Вы тут

Трымаць пазіцыі і думаць пра заўтрашні дзень


Размова з кіраўніком раёна пачалася з надзённага. Міхаіл Міхайлавіч акрэсліў найбліжэйшыя планы. Сярод іх — устаноўка новай Дошкі гонару. Такая дошка ўжо ёсць, але новая будзе больш прэзентабельная, з падсветкай. Вось-вось пачнецца пасяўная кампанія. Яна павінна прайсці стабільна: мінеральных угнаенняў набыта больш, чым летась, якасна выкананы рамонт тэхнікі, нарыхтавана па патрэбах колькасць насення. Мінулы год прынёс рэкордны ўраджай — 50 цэнтнераў з гектара, да гэтага ўзроўню тут будуць імкнуцца і сёлета.

Блізіцца месячнік па добраўпарадкаванні, да якога павінна падключыцца насельніцтва. А ўлады будуць працягваць работу па рамонце і бетаніраванні двароў і дарог. І гэта толькі невялікая частка тых клопатаў, у якіх жыве старшыня райвыканкама. Ёсць і грунтоўныя праекты. Аб іх кіраўнік раёна расказаў больш падрабязна.


— Міхаіл Міхайлавіч, як вядома, урадам дадзена ўстаноўка запусціць кожнаму раёну да 2025 года па значным інвестпраекце. Раскажыце, што ў вас за праект?

— У нас такім праектам стане вытворчасць RDF-паліва. Праект плануецца рэалізаваць у рамках дзяржаўнай праграмы «Камфортнае жыллё і спрыяльнае асяроддзе». Гаворка ідзе аб будаўніцтве рэгіянальнага комплексу па выкарыстанні цвёрдых бытавых адходаў, у рамках якога і будзе ажыццяўляцца выпуск RDF-паліва. Рэалізацыя праекта дазволіць мінімізаваць шкоднае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, атрымаць альтэрнатыўнае паліва і стварыць новыя працоўныя месцы. Атрыманае такім чынам паліва будзе выкарыстоўвацца для вытворчасці цэменту на прадпрыемстве «Краснасельскбудматэрыялы».

Для Ваўкавыска гэта актуальная тэма. Па-першае, таму што ў нас няма ніводнай лініі па сарціроўцы бытавых адходаў і большая частка іх ідзе на палігон. Па-другое, на цэментным заводзе ўжо ёсць абсталяванне для такога віду паліва, і яно не поўнасцю загружана. Да таго ж RDF-паліва дазволіць эканоміць расход газу.

Наш праект адобраны, сёлета за кошт аператара другаснай сыравіны выдзяляюцца сродкі на праектныя работы. Гэта будзе наша асноўнае прадпрыемства, якое зробіць свой унёсак у развіццё эканомікі раёна. Наш галоўны праект мы плануем ажыццявіць да 2025 года.

— А якія-небудзь сумесныя праекты з замежнымі партнёрамі могуць з'явіцца?

— Праект пакуль толькі на стадыі разгляду. Тым не менш ён даволі перспектыўны і датычыць вытворчасці феерверкаў. Даўно падыходзілі да гэтай тэмы, вывучалі яе. Зараз плануем прыступіць да больш дэтальнага абмеркавання сумесна з кітайскім бокам. Магчыма, атрымаецца наведаць наш горад-пабрацім у Кітаі, дзе з'явіцца магчымасць убачыць тэхналогіі вытворчасці феерверкаў. Гэта справа ў Беларусі новая, але ў нас ёсць неабходныя ўмовы. У якасці пляцоўкі плануем задзейнічаць былы ваенны аэрадром. На ім адводзіцца плошча прыкладна ў 500 гектараў, дзе павінны размясціцца трывалыя сховішча і склады. Там будзе арганізавана і сама вытворчасць.

Раней феерверкі завозіліся з Еўропы, пазней іх стаў пастаўляць Кітай. Магчыма, у нас будзе створана сумеснае прадпрыемства. Тэма запатрабаваная, на гэту прадукцыю ёсць попыт.

— Верагодна, і сацыяльныя аб'екты не застаюцца па-за ўвагай кіраўніка раёна. Ведаю, што вы вельмі адказна ставіцеся да «сацыялкі». Што мяркуеце ажыццявіць у найбліжэйшы час?

— Пачну з медыцынскай тэмы. Некалькі гадоў таму ў горадзе ўведзены ў эксплуатацыю новы корпус раённай бальніцы. Гэта ўстанова — прыклад сучаснага медыцынскага абслугоўвання насельніцтва. Прычым не толькі для жыхароў нашага раёна, але і для суседніх, бо аб'ект мае міжрэгіянальны ўзровень.

Цяпер мы марым пра тое, каб пабудаваць у горадзе сучасную дзіцячую паліклініку. Чаму гэта важна? Справа ў тым, што той будынак, дзе зараз месціцца паліклініка, быў уведзены ў эксплуатацыю яшчэ ў 1950-я гады. Але дзіцячае насельніцтва за гэты час павялічылася, ды і сама медыцынская база патрабуе аднаўлення. Таму на парадак дня мы паставілі пытанне аб рэканструкцыі будынка былога аддзялення неадкладнай дапамогі цэнтральнай раённай бальніцы пад дзіцячую паліклініку.

Яшчэ адзін важны сацыяльны аб'ект, які патрэбен гораду, — фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Нашы гараджане, як і ўсе беларусы, скіраваны на здаровы лад жыцця. Але комплекс, які існуе, хутчэй можна назваць «лядоўняй», чым месцам для камфортных заняткаў. Ён будаваўся ў 1980-я гады па тыпавых на той момант праектах з вялікім расходам энергарэсурсаў. За паўстагоддзя і сам басейн, і ўмовы перасталі адпавядаць сучасным патрабаванням. Мы вырашылі адмовіцца ад мадэрнізацыі, бо яна пацягне больш сродкаў, чым новабудоўля. Ды і эфект ад рэканструкцыі не той.

У нас ёсць тыпавы праект басейна. Мы не адзін год падступаліся да яго, і вось, нарэшце, вызначыліся. Будзем будаваць з нуля. Падобны комплекс нядаўна з'явіўся ў Навагрудку. Калі мы зробім такі ж, нашы жыхары не будуць ездзіць у басейны ў Гродна і Брэсцкую вобласць, а змогуць прыйсці сюды і будуць удзячны за такі падарунак. Мяркуем, што праект хутка сябе акупіць. Разлічваем яго рэалізаваць да 2024 года. Будаўнічых магутнасцяў хапае. А стары будынак выставім на продаж.

— Якія ў раёна ёсць перавагі, што можна выкарыстаць?

— Спадзяюся, турызм. У нас ёсць два даволі буйныя санаторыі — прадпрыемстваў «Гроднаэнерга» і «Краснасельскбудматэрыялы» — гэта «Энергетык» і «Пралеска». Тут праходзіць аздараўленне не толькі працоўны калектыў, але і шырокае кола ахвотных. Таксама сапраўдная разынка — нашы так званыя «Мальдзівы». Многія ведаюць пра знакамітыя бірузовыя кар'еры, дзе здабывалі крэйду. Адзін з такіх кар'ераў можна аглядаць на бяспечнай пляцоўцы, якая там абсталявана ў мінулым годзе. Гэта месца стала часткай прамысловага маршруту, які ўключае вытворчасць па выпуску цэменту, музей з рэдкімі экспанатамі і наведванне «Мальдзіваў». Думаем, сёлета турыстаў будзе больш. Усяго ў раёне распрацавана да дзясятка экскурсійных маршрутаў і некалькі веласіпедных.

— З якімі пытаннямі да вас часцей за ўсё звяртаюцца падчас прамых ліній?

— Зараз актуальнае пытанне — добраўпарадкаванне нашага мікрараёна Паўднёвы. У свой час мы зрабілі вялікі рывок: больш за 1,3 тысячы зямельных участкаў было выдзелена для будаўніцтва індывідуальнага жылля. Людзі пабудаваліся, зараз трэба ўдасканальваць інфраструктуру. Гэта паступова ажыццяўляецца. На Новы год, напрыклад, мы адкрылі там аўтобусны маршрут. На чарзе — дарожнае будаўніцтва.

Яшчэ адно актуальнае пытанне для раёна — падтапленне тэрыторый дачных участкаў, размешчаных у пойме ракі Рось. З вучэбна-навукова-вытворчым рэспубліканскім прадпрыемствам «УНІТЭХПРАМ БДУ» заключаны дагавор на распрацоўку плана па комплексе мерапрыемстваў, накіраваных на ўтрыманне паверхневых водных аб'ектаў у належным стане. Пасля пачнецца рэалізацыя дадзенага плана.


«Мы стараемся даносіць праўду аб той вайне»

Чым уражвае музей воінаў-інтэрнацыяналістаў у Ваўкавыску

Ідэя стварэння такога музея з'явілася больш чым дваццаць гадоў таму разам з заснаваннем раённай арганізацыі. Першыя экспанаты і фотаздымкі былі размешчаны ў будынку Цэнтра тэхнічнай творчасці. Пазней арганізацыі быў перададзены будынак былога сельвыканкама. А нядаўна музей набыў новы адрас. Экспазіцыя пераехала ў новае памяшканне, у будынку якога размесцяцца офісы ўсіх грамадскіх арганізацый раёна, у тым ліку прадстаўніцтва Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане.

Экспанаты размясцілі на стэндах. У асноўным гэта фотаздымкі і асабістыя рэчы ваўкавыскіх жыхароў, якія прайшлі вайну ў Афганістане. Рэчы загінулых сваякоў перададзены ў музей іх роднымі. У фарміраванні экспазіцыі дапамагала раённая ветэранская арганізацыя. З цягам часу музей папаўняўся. Інтэрнацыяналісты прыносілі свае асабістыя рэчы, фотаздымкі, якія цікава афармляліся. З'явіліся экспанаты дэсантнікаў, спецназаўцаў, ваенных лётчыкаў, танкістаў, мінёраў. Музею падарылі агульнавайсковую зімнюю і летнюю форму кантынгенту войск у Афганістане. Да чарговага юбілею вываду войск сталічным музеем Вялікай Айчыннай вайны быў перададзены сцяг з сертыфікатам. Гэты вялікі сцяг зараз вісіць над столллю ў новым памяшканні музея.

Тут упэўнены, што музей не будзе пуставаць. Ужо складзены графік яго наведвання школьнікамі Ваўкавыскага раёна. Дарэчы, у 19 школах раёна створаны куткі воінаў-афганцаў.

Па словах старшыні Ваўкавыскай раённай арганізацыі Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане Святаслава Каралюка, арганізатары імкнуцца да таго, каб наведвальнікам было цікава не толькі слухаць расповеды аб вайне, але і бачыць рэчы, якія звязаны з тымі падзеямі. Сам Станіслаў Васільевіч падчас баявых дзеянняў быў начальнікам штаба асобнага дарожна-каменданцкага батальёна на перавале Саланг, які займаўся пропускам калон ваенных і грамадзянскіх машын, іх аховай. Складанасць была ў высакагорным клімаце: недахоп кіслароду, лавіны, селявыя патокі. Каб пазбегнуць абстрэлаў калонны і праехаць, даводзілася прабіваць тунэлі ў горных пародах.

У музеі можна ўбачыць даволі цікавыя экспанаты-манекены, якія зрабіў тутэйшы майстар-аматар. Тут прадстаўлена нават фігура душмана ў нацыянальным адзенні. Каскі, шлемы, радыёстанцыі, вялікі парашут, форма, маскхалаты, узнагароды — усяго не пералічыць. Ваенная зброя, рэшткі снарадаў, авіябомбы — таксама з той вайны. Яскрава дапаўняе прадстаўленне аб тых падзеях фотаэкспазіцыя з партрэтамі інтэрнацыяналістаў. Асобна вылучаны тыя землякі, якія загінулі падчас баявых дзеянняў. Іх шэсць. А ўсяго на тэрыторыі раёна пражывае 222 воіны-афганцы. «Мы стараемся захаваць памяць і праўду аб той вайне, даносіць да сённяшняга пакалення, і моладзі гэта цікава», — зазначыў Святаслаў Каралюк.


Плюс дзіцячая паліклініка

У Ваўкавыску завяршаецца перафарміраванне медыцынскага гарадка пад міжраённы цэнтр

Пяць гадоў таму ў райцэнтры пачала дзейнічаць новая бальніца, пабудаваны новы лячэбны корпус на 260 месцаў. Тут размясціліся ўсе асноўныя аддзяленні. Цяпер на тэрыторыі бальніцы пачалася рэканструкцыя былога хірургічнага корпуса з уводам новых карпусоў пад дзіцячую паліклініку, якая ў шмат разоў павялічыць існуючыя магутнасці. Мяркуецца, што аб'ект паступіць у эксплуатацыю ў будучым годзе.

Увядзенне новага корпуса бальніцы ў 2018 годзе дазволіла не толькі палепшыць даступнасць і якасць медыцынскіх паслуг, умовы ўтрымання пацыентаў, але і аб'яднаць медыцынскую ўстанову ў адзіны цэнтр, які атрымаў статус міжраённага.

— Мы развіваемся як міжраённы цэнтр. Такіх цэнтраў у Гродзенскай вобласці тры, у тым ліку адзін у Ваўкавыску, — зазначыла галоўны урач раённай бальніцы Алена Грыцкевіч. — У пачатку мая будзе адкрыты кабінет МРТ, зараз там вядзецца рамонт. Акрамя гэтага сёлета плануецца адкрыццё ангіяграфічнага кабінета, дзе будзе аказвацца дапамога пацыентам з вострым каранарным сіндромам. На сёння такія кабінеты ёсць толькі ў Гродне і Астраўцы.

Зараз агульная магутнасць бальніцы складае 377 ложак, дзе 56 % фонду працуе як міжраённае аддзяленне. Здзяйсняецца дапамога жыхарам іншых раёнаў і на амбулаторным этапе. Працуе цэнтр скрынінгу раку, цэнтр «Шлюб і сям'я» і іншыя аб'екты. Сучасная дыягнастычная база дазваляе праводзіць КТ-даследаванні, ультрагукавы скрынінг цяжарных жанчын з мэтай дыягностыкі прыроджанай паталогіі, працуе цыталагічная і ПЦР-лабараторыі.

Новая бальніца атрымала рэнтген-абсталяванне, ультрагукавыя прыборы. Лапараскапічная хірургія з 2021 года працуе ў рамках міжраённай дапамогі.

— Нашы спецыялісты выязджаюць у невялікія населеныя пункты найбліжэйшых раёнаў, каб даследаваць жыхароў і прапанаваць ім лячэнне. Нават калі чалавек прыехаў сюды па справах ці ў водпуск, ён мае права звярнуцца з заявай і замацавацца за медыцынскай установай, атрымаць усе неабходныя працэдуры, якія гарантаваны дзяржавай, — паведаміла галоўны ўрач. — Мы зараз скіраваны на выкананне праграмы дыспансерызацыі, створаны дыспансерныя кабінеты. Медыцынскія сёстры на ўчастках даводзяць інфармацыю да пацыентаў.

Між тым фарміраванне медыцынскай базы працягваецца. Гаворка ідзе пра новую дзіцячую паліклініку. Зараз гэта праблемнае пытанне, бо стары корпус разлічаны ўсяго на 56 прыёмаў у змену. Вырашыць набалелае пытанне ўдалося за кошт абласной інвестыцыйнай праграмы. У мінулым годзе выдзелены сродкі на пачатак будаўніцтва, сёлета работы працягваюцца. Мяркуецца, што прымаць пацыентаў тут змогуць у будучым годзе. Магутнасці значна пашырацца. Новы аб'ект разлічаны на прыём 360 пацыентаў у змену, што ў сем разоў больш за цяперашнія магутнасці.

Дзіцячая паліклініка будуецца на тэрыторыі новага корпуса бальніцы. Такім чынам, уся лячэбная база размесціцца на адным месцы. Фарміраванне медыцынскага гарадка пашырыць медыцынскую дапамогу ў крокавай даступнасці.


Кіты эканомікі

Таццяна Андрушкевіч, намеснік старшыні Ваўкавыскага райвыканкама:

— На тэрыторыі раёна дзейнічае дзевяць прамысловых прадпрыемстваў. Найбольшую ўдзельную вагу складае харчовая прамысловасць — 66 % і вытворчасць будаўнічых матэрыялаў — амаль 30 %. Асноўныя вытворцы — акцыянерныя таварыствы «Беллакт», «Ваўкавыскі мясакамбінат» і «Краснасельскбудматэрыялы». Гэта тры горадастваральныя прадпрыемствы.

ААТ «Беллакт» — адзіны ў Беларусі і найбуйнейшы ў СНД вытворца сухога дзіцячага харчавання. Усяго тут выпускаецца да 40 найменняў сухіх малочных сумесяў і каш. Таксама прадпрыемства выпускае шырокі асартымент малочнай прадукцыі. За мінулы год агульны аб'ём прадукцыі прадпрыемства ў прамысловасці раёна склаў каля 41 %.

Ваўкавыскі мясакамбінат у вытворчым аб'ёме раёна складае 25 %. Гэта найбуйнейшы вытворца мяса і мясных вырабаў у Беларусі. Усяго тут вырабляецца да 300 відаў мясной прадукцыі.

Асноўны прамысловы гігант раёна — ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Летась амаль 25 % аб'ёму прамысловасці раёна склала менавіта прадукцыя завода. За больш чым стагадовую гісторыю ў вытворчасці цэменту завод пераўтварыўся ў шматпрофільнае прадпрыемства, якое выпускае прадукцыю пераважна з уласнай сыравіны. Сучаснае абсталяванне дазволіла дасягнуць высокіх міжнародных стандартаў.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?