Вы тут

Выстава «Глеба» — убачыць самае актуальнае ў творчых пошуках моладзі


На выстаўку «Глеба», арганізаваную Мінскім дзяржаўным мастацкім каледжам імя А. К. Глебава, запрашае Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў. Экспазіцыя, якая размясцілася ў некалькіх залах будынка на Някрасава, 3, прымеркавана да 115-годдзя з дня нараджэння народнага мастака і з’яўляецца завяршальным праектам з шэрагу юбілейных, прысвечаных 75-годдзю навучальнай установы. Убачыць работы можна да 30 красавіка.


Аліна Кулінковіч «Аўтапартрэт з птушкай», 2022 г.

Летась Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А. К. Глебава святкаваў свой юбілей. Сярод знакавых падзей, якія адбыліся ў яго межах, — канферэнцыя з удзелам дэлегацыі Санкт-Пецярбургскай акадэміі мастацтваў імя Ільі Рэпіна, выстаўка яе выпускнікоў у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага. Амаль год таму ўстановы адукацыі падпісалі дагавор аб супрацоўніцтве: мяркуецца правядзенне большай колькасці сумесных праектаў і майстар-класаў. Нагадаем, што на працягу года ў розных гарадах Беларусі праходзілі выстаўкі, прысвечаныя юбілею МДМК імя А. К. Глебава. Што тычыцца сталіцы, то ў Нацыянальным мастацкім музеі працавала выстаўка работ выпускнікоў розных гадоў «Ступені майстэрства», на гэтай жа пляцоўцы ўрачыста ўручалі дыпломы і адкрылі экспазіцыю найлепшых работ выпускнікоў, у Мастацкай галерэі «Універсітэт культуры» прадставілі сучасны праект «Графіка. Плакат», у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага прэзентавалася экспазіцыя выкладчыкаў каледжа «Структура майстэрства»… Адбыўся, між іншым, і юбілейны канцэрт да 75-годдзя Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А. К. Глебава ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Максім Зубра «Вартаўнік», 2022 г.

І вось — кропка ў святкаванні. Выстаўка «Глеба» прадстаўляе жывапісныя, скульптурныя работы, арт-аб’екты і інсталяцыі, створаныя адмыслова для праекта навучэнцамі і выкладчыкамі каледжа ў 2022—2023 гг. Павіншавалі маладых аўтараў, настаўнікаў і кіраўніцтва каледжа ў асобе Аляксандра Шантаровіча старшыня Беларускага саюза мастакоў Глеб Отчык, дырэктар Нацыянальнага цэнтра сучасных мастацтваў Сяргей Крыштаповіч, сваякі Аляксея Канстанцінавіча Глебава і многія іншыя.

Як падкрэсліваюць арганізатары, назва выстаўкі ўключае некалькі аспектаў паняцця «глеба». Глебу разглядаюць як верхні ўрадлівы пласт зямлі (знакі зямлі, персефанічны міф, археалогія культуры, краявіды і г. д.). Звяртаюцца мастакі і стваральнік выстаўкі да азначэння «культурная глеба»: гэта аснова, падмурак, на якім трымаецца тая ці іншая мастацкая школа. Між тым вядома, што «глебаўкай», «глебай» навучэнцы, выпускнікі і выкладчыкі называюць родны каледж, ці вучылішча, як многія звыклі згадваць. Дарэчы, установа адукацыі носіць імя выбітнага беларускага скульптара з 1969 года. «Мінскі мастацкі каледж — гэта своеасаблівы культурны феномен другой паловы ХХ — пачатку ХХІ стагоддзяў. Ён прайшоў цікавы шлях станаўлення, пошукаў і развіцця. Як у любой навучальнай установы, у яго былі ўзлёты і падзенні, але вопыт, назапашаны многімі пакаленнямі выкладчыкаў і вучняў, стаў надзейным падмуркам для далейшага развіцця, здольным вытрымаць на сваім шляху любыя стыхіі, — падкрэсліваюць арганізатары і дадаюць: — Галоўнай вартасцю “Глебаўкі” заўсёды былі захаванне найлепшых традыцый, спалучэнне высокага выканальніцкага майстэрства з вынікамі творчага эксперыменту».

Яўгенія Новік «Раўнадзенства», 2022 г.

Выстаўка ў НЦСМ дае магчымасць убачыць самае актуальнае ў творчых пошуках маладога пакалення, вылучыць перспектыўнае і абнадзейлівае для тых, хто, цалкам верагодна, будзе ацэньваць работы ў недалёкай будучыні, калі аўтары захочуць стаць навучэнцамі той жа Акадэміі мастацтваў. Так ці інакш, аналізаваць і ацэньваць ёсць што: ад самага пачатку знаёмства з экспазіцыяй «Глеба» ўзнікае адчуванне, што асэнсаваць творы даволі складана: занадта розныя шляхі выбіраюць маладыя жывапісцы, скульптары і дызайнеры, вельмі непадобны іх светапогляд, ды і ўплыў (у нечым тая самая глеба) на творцаў, відавочна, адрозніваецца.

Цікава, да якіх тэм звяртаюцца і будуць звяртацца такія розныя — нават знешне — мастакі, як паўплываюць на непаваротлівы мастацкі працэс краіны і ці змогуць, і, галоўнае, ці захочуць гэта рабіць… Роздумы «ў нікуды»: як шмат гісторый аб непрызнанасці ці, наадварот, пераацэненасці мы помнім і (тут самае неверагоднае) яшчэ даведаемся.

Арцём Траццяковіч «Што засталося», 2022 г.

У чатырох залах НЦСМ на Някрасава размясцілася, умоўна, некалькі праектаў. Так, у адной прасторы пераважаюць яркія і насычаныя інсталяцыі, прысвечаныя тэме святла і колеру. Стварае ў гэтым кірунку Александрына Ерышава («Геаметрычныя гульні», 2022—2023; «Праявы святла», 2022—2023), якая натхняе навучэнцаў на падобныя эксперыменты: прадстаўлены калаж «Habitat (= “Асяроддзе прабывання”)». Адлюстраваны, відавочна, самі аўтары, якіх ажно дзевяць: Ульяна Венгура, Ірына Геваркова, Мар’я Глушко, Варвара Журовіч, Любава Лёля, Васілій Сыты, Паліна Табурава, Паліна Токарава і Дзіяна Шаркова. Канцэптуальная работа дэманструе запал, азарт, смеласць і свабоду мастака, які яшчэ не прыгнечаны цяжарам бясконцых ведаў і атрымлівае радасць, сапраўднае задавальненне і ад прадчування творчасці, і ад працэсу. Гэта тая самая энергія маладосці, што даецца адносна нанадоўга, але часта застаецца ўяўленнем ідэалу, утопіяй на ўсё жыццё.

Падчас адкрыцця.

Інсталяцыя «Пахаванне стралы. Трансфармацыя» (2023) — адна з ключавых частак выстаўкі. Аўтары своеасаблівага праекта Марыя Дарошка, Аліна Кулінковіч, Вікторыя Лінкевіч, Яўгенія Новік, Ганна Калініна, Лізавета Мароз, Аляксандр Галкін і Алена Белазаровіч пераасэнсоўваюць знакаміты старажытны народны абрад: праводзіўся (а ў некаторых мясцінах Гомельшчыны традыцыя яшчэ захавалася), каб надаць зямлі ўрадлівасць. Дарэчы, хавалі не толькі ляльку, як мяркуюць многія, але і грошы ці металічныя прадметы. Гэтыя аспекты і ўлічылі маладыя мастакі — у сваіх творах выкарысталі такія матэрыялы, як дрэва, грунт, жыта, тканіна, метал і іншыя. Звярнуліся яны да самых розных вобразаў і сімвалаў, у якіх выяўляецца жыццё чалавека і прадметны свет. Прытым самі кампазіцыі вельмі адрозніваюцца паміж сабой, маюць асаблівы падтэкст.

У трэцяй зале яшчэ болей адкрыта і проста ідзе гаворка аб урадлівасці глебы. Напрыклад, жывапісныя работы «Рунь» (2023) і «Пачатак» (2023) зноў-такі аўтарскага калектыву, у які ўвайшлі Марыя Дарошка, Аліна Кулінковіч, Вікторыя Лінкевіч, Ганна Калініна, Лізавета Мароз і Аляксандр Галкін. Іграе ролю ўсё тая ж шматзначнасць пэўных паняццяў, акцэнтуецца ўвага на вечных матывах у мастацтве. Тычыцца гэта і старажытнай міфалогіі і біблейскіх гісторый, да якіх звяртаюцца аўтары. Так, палатно «Дыяніс» (2022) Аляксандра Галкіна ўдала раскрывае дваістую прыроду бажаства. Зразумела, што Дыяніс асацыіруецца з урадлівасцю і багаццем, з энергіяй і любоўю да жыцця. У той жа час гэта хтанічнае і крыважэрнае бажаство, для якога не скупіліся на ахвярапрынашэнні. Гэтая тэма даволі ўдала ўпісалася ў канцэпцыю праекта.

Лізавета Мароз «Два стагоддзі (Аўтапартрэт)», 2022 г.

Якімі бы ні былі аўтарскі пачатак і ўнікальнасць задумы, выстаўка «Глеба», асабліва яе чацвёртая зала, паказвае плён сумеснай работы людзей, якія вучацца ў адных і тых жа настаўнікаў (яркі прыклад — «Раўнадзенства» ад розных аўтараў). Хоць калектыўны твор тут толькі адзін — маштабная кампазіцыя «Глеба — Ū» (2022), нават адрознасць кірунку думак, асабістая работа з матэрыялам, удасканаленне стылю кожнага з аўтараў гавораць пра шмат у чым агульны шлях і вялікія намаганні ўсіх, хто задзейнічаны ў творчым і адукацыйным працэсе.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.