Вы тут

Ёсць такая абарона


Ваенны камісарыят — орган мясцовага ваеннага кіравання, адказны за ваенна-мабілізацыйную і ўлікова-прызыўную работу ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. У шэрагу задач, якія выконваюцца ваенкаматам, — забеспячэнне камплектавання войскаў тэрытарыяльнай абароны. У сённяшнім вельмі складаным міжнародным становішчы падрыхтоўка такіх фарміраванняў мае асаблівае значэнне. Аб тым, каго прызываюць у тэрытарыяльныя войскі, якія яны задачы выконваюць, як рыхтуюць асабовы склад, карэспандэнту «Звязды» расказаў ваенны камісар Першамайскага раёна сталіцы палкоўнік Яўген ЛІНГА.


— Яўген Іванавіч, што гэта за войскі — тэрытарыяльная абарона? Якія асноўныя задачы яны выконваюць?

— Войскі тэрытарыяльнай абароны выконваюць разнастайныя задачы: ахову аб'ектаў крытычнай інфраструктуры, забеспячэнне мабілізацыі прыпіснога складу ў выпадку вайны, выкананне асобных баявых задач сумесна са злучэннямі і часцямі Узброеных Сіл пры адбіцці акта ўзброенай агрэсіі. Гэта і барацьба з дыверсійна-разведвальнымі сіламі, незаконнымі ўзброенымі фарміраваннямі, вядзенне партызанскай вайны на акупаванай сапернікам тэрыторыі, удзел ва ўзмацненні аховы ўчасткаў дзяржаўнай граніцы, удзел у ліквідацыі наступстваў прымянення сапернікам зброі масавага паражэння, вынікаў масіраваных удараў, правядзенне ратавальных і аварыйна-аднаўленчых работ, удзел у выкананні мерапрыемстваў па забеспячэнні падтрымання рэжыму ваеннага становішча і іншых мерапрыемстваў па абароне краіны.

— Як камплектуюцца падраздзяленні тэрытарыяльнай абароны?

— З ваеннаабавязаных запасу. У першую чаргу трэцяга разраду: як прыдатнымі, так і абмежавана прыдатнымі да службы ў ваенны час ваеннаслужачымі запасу. Агульная колькасць тэрытарыяльных войскаў у Беларусі складае 120 тысяч чалавек. Камплектаванне фарміраванняў праводзіцца з жыхароў адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, здольных да ваеннай службы. Войскі тэрытарыяльнай абароны ўключаюць воінскія фарміраванні ў выглядзе асобных стралковых батальёнаў і асобных стралковых рот.

— Якія мерапрыемствы прадугледжаны ў плане падрыхтоўкі асоб для выканання задач тэрытарыяльнай абароны?

— У першую чаргу гэта заняткі па мабілізацыйнай гатоўнасці тэрытарыяльных войскаў, якія праводзіцца двойчы ў год ва ўсіх абласцях і Мінску. У кожным раённым ваенным камісарыяце заняткі праводзяцца двойчы ў год — вясной і восенню. Дарэчы, не так даўно ў сталіцы падобныя мерапрыемствы праводзіліся з упорам на падрыхтоўку органаў кіравання тэрытарыяльнай абаронай. Да іх прыцягваліся і ваеннаабавязаныя запасу, якія ўваходзяць у склад тэрытарыяльных войскаў. У ходзе правядзення заняткаў апрацоўваліся практычныя пытанні ўзаемадзеяння з пунктамі прыёму асабовага складу, дзе на прыкладзе нашага раёна дзесяць ваеннаабавязаных бралі ўдзел у дадзеных мерапрыемствах. Была праведзена практычная трэніроўка па прыёме ваеннаабавязаных, размеркаванні іх па камандах, экіпіроўцы і камплектаванні ваеннаабавязаных рэчавай маёмасцю і неабходным рыштункам. Хачу падкрэсліць, што ваеннаабавязаныя Першамайскага раёна, выкліканыя на падобныя мерапрыемствы, аднесліся да гэтага добрасумленна. Асабліва адзначу добрае выкананне пастаўленых задач з боку афіцэраў запасу. Асобныя з іх мелі за плячыма багаты вайсковы вопыт, якім яны шчодра дзяліліся з адміністрацыяй пункта прыёму асабовага складу па арганізацыі практычнай работы.

— Якія задачы па падрыхтоўцы асабовага складу войскаў тэрытарыяльнай абароны належыць выконваць у недалёкай будучыні?

— У рамках падрыхтоўкі тэрытарыяльнай абароны існуюць як планавыя, так і пазапланавыя мерапрыемствы. Напрыклад, у жніўні мінулага года тры сталічныя раёны, у тым ліку і Першамайскі, падвяргаліся пазапланавай праверцы, у ходзе якой з запасу былі прызваны 105 ваеннаабавязаных. У канцы вясны чакаем чарговую планавую праверку таксама з прызывам ваеннаабавязаных запасу. На працягу года пройдзе шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на падрыхтоўку органаў мясцовага кіравання, ваенных камісараў і начальнікаў груп тэрытарыяльнай абароны ўсіх раёнаў Мінска. Гэта, напрыклад, сумесныя штабныя трэніроўкі з адміністрацыямі сталічных раёнаў і многія іншыя мерапрыемствы. Вучоба абяцае быць вельмі насычанай.

— Наколькі цеснае ўзаемадзеянне існуе паміж ваенным камісарыятам і адміністрацыяй Першамайскага раёна ў плане выканання задач тэрытарыяльнай абароны?

— Узаемадзеянне наладжана вельмі цеснае. Інакш нельга. Не будзем забываць, што кіраўнік адміністрацыі нашага раёна з'яўляецца і кіраўніком раёна тэрытарыяльнай абароны. Яго намеснікі таксама выконваюць шэраг задач, звязаных з дзейнасцю войскаў тэрытарыяльнай абароны. Мы заўсёды знаходзім разуменне з боку кіраўніцтва адміністрацыі Першамайскага раёна, тут заўсёды ідуць нам насустрач.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота з архіва ваеннага камісарыята Першамайскага раёна

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».