Вы тут

У Магілёве запрашаюць на сустрэчу з вясной праз фота Мікалая Хацяінцава


На вуліцы яшчэ снег, а ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі імя Е.Раманава ўжо ва ўсю моц буяніць вясна. І няхай толькі ўмоўна, але пейзажы на здымках фотамастака, члена магілёўскага фотаклуба «Вясёлка» Мікалая Хацяінцава ствараюць адпаведны настрой. Яшчэ не кожны зможа зняць прыроду так, каб яна натхняла. Сакрэт у тым, што аўтар бачыць крыху болей, чым астатнія. На яго здымках — застыўшая паэзія.


Нездарма адкрыццё выставы пачалося з паэтычных радкоў Васіля Ларушына «Вясны чароўная сіла». Дарэчы, яна так і называецца. Супрацоўнікі музея і калегі Мікалая выказвалі спадзяванні, што вясна цяпер абавязкова паспяшаецца з прыходам.

У экспазіцыі 49 фотаздымкаў, якія прысвечаныя самай чароўнай пары года, гэта своеасаблівы гімн абнаўленню прыроды. Фота размешчаны ўздоўж лесвіцы з першага па трэці паверх. Ідзеш як быццам па вясноваму лугу. Натхненне аўтар чэрпае ў маляўнічых кутках Магілёва, ваколіцах вёскі Малыя Мхінічы Чавускага раёна. 

— Я ў захапленні, выстава сапраўды вельмі светлая і натхняючая, — прызналася на адкрыцці намеснік дырэктара музея Аляксандра Буракова. — Мы заўсёды рады, калі ў нашым музеі з’яўляецца вясёлка. Гэта сімвал усіх тых асноўных фарбаў, з якіх ствараюцца любыя адценні і тоны. Прадстаўнікі магілёўскага фотаклуба «Вясёлка» сваёй творчасцю увасабляюць гэты сімвал. Іх творчасць шматгранна. І вельмі цудоўна, калі сур’ёзныя рэтраспектыўныя выставы змяняюць вось такія прыгожыя, лёгкія, лірычныя. 

Мікалай Хацяінцаў прызнаны майстар. Ён з’яўляецца лаўрэатам II Усесаюзнага фестывалю народнай творчасці ў Маскве, прызёрам гарадскога конкурсу на лепшую фотасерыю ў Магілёве. Яго работы экспанаваліся ў фотасалонах Польшчы, Іспаніі, Ганконга, Бельгіі. Ён пастаянны ўдзельнік гарадскіх выставак і конкурсаў. Калегі лічаць, што асабліва тонка ў яго атрымліваецца перадаваць змены ў прыродзе. 

Як выказаўся кіраўнік фотаклуба «Вясёлка» Анатоль Талкачоў, яго калега па творчасці — майстар пейзажнай здымкі, прычым любой пары года. А вядомая магілёўская мастачка Вера Юркова прызналася, што фотаработы Мікалая Хацяінцава ёй падабаюцца тым, што яны — ціхія, размераныя, мілыя.

— Да пейзажаў я прыйшоў не адразу, — канстатуе аўтар. — Спрабаваў сябе ў рэпартажным фота, здымаў вяселлі, але задавальненне, якое атрымліваеш ад назірання за прыродай, нельга параўнаць ні з чым. Уменне бачыць незвычайнае ў звычайным з’явілася з часам. І вельмі рады, калі ў мяне атрымліваецца перадаць гэты стан і настрой гледачам. 

Захапленне фота падзяляе ўнук майстра Арсеній Хацяінцаў, які прыйшоў падтрымаць дзеда. 

— Гэта мой першы памочнік і дарадца, — усміхаецца Мікалай. — Я падарыў яму фотаапарат і мы разам ходзім на фотапрагулкі. 

Ён з гонарам адзначае, што ў яго паслядоўніка добры густ. Хлопчык па-майстэрску фарміруе букеты, якія з вялікім задавальненнем дорыць матулі і бабулі. А яшчэ ён дапамагаў дзеду ў адборы фота для выстаўкі. «Удачны кадр яшчэ трэба злавіць, а фотаапарат толькі інструмент», — па даросламу разважае хлопчык. І цалкам згодны з дзедам, які кажа, што ў фотасправе больш важна разумець, што ты здымаеш і навошта. Мікалай Хацяінцаў не выключае, што з часам фота для Арсенія стане такім жа ўсёпаглынальным хобі, якім яно з’яўляецца для яго.

Дарэчы, у музеі гэта ўжо не першая выстава «на лесвіцы» членаў фотаклуба «Вясёлка». Магілёўскія фотамастакі ствараюць своеасаблівы летапіс падзей, якія адбываюцца ў горадзе і яго наваколлі. А гэта заўсёды цікава наведвальнікам.

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.