Вы тут

Як ствараліся «лічбавыя» рэйкі для вагончыкаў з электроннымі паслугамі


Анлайн-узаемадзеянне дзяржавы з беларусамі і бізнесам працягвае актыўна развівацца, і ўсё больш аперацый па атрыманні пэўных дзяржпаслуг пераходзіць у лічбавую сферу. Летась праз адзіны партал электронных паслуг (platform.gov.by), які з'яўляецца адзінай пляцоўкай электронных дзяржаўных сэрвісаў, было заказана і атрымана звыш 76,2 мільёна паслуг. Пры дапамозе партала сёння аказваюцца 292 віды сэрвісаў: 190 электронных паслуг і 102 адміністрацыйныя працэдуры, аднак гэта яшчэ не ўсё. Будаўніцтва электроннага ўрада ў краіне працягваецца, і значную ролю ў дадзеным працэсе адыгрывае Нацыянальны цэнтр электронных паслуг, які нядаўна адзначыў сваё 11-годдзе. Як за мінулы час стваралася зручная сістэма для арганізацыі электронных зносін чалавека з дзяржавай, расказалі ў Цэнтры.


Фота: pixabay.com

Электронны дакументаабарот для аператыўнасці

Нацыянальны цэнтр электронных паслуг створаны 19 сакавіка 2012 года з мэтай падтрымкі і далейшага развіцця найважнейшых інфармацыйных сістэм, якія складаюць аснову электроннага ўрада Беларусі, аснову аказання дзяржпаслуг.

Першы этап работы Цэнтра — 2012—2014 гады пачаўся са стварэння інфраструктурных рашэнняў па ўсёй краіне, якія б дазволілі ў далейшым развіваць рынак дзяржпаслуг. А для гэтага неабходна было задаволіць базавыя патрэбы, бо пакуль па ўсёй краіне не пракладзены сеткі, пакуль няма інтэрнэту, пакуль не створаны электронны дакументаабарот, што дазволіць аператыўна абменьвацца дакументамі і хутка прымаць адміністрацыйныя рашэнні, у тым ліку ў пытаннях аказання паслуг і ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур, немагчыма казаць пра стварэнне суперсэрвісаў і праактыўных паслуг, абазначыла Святлана Караневіч:

— Таму дзейнасць Цэнтра пачалася менавіта з дакументаабароту — неабходна было максімальна ўкараніць электронны дакументааброт і забяспечыць работу сістэмы міжведамаснага электроннага дакументаабароту (СМДА), каб сістэмы электроннага дакументаабароту (СЭД) не проста стаялі ў розных інстанцыях, а маглі кантактаваць паміж сабой у электронным выглядзе.

Уніфікаваны ключ

У 2014-м адкрыўся і адзіны рэспубліканскі цэнтр сведчання сертыфікатаў адкрытых ключоў. Дагэтуль у краіне было шмат такіх цэнтраў, кожны з якіх выпускаў сертыфікаты адкрытых ключоў для работы ў нейкай асобнай інфармацыйнай сістэме. У тыя часы юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам прыходзілася праз гэта мець некалькі ключоў, кожны з якіх падыходзіў да пэўнай сістэмы. Менавіта таму спатрэбілася стварэнне ўніфікаванага цэнтра, які б выпускаў сертыфікаты адкрытых ключоў, што падыходзяць да ўсіх (або большасці) інфармацыйных сістэм. Цяпер такі сертыфікат адкрытага ключа падыходзіць да работы ў больш як 30 інфармацыйных сістэмах.

Інфапасрэднікаў меншае

Інстытут інфармацыйных пасрэднікаў таксама з'явіўся ў згаданы перыяд. У краіне дагэтуль шмат беларусаў, якія не хочуць або не могуць самастойна карыстацца інфармацыйнымі тэхналогіямі. Ім прасцей не аўтарызавацца на адзіным партале, а прыйсці ў падраздзяленне Белпошты ці Белтэлекама, спецыялісты якіх закажуць электронную паслугу ад імя чалавека праз партал. Такіх аддзяленняў, дзе рэалізаваны падобныя магчымасці, у краіне каля 300.

— Аднак праз інстытут інфапасрэднікаў даступныя далёка не ўсе паслугі (а іх сёння 292), якія рэалізаваны на партале. Атрымаць можна толькі каля 20, у асноўным паслугі кадастравага агенцтва па выдачы даведак аб знаходжанні ва ўласнасці грамадзяніна аб'ектаў нерухомасці, — заўважыла спецыяліст. — Рашэнне, ці можна ажыццяўляць паслугу праз пасрэдніка, кожны дзяржаўны орган, які далучаецца да сістэмы аказання электронных паслуг, вырашае самастойна. Як паказвае практыка, цікавасць да інфапасрэднікаў з часам памяншаецца. Расце попыт на самастойныя лічбавыя зносіны чалавека з дзяржавай.

Давераны трэці бок у міжнародных зносінах

Наступная вяха станаўлення рынку электронных паслуг — 2015—2017 гады — Цэнтр становіцца нацыянальным аператарам даверанага трэцяга боку.

Электронны дакументаабарот мае на ўвазе выхад за межы краіны, паколькі многія сферы жыццядзейнасці патрабуюць міжнароднага электроннага дакументаабароту. Гэта вельмі зручна, напрыклад, калі суб'екты гаспадарання ў розных краінах абменьваюцца паміж сабой таварамі і могуць дасылаць у электроннай форме суправаджальныя дакументы і накладныя на іх, растлумачыла начальнік аддзела:

— Для юрыдычнай сілы такія дакументы павінны быць падпісаны ЭЛП, які ў кожнай дзяржавы свой. У Беларусі свая крыптаграфія, якой можна ганарыцца, бо далёка не ў кожнай краіне свету яна ёсць. Ёсць яна і ў Расіі. Каб лічбавыя подпісы розных краін «пасябравалі», то-бок іх сапраўднасць прымалася ва ўсіх дзяржавах, якія абменьваюцца дакументамі, быў рэалізаваны механізм даверанага трэцяга боку.

У кожнай з краін, што жадаюць электронна ўзаемадзейнічаць, ёсць спецыяльныя прадпрыемствы, закліканыя сведчыць сапраўднасць ЭЛП на дакуменце, які быў накіраваны за мяжу. Яны робяць адпаведны запыт ва ўпаўнаважаную арганізацыю краіны, адкуль паходзіць дакумент з ЭЛП, і атрымліваюць інфармацыю, што подпіс сапраўдны. Аналагічна правяраецца і сапраўднасць дакументаў з ЭЛП, якія прыйшлі ў Беларусь з іншых краін.

Тэлефонная «сімка» з ЭЛП і мадэрнізацыя комплексу «Адно акно»

У гэты ж перыяд з'явілася паслуга электроннага лічбавага подпісу на СІМ-картцы. Паколькі многія юрыдычна значныя дзеянні людзі здзяйсняюць праз мабільны, зручным носьбітам ЭЛП стала спецыялізаваная СІМ-картка. Сёння падобныя прадукты з падтрымкай функцыі ЭЛП выпускаюць мабільныя аператары А1 і МТС.

— У 2017-м, каб аўтаматызаваць работу спецыялістаў службы «Адно акно», укаранілі праграмны комплекс «Адно акно», у якім рэалізавана 210 адмінпрацэдур для фізічных асоб. ПК «Адно акно» патрэбны, каб максімальна аўтаматызаваць і алічбаваць ланцужок узаемадзеяння па ажыццяўленні адмінпрацэдур на ўсіх этапах: падача заявы, прымацаванне дадатковых дакументаў, накіраванне дадатковых запытаў у рамках працэдуры, перанакіраванне заявы ў іншы орган на выкананне, прыняцце адміністрацыйнага рашэння і фіксацыя яго ў праграмным комплексе, — паясніла Святлана Караневіч.

У гэты ж час адкрываюцца першыя 36 пунктаў аказання паслуг Дзяржаўнай сістэмы кіравання адкрытымі ключамі праверкі ЭЛП (ДзяржСКАК). Дагэтуль было толькі адно такое месца ў сталіцы. Новыя пункты змяшчаюцца на базе прадпрыемстваў — рэгістрацыйных цэнтраў (іх 12), якія выконваюць функцыі павераных.

Ведамасны архіў і Сістэма ўніверсальнага доступу

За 2018—2020 гады на партале з'явілася больш як 150 новых электронных паслуг і звыш 60 адмінпрацэдур. У гэты ж час запускаецца анлайн-сэрвіс па дыстанцыйнай выдачы сертыфіката ЭЛП. Ён дазваляе чалавеку, які ўжо атрымаў ключ, падаўжаць яго дзеянне без асабістай прысутнасці ў пункце аказання паслуг, праз партал дзяржпаслуг анлайн.

— Запускаюцца таксама паслугі «Ведамасны архіў», — падзялілася прадстаўніца НЦЭП. — Летась быў прыняты Указ № 188, згодна з якім да чэрвеня бягучага года кожная арганізацыя, якая з'яўляецца крыніцай камплектавання дзяржархіваў, абавязаная наладзіць у сябе архіўнае захоўванне дакументаў і падключыцца (калі яна да гэтага не выкарыстоўвала ніякі іншы прадукт) да АІС «Ведамасны архіў».

З'явілася і інфармацыйная сістэма «Універсальная сістэма доступу» (УСД), якая падтрымлівае ў тым ліку ідэнтыфікацыю асобы па мабільным лічбавым подпісе.

У гэты ж перыяд Цэнтр становіцца аператарам нацыянальнага сегмента інтэграванай інфармацыйнай сістэмы ЕАЭС. У межах ЕАЭС існуе адзіная інфармацыйная сістэма, а ў кожнай з краін ЕАЭС існуе нацыянальны сегмент дадзенай сістэмы. Гэта трэба, каб рэалізоўваць у межах згаданай прасторы ў электронным выглядзе агульныя працэсы, якія пачынаюцца на тэрыторыі адной краіны, а завяршаюцца — на тэрыторыі іншай.

Абноўлены асабісты кабінет і планы на будучыню

У сучасны перыяд работы Цэнтра (2021—2023) выдаецца мільённы ключ ЭЛП і ажыццяўляецца лічбавы подпіс на ІD-картцы. Таксама запускаецца мадэрнізаваны адзіны партал электронных паслуг і абнаўляецца асабісты кабінет. У апошнім становіцца магчымая аўтарызацыя па ІD-картцы, з'яўляецца асабісты рахунак, з якога можна аплачваць электронныя паслугі і адміністрацыйныя працэдуры банкаўскай карткай, а не праз АРІП.

Ствараецца Адзіная сістэма індэнтыфікацыі юрыдычных і фізічных асоб (АС ІЮФА). З ёю абавязаныя інтэгравацца сістэмы, якія ствараюцца і для работы з якімі патрэбна строгая (у тым ліку з выкарыстаннем ІD-карткі) аўтарызацыя. Пачынаецца будаўніцтва новага будынка Цэнтра.

У далейшым будуць удасканальвацца механізмы ідэнтыфікацыі і адбудзецца спрашчэнне. З'явіцца мабільная праграма, якая дазволіць выкарыстоўваць ІD-картку як сродак ідэнтыфікацыі без прымянення счытвальніка да яе. Своеасаблівым счытвальнікам стане мабільны тэлефон з убудаваным у яго NFC-модулем, які і дазволіць аўтарызавацца на адзіным партале. Гатовы прадукт прадставяць на выстаўцы ТІБО ў красавіку.

Яшчэ больш працэдур будзе пераведзена ў электронны выгляд. Усё больш паслуг беларусам будзе аказвацца не кропкава, а шляхам аб'яднання іх у пэўныя модулі адпаведна жыццёвай сітуацыі, каб чалавек не шукаў назву патрэбнай яму адміністрацыйнай працэдуры на партале, а проста ўводзіў назву сваёй праблемы: «пераезд на новае месца», «нараджэнне дзіцяці» і іншае. І па такім запыце будзе выдавацца падборка электронных сэрвісаў, што могуць спатрэбіцца.

Будзе ўдасканальвацца і работа ПК «Адно акно», каб чалавек мог падаць заяву на атрыманне пэўнай паслугі не толькі фізічна, прыйшоўшы да аператара службы «Адно акно», а непасрэдна з адзінага партала.

Працуюць у Цэнтры і над аказаннем праактыўных паслуг (калі дзяржава сама будзе нагадваць чалавеку пра неабходныя дзеянні ў яго жыццёвай сітуацыі, напрыклад, што яму трэба стаць на чаргу ў садок ці што гатовы яго пашпарт).

Распрацоўваецца і механізм легалізацыі інфармацыі, атрыманай праз ААІС, каб ёй давяралі ў дзяржорганах. Цяпер трэба раздрукаваць атрыманую электронную інфармацыю і засведчыць яе. У будучым, магчыма, кожнаму такому дакументу пачне прысвойвацца ўнікальны нумар ці QR—код, па якім можна будзе праверыць сапраўднасць дакумента.


11 гадоў работы НЦЭП у лічбах:

Летась беларусам аказана 76,2 мільёна электронных паслуг, выпушчана 1,5 мільёна ЭЛП, да СМДА падключана больш за 16 тысяч абанентаў.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».