Вы тут

Навошта беларусу асабісты электронны кабінет


Атрыманне розных дзяржпаслуг і інфармацыі з дзяржорганаў для вырашэння жыццёвых сітуацый у лічбавай прасторы становіцца неад’емным правам грамадзян у сучасным грамадстве,  і дзяржава актыўна працуе ў гэтым накірунку. На адзіным партале электронных паслуг, з дапамогай якога беларусы лічбава ўзаемадзейнічаюць з дзяржавай, праз асабісты электронны кабінет атрымліваючы паслугі, летась з’явілася 37 новых паслуг і чатыры адміністрацыйныя працэдуры.


Фота: pixabay.com

Ці «адмыкаць» кабінет?

Нацыянальны цэнтр электронных паслуг адыгрывае значную ролю ў сферы пераводу адміністрацыйных працэдур і электронных паслуг у лічбавы выгляд і стварэнні магчымасцяў для вырашэння ўсё большай колькасці жыццёвых пытанняў чалавека праз некалькі «клікаў», расказаў Андрэй Філіпенка, першы намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг (НЦЭП):

— Адзіны партал электронных паслуг з’яўляецца адзінай пляцоўкай электронных дзяржаўных сэрвісаў. І з кожным годам такіх сэрвісаў становіцца ўсё больш, а цікавасць людзей да лічбавых зносін  павялічваецца. У 2021-м пры дапамозе  ААІС праз адзіны партал было аказана 17,5 мільёна электронных паслуг, а летась — ужо больш як 76 мільёнаў.

Летась на партале дадалося шмат новых паслуг, у прыватнасці, была абноўлена версія асабістага кабінета, які створаны для кожнага беларуса. Аўтарызавацца ў кабінеце («адамкнуць» яго) можна з дапамогай ID-карткі, а дакладней, электроннага лічбавага подпісу на ёй або любога іншага носьбіта ЭЛП, які дазваляе чалавеку стаць удзельнікам лічбавага ўзаемадзеяння з дзяржавай.

— На адзіным партале (platform.gov.by), які таксама быў мадэрнізаваны летась, зарэгістравана каля 200 тысяч асабістых электронных кабінетаў фізічных і юрыдычных асоб. Сёння праз партал даступныя 292 віды электронных сэрвісаў: 190 электронных паслуг і 102 адміністрацыйныя працэдуры. Арганізавана ўзаемадзеянне з 55 дзяржаўнымі інфармацыйнымі рэсурсамі (сістэмамі), якімі валодаюць 28 дзяржорганаў, — падзяліўся лічбамі Андрэй Філіпенка.

На што здольная абноўленая версія кабінета?

У новай версіі асабістага кабінета можна аўтарызавацца таксама з выкарыстаннем акаўнта ў сацыяльных сетках — гэта нястрогая аўтарызацыя (без ідэнтыфікацыі асобы), яна не дазваляе атрымаць паслугі ці працэдуры, якія маюць юрыдычныя наступствы, аднак дае магчымасць карыстацца сэрвісамі.

Асабісты кабінет займеў і некалькі праграм, напрыклад, праграму сістэмы электроннага дакументаабароту, каб адпраўляць і атрымліваць карэспандэнцыю з выкарыстаннем сістэмы міжведамаснага дакументаабароту (СМДА). А праграма электроннай пошты арганізацыі і праграма электроннай пошты грамадзяніна дазваляе ўладальнікам актываваных кабінетаў абменьвацца інфармацыяй і ліставацца.

— Уладальнік новага кабінета можа таксама самастойна падпісвацца на паслугі і кіраваць сваім уласным рахункам для заказу і аплаты электронных паслуг. А яшчэ — настроіць каналы атрымання паведамленняў для зваротнай сувязі. Яны будуць прыходзіць на пошту, СМС-кай на тэлефон ці паведамленнем у месенджар, — дадаў прадстаўнік НЦЭП. — На партале для грамадзян і юрыдычных асоб рэалізаваны механізм выканання поўнага цыкла дзеянняў па атрыманні адмінпрацэдуры анлайн. Гэта і падача заявы на выкананне працэдуры, і прымацаванне неабходных дакументаў, і адсочванне выканання заяўкі праз асабісты кабінет, і нават падача скаргі. Юрыдычныя асобы могуць атрымаць 91 адмінпрацэдуру, фізічныя асобы — 11. Праз партал летась здзейснена 53 636 такіх паслуг.

Для ўзаемадзеяння з дзяржавай выкарыстоўваецца не толькі адзіны партал, але і функцыянал праграмнага комплексу «Адно акно», дзе рэалізавана 210 адміністрацыйных працэдур. Летась шляхам звароту ў службу «адно акно» і, адпаведна, выкарыстання праграмы «Адно акно» прынята каля 600 тысяч заяў на адмінпрацэдуры.

— У будучым службы «адно акно» могуць стаць правадніком навыкаў і інфармацыі для людзей пра магчымасць самаабслугоўвання, — лічыць Андрэй Філіпенка. — Чалавек зможа атрымаць звесткі, як актываваць свой асабісты кабінет. Такім эвалюцыйным шляхам  мы разам будзем павялічваць колькасць зручных электронных сэрвісаў.

Якімі электроннымі паслугамі найбольш цікавяцца людзі?

Адна з найбольш запатрабаваных на адзіным партале — паслуга 3.19.02 «Прадстаўленне фізічным асобам звестак аб правапарушэннях, якія захоўваюцца ў адзіным дзяржаўным банку даных аб правапарушэннях». Такога кшталту інфармацыя можа спатрэбіцца, напрыклад, пры працаўладкаванні. Атрымаць яе можа як фізічная асоба адносна самой сябе, так і юрыдычная (адносна іншай фізічнай асобы па даверанасці), расказаў Ягор Воранаў, намеснік дырэктара па інфармацыйных тэхналогіях НЦЭП.

Яшчэ адна папулярная паслуга — 3.58.01 «Атрыманне сістэматызаваных звестак пра аўто», дзякуючы якой можна даведацца  марку, нумар, наяўнасць страхоўкі і тэхагляду аўто і высветліць, ці не знаходзіцца машына ў вышуку.

— Сёлета пералік даных па дадзенай паслузе пашыраны. Цяпер карыстальнік можа атрымаць звесткі, ці не выкарыстоўваўся аўтамабіль у службах таксі, або даведацца, ці не ўдзельнічаў транспартны сродак у дарожна-транспартным здарэнні, — удакладніў Ягор Воранаў. — Інфармацыя пра ДТЗ, якая даецца ў межах паслугі, абавязкова ўносіцца ў інфармацыйную сістэму ДАІ са студзеня 2022-га выключна па здарэннях, якія аформлены з удзелам супрацоўнікаў ДАІ і толькі ў дачыненні да зарэгістраваных транспартных сродкаў. Летась карыстальнікаў забяспечылі больш як 1900 паслуг па прадстаўленні такіх звестак, а за першыя месяцы бягучага  года — каля 530.

Што новага з’явілася на партале сёлета?

Ва ўзаемадзеянні з МУС для павышэння бяспекі дарожнага руху было разгледжана пытанне аб прадстаўленні арганізацыям, якія аказваюць паслугі па пракаце аўто (каршэрынгу),  перавозцы пасажыраў з выкарыстаннем анлайн-платформаў або іншых анлайн-сэрвісаў, накшталт «Яндэкс»; юрыдычным асобам ці індывідуальным прадпрымальнікам, якія эксплуатуюць ТС, інфармацыі з аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы ДАІ аб наяўнасці ў грамадзяніна пасведчання кіроўцы і звестак аб праве асобы кіраваць пэўным тыпам аўто. У выніку ў сакавіку з’явіліся дзве новыя адпаведныя паслугі.

Сумесна з Міністэрствам аховы здароўя распрацавана паслуга, што дае грамадзянам і медработнікам звесткі аб выяўленні фактараў рызыкі развіцця неінфекцыйных захворванняў: сістэмы кровазвароту, анкахваробы, хранічныя абструкцыйныя захворванні лёгкіх, цукровы дыябет. Каб прайсці дыспансерызацыю, чалавеку трэба запоўніць анкету ў сваім асабістым кабінеце, або яе за вас запоўніць медык.

— Праходжанне такой дыспансерызацыі дазваляе на пачатковых этапах выявіць фактары рызыкі і аказаць людзям меддапамогу, тым самым знізіўшы ўзровень смяротнасці, — заўважыў Ягор Воранаў. 

Пакуль найбольш электроннымі сэрвісамі на адзіным партале ў кабінеце карыстальніка (фізічнай або юрыдычнай асобы) карыстаюцца  юрыдычныя асобы. Аднак цэнтр працуе над стварэннем мабільнай праграмы партала электронных паслуг, дзе аўтарызавацца можна будзе з дапамогай сотавага тэлефона, у якім ёсць NFC-счытвальнік. Чалавек зможа ўвайсці ў  кабінет карыстальніка, проста прыклаўшы ID-картку да смартфона.

Ірына СІДАРОК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».