыі на працягу трох тыдняў. Гэта нагода звярнуцца да спецыяліста і абследавацца. Таксама варта правярацца пацыентам з фактарамі рызыкі: зніжэннем масы цела, захворваннямі страўнікава-кішачнага тракту, пры прыёме гарманальных прэпаратаў або імунасупрэсараў.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.