Вы тут

Што робіцца дзеля зніжэння колькасці праванарушэнняў, здзейсненых нецвярозымі грамадзянамі?


Празмернае ўжыванне алкаголю яшчэ ніколі не прыводзіла да дабра. Якасць жыцця асобы, якая злоўжывае спіртным, відавочна адрозніваецца ад жыццядзейнасці чалавека, які не мае гэтай згубнай звычкі. Разам з алкаголікам пакутуюць і члены яго сям'і, якія з-за такога небяспечнага суседства знаходзяцца ў зоне рызыкі: большасць злачынстваў, у тым ліку забойстваў, здзяйсняецца менавіта ў стане алкагольнага ап'янення.


Як паведамілі ў Міністэрстве ўнутраных спраў, кожнае трэцяе злачынства ў краіне ўчыняецца нецвярозымі грамадзянамі. Абвінавачанымі ў забойствах і цяжкіх цялесных пашкоджаннях у 80—90 % выпадкаў з'яўляюцца тыя, хто на момант ажыццяўлення злачынства знаходзіўся ў стане алкагольнага ап'янення.

Па выніках трох месяцаў бягучага года адзначаецца зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых нецвярозымі грамадзянамі. У немалой ступені гэта вынік комплекснай прафілактычнай дзейнасці органаў унутраных спраў. Размовы аб наступствах алкаголю ў працоўных калектывах, узаемадзеянне з урачамі-нарколагамі, адрасная работа з тымі, хто здзяйсняе правапарушэнні, — далёка не ўсе меры, якія прымаюцца супрацоўнікамі міліцыі дзеля паляпшэння сітуацыі.

Абмежаванне продажу

— Алкаголь — каталізатар злачыннасці, — заўважае намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС палкоўнік міліцыі Сяргей Красуцкі. — Калі чалавек выпіў, яго свядомасць затуманьваецца і ён не заўсёды здольны кантраляваць сябе, таму схільны здзяйсняць пэўныя супрацьпраўныя дзеянні. Як правіла, у стане алкагольнага ап'янення злачынствы здзяйсняюцца ў грамадскіх месцах. Вельмі шмат фактаў, калі на фоне ўжывання алкаголю ўзнікаюць канфлікты, у тым ліку паміж блізкімі сваякамі, у сферы сямейна-бытавых адносін. Як правіла, пад уздзеяннем алкаголю здзяйсняюцца крадзяжы, прычым як запланаваныя, так і спантанныя. Хуліганствы, рабаванні, разбоі — тыя злачынствы, якія таксама ў асноўным ажыццяўляюцца нецвярозымі грамадзянамі.

Вядома, у Беларусі не сухі закон. Алкаголь сёння можа набыць любы паўналетні грамадзянін. За выключэннем усяго некалькі дзён на год — падчас выпускных вечароў і ў Дзень ведаў. Абмежаванні, звязаныя з продажам алкаголю ў гэтыя дні, станоўча адбіваюцца на крымінагеннай абстаноўцы. Менавіта зыходзячы з яе, супрацоўнікі органаў унутраных спраў могуць рэкамендаваць мясцовым выканаўчым і распарадчым органам уносіць карэкціроўкі ў рэжым функцыянавання грамадскіх устаноў і пунктаў грамадскага харчавання, якія рэалізоўваюць алкаголь у начны час.

І такі досвед ужо ёсць. У прыватнасці, не так даўно адміністрацыяй Драгічынскага раёна была падтрымана ініцыятыва начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў аб абмежаванні рэалізацыі алкагольных напояў на адной з заправачных станцый. «Месца было крымінагеннае, алкагольная прадукцыя на запраўцы рэалізоўвалася кругласутачна, — расказвае Сяргей Красуцкі. — З навакольных вёсак туды з'язджаліся людзі, якія любілі «дабавіць» і працягнуць банкет. У выніку каля той запраўкі адбываліся канфлікты паміж аматарамі спіртнога. Былі зафіксаваны хуліганствы, іншыя супрацьпраўныя дзеянні, у тым ліку цяжкія цялесныя пашкоджанні. Пасля рашэння райвыканкама аб абмежаванні рэалізацыі алкагольных напояў у начны час на згаданай запраўцы крымінагенная абстаноўка на тэрыторыі раёна палепшылася».

Алкаголікі і беспрацоўныя — на кантролі

Дзейсная мера, якая ўплывае на зніжэнне колькасці злачынстваў, здзейсненых у стане алкагольнага ап'янення, — накіраванне алкаголікаў у лячэбна-працоўныя прафілакторыі (ЛПП). За тры месяцы бягучага года для праходжання лячэння ў гэтых установах ізалявана звыш паўтары тысячы аматараў спіртнога. Летась у ЛПП былі накіраваны 7328 чалавек, з якіх 4370 — беспрацоўныя.

Людзі, якія стаяць на ўліку ўрача-нарколага, асабліва калі яны яшчэ і не працуюць, з'яўляюцца першымі кандыдатамі для накіравання ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі. Такія грамадзяне — на кантролі органаў унутраных спраў. Пад павышаную ўвагу з боку супрацоўнікаў міліцыі трапляюць і тыя, хто ў стане алкагольнага ап'янення здзяйсняе адміністрацыйныя правапарушэнні.

— Згодна з Законам «Аб парадку і ўмовах накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі і ўмовах знаходжання ў іх», калі чалавек у стане алкагольнага ап'янення прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці тройчы, маюцца падставы для правядзення ў дачыненні да яго першаснай медыцынскай камісіі і вырашэння пытанняў для накіравання яго ў ЛПП, — расказвае афіцэр. — Падчас медыцынскага агляду ўстанаўліваецца сіндром залежнасці і наяўнасць адсутнасці захворванняў, якія перашкаджаюць накіраванню ў ЛПП. Канчатковае рашэнне аб накіраванні такога грамадзяніна ў лячэбна-працоўны прафілакторый прымаецца судом.

Ян адзначае Сяргей Красуцкі, у цяперашні момант ідзе актыўная работа над змяненнем заканадаўства аб лячэбна-працоўных прафілакторыях. Новаўвядзенні, якія датычацца парадку і ўмоў накіравання грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілакторыі, а таксама ўмоў знаходжання ў іх, разгледжаны дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў у першым чытанні.

— У новай рэдакцыі мы прапануем адмовіцца ад складаных механізмаў ізаляцыі грамадзян у ЛПП, — удакладніў сутнасць канцэптуальных змен палкоўнік міліцыі. — Мы прапаноўваем, каб усе грамадзяне, якія ў стане алкагольнага ап'янення парушаюць адміністрацыйнае заканадаўства, накіроўваліся ў ЛПП па адным агульным парадку. Два правапарушэнні ў стане алкагольнага ап'янення — аб'яўляецца папярэджанне. Трэцяе правапарушэнне — медкамісія і суд. Для наркаманаў, якія будуць дастаўлены з атручваннем у медыцынскую ўстанову адзін раз, будзе аб'яўлена папярэджанне. Другая перадазіроўка наркотыкамі — і такога чалавека чакаюць медыцынская камісія і суд.

На асаблівым кантролі ў міліцыі знаходзяцца і працаздольныя непрацуючыя, якія вядуць асацыяльны лад жыцця. Калі непрацуючыя стаяць на ўліку ў аддзеле прафілактыкі правапарушэнняў за хатні гвалт або знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі як асобы, якія маюць нязнятую або непагашаную судзімасць, у адносінах да іх устанаўліваецца прэвентыўны нагляд. Такіх грамадзян рэгулярна наведваюць супрацоўнікі міліцыі. І не толькі каб пракантраляваць, у якім стане знаходзіцца іх «падапечны» і які спосаб жыцця ён вядзе, а і пацікавіцца, як ён паводзіць сябе з членамі сям'і, з суседзямі. Акрамя таго, нярэдка менавіта міліцыянеры дапамагаюць ім з працаўладкаваннем, бо, як правіла, адрасная работа з тымі, хто знаходзіцца ў зоне рызыкі, з'яўляецца стрымвальным фактарам для здзяйснення правапарушэнняў у стане алкагольнага ап'янення.

Каму прадаваць спіртное?

Дзеля прафілактыкі здзяйснення правапарушэнняў непаўналетнімі грамадзянамі ў стане алкагольнага ап'янення таксама праводзіцца шэраг мерапрыемстваў. З супрацоўнікамі сферы гандлю і грамадскага харчавання актыўна працуе інспекцыя па справах непаўналетніх, якая накіравана на выяўленне такіх фактаў.

Не можа не радаваць, што некаторыя нашы суайчыннікі маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, бачаць многія праблемы ў нашым грамадстве, у тым ліку звязаныя з рэалізацыяй алкагольнай прадукцыі. Падчас аднаго з апошніх прыёмаў грамадзян, які на Гомельшчыне праводзіў міністр унутраных спраў, жыхар Гомельскага раёна зярнуўся да Івана Кубракова са сваімі ініцыятывамі і прапановамі, звязанымі са зніжэннем уплыву ўздзеяння алкаголю на грамадства. У прыватнасці, грамадзянін лічыць мэтазгодным павысіць мінімальны ўзрост для набыцця алкагольнай прадукцыі: з 18 — да 21 года. Акрамя таго, жыхар Гомельскай вобласці прапанаваў міліцэйскаму ведамству разгледзець увядзенне штомесячных дзён цвярозасці на тэрыторыі краіны, працягнуць інфармаванне насельніцтва праз СМІ аб шкодзе алкаголю і аб перавагах здаровага спосабу жыцця.

Яшчэ адна з ініцыятыў, агучаная Івану Кубракову падчас прыёму грамадзян, — разгледзець прапанову аб тым, што вышэйшыя дзяржаўныя пасады ў Беларусі абавязаныя займаць служачыя, якія вядуць здаровы лад жыцця. Міністр унутраных спраў падзякаваў жыхару Гомельшчыны за актыўную жыццёвую пазіцыю і ўзяў яго прапановы на кантроль.

Абмежаванне ў правах

Яшчэ адна з прафілактычных мер, якая ажыццяўляецца органамі ўнутраных спраў дзеля паляпшэння крымінагеннай абстаноўкі — працэдура абмежавання дзеяздольнасці грамадзян. З пачатку года пад яе трапіла каля 50 чалавек. Летась па рашэнні судоў у сувязі з ужываннем алкагольных напояў часткова абмежаваны ў дзеяздольнасці 348 чалавек. Такая мера дазваляе сваякам кантраляваць даходы блізкага чалавека, які злоўжывае алкаголем, што ў немалой ступені зніжае магчымасць набыцця ім спіртных напояў.

— Калі мы правядзём праверку і дакажам, што грошы грамадзянінам, у адносінах да якога ажыццяўляецца працэдура абмежавання дзеяздольнасці, марнуюцца на алкаголь, матэрыялы адпраўляюцца ў пракуратуру і суд, — расказвае Сяргей Красуцкі. — Менавіта суд прымае рашэнне аб абмежаванні дзеяздольнасці. Для такой асобы судом устанаўліваюцца забароны на ажыццяўленне буйных здзелак: адчужэнне маёмасці, падпісанне дагавораў і іншае. За грамадзянінам устанаўліваецца апякун (як правіла, гэта член сям'і, які звяртаўся ў міліцыю і прасіў аб абмежаванні дзеяздольнасці ў адносінах да сваяка), які кантралюе ўсе даходы і адказвае за ўтрыманне абмежаванага ў правах.

Адной з формаў прафілактычнай работы з'яўляюцца і прыёмы грамадзян участковымі інспектарамі міліцыі. Нагадаем, яны праходзяць кожную сераду: з 10.00 да 13.00 — у сельскай мясцовасці, з 17.00 да 20.00 — у горадзе. На такіх прыёмах да ўчастковых нярэдка звяртаюцца сваякі тых, хто злоўжывае алкаголем. Супрацоўнікі тлумачаць, якія меры можна прыняць у адносінах да такіх людзей, рэальна дапамагаюць у вырашэнні канкрэтнай праблемы.

Адным словам, захады, якія робяцца органамі ўнутраных спраў па зніжэнні ўжывання грамадзянамі алкагольных напояў і, адпаведна, скарачэнні колькасці правапарушэнняў і злачынстваў, здзейсненых нецвярозымі грамадзянамі, даказалі сваю эфектыўнасць. Аднак трэба разумець, што алкагалізацыя насельніцтва — гэта не толькі праблема міліцыі. Гэта пытанне, над якім павінны працаваць усе зацікаўленыя органы. А ў першую чаргу, пра ўласнае здароўе і эмацыянальны стан сваіх блізкіх павінен падумаць сам чалавек, якому трэба адмовіцца ад шкоднай звычкі.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?