Вы тут

Рэгіянальнае пацяпленне «рухаецца» ў нас у тры разы хутчэй


Ужо на працягу 4—5 дзесяцігоддзяў на нашай планеце назіраецца глабальны працэс змянення клімату. Як гэтыя змены закранаюць Беларусь? Пра тое, што змянілася за апошнія дзесяцігоддзі для нашай краіны, расказала начальнік аддзела вывучэння змен клімату службы метэаралагічнага і кліматычнага маніторынгу, фонду даных Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды Наталля Клявец.


Фота: pixabay.com

Планета награваецца

Прыкладна пачынаючы з 1970—1980-х гадоў стала відавочна, што павышаецца глабальная прыземная тэмпература паветра. Але, як падкрэсліла Наталля Клявец, высновы аб змяненні клімату робяцца не толькі на згаданай падставе. Сусветная метэаралагічная арганізацыя вядзе назіранні за такімі параметрамі, як рост узроўню Сусветнага акіяна, рост канцэнтрацыі парніковых газаў, скарачэнне плошчы палярных ільдоў і іншае.

Існуе шмат тэорый сучаснага змянення клімату. Большасць кліматолагаў у свеце робіць выснову аб антрапагенным характары пацяплення, звязанага з ростам канцэнтрацыі СО2, метану і іншых парніковых газаў у атмасферы. Адзначаецца ўздзеянне дзейнасці чалавека на кліматычную сістэму, што прыводзіць да змен клімату.

Але не варта забываць і аб натуральных ваганнях клімату, якія праяўляюцца як на глабальным, так і на рэгіянальным узроўні. Напрыклад, у 2015 годзе адзначалася адна з самых моцных за ўсю гісторыю назіранняў кліматычных з'яў — Эль-Ніньё. Гэтая з'ява разам з антрапагенным уздзеяннем прывялі да таго, што менавіта 2015-ы ў свеце і на тэрыторыі Беларусі быў адным з самых цёплых.

Ёсць і іншыя версіі. Напрыклад, паводле тэорыі літасферных пліт, вялікія плошчы сушы, якія знаходзяцца ў палярных шыротах, спрыяюць паніжэнню сярэдняй тэмпературы паветра па зямным шары. А вялікія плошчы сушы ў экватарыяльных зонах — наадварот, павышэнню тэмпературы. Але, зыходзячы з гісторыі развіцця нашай планеты, дадзеная тэорыя з'яўляецца спрэчнай.

Змены клімату выяўляюцца, у першую чаргу, у росце тэмпературы паветра, павелічэнні паўтаральнасці хваль цяпла, змяншэнні ападкаў у адны месяцы года і росце ў іншыя, павелічэнні паўтаральнасці такіх небяспечных з'яў надвор'я, як высокія тэмпературы паветра, рост інтэнсіўнасці ліўневых ападкаў і іншым. Гэтыя з'явы ўплываюць на стан прыродных сістэм, эканоміку і насельніцтва.

Згодна з дакладам міжурадавай групы экспертаў па пытаннях змянення клімату, нават сярэдняе глабальнае пацяпленне прывядзе да таго, што 6 % насякомых, 8 % раслін і 4 % пазваночных жывёл страцяць больш за палову сваіх кліматычна абумоўленых геаграфічных арэалаў пры павышэнні тэмпературы паветра на 1,5 градуса.

Ужо цяпер адзначаюцца выпадкі ўварвання ў тундру дрэвападобных кустоў. Лясы ўмеранага пояса схільныя да рызыкі дэградацыі. З-за росту тэмператур паветра і дэфіцыту ападкаў у асобныя месяцы могуць узнікаць засушлівыя ўмовы, што можа прывесці да харчовага крызісу на планеце. Вырашэнне праблемы патрабуе рацыянальнага кіравання зямельнымі рэсурсамі.

У апошнія дзесяцігоддзі вялікая ўвага аддаецца рэгіянальнай кліматалогіі, паколькі стала ясна, што ў кожным рэгіёне маюцца свае асаблівасці, якія не заўсёды адпавядаюць глабальным тэндэнцыям.

З холаду — у спякоту

Калі параўнаць хуткасць росту тэмпературы паветра на тэрыторыі Беларусі з 1976 да 2021 года, то яна ў тры разы перавышае сярэднюю хуткасць за гэты ж час па зямным шары. Такая ж тэндэнцыя адзначаецца на тэрыторыях суседніх дзяржаў. «Рост сярэдняй тэмпературы па зямным шары ўжо перавысіў адзнаку ў 1 градус у параўнанні з даіндустрыяльным перыядам. А на тэрыторыі нашай краіны тэмпература расце значна хутчэй», — звярнула ўвагу прадстаўнік Белгідрамета.

Лінейны трэнд сярэднегадавой тэмпературы паветра (1976—2021 гады) для тэрыторыі Беларусі склаў 0,60 0С за10 гадоў, што перавышае хуткасць росту тэмпературы паветра па зямным шары больш чым у тры разы і ў два разы вышэй ад хуткасці тэмпературы паветра на сушы ў Паўночным паўшар'і.

В ноч с 27 на 28 лютага ў Беларусі можна было ўбачыць палярнае ззянне. Фота: БелТА.

Прыкметны рост тэмпературы паветра ў Беларусі пачаў адзначацца з 1981—1990 гадоў. Сярэдняя тэмпература паветра склала плюс 6,3 градуса. «Самыя халодныя дзесяць гадоў за ўсю гісторыю метэаназіранняў прыйшліся на 1939—1948 гады з сярэдняй тэмпературай плюс 5,2 градуса. А самым цёплым дзесяцігоддзем было апошняе — з 2013-га да 2022 года — з сярэдняй тэмпературай плюс 8 градусаў», — дадала Наталля Клявец. У цэлым адзначаецца тэндэнцыя, што кожнае наступнае дзесяцігоддзе цяплейшае за папярэдняе. Ужо цяпер сярэднегадавая тэмпература паветра ў нашай краіне на 1,7 градуса вышэйшая за тэмпературную норму ў рэгіёне.

Максімальны рост гадавой тэмпературы адзначаецца па поўдні і ўсходзе Беларусі, па поўначы яна расце меншымі тэмпамі. Ёсць і сезонныя адрозненні: сярэдняя тэмпература расце вялікімі тэмпамі ў халодны перыяд года і крыху больш павольна павялічваецца ў цёплы перыяд. У маі і кастрычніку змен практычна не адзначаецца.

Дзе залье, а дзе і высушыць

Па словах Наталлі Клявец, у Беларусі фіксуецца невялікае павелічэнне сумы ападкаў. Але гэтыя змены не такія значныя, як у выпадку з тэмпературай паветра. У апошнія дзесяць гадоў сума ападкаў была блізкая да нормы. Тут, аднак, ёсць рэгіянальныя адрозненні. Так, па паўночным захадзе, захадзе, паўднёвым захадзе і ў цэнтральных частках краіны адзначаецца невялікае змяншэнне гадавых сум ападкаў, нягледзячы на агульную тэндэнцыю. А на астатняй тэрыторыі Беларусі, наадварот, фіксуецца рост. Назіраюцца і ўнутрыгадавыя адрозненні: у халодны перыяд года сума ападкаў павялічваецца, а ў асобныя месяцы цёплага перыяду адзначаецца зніжэнне іх колькасці. Асабліва экстрэмальнымі становяцца гэтыя паказчыкі, калі недахоп ападкаў адзначаецца ў пачатку і сярэдзіне летняга перыяду.

У Беларусі расце колькасць гарачых дзён у годзе — з тэмпературай паветра плюс 25 градусаў і вышэй. Змяняецца працягласць сезонаў. З году ў год скарачаецца зіма і становіцца ўсё больш доўгім лета. Расце працягласць вегетацыйнага перыяду, ацяпляльнага ж — скарачаецца. Атрымліваецца, што клімат у нас становіцца мякчэйшым, і гэта для нашай эканомікі карысна, але... Такое пацяпленне можа суправаджацца занадта высокімі тэмпературамі.

«У нас павялічваецца колькасць небяспечных з'яў, звязаных з высокімі тэмпературамі паветра. У цёплы перыяд мы ўсё часцей адзначаем небяспечныя тэмпературы, якія дасягнулі адзнакі плюс 35 градусаў і вышэй. Таксама павялічылася паўтаральнасць небяспечных хваль цяпла», — адзначыла Наталля Клявец.

Паводле яе слоў, 58 % небяспечных з'яў, якія адзначаны на тэрыторыі краіны за апошнія дзесяцігоддзі, нанеслі шкоду галінам эканомікі і насельніцтву. З іх найбольшая ўдзельная вага прыпадае на вельмі моцны вецер і вельмі моцныя дажджы і ліўні, далей ідзе моцная спякота і буйны град.

Зімы не будзе?

Як вядома, у 2015 годзе каля 200 краін прыняло Парыжскае пагадненне — дакумент, які заклікае ўвесь свет удзельнічаць у барацьбе са змяненнем клімату. Для гэтага трэба не дапусціць росту глабальнай сярэдняй тэмпературы больш як на 2 градусы за кошт скарачэння выкідаў парніковых газаў, утрымаць пацяпленне ў межах 1,5 градуса. Беларусь у ліку першых у Еўрапейскім рэгіёне і трыццатая ў свеце ратыфікавала Парыжскае пагадненне і распачала яго рэалізацыю. Краіна плануе знізіць да 2030 года выкіды парніковых газаў не менш чым на 35 % ад узроўню 1990-га.

«Калі, нягледзячы на ўсе намаганні сусветнай супольнасці, глабальная тэмпература павысіцца да адзнакі ў 1,5 градуса, то, па прагнозах, у Беларусі зімовы сезон стане цяплейшы на тры градусы, а летні — на два градусы. А калі будзе перавышана глабальная адзнака ў два градусы, гэтыя працэсы будуць праходзіць яшчэ больш інтэнсіўна», — адзначыла Наталля Клявец.

Згодна з кліматычным прагнозам, бягучыя тэндэнцыі ў змяненні клімату ў найбліжэйшыя гады захаваюцца. Спецыялісты чакаюць павелічэння колькасці гарачых дзён, паўтаральнасці хваль цяпла і засушлівых перыядаў, а таксама зімовых адліг.

Змяненне клімату выклікае як адмоўныя, так і станоўчыя наступствы з пункту гледжання вынікаў сельскагаспадарчай вытворчасці, падкрэсліваюць аграметэаролагі. «Ваганні ўраджайнасці ў залежнасці ад умоў надвор'я з'яўляюцца аб'ектыўнай рэальнасцю. Нягледзячы на агульнае пацяпленне клімату ў краіне, мы ўсё роўна застаёмся зонай досыць рызыкоўнага земляробства», — сказаў начальнік аддзела аграметэаралогіі службы гідралогіі і аграметэаралогіі Алег Клінцэвіч.

Ён назваў істотныя станоўчыя бакі змен клімату. Перш за ўсё гэта больш працяглы вегетацыйны перыяд і рост забяспечанасці цяплом, што стварае больш спрыяльныя ўмовы для вырошчвання шэрагу культур. Такім чынам, у пэўных межах рост цеплазабеспячэння спрыяе пашырэнню і паляпшэнню структуры раслінаводства. У той жа час узмацняецца экстрэмальнасць клімату за кошт росту максімальных тэмператур паветра, павелічэння працягласці гарачых перыядаў, нарастае паўтаральнасць засух і засушлівых з'яў.

«Тэндэнцыя пацяплення ў зімовы перыяд таксама неадназначная. Зімы прыкметна пацяплелі і скараціліся, што спрыяльна для перазімоўкі раслін, пладовых дрэў і кустоў. Пры гэтым не выключаны і праблемы, звязаныя з аслабленнем загартоўкі раслін, магчымым павелічэннем верагоднасці іх пашкоджання ад перападаў тэмператур (вяртання халадоў), паколькі снежнае покрыва няўстойлівае», — звярнуў увагу начальнік аддзела аграметэаралогіі Белгідрамета.

У Беларусі прымаюцца меры для адаптацыі сельскай гаспадаркі да змен клімату. У структуры пасяўных плошчаў павялічваецца доля больш цеплалюбівых і засухаўстойлівых культур. У групе збожжавых культур усё часцей аддаецца перавага азімым, якія здольныя ў максімальнай ступені выкарыстоўваць восеньскія і вясновыя запасы глебавай вільгаці і менш пакутуюць ад летняй засухі, чым яравыя. Значна павялічыліся пасяўныя плошчы кукурузы на зерне, рапсу на насенне, укараняецца ў вытворчасць азімы ячмень, сеюць сою. Павялічваюцца плошчы вырошчвання сланечніку, агародніннага гарошку, цукровай кукурузы, спаржавай фасолі. Актыўна развіваецца садоўніцтва. Усё большую цікавасць выклікае вырошчванне зусім нетрадыцыйных для Беларусі культур: вядуцца работы па пашырэнні плошчаў вырошчвання бахчавых, ствараюцца прамысловыя плантацыі вінаграду.

Сяргей КУРКАЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.