Вы тут

Мэр Гомеля Прывалаў аб зваротах грамадзян, новых будынках і турызме


Звяртаць увагу на пытанні грамадзян, але разам з тым даваць людзям магчымасць самастойна вырашаць асноўныя жыццёвыя пытанні — арыенціры ў рабоце з насельніцтвам на месцах, на якія акцэнтаваў увагу Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас апошніх кадравых прызначэнняў новых кіраўнікоў шэрага абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў. У Гомелі зваротная сувязь з гараджанамі наладжана ў сучасным фармаце. Гаворка аб праекце «Мэр анлайн», які на працягу некалькіх месяцаў ажыццяўляецца ў другім па велічыні горадзе Беларусі. Праект укараніў старшыня Гомельскага гарадскога выканаўчага камітэта Уладзімір Прывалаў. Такі фармат камунікацыі дае магчымасць аператыўна вырашаць надзённыя пытанні людзей, перакананы Уладзімір Аляксандравіч. Днямі старшыня Гомельскага гарвыканкама адзначыў 100 дзён на пасадзе кіраўніка горада над Сожам. Карэспандэнт «Звязды» скарысталася магчымасцю і з першых вуснаў даведалася не толькі аб вопыце рабоце са зваротамі, але і аб тым, што новае чакаецца ў жыцці горада.


Фота: БелТА.

— Вырашэнне праблем людзей — адно з прыярытэтных пытанняў у рабоце мясцовай вертыкалі ўлады. Дадзены кірунак дзяржаўнай службы вы дакладна акрэслілі падчас уступлення на пасаду старшыні гарвыканкама. Уладзімір Аляксандравіч, як сваёй камандай гарвыканкама сёння выбудоўваеце работу са зваротамі жыхароў горада? Цікавая практыка ўзаемадзеяння ў сучасным фармаце. Якія пытанні часцей за ўсё задаюць і з якімі прапановамі выступаюць гамяльчане?

— Новы фармат зваротнай сувязі з насельніцтвам — праект «Мэр анлайн» з чат-ботам тэлеграм-канала «Уладзімір Прывалаў. Афіцыйна». Па зваротах аператыўна былі дадзены адказы, а пэўныя — перададзены на кантроль адпаведных службаў. Пры гэтым ёсць катэгорыя зваротаў, адказы на якія гамяльчанам хочацца пачуць асабіста ад кіраўніцтва гарвыканкама. Гэта ў тым ліку асаблівасць праекта «Мэр анлайн». Так шляхам апытання гараджан анлайн вызначылі, калі лепш выходзіць у эфір. Анлайн-сустрэча з падпісчыкамі тэлеграм-канала ў чат-боце праводзіцца адзін раз у месяц. За час іх правядзення з пачатку студзеня да канца сакавіка паступіла ўжо звыш тысячы паведамленняў. Паводле статыстыкі, звыш 75 працэнтаў паведамленняў гамяльчан датычыцца тэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, дарожнага пакрыцця, транспарту і добраўпарадкавання. За гэты час больш за ўсё паступіла пытанняў да гарадской ЖКГ і адміністрацый раёнаў. Перакананы, што такая форма зносін з гараджанамі дазволіла зрабіць вырашэнне пытанняў яшчэ больш аператыўным, разбірацца ў сітуацыі адразу пасля паступлення паведамлення. Многія «сігналы» былі вырашаны ў дзень звароту або ў мінімальна кароткія тэрміны. Гамяльчане не толькі пакідаюць звароты ці задаюць праблемныя пытанні, але і дзеляцца ўражаннямі аб жыцці горада. Так, радуюць станоўчыя водгукі гамяльчан аб правядзенні «чыстых чацвяргоў» — штотыднёвых акцый па навядзенні парадку, аб арганізацыі астраўкоў бяспекі і іншых ініцыятыў. Выказваюць гамяльчане падчас анлайн-сустрэч і цікавыя прапановы. Сярод апошніх, напрыклад, стварэнне гарадскога мультыплікацыйнага канала для дзяцей, прапановы па добраўпарадкаванні і азеляненні нашага горада.

— Якія новыя сацыяльна значныя аб'екты з'явяцца на карце Гомеля ў хуткім часе і будуць закладзены ў перспектыве?

— Падкрэслю, што ў Гомелі ўвогуле ўдзяляецца асаблівая ўвага праектаванню і будаўніцтву буйных сацыяльна значных аб'ектаў. Сярод самых актуальных на сённяшні час — капітальны рамонт Навабеліцкага пуцеправода, які звязвае раён Навабеліцы, дзе пражывае больш за 74 тысяч чалавек, з асноўнай часткай горада. Па пуцеправодзе праходзіць звыш сямідзесяці гарадскіх, прыгарадных, міжгародніх аўтобусных і тралейбусных маршрутаў. Па буднях толькі аўтобусныя маршруты перавозяць звыш 58 тысяч чалавек у гарадскіх і прыгарадных транспартных зносінах. На перыяд рамонтных работ выпрацаваны варыянты арганізацыі маршрутаў для ўсіх відаў транспарту, перанакіравання патокаў, аб'ездаў. Уся неабходная інфармацыя для жыхароў і гасцей горада будзе агучана праз розныя крыніцы.

Акрамя таго, сярод сацыяльна значных аб'ектаў у жыцці горада — рамонт пуцеправода па вуліцы Барыкіна, будаўніцтва басейна «Дэльфін», узвядзенне смеццеперапрацоўчага завода і іншыя праекты. На грамадскае абмеркаванне вынесем пытанне ўзвядзення спарткомплексу з аквазонай.

Выпрацоўваюцца новыя падыходы і да светлавога афармлення горада — архітэктурнай падсветкі будынкаў, а таксама навінкі ў ілюмінацыі, якія дазволяць Гомелю заззяць новымі агнямі. Змены закрануць светлавое афармленне цэнтральных вуліц і магістраляў, плошчаў, у тым ліку Прывакзальнай, а таксама мастоў, адміністрацыйных будынкаў.

Таксама сярод найбольш значных праектаў па развіцці інфраструктуры Гомеля — запланаваны праект забудовы ў раёне вуліцы Косарава, група жылых дамоў у раёне вуліц Цялегіна-Кірава, праект сядзібнай забудовы жылога раёна Раманавічы ў Гомелі. Усе праекты — узвядзенне жылля, а таксама інжынерных сетак, добраўпарадкаванне тэрыторыі, дзе неабходна — будаўніцтва інжынерна-транспартнай інфраструктуры.

— У абласным цэнтры сканцэнтравана значная колькасць прамысловых аб'ектаў. А яшчэ — і навучальных устаноў. Ці развіваецца ў горадзе прамысловы турызм навучэнцаў?

— Прамысловы турызм, безумоўна, — перспектыўная форма прафарыентацыйнай работы з моладдзю. Яна дазваляе пашырыць уяўленні, маладога пакалення аб рабоце перадавых прадпрыемстваў і арганізацый горада, атрымаць уяўленне аб прафесіях на рынку працы. Падчас экскурсій можна наведаць сучасныя лабараторыі, цэхі заводаў і прадпрыемстваў, убачыць працэс вытворчасці прадукцыі, пазнаёміцца з умовамі працы, задаць пытанні спецыялістам. Для развіцця прамысловага турызму ў Гомелі праводзяцца вытворчыя экскурсіі. З пачатку навучальнага года іх было арганізавана звыш 160. У экскурсіях узялі ўдзел больш за 3 тысячы гомельскіх школьнікаў. Найбольшая колькасць з іх арганізавана на прадпрыемствы «Гомсельмаш», Гомельскі завод ліцця і нармаляў, «Спартак» і іншыя. Увогуле такая форма прафарыентацыйнай работы з моладдзю ў горадзе носіць сістэмны характар. Аддзеламі адукацыі, спорту і турызму адміністрацый раёнаў Гомеля распрацавана дарожная карта наведвання вучнямі горадаўтваральных прадпрыемстваў. Адзначу таксама, што вышэйшыя навучальныя ўстановы на тэрыторыі Гомеля аператыўна рэагуюць на неабходнасць падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў у розных галінах. Сёння ўзаемадзеянне з профільнымі прадпрыемствамі — важная частка дзейнасці ВНУ, якая спрыяе развіццю прафесійнага, навуковага і творчага патэнцыялу навучэнцаў. Напрыклад, на базе Гомельскага завода ліцця і нармаляў адкрыты філіял навучальных кафедраў «Металургія і тэхналогіі апрацоўкі матэрыялаў» і «Тэхналогія машынабудавання» Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта імя П. В. Сухога. У ходзе навучання вядзецца падрыхтоўка спецыялістаў не толькі з тэарэтычнымі ведамі, але і з практычнымі навыкамі і кампетэнцыямі, бо чым раней студэнты набудуць досвед вытворчасці, тым больш падрыхтаванымі практыкамі яны прыйдуць у прафесію. Падобнае ўзаемадзеянне вытворчасці, навукі і інавацыйнай дзейнасці вышэйшай школы ёсць ва ўсіх ВНУ горада.

Гутарыла Наталля КАПРЫЛЕНКА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.