Вы тут

Тэатральная і вакальная лабараторыі вяртаюцца на ХХХІІ «Славянскі базар»


Міжнародны фестываль мастацтваў, які на працягу трох дзесяцігоддзяў з’яўляецца візітнай карткай Беларусі, па праву носіць статус унікальнага, бо ні адзін іншы вядомы фестываль пакуль не дасягнуў такіх маштабаў і не мае аналагаў па шматжанравасці.


Упершыню Міжнародная тэатральная лабараторыя прайшла ў межах «Славянскага базару» у мінулым годзе і адразу знайшла пазітыўны водгук ва ўдзельнікаў і гасцей горада на Дзвіне. Арганізатарамі праекта выступілі дырэкцыя фестывалю, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа і Расійскі інстытут тэатральнага мастацтва (ГІТІС). На творчай пляцоўцы на працягу тыдня каля 30 лепшых беларускіх і расійскіх студэнтаў каледжаў мастацтваў і маладыя коласаўскія акцёры пад кіраўніцтвам выкладчыкаў ГІТІСа удзельнічалі ў майстар-класах і рыхтавалі эцюды па п’есе Чэхава «Тры сястры».

«У гэтым годзе тэатральная праграма будзе базіравацца на адукацыйным кластары тэатральнай лабараторыі, — распавёў дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў „Славянскі базар у Віцебску“ Глеб Лапіцкі. — Сёлета таксама супрацоўнічаем з ГІТІСАМ, майстрам выступіць прафесар Аляксандр Бармак. Калі ў мінулым годзе ўдзельнікі рабілі драматычны разбор расійскай п’есы, то сёлета для работы будзе ўзятая адна з беларускіх п’ес». Якую канкрэтна п’есу абяруць для вывучэння, пакуль невядома, але жыхары і госці горада змогуць убачыць студэнцкае майстэрства падчас адкрытага паказу па выніках работы лабараторыі.

Фестываль мастацтваў — гэта вірлівы шматжанравы карагод падзей на працягу цэлага тыдня. Сёлетняя тэатральная праграма мае “музычны” ухіл: яе адкрые Маскоўскі музычна-драматычны тэатр «Рамэн» са спектаклем «Мы — цыгане», трупа «ТрыТфармаТ» пакажа «Вішнёвы SAD», Маладзёжны тэатр эстрады запросіць на душэўную пастаноўку «Гур’янаў». Вянчае тэатральную праграму музычная рок-опера «Граф Монтэ-Крыста» Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М. Горкага.

На базе Віцебскай абласной філармоніі будзе рэалізаваны праект «Вакальная лабараторыя», ідэйным натхняльнікам якога стала народная артыстка СССР Тамара Ільінічна Сіняўская. Адукацыйныя і творчыя сустрэчы тут пройдуць не толькі для вакалістаў, але і для канцэртмайстраў. Адначасова на пляцоўцы філармоніі выступяць гітарнае трыа з Барселоны, а таксама Алена Пятроўская ў суправаджэнні магілёўскага аркестра. 

Аляксандра ГВОЗДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.