Вы тут

Моладзь Беларусі і Расіі абмеркавала стварэнне адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы


Унікальнай падзеяй назваў Кангрэс маладых вучоных Беларусі і Расіі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Дзмітрый Мезенцаў.


Мерапрыемства аб'яднала каля 500 маладых даследчыкаў з навуковых арганізацый і вышэйшых навучальных устаноў дзвюх краін — прадстаўнікоў Нацыянальнага даследчага цэнтра «Курчатаўскі інстытут», Расійскай акадэміі навук і шэрагу яе рэгіянальных навуковых цэнтраў, аддзяленняў і інстытутаў, а таксама Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, дзясяткаў вядучых ВНУ і навукова-даследчых інстытутаў нашай краіны.

Навуковае мерапрыемства прайшло напярэдадні Дня яднання народаў Беларусі і Расіі. Гэта не проста супадзенне: навука ўяўляе з сябе наймагутнейшы інтэграцыйны складнік, таму і галоўная тэма кангрэса была сфармуляваная наступным чынам — «Маладыя вучоныя: задачы і напрамкі ўзаемадзеяння для стварэння адзінай навукова-тэхналагічнай прасторы Беларусі і Расіі».

— Што для кожнага з вас навука? Проста работа, руціна, магчымасць атрымліваць заробак? — звярнуўся Дзмітрый Мезенцаў да прысутнай на форуме навуковай моладзі. — Ці ўсё ж такі магчымасць быць датычнымі да вялізнага патэнцыялу нацыянальнай навукі, магчымасць шукаць і перамагаць, заявіць пра сябе і зрабіць сваю краіну мацнейшай? Маладыя вучоныя, якія яшчэ ўчора працавалі ў рамках сваіх лабараторый, навукова-даследчых інстытутаў і цэнтраў, сёння разам звяраюць планы і ідэі дзеля рэальных сектараў эканомікі, эканамічнай інтэграцыі, тэхналагічнай незалежнасці і высокай канкурэнтаздольнасці нашых дзяржаў.

Ён зрабіў акцэнт на супрацоўніцтве вучоных Беларусі і Расіі ў фармацэўтыцы, высокіх тэхналогіях, космасе, аграсектары, гуманітарных навуках: «Мы з вялікай павагай кажам пра тое, што ў Беларусі быў захаваны навукова-вытворчы патэнцыял. Гэта заслуга кіраўніка беларускай дзяржавы і шматтысячнага атрада вучоных, якія працуюць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі».

Дзмітрый Мезенцаў паведаміў, што больш як 80 мільярдаў расійскіх рублёў было выдаткавана на 82 праграмы Саюзнай дзяржавы ў галіне космасу, электронікі і мікраэлектронікі, аховы здароўя, адукацыі, машынабудавання, абароны і бяспекі. Сёлета ўводзяцца чатыры новыя праграмы Саюзнай дзяржавы: тры з іх — у сферы абароны і бяспекі, адна — у сферы мікрабіялогіі.

— Кангрэс маладых вучоных — не проста знакавае мерапрыемства па лініі навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва нашых краін, — падкрэсліў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расійскай Федэрацыі ў Беларусі Барыс Грызлоў — Дадзены форум ставіць перад навуковай супольнасцю Саюзнай дзяржавы канкрэтныя практычныя задачы па стымуляванні новых даследаванняў, стварэнні спрыяльных умоў для інавацыйных перспектыўных распрацовак у ключавых галінах — ад фізікі да фармацэўтыкі. Вынікі гэтых пошукаў знаходзяць сваё прымяненне ў рэальным сектары эканомікі Расіі і Беларусі, укараняюцца ў прамысловасці, ІT-галіне і сельскай гаспадарцы, паскараюць працэсы імпартазамяшчэння і ў рэшце рэшт дадуць нам магчымасць забяспечыць тэхналагічны суверэнітэт.

Асабліва важна, што ў такой маштабнай рабоце ўдзельнічаюць маладыя даследчыкі, бо менавіта яны ў найбліжэйшыя гады будуць задаваць тэндэнцыі ў развіцці навукі.

Барыс Грызлоў паведаміў, што 27 сакавіка па выніках пасяджэння Савета Міністраў Саюзнай дзяржавы было падпісана міжурадавае пагадненне аб навукова-тэхнічным і інавацыйным супрацоўніцтве, якое надасць новы імпульс узаемадзеянню ў згаданай сферы.

Ужо цяпер вядуцца работы па 20 сумесных праектах у самых запатрабаваных галінах. «Гаворка ідзе ў першую чаргу аб машынабудаванні і электроніцы. Пры гэтым мы пашыраем гарызонт планавання і гаворым ужо не проста аб правядзенні сумесных прыкладных даследаванняў, але і аб рэалізацыі маштабных праектаў узроўню «мегасаенс». Сведчанне таму — адкрыццё філіяла Курчатаўскага інстытута на базе Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (яно адбылося ў рамках кангрэса. — Аўт.).

— Навука ў Беларусі, як і ў Расіі, здольная вырашаць прыярытэтныя задачы любой складанасці па шырокім коле праблем, — у гэтым упэўнены старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў. — Напрыклад, беларуская навука мае сёння кампетэнцыі нават у тых сферах, дзе раней ніколі іх не мела: гэта космас, атамная энергетыка, штучны інтэлект, кампазіты, высокія тэхналогіі ў ІТ, біясферы, нанасферы. Мы нават прысутнічаем у Антарктыдзе. У шэрагу даследаванняў нашы ідэі і падыходы не маюць аналагаў у свеце. У нас дзейнічаюць дарожныя карты супрацоўніцтва з Расійскай акадэміяй навук, Нацыянальным даследчым цэнтрам «Курчатаўскі інстытут», Аб'яднаным інстытутам ядзерных даследаванняў у Дубне, навукова-даследчым цэнтрам «Сколкава». У Беларусі цяпер адаптаваны ўсе найлепшыя сусветныя практыкі, якія забяспечваюць высокую прадукцыйнасць даследаванняў і прамую сувязь навукі і вытворчасці.

Уладзімір Гусакоў адзначыў, што ў Нацыянальнай акадэміі навук, як і ўвогуле ў краіне, функцыянуе зладжаная і эфектыўная сістэма работы з моладдзю, якая ахоплівае ўсе сферы яе інтарэсаў: ад асабістай самарэалізацыі да творчых памкненняў і ўдасканалення прафесійных кампетэнцый. У акадэмічным асяроддзі назіраецца прыкметнае амаладжэнне навуковага патэнцыялу. Штогод у акадэмічныя інстытуты і навукова-практычныя цэнтры прыходзіць больш як 300 маладых даследчыкаў з кола выпускнікоў ВНУ. І калі сярэдні ўзрост работнікаў акадэміі яшчэ нядаўна перавышаў 60 гадоў, то сёння ён складае 46 гадоў. Доля даследчыкаў ва ўзросце да 29 гадоў вырасла за апошнія пяць гадоў з 18 да 30 працэнтаў, з іх 15 працэнтаў — гэта маладыя кандыдаты навук. У НАН дзейнічае вельмі эфектыўны праект «Вучоны пад ключ» — разгалінаваная сістэма прэміравання маладых даследчыкаў, ёсць імянныя стыпендыі, штогод папаўняецца банк «100 маладых талентаў НАН Беларусі», а магчымасці зарабляць дадаткова практычна неабмежаваныя (праз дагаворы з прадпрыемствамі, міжнародныя гранты, гранты па тэматыцы канкрэтных лабараторый і гэтак далей). Паспяхова вырашаюцца і праблемы з забеспячэннем жыллём. Новая форма прафарыентацыі і агітацыі за прафесію вучонага — стварэнне маладзёжных акадэмій у розных галінах навуковых ведаў і прыцягненне ў іх рамках да навуковай дзейнасці школьнікаў і студэнтаў.


Варта дадаць, што рашэнне аб правядзенні Кангрэса маладых вучоных было прынята ў снежні мінулага года прэзідэнтамі Беларусі і Расіі Аляксандрам Лукашэнкам і Уладзімірам Пуціным. Арганізатарам форуму выступіў Пастаянны камітэт Саюзнай дзяржавы. Адным з важных вынікаў работы Кангрэса стане фарміраванне ў хуткім часе сумесных маладзёжных навуковых калектываў дзвюх краін, якія будуць працаваць разам над важнымі навуковымі праблемамі

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».