Вы тут

У Салігорскім раёне адбылося комплекснае вучэнне


Комплекснае вучэнне па абароне насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару, грамадзянскай абароне праходзіць у раёне з 29 па 31 сакавіка. Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ва ўзаемадзеянні з іншымі службамі адпрацавалі алгарытм дзеянняў пры ліквідацыі наступстваў рознага роду здарэнняў.


Першая практычная ўступная прайшла на вадасховішчы. Паводле легенды, з-за пашкоджання плаціны, дэфармацыі засаўкі вадаскіду пад пагрозай затаплення аказаўся гарадскі пасёлак Старобін. Дапамога спатрэбілася мясцоваму жыхару. Ратавальнікі і работнікі Таварыства ратавання на водах даставілі мужчыну на бераг. Ён не пацярпеў.

Акрамя таго, адрэзанымі вадой аказаліся дзесяць чалавек. Іх хаты затапіла. Ратавальнікі на лодцы перавезлі людзей на іншы бераг. Іх даставілі ў Старобін, дзе быў арганізаваны пункт папярэдняга збору для размеркавання пацярпелых ад стыхіі. Дарэчы, на вуліцы пастаянна гучала інфармацыя, што неабходна ўзяць з сабой, пакідаючы дамы. Нягледзячы на тое, што гэта вучэнні, службы раёна дзейнічалі як у рэальнасці. 

На месца аварыі аператыўна прыбыла камісія па надзвычайных сітуацыях, былі дадзены неабходныя даручэнні ўсім службам. Неўзабаве на дамбу прыбыла ўся неабходная тэхніка для правядзення аднаўленчых работ. Выратавальнік-альпініст прыбраў старонні прадмет, які трапіў у шлюз дамбы, што дазволіла па-ранейшаму рэгуляваць пропуск вады ў штатным рэжыме. Эвакуацыйная камісія пры райвыканкаме забяспечыла адсяленне насельніцтва з затопленых домаўладанняў. Уладкаваныя месцы для сну, харчаванне і магчымасць атрымаць першую дапамогу былі арганізаваны на базе старобінскай школы.

Наколькі важна для раёна быць гатовымі да такіх надзвычайных сітуацый, расказаў старшыня раённай камісіі па НС, намеснік старшыні Салігорскага райвыканкама Кірыл Алёхін: «Адпрацоўваюцца сітуацыі, якія максімальна характэрныя для нашага раёна. Калі нават разгледзець прарыў дамбы, то ў рэальнасці гэта 11 падтопленых населеных пунктаў, дзе пражывае дзве тысячы жыхароў. Усе службы павінны быць гатовы максімальна аператыўна аказаць дапамогу людзям, каб захаваць іх здароўе і жыцці. Гэта датычыцца і любых іншых надзвычайных сітуацый». Наступнай стыхіяй, з якой змагаліся ратавальнікі, работнікі лясгаса і землекарыстальнікі, стаў агонь. Па легендзе, адбылося ўзгаранне лесу непадалёк ад Салігорска. З-за позняга выяўлення стыхія распаўсюдзілася на торфамасіў. Як адзначылі прадстаўнікі лясгаса, паміж работнікамі МНС і лясніцтвам наладжана цеснае ўзаемадзеянне па рэагаванні на загаранні ў лясах.

Чаму падчас вучэнняў акцэнт быў зроблены на ліквідацыю пажараў у прыродных экасістэмах, патлумачыў намеснік начальніка Мінскага абласнога ўпраўлення МНС Віталь Пякурын: «За час вучэнняў будзе адпрацавана каля 16 уводных. Мэта — прапрацаваць узаемадзеянне ўсіх службаў, каб выявіць моманты, якія патрабуюць дапрацоўкі, каб, у выпадку рэальнай надзвычайнай сітуацыі, дапамога людзям была аказана максімальна аператыўна. Тыя сітуацыі, якія мы прапануем для прапрацоўкі, актуальныя для пары года і рэгіёну. Наперадзе — пажаранебяспечны сезон. Што да Салігорскага раёна, то тут не раз даводзілася ліквідаваць тарфяныя пажары на вялікіх плошчах, тушэнне доўжылася некалькі сутак».

Ліквідацыю надзвычайнай сітуацыі ратавальнікі ажыццявілі і на тэрыторыі чыгуначнай сліва-наліўнай эстакады, дзе адбылася разгерметызацыя чыгуначнага вагона-цыстэрны з хімічна небяспечным рэчывам. Супрацоўнікі МНС наклалі бандаж на цыстэрну і ўсталявалі вадзяную заслону для асядання воблака хімічна-небяспечнага рэчыва.

У гэты ж час у будынку вытворчага цэха аднаго з прадпрыемстваў горада адбылася разгерметызацыя сістэмы. У выніку здарэння пацярпела супрацоўнік прадпрыемства. Газаўратавальная служба ліквідавала аварыю, дапамогу пацярпелай аказала сандружына.

Таксама падчас вучэнняў быў прапрацаваны і шэраг іншых надзвычайных сітуацый. Праверка гатоўнасці службаў раённага звяна працягнецца сёння.

Вераніка КАНЮТА

Фота прэс-службы Мінскага абласнога ўпраўлення МНС

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.