Вы тут

Нейрахірург пра тое, наколькі мы выкарыстоўваем наш мозг і чаму нам цяжка думаць?


Распаўсюджаны міф сцвярджае, што мы выкарыстоўваем толькі 10 % нашага мозга — астатнія 90 % магутнасцяў прастойваюць. Розныя шарлатаны ў сваіх кнігах і методыках абяцаюць раскрыць незадзейнічаны патэнцыял мозга пры дапамозе неўралогіі — насамрэч, усё гэта падман. Наколькі мы ў рэальнасці выкарыстоўваем свой мозг? Ці можна яго натрэніраваць як мышцы? Ці мае навуковае абгрунтаванне народная мудрасць «Век жыві — век вучыся»? Чаму людзі разумовай працы даўжэй жывуць, лягчэй пераносяць стрэс і лепш кантралююць свае эмоцыі? Пра гэта расказаў нейрахірург, навуковы супрацоўнік аддзялення пухлін галаўнога мозгу РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава, выкладчык кафедры неўралогіі і нейрахірургіі БелМАПА Гумен Гарбанніджад.


— Доктар Гумен, наколькі мы выкарыстоўваем свой мозг?

— Даўно вядома, што самая складаная работа — думаць. Пры гэтым некаторыя вучоныя кажуць, што мы выкарыстоўваем свой мозг толькі на 10 %, а астатняе не задзейнічана. І быццам бы калі рабіць гэта на 100 %, мы ператворымся ў суперчалавека. Гэта міф. Лічыцца, што мы можам выкарыстоўваць 100 % свайго мозгу, але гэта адбываецца не адначасова, а цягам дня, калі мы «ўключаем» розныя функцыі: чуем, бачым, запамінаем, аналізуем, строім планы. Так мы па чарзе выкарыстоўваем часткі галаўнога мозгу, якія адказваюць за гэту работу. Калі ж адначасова, чалавек можа страціць прытомнасць, а не атрымаць нейкі фантастычны вынік.

Патэнцыял чалавечага мозгу дастаткова вялікі, але да канца не вывучаны. Напрыклад, вядома, што многія жывёлы загадзя адчуваюць замлетрасенні ці цунамі. У гэты час асобныя ўчасткі іх галаўнога мозгу рэагуюць на пэўныя рэчы. Такі ўчастак у чалавечым мозгу таксама ёсць, але чамусьці не да канца працуе. Ёсць, напрыклад, людзі з асаблівасцю прадбачыць некаторыя рэчы, якіх мы называем экстрасэнсамі. Як гэта ім удаецца? Магчымасці нашага мозгу вывучаюцца, ёсць цэлыя інстытуты, якія гэтым займаюцца.

Трэба сказаць, што мозг — самы «абжорлівы» орган, калі палічыць энергію, якую ён выкарыстоўвае ў суадносінах з яго масай. Прычым ён сам кантралюе, колькі энергіі яму трэба. Калі яе дастаткова, ён працуе паўнацэнна, а калі мала, на 30 % адключае нейронныя сеткі, каб эканоміць.

Таму ў многіх сітуацыях, каб менш затрачваць энергіі, мозг працуе па звычцы. Калі вы апранаеце паліто, туфлі, кіруеце аўтамабілем, вы робіце гэта не задумваючыся — на аўтамаце. І такім чынам мозг менш траціць энергіі.

Уласцівасць мозгу заключаецца ў тым, што ён расце паступова, з прыступкі на прыступку. Акадэмікам за ноч не становяцца. Мозг назапашвае ў сабе інфармацыю і трэніруецца як мышцы. І з часам дасягне пэўнага этапу, калі пра чалавека можна сказаць, што ён вялікі.

— Як гэта залежыць ад узросту? Ці ёсць сувязь паміж узростам і пікам развіцця разумовых здольнасцяў?

— Насамрэч узроставых абмежаванняў не існуе. Так, усе мы ведаем, што пасля 30 нам цяжэй запамінаць, але вучыцца ніколі не позна. Канешне, пасля пэўнага ўзросту, калі мы заканчваем школу, універсітэт, прыпыняецца інтэнсіўная работа мозгу, мы працуем па звычцы. І потым, калі хочам зноў рабіць нешта больш сур'ёзнае, нам доўга давядзецца прыводзіць свой розум у форму. Любы орган, які мы паставілі на паўзу, пэўны час прыйдзецца аднаўляць і трэніраваць — як руку ці нагу, якія знаходзіліся ў гіпсе. Таму трэба, каб мозг пастаянна працаваў.

Як вядома, людзі, якія займаюцца разумовай працай, жывуць даўжэй, чым людзі, якія займаюцца фізічнай. Акрамя таго, больш натрэніраваны мозг менш паддаецца стрэсавым сітуацыям і ў розных экстрэмальных умовах лягчэй знаходзіць выйсце. Калі чалавек не глядзіць нічога больш сур'ёзнага за «мыльныя» серыялаў і не чытае нічога, акрамя анекдотаў, яго мозг больш успрымальны да розных стрэсавых сітуацый.

— Нават такіх сур'ёзных, як страта блізкіх ці скасаванне шлюбу?

— Менавіта так. Людзі, якія пастаянна займаюцца разумовай працай, лепш кантралююць свае эмоцыі ў розных сітуацыях. Іншая справа, што любы, самы натрэніраваны чалавечы мозг усё роўна не дасканалы і можа даваць збой.

— Ці ёсць таблеткі для паляпшэння працаздольнасці мозгу?

— Не існуе такой таблеткі, з дапамогай якой чалавек стане прафесарам. Усе лекавыя прэпараты і БАДы, якія рэкламуюць для паляпшэння працаздольнасці галаўнога мозгу, чымсьці падобныя да таблетак для пахудзення. Яны не дапамогуць, калі наядацца на ноч. А калі хадзіць у залу, менш есці і ўжываць гэтыя таблеткі, эфект будзе хутчэйшы. Таму фільмы, дзе чалавек праглынае таблеткі і становіцца суперчалавекам са звышмагчымасцямі, — гэта проста фантастыка.

— Чаму нам часта так ляніва думаць? Нават у простых сітуацыях, калі ў нас пытаюць «Чай вам ці каву?», мы часта адказваем: «Ды ўсё роўна»...

— ...і такі адказ — яскравы прыклад таго, што нам ляніва думаць. Гэта адбываецца таму, што мысленне прадугледжвае намаганні, а гэта трата энергіі. Арганізм імкнецца яе эканоміць і пазбягаць энергазатратнай работы. Таму мозг пастаянна стараецца ўключыць ярлыкі і працаваць па іх: у пэўнай сітуацыі рабіць пэўныя дзеянні. Пры гэтым мы можам шмат памыляцца. А калі нам прапануюць падумаць, гэта для нас непрыемны і цяжкі момант.

— Як жа працуе наш мозг? У якіх сітуацыях мы ўсё робім на аўтамаце, а дзе прыходзіцца думаць?

— З пункту погляду вучоных, працэс мыслення дзеляць на дзве групы, назавем іх сістэма 1 і сістэма 2. Сістэма 2 — гэта нашы думкі, яна вельмі марудная, лянівая, яе трэба прымушаць працаваць, але яна дакладная і можа выпраўляць нашы памылкі. Сістэма 2 можа апрацаваць максімум 3-4 інфармацыі, — на вялікі жаль, вельмі маленькі аб'ём.

А вось сістэма 1 хуткая, пастаянна апрацоўвае вялікую колькасць інфармацыі, вялікую частку яе адразу выкідвае. Яна аўтаматычна распазнае, што важна, — большая частка, як правіла, няважная. Сістэма 1 працуе аўтаномна, без нашых намаганняў і напружанняў, да такой ступені, што, калі глядзім на рэкламны банер, аўтаматычна яго прачытваем. Яна дапаўняе адсутнае звяно: калі мы глядзім намаляваную карціну, дзе не хапае маленькага кавалачка, наша падсвядомасць дамалёўвае, скажам, кавалак яблыка.

Фота: pixabay.com

Сістэма 1 істотна залежыць ад доўгатэрміновай памяці, а гэта якраз сістэма 2. Для таго, каб сістэма 1 магла паўнацэнна працаваць і менш памыляцца, каб інфармацыя з сістэмы 2 магла паўнацэнна ісці ў сістэму 1, мы мусім шмат працаваць і шмат траціць энергіі. Бо чым больш працуе сістэма 2, тым больш камфортна сябе адчувае і менш памыляецца сістэма 1.

Цікавы факт пра вочы, які называюць часткай мозгу, выведзеную вонкі. Калі мы пачынаем інтэнсіўна думаць, а значыць, працуе сістэма 2, зрэнкі пашыраюцца. Гэты просты прыём ведаюць і выкарыстоўваюць дыпламаты і шпіёны, калі кантактуюць з суразмоўнікам і вызначаюць, ён паводзіць сябе натуральна ці напружана думае. Калі чалавек паводзіць сябе натуральна і мозг працуе па сістэме 1, зрэнкі ў звычайным становішчы, калі ўключаецца сістэму 2, яны заўсёды пашыраюцца.

— Ці можна прымусіць сістэму 2 часцей уключацца і працаваць?

— Вучоныя правялі вопыт: для групы напісалі адказ на пытанне зразумелым почыркам і неразборлівым. І ўбачылі, што, чым горшы почырк, тым большы працэнт людзей дае правільны адказ. Імкнучыся разабраць почырк, яны самі думалі над адказам і лепш яго запаміналі. Таму, чым марудней і ўдумлівей мы пачынаем чытаць, тым больш уключаецца сістэма 2.

— Ведаючы пра тое, як працуе наш мозг, можна ўплываць на сучаснае грамадства?

— Канешне, і розныя прыёмы выкарыстоўваюцца ў рэкламных кампаніях і нават вядуцца інфармацыйныя войны. Калі па тэлевізары вы чуеце нейкую інфармацыю і пры гэтым хутка мяняюцца карцінкі, можна адразу яго выключыць. Пры карцінках, якая імкліва мяняюцца, уключаецца сістэма 1, а калі яна актыўна працуе, тармозіцца сістэма 2. Гэта значыць, што мы больш успрымальныя да інфармацыі, больш ёй давяраем, бо нам няма калі думаць. Гэты прыём часта выкарыстоўваецца, калі супраць дзяржавы вядуцца інфармацыйныя войны. Ці ў рэкламе: чым менш зразумелая для нас рэклама, тым больш мы звяртаем на яе ўвагі.

Чым больш вывучаюць уласцівасці гэтых дзвюх сістэм, тым больш удасканальваюцца методыка выкладання і адукацыя. Сёння такая методыка, калі лектар проста чытае інфармацыю, а студэнты запісваюць ці слухаюць, прызнана не самай лепшай. Цяпер патрэбны кантакт са студэнтамі, калі лектар задае пытанні і просіць, каб слухачы адказвалі. Не вельмі прыемна, бо трэба ўключаць мозг і думаць, але запамінанне пры гэтым лепшае.

Гэта важна, бо, чым лепшая сістэма адукацыі і дасканалыя методыкі выкладання, тым менш людзі ў гэтых краінах паддаюцца розным інфармацыйным і ментальным войнам, бо сістэма 2 больш натрэніравана. У такіх краінах складаней уздзейнічаць на насельніцтва, рабіць рэвалюцыі і перавароты. З іншага боку, чым больш дасканалая сістэма адукацыі, тым больш у людзей патрабаванняў да дзяржавы. Таму звычайна ў тых краінах, дзе пастаянна ўдасканальваюць сістэму адукацыі, улады не баяцца павышаных патрабаванняў з боку свайго народа.

Пры гэтым людзі з развітай сістэмай мыслення і добрай адукацыяй разумеюць, што дэмакратыю прывіваюць у садку і школе. Гэта павага да іншых і іх меркавання, адчуванне асабістых граніц адзін аднаго. Дэмакратыю нельга экспартаваць з дапамогай танкаў і самалётаў ці імпартаваць з дапамогай пераваротаў.

Зыходзячы з таго, што сістэма 2 працуе марудна і яе доўга варта трэніраваць, чалавек імкнецца стварыць штучны інтэлект, каб нівеліраваць недахопы нашага галаўнога мозгу. Вучоныя лічаць, што штучны інтэлект будзе апошнім адкрыццём нашай цывілізацыі, бо далей не трэба ніякіх адкрыццяў. Штучны інтэлект будзе сам думаць і вырашаць, што лепш.

Штучны інтэлект дзеляць на тры групы. Штучны вузкі інтэлект — тое, чаго мы пакуль дасягнулі: ён можа выконваць пэўную работу, напрыклад, гуляць у шахматы ці кіраваць аўтамабілем. Другая група: штучны агульны інтэлект, яго пакуль не стварылі, але ён будзе нашмат разумнейшы за чалавека і шмат нашых праблем дазволіць вырашыць. Напрыклад, як справіцца з глабальным пацяпленнем. Апошняе — штучны суперінтэлект. Лічыцца, што пры ім у нас застанецца два выхады: быць для яго ніжэйшымі істотамі і вымерці ці зліцца з суперінтэлектам і быць адным цэлым.

— Калі падсумаваць, атрымліваецца, што мысленне — складаны працэс, які патрабуе намаганняў, а гэта дыскамфорт для нашага арганізма...

— Для таго, каб мы выглядалі разумнымі і падтрымлівалі свой інтэлект, мы пастаянна мусім адчуваць сябе дыскамфортна. Накачаць мозг — крайне цяжкая праца.

— Што трэба для гэтага рабіць?

— Не спыняцца, каб мозг пастаянна працаваў. Ён схільны навучыцца ўсяму: любой замежнай мове, катацца на лыжах, танцаваць, кіраваць машынай ці самалётам. Няма межаў для любых новых навыкаў. Чым больш вы пашыраеце межы, тым больш развіваецеся. Нельга ставіць мозг на паўзу на доўгі час. Калі вы ўвесь час толькі забаўляецеся — ходзіце ў кіно, размаўляеце з сябрамі, п'яце піва і чытаеце анекдоты, — не трэба потым скардзіцца, што мозг дрэнна працуе. Калі мозг выкарыстоўваць і трэніраваць пастаянна, ён будзе развівацца цягам усяго жыцця. Таму, колькі чалавек жыве, столькі ён мусіць вучыцца.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі