Вы тут

Лукашэнка: Беларусь сама ні на каго не нападзе, але адэкватна адкажа на агрэсію


Традыцыйна пасля Паслання беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Прэзідэнт адказвае на пытанні запрошаных. І па традыцыі — шчыра і адкрыта.


«Мы не дапусцім, каб бот чужога салдата пераступіў нашу граніцу»

Старшыня Свіслацкага райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі спытыў, як кіраўнік дзяржавы ставіцца да неадназначнай рэакцыі некаторых прадстаўнікоў грамадства да размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Нядаўна з’яўвіўся ўкід, што нібыта 80 працэнтаў насельніцтва супраць гэтага рашэння. Ён таксама адзначыў, што ў інтэрнэце распаўсюджваюцца меркаванні аб увядзенні санкцый і міратворчага кантынгенту, асабліва ў недружалюбных краінах. «Мы ніколі ініцыятыўна не пераступім граніцу Беларусі. Нам дастаткова сваёй зямлі. Я толькі што гаварыў аб дэмаграфічнай бяспецы. Дай бог нам у два разы больш людзей на гэтай тэрыторыі, чым ёсць зараз. Таму мы не збіраемся ні на кога нападаць. Але мы і не дапусцім, каб бот чужога салдата або іншаземца, недружалюбна нам настроенага, пераступіў нашу граніцу. Будзем рэагаваць адэкватна. Ядзерная зброя не будзе прымяняцца, бо ў Беларусі дастаткова іншай зброі, каб супрацьстаяць такой агрэсіі. Але калі мы будзем бачыць, што за гэтым хаваецца знішчэнне нашай краіны, мы прыменім усё, што ў нас ёсць», — адказаў Аляксандр Лукашэнка. Размяшчэнне міратворчага кантынгенту Прэзідэнт назваў даўняй марай збеглых беларусаў: «Як мінімум у 2020 годзе, калі б мы не перамаглі, то яны адназначна прапанавалі б увесці міратворцаў сюды. На тым этапе гэта было б нармальна. Потым гэтыя міратворцы прывялі б іх да ўлады, і вы ўжо ведаеце, дзе б была краіна. Яны лічаць, што з’явілася нагода зноў заявіць аб міратворчым кантынгенце. Я не супраць — хай заўтра Уладзімір Пуцін або Сі Цзіньпін папросяць увесці да нас міратворчы кантынгент». Але, па словах беларускага лідара, недружалюбныя краіны не міратворцаў хочуць увесці. У гэтым кантынгенце не будзе месца рускім і кітайцам. Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што яны хочуць ужо і ў Польшчу ўвесці такі кантынгент, каб абараніць, што для беларускага боку абсалютна непрымальна. «Мы з Пуціным абмяркоўвалі гэтую тэму, яны ж хочуць раздзярбаніць Украіну пад шумок. І ведаеце, хто прэтэндуе на гэты прынадны кавалак Украіны на захадзе. Няхай выкінуць са сваёй шалёнай галавы гэтую думку. Ніхто не дапусціць, каб яны, раздзяліўшы Украіну, забралі гэты захад, а тым больш Беларусь. Які міратворчы кантынгент? Хто тут будзе міратворцам?» — задаў рытарычнае пытанне Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што сваю прэзідэнцкую кампанію пачынаў у Свіслацкім раёне. Нагадаў, што калісьці там пачыналі рэалізоўваць цікавы праект па лесаперапрацоўцы. Чаго б ні каштавала — яго трэба завяршыць. Аляксандр Вярсоцкі запрасіў Прэзідэнта прыняць удзел у каравай-фэсце «Бацькава булка», на што атрымаў станоўчы адказ.

«Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт»

Аглядальнік Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Андрэй Мукавозчык пацікавіўся, ці не час паказаць беларускаму грамадству сапраўдны твар англасаксаў. Ён растлумачыў сваё меркаванне тым, што менавіта з падачы англасаксаў напаляецца сітуацыя вакол беларускіх граніц: закрыццё пагранпераходаў, узвядзенне платоў, ад іх разгортваецца русафобія і беларусафобія . Аляксандр Лукашэнка на гэта адказаў, што ён не прыхільнік рэзкіх рухаў і не прыхільнік таго, каб усіх абвінавачваць агулам. Прэзідэнт паабяцаў, што ў хуткім часе раскажа журналістам шмат цікавага. «Вы пераканаецеся, што англасаксы розныя. Нават на самым высокім узроўні. Нават тыя, хто супраць нас, так ці інакш арганізуюць тэрарыстычныя акты і мерапрыемствы рознага кшталту. Яны ўсе розныя. Таму не будзем паўтараць іх памылкі і ісці агулам. Але тое, што трэба называць сваімі імёнамі асобныя рэчы і мерапрыемствы, — гэта сапраўды трэба. Думаю, што і ўрад, і губернатары, і новы міністр адукацыі гэта пачуюць», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на розныя санкцыі і абмежаванні, беларусы працягваюць працаваць. А санкцыі і абмежаванні, наадварот, падштурхнулі нас да паспяховай працы. «Нам трэба ўсім варушыцца. І найперш тым, хто працуе ў вертыкалі ўлады... Не было б шчасця, ды няшчасце дапамагло. Што да русафобіі, санкцый — і гэта мы перажывём. Мы паглядзім, куды яны паедуць», — канстатаваў беларускі лідар. Тым больш што, па яго словах, у Еўропе ўжо пачынаюць цверазець, пачынаюць разумець, што «стрэлілі не толькі сабе ў нагу — некаторым нават галаву прастрэлілі». Але, як звярнуў увагу Прэзідэнт, выхаваннем і падрыхтоўкай да самастойнага жыцця неабходна займацца.

«Патрыёта можа выхаваць толькі патрыёт. А гэта ўжо пытанне да нас. Трэба падумаць, колькі ў нас такіх патрыётаў. Іх, вядома, пераважная большасць. Але нямала і тых, хто сёння думае інакш... Таму ў гэтым напрамку будзем дзейнічаць. А вы, журналісты, не аслабляйце ціск на адпаведных службовых асоб», — падсумаваў кіраўнік дзяржавы.

«Трэба паказаць усяму Захаду сапраўдную дэмакратыю»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Святлана Горваль звярнула ўвагу, што ў наступным годзе Усебеларускі народны сход пачне сваю работу ўжо як канстытуцыйны орган. Яна пацікавілася, на што УНС трэба зрабіць упор у пачатку работы і ці справіцца сход з ускладзенымі на яго абавязкамі. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, шо УНС — гэта не копія парламента, не дублюючы орган. УНС закліканы вырашаць фундаментальныя пытанні, пры гэтым не перашкаджаючы працаваць існуючым органам улады: і Прэзідэнту, і ўраду, губернатарам і гэтак далей. У якасці прыкладу фундаментальнага пытання, якое павінен вырашаць УНС, кіраўнік дзяржавы прывёў пагрозу інтэрвенцыі або абвал эканомікі, а таксама пытанні развіцця, якія маюць стратэгічнае значэнне. «Гэта трэба пракантраляваць. Каб мы не спарадзілі нейкую алігархічную, буржуазную, старымі тэрмінамі кажучы, рэспубліку. Гэта арганізацыя, якая не павінна шумець, крычаць гвалтам. УНС павінна сабрацца тады, калі яно патрэбна. Або калі трэба абмеркаваць нейкае пытанне», — папярэдзіў Прэзідэнт. Ён падкрэсліў, што трэба знайсці для УНС на практыцы месца ў гэтым сэнсе. Пераканаць усіх дэлегатаў, якія будуць абраны на Усебеларускі народны сход, што яны нікога не падмяняюць і нікому не перашкаджаюць. Па словах Прэзідэнта, тэма першага пасяджэння якраз і будзе аб гэтым. Таксама ён адзначыў, што новы канстытуцыйны орган будзе дзейнічаць як народнае веча. «На гэтым народным вечы павінны быць хворыя душой і сэрцам за краіну людзі, якія нікому не павінны дазволіць збочыць з таго шляху, які мы вызначылі і якім будзем рушыць далей. Работа УНС будзе залежаць ад Прэзідэнта, які арганізоўвае гэты працэс. УНС не орган, дзе будуць мітусіцца. Там будуць вырашацца пытанні. І трэба прывучыць наш народ, асабліва органы ўлады, прыслухоўвацца да таго, пра што будуць гаварыць на Усебеларускім народным сходзе. І зрабіць так, каб ні ў якім разе не адбылося сутыкнення дзеючай сістэмы ўлады — Прэзідэнта, дапусцім, і УНС (прэзідыума, старшыні). Гэта трэба выбудаваць. Трэба навучыцца жыць нармальна і паказаць усяму Захаду сапраўдную дэмакратыю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Нельга пазбаўляць любімага віду спорту і сродкаў да існавання»

Прэзідэнта папрасілі пракаментаваць абмежаванні міжнародных спартыўных арганізацый адносна беларускіх спартсменаў. Аляксандр Лукашэнка згадаў знакамітую фразу спартыўнага каментатара Мікалая Озерава: «Такі хакей нам не патрэбны!»

«Такі спорт нам не патрэбны. Ніякі гэта не спорт. Гэта ўжо напрамак палітыкі. І нават не палітыкі, гэта ўжо напрамак вайны. Вы ведаеце, хто гэта задумаў, чаму гэта адбываецца», — адзначыў ён. Беларускі лідар заўважыў, што з-за канфліктаў у Сірыі, Лівіі, Афганістане, Іраку з падачы Захаду ніхто нікога не адхіляў.

Аляксандр Лукашэнка прывёў яшчэ адзін прыклад паводзін ЗША на сусветнай арэне. Так, Аўстралія разарвала кантракт з Францыяй на вытворчасць падлодак дзеля дамовы з ЗША. Беларускі лідар расказаў, што закранаў гэтую тэму ў размове з Прэзідэнтам Францыі Эмануэлем Макронам. «Я гавару: растлумач мне, калі ласка, вы ж ядзерная дзяржава? Як можна так зрабіць з ядзернай дзяржавай? Навошта вы аддалі гэты кантракт?» — «У нас яго забралі», — адказвае. Як у ядзернай дзяржавы забралі кантракт? Вось так яны (ЗША. — Рэд.) сябе паводзяць у адносінах да больш магутных дзяржаў, да сваіх сяброў. Таму ў гэтым плане нам трэба супакоіцца«, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт падкрэсліў, што, нягледзячы на абмежаванні, у беларускіх спартсменаў усё роўна ёсць спаборніцкія пляцоўкі, у тым ліку ў Расіі, у КХЛ. Ён заўважыў, што МАК паціху адступае ад жорсткіх патрабаванняў. Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не супраць, каб спартсмены заявілі, што яны супраць вайны. У тым ліку супраць вайны ў Сірыі, Афганістане і іншых краінах.

«Мы павінны змагацца, каб дапамагчы нашым спартсменам. Калі наш спартсмен, напрыклад, Недасекаў, выйдзе і выступіць і ў яго не будзе на дадзены момант нашага сцяга, у нас што, менш гонару будзе за яго? Гэта патрыёт, гэта наш чалавек. Або Арына Сабаленка. І поспехі, і няўдачы не залежаць ад таго, будзе са сцягам або без сцяга. Таму я зыходжу з асобы спартсмена. Гэта яго жыццё. Нельга пазбаўляць любімага віду спорту і сродкаў да існавання. Ну не хочаце, каб мы выступалі пад сваім сцягам... Добра, пацерпім. Хоць гэта мярзота: чаму вы пад сцягам, а мы не? Мы гэта вытрымаем. Гэта трэба перажыць», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

«Наступаць заўсёды складаней, чым абараняцца»

У пытаннях запрошаных працягнулася і тэма канфлікту ва Украіне.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў што Расія мае ўсё, каб адбіць любое контрнаступленне ва Украіне. Таму, па яго словах, ніякага поспеху ў «контрнаступленні» не будзе. «Наступаць заўсёды складаней, чым абараняцца. І Расія мае ўсё для таго, каб адбіць любое контрнаступленне. Любое. Навошта ад украінцаў гэтага патрабаваць? Бо колькі загіне ні ў чым не вінаватых людзей!» — сказаў ён. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што, калі ўкраінцы не адваююць свае тэрыторыі, тады і Захад, у тым ліку ЗША, будуць гатовы да перагавораў. «Яны падштурхоўваюць гэту вайну. Яны яе і развязалі. Але вялікае бачыцца на адлегласці. Я вам толькі штрыхамі абкрэсліў прычыны гэтага канфлікту, але потым я вам іх больш назаву і больш істотныя прычыны», — паабяцаў Прэзідэнт.

Па словах беларускага лідара, калі б прайшлі перагаворы, сітуацыя была б зусім іншая. А калі б выканалі Мінскія пагадненні, ужо былі б у межах Украіны і вялі перагаворы па Крыме.

У працяг тэмы, адказваючы на адно з пытанняў, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў момант заключэння Мінскіх пагадненняў усё было сур’ёзна. А заявы былых еўрапейскіх лідараў, што рушылі ўслед, што гэта была проста ўлоўка, каб падрыхтаваць і ўзброіць Украіну, — няпраўда. «Гэта брахня! Тады не думалі, што час выйграюць. Гэта цяпер Украіна змагаецца, яна супрацьстаіць другой арміі свету, «агрэсару» і іншае... Яны ж тады ў Мінску не за гэта былі. Цяпер гэта непапулярна. І яны хацелі паказаць, якія яны героі. Яны адтэрмінавалі гэтую вайну на 6-7 гадоў і далі магчымасць Украіне ўзброіцца, — заўважыў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўкраінскае пытанне будзе абмяркоўвацца на Вышэйшым дзяржсавеце Саюзнай дзяржавы. «Але час упушчаны. Загінула шмат людзей. Гэта катастрофа. Пройдзе час, і мы зможам знайсці прычынна-выніковыя сувязі і ацэнім, хто мае рацыю, хто вінаваты», — падкрэсліў беларускі лідар. Прэзідэнт расказаў, што яны з Уладзімірам Пуціным плануюць сустрэцца яшчэ да пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы. Па словах беларускага лідара, Уладзімір Пуцін патэлефанаваў некалькі дзён таму, прапанаваў гэты алгарытм. «Прыкладна як ён вёў перагаворы з Сі Цзіньпінам. Мы абмяркуем некаторыя пытанні, якія не падлягаюць абмеркаванню на Вышэйшым дзяржаўным савеце. І прымем адпаведнае рашэнне, якое датычыцца ВДС», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Зараз у Беларусі адбываецца актыўнае партыйнае будаўніцтва, што таксама не засталося без увагі. У прыватнасці, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алег Гайдукевіч агучыў намер змяніць назву «Ліберальна-дэмакратычная партыя» на «Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі». Аляксандр Лукашэнка адказаў, што ён не супраць. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што выступае за стварэнне роўных умоў пры партыйным будаўніцтве.

«Ніякая тэхніка не дапаможа, калі не будзе сапраўдных байцоў»

У Палацы Рэспублікі шмат казалі пра вайну, у тым ліку і пра інфармацыйную. Адказваючы на пытанне дэкана факультэта журналістыкі БДУ Аляксея Бяляева, Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь не прайграе інфармацыйную вайну. «Самае галоўнае — вы — журналісты, палітолагі — цяпер на вастрыі. Вы малайцы, вы шчыра змагаецеся за сваю краіну, за нашу Беларусь. Таму я вам вельмі ўдзячны. Цяпер ідзе вострая фаза інфармацыйнай вайны. Гэта ўжо не процідзеянне, не проціборства, гэта — вайна, якая развязана ў тым ліку супраць нас», — сказаў ён. Прэзідэнт падкрэсліў, што мы навучыліся на інфармацыйным полі і ваяваць, і контратакаваць. Таму мы не можам прайграць гэтую вайну. «Прайграем інфармацыйную вайну — значыць, акунёмся ў вайну цяперашнюю. У найбліжэйшы час мы дадаткова прымем адпаведныя меры для таго, каб узмацніць нашу прапаганду і агітацыю. Прапагандаваць будзем найлепшае, агітаваць будзем за найлепшае», — сказаў Прэзідэнт.

Аляксей Бяляеў заўважыў, што сёння інфармацыйнае супрацьстаянне разгарнулася паўсюдна: маштабна размнажаюцца фэйкі, якасныя падробкі — хлусня, якую цяжка выкрываць нават прафесіяналу. Дэкан пацікавіўся, на якія моманты трэба звяртаць увагу пры падрыхтоўцы маладых журналістаў — новай змены байцоў інфармацыйнага фронту. Ён спытаў, што тут больш важна: тэхнічнае абсталяванне або патрыятызм. «Ніякая тэхніка вам не дапаможа, калі не будзе гэтых сапраўдных байцоў. Усё проста: рабі, як я. Гэта мой прынцып. У нас цяпер цэлая плеяда новых журналістаў — адкрыліся сапраўдныя, талковыя, на розны густ. Яны ўсе розныя, цэлая палітра. І галоўнае ім — глядзець не толькі ў гэтыя гаджэты, але і тэлевізар, рабіць адпаведныя высновы. А мы іх не павінны ўпусціць: і прапаганда, і агітацыя — тут усё падыходзіць, — адказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт расказаў, што нядаўна да яго ў рукі трапіла цікавая запіска ад чалавека, які жыве за межамі краіны, але хвалюецца за Беларусь. Ён паказаў погляд з боку на нашыя сродкі масавай інфармацыі і з душэўным болем на пяці лістах напісаў, дзе мы не дапрацоўваем. Беларускі лідар даручыў накіраваць ліст для вывучэння адказным асобам. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў дэкану факультэта журналістыкі прыехаць і больш канкрэтна пагаварыць пра фэйкі і іншыя пытанні, якія ўзнікаюць у інфармацыйным полі краіны.

«Святлане трэба дадому»

Адказваючы на пытанні, Аляксандр Лукашэнка параіў збеглым вяртацца дадому. Ён нагадаў, што сярод збеглых утварылася за мяжой тры цэнтры: офіс Святланы Ціханоўскай, «НАУ» ў Польшчы на чале з «лахушкамі» і яшчэ Цапкала, які боўтаўся паміж імі і ў выніку апынуўся ў Германіі. Ва ўмовах, калі ЗША трацяць значныя сумы на падтрымку Украіны, фінансаванне беларускіх збеглых абмежавана. «Амерыканцы патрабуюць: „Грошай дадзім, але аб’ядноўвайцеся“. А як аб’ядноўвацца? Усе ж „разумныя“, аб’яднацца не могуць. Выпрацавалі адну стратэгію, на якой сыходзяцца, — „харугвы“ і полк адпаведны ва Украіне, будзем фарміраваць баявыя атрады», — расказаў аб планах збеглых Аляксандр Лукашэнка.

Мэта гэтых атрадаў — прайсці праз граніцу, захапіць раённы цэнтр і прад’явіць умовы Аляксандру Лукашэнку. Прэзідэнт папярэдзіў, што, калі яны толькі сунуцца, адказ будзе імгненны і жорсткі: «Сілавікі нашы да гэтага гатовы. Я ім толькі яшчэ раз паўтару: у палон не бяром, — канстатаваў ён. — Да актыўных дзеянняў гэтыя «палкі» падштурхоўваюць палякі і амерыканцы. «Што ж мы вам грошы будзем даваць, а вы нам абяцаеце, што ўладу перавернеце ў Беларусі (яны ж разумеюць, што гэта немагчыма). Таму давайце ва Украіну і пакажыце». Аднак калі гэтыя фарміраванні трапілі на фронт, палова — калекі і загінулыя. Прычым ніхто іх нават хаваць на радзіму не прывёз. «А калекі... без нагі, без рук... Уявіце, ён там, ва Украіне, камусьці патрэбен будзе пасля гэтага? Яны сабраліся супраць сваёй краіны, сваёй радзімы, дзе атрымалі адукацыю, ахову здароўя бясплатную, дзе ў іх сваякі жывуць, у некаторых уласнасць тут ёсць — яны хочуць супраць нас ваяваць. Што ж, мы гатовы. Давайце паспрабуйце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што для тых, хто мае намер усё ж вярнуцца ў сваю краіну, спосабы вядомыя. Прэзідэнт адзначыў, што такія магчымасці ёсць нават у такіх, як, напрыклад, Святлана Ціханоўская. «Яна сёння разумее, што яе выкарыстоўваюць як ляльку, і яна не бачыць іншага выйсця, акрамя як ісці на повадзе. Гэтыя агідныя праамерыканцы, якія праплачваюцца спецслужбамі, водзяць яе ўсюды. Зараз павезлі чарговы раз у Амерыку. Але Святлане трэба дадому. Браць дзетак сваіх, маці тут у яе... Дадому трэба хутчэй ехаць. Колькі ёй там, 10-12 гадоў далі за супрацьпраўную дзейнасць? З Сяргеем Ціханоўскім магла б у адной камеры пасядзець. Гэта ж усё ж такі муж... Адседзела б нейкі час. Але паглядзелі б, што, калі не такая злосная яна была, добра сябе паводзіла, спецвопратку шыла, дзеці б прыязджалі, мама і гэтак далей, нейкі рэжым бы стварылі...» — сказаў ён.

Юрый Васкрасенскі спытаў, ці можа разглядацца абмен Андрэя Пачобута, асуджанага ў Беларусі і які мае пашпарты Беларусі і Польшчы, на ўмовах, што польскі бок адновіць рух у пункце пропуску «Баброўнікі» на граніцы. Прэзідэнт адказаў, што гэта не прымае і кавалак зямлі на чалавека не мяняе. Але ён назваў умовы, на якіх падобны абмен можа адбыцца. «Скажу публічна: калі яны хочуць Пачобута абмяняць на нешта, ну дык у Польшчы „Лахушка“... Зрэшты, рабіць такі абмен „сам-насам“ Беларусь не стане. Толькі калі ў краіну вернуць усю групу, якая назвала сябе „НАУ“ і размяшчаецца ў Польшчы. Перадай ім. Да вечара вырашым пытанне. Я не супраць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. У працяг размовы была згадана гісторыя з Анжалікай Борыс, якая таксама прадстаўляе польскую нацыянальную меншасць у нашай краіне. Пасля вызвалення яна вырашыла застацца ў Беларусі, жыве звычайным жыццём, бесперашкодна выязджае ў іншыя дзяржавы, але мяняць месца жыхарства не збіраецца.

«Чалавек, які прайшоў студэнцкі атрад, — надзейны»

Прадстаўнік студатрадаўскага руху прапанаваў Прэзідэнту даверыць БРСМ удзел у стварэнні Рэспубліканскага патрыятычнага цэнтра на базе Кобрынскага ўмацавання Брэсцкай крэпасці і па добрай традыцыі аб’явіць гэты аб’ект Усебеларускай маладзёжнай будоўляй. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў вывучыць гэтую прапанову. «Тым больш вы мне людзі не чужыя, родныя», — сказаў ён. Прэзідэнт расказаў, што сам двойчы быў у студэнцкім атрадзе, зарабляў грошы. «Шчыра кажучы, у тыя савецкія часы трэба было проста зарабіць грошы, каб апрануцца прыстойна і не выглядаць белай варонай сярод студэнтаў, а гэта ў асноўным былі дзеці начальнікаў і іншае. Я не хачу пра іх нічога дрэннага сказаць, але яны рэзка адрозніваліся ад некалькіх вясковых, як я. Таму трэба было зарабіць грошы, каб апрануцца і нармальна пайсці ў ВНУ», — успомніў ён. Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што развіццё студатрадаўскага руху ў Беларусі цесна звязана з асобай Прэзідэнта і зыходзіла з таго, што моладзь у студэнцкіх атрадах атрымлівае дадатковы вопыт.

«Першы раз я працаваў на будоўлі, другі — на меліярацыі. І гэтыя навыкі мне зараз спатрэбіліся вельмі сур’ёзна, асабліва ў галіне меліярацыі. Я разумеў, што чалавек, які прайшоў праз студэнцкі атрад, — ужо напалову надзейны, а можа, і больш, чым напалову», — падзяліўся Аляксандр Лукашэнка.

«Калі моладзь, БРСМ да гэтага падключацца, я буду вельмі рады аб’явіць гэтую будоўлю маладзёжнай. Тым больш у „Хатыні“ вы нас не падвялі», — адзначыў Прэзідэнт. Ён дадаў, што дзяржава будзе ўсяляк дапамагаць, але «і бізнес трэба таксама да гэтага падцягваць».

«Будзе эканоміка — ніякія ракеты, тэрарысты нам не страшныя»

У цэлым Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу доўжылася больш за чатыры з паловай гадзіны. Падводзячы вынікі мерапрыемства, Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на тым, што беларусам трэба прайсці складаны перыяд і пры гэтым нічога не страціць. «Я ўжо адчуваю па першым квартале, што ў нас ёсць магчымасць, перш за ўсё ў эканоміцы, прыбавіць. І мы павінны прыбавіць. Я вас вельмі прашу, давайце зоймемся сваёй краінай. Будзе эканоміка — ніякія ракеты, узброеныя тэрарысты і іншае нам не будуць страшныя. Дайце мне гэтую эканоміку. Гэта залежыць ад вас. Усё астатняе я вырашу сам», — адзначыў Прэзідэнт.

Размову кіраўнік дзяржавы назваў карыснай: «Таму пераканаўча прашу тых, хто мяне сёння пачуў, і тых, хто ўсё ж такі хоча нашага суверэнітэту і незалежнасці, дзейнічаць у гэтым ключы. Каб нам не давялося яшчэ адзін аднаго падганяць. Я разумею, што пачулі нас многія, але не ўсе будуць актыўна варушыцца. Вы ж ведаеце: у рацэ на тое і шчупак, каб карась не драмаў. Таму мы зробім усё для таго, каб рэалізаваць тыя планы, якія мы з вамі намецілі».

Валерыя СЦЯЦКО

Вераніка КАНЮТА

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове. 

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?