Вы тут

Іван Міско запрашае на «дыялог з космасам» ў Мастацкую галерэю Савіцкага


Што для вас космас? Ці задавалі вы калі-небудзь сабе пытанне: а што там, за зямной арбітай? Гэта тэма заўжды захапляла вядомага беларускага скульптара, народнага мастака Беларусі Івана Міско. Калі вы таксама не абыякавыя да роздумаў аб космасе, то калі ласка запрашаем на ўнікальную выставу «Дыялог з космасам» у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага.


Экспазіцыя прысвечана Дню касманаўтыкі, а таксама Дню яднання народаў Беларусі і Расіі. Творы вядомага беларускага майстра склалі аснову кампазіцыі. Але ж там былі і іншыя цікавосткі, напрыклад, асабістыя рэчы Юрыя Гагарына, стэнды, па якіх можна адсачыць увесь палёт першага касманаўта ад старту да прызямлення, фатаграфіі, зробленыя з борта МКС з аўтографамі касманаўта Алега Навіцкага, і копіі графічных работ мастакоў-фантастаў.

Але ж звернемся да твораў Івана Міско. Асабліва сваёй натуральнасцю ўражваюць бюсты касманаўтаў з усяго свету. У чым жа сакрэт гэтых прац? Менавіта ў тым, што Іван Якімавіч ведаў кожнага з герояў асабіста:

—Я па фатаграфіях не рабіў, толькі з натуры. — падзяліўся майстар, — Таму я ўдзячны той вялікай праграме «Інтэркосмас», у якой я быў задзейнічаны, дзе ў мяне была магчымасць пазнаёміцца, пагутарыць з касманаўтамі розных краін. Гэта былі вельмі яркія тыпажы.

На адкрыцці выставы мастак падарыў твор «12 красавіка» гораду Гагарыну. Па словах Івана Міско, гэты круглы выраб з мармуру, граніту і бронзы прысвечаны першаму палёту чалавека ў космас. Да таго ж ён стане макетам для вырабу вялікага мемарыяльнага знака, які будзе ўсталяваны на ўездзе у горад.

Цікава тое, што на мерапрыемстве прысутнічала пляменніца першага касманаўта — Наталля Гагарына. Яна жа супрацоўніца аб’яднанага мемарыяльнага музея-запаведніка Ю.А. Гагарына. Менавіта дзякуючы ёй на выставе дэманструюцца асабістыя рэчы Юрыя Гагарына. Наталля адзначыла, што сакавік аказаўся асаблівым месяцам у лёсе Юрыя Аляксеевіча:

—У гэтым месяцы ён нарадзіўся, у сакавіку і трагічна загінуў пры крушэнні самалёта. У сакавіку ў нашым горадзе традыцыйна праходзяць вялікія ўрачыстасці, прысвечаныя памяці першага чалавека, які заваяваў космас.

Па яе словах, Юрый Аляксеевіч заўсёды аб’ядноўваў людзей розных кантынентаў і нацыянальнасцяў.

Таксама на адкрыцці выставы выступіла першы намеснік Беларускага саюза мастакоў Наталля Шаранговіч. Яна падкрэсліла важнасць таго, што ў гэтай выставы ёсць аб’ядноўваючая асоба: 

— Вобраз Гагарына — гэта не проста абагулены вобраз, які транслюецца падручнікамі, газетамі і тэлебачаннем. Гэта постаць жывога чалавека, якая захавалася ва ўспамінах.
Потым яна перайшла да твораў Івана Міско:

— Як бы ні асвойваўся космас, колькі б мы пра яго не ведалі, для нас гэта нешта неверагодна неадкрытае. І мне здаецца, што для Івана Якімавіча гэта таксама кожны раз, у кожнай працы адкрыццё.

Акцэнт Наталля Шаранговіч зрабіла на партрэтных працах мастака:

— Паглядзіце, якія людзі, якія ў іх вочы. Здаецца, што ты чытаеш іх думкі. Гэтыя людзі, якія паляцелі ў космас, для сябе яго адкрылі. І праз іх партрэты мы можам для сябе адкрыць космас.

Выстава арганізавана сумесна з Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установай культуры «Аб’яднаны мемарыяльны музей-запаведнік Ю.А. Гагарына», Дзяржаўнай бюджэтнай установай культуры горада Масквы «Мемарыяльны музей касманаўтыкі» і Федэральнай дзяржаўнай бюджэтнай установай навукі Архіў Расійскай акадэміі навук. Партнёр праекта — Прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Рэспубліцы Беларусь — Расійскі цэнтр навукі і культуры ў Мінску.

Наведаць экспазіцыю можна да 30 красавіка.

Лізавета ГОЛАД

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

На Гомельшчыне актыўна развіваюць валанцёрскі рух

Форма сацыяльнай актыўнасці падлеткаў.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».