Вы тут

Усё пра біяметрычныя дакументы. Лічбавыя зносіны з дзяржавай праз ІD-карткі


Крыху больш чым 2 % беларусаў ужо маюць біяметрычныя дакументы, прычым атрымліваць іх грамадзяне краіны могуць па жаданні, а іншаземцы — абавязкова. За паўтара года (ад пачатку выдачы новых дакументаў з 1 верасня 2021-га) жыхары краіны атрымалі 165 тысяч ІD-картак, а іншаземныя грамадзяне і асобы без грамадзянства — больш як 58 тысяч біяметрычных пасведчанняў на жыхарства. Звыш 135 тысяч чалавек атрымала біяметрычныя пашпарты для выезду за мяжу. Навошта патрэбныя пін-коды да ідэнтыфікацыйнай карткі, куды ідуць адбіткі пальцаў, як аднавіць страчаны дакумент? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі спецыялісты.


Як атрымаць ІD-картку?

Біяметрычныя дакументы ў Беларусі вырабляюцца адпаведна з патрабаваннямі Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ІCAO), яны характарызуюцца высокай ступенню абароны.

Гэта разнастайныя ахоўныя фарбы, вільгацеўстойлівая папера з ахоўнымі валокнамі, ахоўная прашывачная нітка, электронны чып і многае іншае, паведаміў Павел ХРЫШЧАНОВІЧ, намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў:

— На інтэгральнай мікрасхеме ўтрымліваюцца біяметрычныя даныя грамадзяніна: фотавыява, адбіткі пальцаў, электронны лічбавы подпіс (ЭЛП). Усе інфармацыйныя рэсурсы МУС інтэграваны ў Агульнадзяржаўную аўтаматызаваную інфармацыйную сістэму (ААІС), з якой грамадзяне могуць атрымліваць звесткі, якіх няма на ІD-картцы. Гэта рэгістрацыя па месцы жыхарства, даныя пра шлюб, пра дзяцей і пра валіднасць (сапраўднасць) карткі.

Працэдура прыёму папер на атрыманне біяметрычных дакументаў максімальна спрошчана. Чалавеку дастаткова звярнуцца ў падраздзяленне дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі, прадставіць свой пашпарт і аплаціць дзяржпошліну. Супрацоўнік дэпартамента на месцы зробіць фота заяўніка, пры дапамозе графічнага планшэта атрымае ўзоры яго подпісу, здыме адбіткі ўказальных пальцаў. Пасля заяўнік атрымлівае сваю заяву, распісваецца ў ёй і правярае свае персанальныя даныя, а супрацоўнік дэпартамента з дапамогай свайго ЭЛП накіроўвае заяву спачатку ў цэнтр апрацоўкі даных, а потым — у цэнтр персаналізацыі.

Адбіткі здымаюцца па пэўнай матэматычнай формуле, запісваюцца на чып і ў інфармацыйны рэсурс МУС для наступнай зверкі паўторнасці. Прымяняцца ў нейкіх крыміналістычных уліках гэтыя адбіткі не могуць, — удакладніў Павел Хрышчановіч. — А цэнтр персаналізацыі ў Беларусі адзіны для краіны і знаходзіцца ў Мінску ў адрозненне ад папяровых пашпартоў, якія друкуюцца дэцэнтралізавана ў бюро пашпартызацыі ў кожным абласным цэнтры.

Што рабіць, калі згубіў пін-код?

Гатовую ІD-картку грамадзянін атрымлівае разам з канвертам, у якім знаходзяцца два пін-коды і адзін пак-код. Першы пін патрэбны, каб дазволіць доступ сістэме да персанальных даных чалавека, а другі — для пацвярджэння электроннага подпісу кліента дзяржпаслуг. Пак-код патрэбны, калі папярэдняя інфармацыя будзе ўведзена памылкова.

— Калі вы згубілі свой пін-канверт і не памятаеце коды, вам прыйдзецца мяняць ІD-картку за ўласны кошт, бо ў сістэме МУС гэтая інфармацыя захоўваецца толькі на працягу трох месяцаў пасля выдачы дакумента, — звярнуў увагу спецыяліст.

Першую ІD-картку грамадзянін атрымлівае толькі па адрасе рэгістрацыі, а ўсе наступныя — у любым месцы Беларусі.

Колькі каштуюць біяметрычныя дакументы?

Для непаўналетніх ІD-картка бясплатная (хоць вялікага сэнсу ў яе атрыманні няма, лічаць спецыялісты, бо для пэўных дзяржпрацэдур дастаткова пасведчання аб нараджэнні дзіцяці). Пенсіянеры і інваліды І і ІІ груп заплацяць за ІD-картку адну базавую велічыню (цяпер — 37 рублёў). Астатнія — 1,5 базавай велічыні.

Біяметрычны пашпарт для непаўналетніх, пенсіянераў і інвалідаў І і ІІ груп каштуе 1,5 базавай велічыні. Для ўсіх астатніх — дзве базавыя.

Для чаго беларусу два пашпарты?

У пачатку біяметрычнага праекта людзі часта звярталіся ў МУС, указваючы важны момант. Калі яны падавалі пашпарт у пасольства для атрымання візы, яго на два-тры тыдні забіралі, і грамадзяне заставаліся ўвогуле без дакумента, які сведчыць асобу. Каб вырашыць праблему, беларусы могуць атрымліваць два ідэнтычныя біяметрычныя пашпарты, праўда, з рознымі нумарамі, абазначыў прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў:

— Такім чынам, можна адзін пашпарт здаць у пасольства, а па другім — выязджаць за мяжу. Сёння такой паслугай скарысталася больш як восем тысяч грамадзян.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.