Вы тут

Выстаўка мастака Андрэя Лычкоўскага сабрала прыхільнікаў культуры


Пакуль яшчэ нясмелае сонца прабіваецца праз шкляны купал выставачнай залы, асвятляе сцяну, на якой вывешаны карціны. Такое ж сонечнае святло — і на палотнах, дзе пазнаюцца знаёмыя многім краявіды. І — агульная атмасфера замілавання родным краем. Выстаўка мастака Андрэя Лычкоўскага сабрала прыхільнікаў яго творчасці ў Палацы культуры горада Узда.


Андрэй Лычкоўскі (у першым радзе другі злева) з наведвальнікамі выстаўкі.

Арганізатары часовай экспазіцыі (а гэта супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі імя П. Труса) паклапаціліся пра тое, каб як мага шырэй пазнаёміць наведвальнікаў з постаццю мастака. Ахвотныя гарталі газеты і часопісы з матэрыяламі пра творчасць Андрэя Лычкоўскага. А гэта выданні з Узды, суседніх раёнаў Мінскай вобласці, з Ліды і Мастоў, Мазыра і Гомеля, а таксама рэспубліканскія газеты і часопісы. Работы Андрэя Міхайлавіча займаюць пачэснае месца ў 32 музеях Беларусі. А гэта амаль кожны райцэнтр Мінскай вобласці, музей беларускага Палесся ў Пінску і дом-музей Адама Міцкевіча ў Навагрудку, мастацкая галерэя ў Полацку і Тураўскі краязнаўчы музей, гістарычны музей Крычава і раённы музейны комплекс імя Напалеона Орды ў Іванаўскім раёне…

Андрэй Лычкоўскі з’яўляецца не толькі ўдзельнікам, але і арганізатарам сумесных выставак мастакоў, пленэраў, якія праходзяць у розных гарадах і рэгіёнах Беларусі: Гродна, Бяроза, Пружаны, Івацэвічы, Слонім і іншыя. І ўсюды, дзе бывае, пакідае на памяць свае работы.

У выступленні перад землякамі Андрэй Міхайлавіч прызнаўся:

— Я ніколі не прадаваў свае карціны, нават у самыя цяжкія часіны. Сапраўдныя творы мастацтва павінны знаходзіцца не ў прыватных калекцыях, сямейных архівах, дзе іх змогуць пабачыць тры-пяць чалавек, а ў музейных экспазіцыях.

Але найбольш прыемна выстаўляць свае карціны перад землякамі. Яно і зразумела — пераважная большасць сюжэтаў для яго пейзажаў і нацюрмортаў узяты з наднёманскіх мясцін. Бацька Нёман паўстае перад намі ў вясновым разводдзі, летняй красе, восеньскай стракатасці фарбаў, а асабліва шмат карцін намалявана з зімовай натуры. Вось яна, прыгажосць роднага краю, перададзеная пэндзлем. Невыпадкова эпіграфам да выстаўкі абраны словы з верша народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча «Паклон табе, мой беларускі край!».

Павіншаваць мастака з адкрыццём экспазіцыі прыйшлі дзясяткі людзей з Уздзеншчыны і не толькі. Шаноўнымі гасцямі мерапрыемства сталі мастакі з Мінска. Цёплыя словы прызнання выказаў даўні сябар Андрэя Лычкоўскага, прафесар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Яўген Шунейка:

— Мастак сцвердзіўся як выдатны творца на роднай зямлі. Жывучы сярод такой чыстай прыроды, ён навучыўся ў звычайным пейзажы заўважаць усё жывое, велічнае, аптымістычнае. Маючы ўласную адметную манеру пісьма, ён не застывае ў нейкім адным кірунку, а пастаянна ўдасканальваецца і заўсёды пазнаецца сярод калег па пэндзлі.

Дапоўніў свайго настаўніка яго малады калега, аспірант Акадэміі мастацтваў, госць з Кітая Іжан Юйнін:

— Я бачу на кожнай карціне энергію, якая надае мне сілы!

Ухвалілі майстэрства уздзенскага мастака і іншыя яго калегі — Фёдар Ладуцька і Алесь Філіповіч. Жадалі творцу новых поспехаў галоўны захавальнік фондаў Уздзенскага гісторыка-краязнаўчага музея Ірына Віяленцій, кіраўнік раённай аб’яднанай арганізацыі прафсаюзаў Аксана Салавей, іншыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі раёна.

Віктар САБАЛЕЎСКІ, фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».