Вы тут

Што людзі пішуць. «Хто працуе, таму і шанцуе»


Хто працуе, таму і шанцуе

«Дзякуй вам!», «Шчыры дзякуй!» — гэтыя словы мы часта кажам работнікам гандлю, сферы абслугоўвання... Але ж з найбольшым пачуццём — напэўна, медыкам. Адна з іх — Ірына Аляксандраўна Ярмоленка, ужо сорак гадоў працуе медсястрой, кажа, што з прафесіяй ёй вельмі пашчасціла.


І сапраўды, паспяхова скончыўшы школу, а потым і сталічнае медвучылішча, дзяўчына атрымала накіраванне на работу ў інстытут кардыялогіі. Здавалася б, трэба радавацца, а яна не магла пакінуць сваю Бярэзіншчыну, далёка ад'ехаць ад вёскі Міраслаўка. Да таго ж на радзіму як магнітам цягнула яшчэ адно — Міша, каханы хлопец, з якім яна сябравала з маленства.

...У Міністэрстве аховы здароўя гэтага маладога спецыяліста і пачулі, і, што называецца, пайшлі насустрач — накіравалі ў інфекцыйнае аддзяленне Бярэзінскай райбальніцы.

Працаваць там старшай медсястрой было і цікава, і цяжка, асабліва ў маральным плане, бо туды часцяком прывозілі хворых, якія травілі сябе — алкаголем ды рознай «наркатой». Здаралася, што гэтыя людзі, не помнячы сябе, выбівалі вокны, ламалі дзверы, уцякалі. У такіх выпадках медыкі — нарколаг, загадчыца аддзялення Галіна Мікалаеўна Цэдрык і яна, старшая медсястра — адразу ж тэлефанавалі ў міліцыю, з трывогай чакалі завяршэння аперацыі «пошук», каб працягнуць лячэнне хворых. «Во, а гэта ж нейчыя дзеці, нейчыя мужы», — з жахам думала тады Ірына і радавалася, што ёй пашчасціла звязаць свой лёс з чалавекам разумным і клапатлівым, што яе муж — зваршчык па прафесіі — цудоўны гаспадар і... кулінар.

...Праўду кажуць: шчаслівы той, хто шчаслівы дома, у такіх лёгка спорыцца любая работа. Ірына Аляксандраўна з ахвотай арганізоўвала розныя мерапрыемствы, выступленні мастацкай самадзейнасці, яе сандружына з перамогай вярталася з многіх спаборніцтваў.

...Ішоў час, і разам з ім многае мянялася ў рабоце інфекцыйнага аддзялення. У выніку гэтых змен Ірыне Аляксандраўне зноў пашчасціла: яна стала працаваць у паліклініцы, у тандэме з цудоўным урачом Ірэнай Віталеўнай Гарбацэвіч.

Але ж і сапраўды не хлебам адзіным жывы чалавек...

— Маё галоўнае захапленне — кветкі, — прызнаецца жанчына. — Каля дома каля 50 сартоў руж. Да таго ж з дзяцінства люблю паэзію, здараецца, нешта рыфмую сама. Разумею, што мае радкі — пра сваю зямлю, сям'ю, пра вёску Міраслаўка — далёка не дасканалыя, але ж яны — ад чыстага сэрца.

Ад сябе дадам: як і ўсё, што робіць гэтая старанная сумленная жанчына.

Ніна БУРКО

Бярэзінскі раён


«...Маці па-ранейшаму чакае»

З мноства гукаў, якімі час ад часу напаўняецца вялікі вясковы дом, Ніна Пятроўна засяроджана хіба на адным — званку тэлефона. Варта дзынкнуць яму, нагадаць пра сябе — у сэрцы тут жа з'яўляецца надзея: гэта Марына, дачка!.. Маці здымае слухаўку і... расчаравана ўздыхае: не, зноў не яна. Тая амаль паўгода не тэлефануе і не прыязджае — пакрыўдзілася.

Пятроўна каторы разок «пракручвае» ў памяці іх апошнюю тэлефонную размову.

Канфлікт, як гэта часта здараецца, узнік на роўным месцы, з нічога. Маці сказала, што прастыў Віця (гэта Марынін старэйшы брат), спытала ў дачкі (яе работа звязаная з медыцынай), якія лекі яна б параіла. «А без мяне вы нічога вырашыць не можаце!» — раптам узарвалася Марына і, нават не развітаўшыся, абарвала размову.

Пятроўна, ведаючы гарачы нораў дачкі, спярша не здзівілася, падумала, можа, на рабоце непрыемнасці, можа, дома... Астыне — патэлефануе. Але дні праляцелі за днямі, потым тыдні за тыднямі, потым — месяцы... Вестак ад Марыны так і не было.

...З маленства гэтая дзяўчынка часта хварэла, а таму бацькі не абцяжарвалі яе работай, патуралі любым капрызам. Матуля не ведала, як прыбраць гэту юную модніцу, каб выглядала не горш за сябровак, чым папесціць, куды адправіць вучыцца?

Яна ж, Ніна Пятроўна, зрабіла ўсё, каб, скончыўшы тэхнікум, Марына не паехала на работу ў аддалены райцэнтр, а засталася ў сталіцы, каб атрымала прапіску.

Потым, калі дачка аб'явіла, што выходзіць замуж, бацькі не пашкадавалі грошай — справілі годнае вяселле і праз год — першыя хрэсьбіны. У іх нарадзілася ўнучка, праз тры гады — чаканы ўнук! Бабуля з дзядулем не маглі нацешыцца!

Здавалася б, чаго яшчэ бракуе маладым: жывіце ў згодзе, гадуйце дзяцей. Але ж Марыну падпільнавала бяда: яе муж сустрэў іншую жанчыну, сышоў з сям'і.

«Мама, што рабіць? Я жыць не хачу!» — у адчаі галасіла дачка, прыляцеўшы дадому. «Пабойся Бога! У цябе малыя, — угаворвала маці. — Да таго ж ты не адна. Мы справімся... А шчасце яшчэ знойдзе цябе. Вось пабачыш!»

І сапраўды, побач з Марынай былі бацькі, старэйшы брат Віця...

Дзякуючы ім Марына паціху-памалу перажывала ўсе нягоды. Каб яна з малымі не трэслася ў аўтобусах ды маршрутках, брат на сваёй машыне прывозіў іх з горада ў вёску і адвозіў назад; адгукаўся на любую просьбу. Грашыма і прадуктамі, як маглі, дапамагалі бацькі, глядзелі ўнукаў.

...Яны, тыя малыя, зусім непрыкметна выраслі: старэйшая Святлана ўжо сама зарабляе. І малодшы Арцём сёлета скончыць школу. А галоўнае, гадоў колькі таму ў жыцці Марыны з'явіўся Кірыл — добры, клапатлівы, надзейны мужчына. Спраўдзіліся матчыны словы: адшукала дачку жаданае шчасце!

«Але ж чаму цяпер, калі ўсё так добра, мы сталі ёй непатрэбныя? — думае маці. — За што яна крыўдуе на мяне? Гэта мне, можа, трэба было б?»

...Сэрца маці — бездань, у глыбіні якой заўсёды знойдзецца дараванне, пісаў Бальзак. Ніна Пятроўна па-ранейшаму чакае званка і верыць: рана ці позна дачка адзавецца (павінна!), і ўсё ў іх будзе як некалі.

Ірына МАТУСЕВІЧ

Дзяржынскі раён


Замест пасляслоўя, альбо Пытанне на засыпку

...Нявестка, спаслаўшыся на высокі ціск, не прыехала выбіраць бульбу. «Ото ўжо гэтыя хворыя! І не лечацца, і не мруць!» — з тае крыўды сказала свякроў.

Гэтыя словы «добрыя» людзі данеслі нявестцы, і тая не даравала: прыехала да свекрыві толькі на развітанне.

...Малодшанькая, позняя дачка пасля смерці бацькі забрала яго машыну (у старэйшай яна была), пасля смерці маці — прысвоіла дачу. Парывалася яшчэ і кватэру, ды сястра спыніла, сказала: «Май сумленне!».

Малодшанькая і позняя пакрыўдзілася. Кватэра — з усім, што нажылі бацькі, стаіць пустая. Сёстры не размаўляюць.

...Сын у пошуках лепшай долі з'ехаў за межы краіны. Услед за ім, як і варта было чакаць, паехалі яго жонка і дзеці. Бацька — стары, нямоглы — застаўся адзін.

...Маці, аддаўшы ўсе зберажэнні малодшаму сыну на куплю кватэры, дом у вёсцы завяшчала старэйшаму. Браты — родныя — жывуць як чужыя.

Янка Сіпакоў — паэт, празаік, перакладчык і з сямі гадоў круглы сірата (бацькоў расстралялі немцы за сувязь з партызанамі) — казаў, што ў сям'і павінны суіснаваць Ён, Яна, Яны (дзеці) і цішыня; што сям'я — гэта ячэйка, дзе ўсе ўсім усё заўсёды павінны прабачаць.

Каб прыйсці да гэткай высновы, трэба быць сіратой?

Так? Ці ўсё ж такі не? Абмяркуем?


Мары збываюцца. І не збываюцца

Пасля школы Клара Рэзнікава хацела стаць медыкам, але пачалася вайна...

Атрымаўшы атэстат аб сярэдняй адукацыі, гэтая дзяўчынка-выдатніца адразу ж пакіравала ў ваенкамат, стала прасіцца на фронт. Яе, невялічкую і прыгожую, тады, відаць, проста пашкадавалі. Сям'я эвакуіравалася ў Саратаўскую вобласць, Клара год адпрацавала на трактары. І толькі пасля таго трапіла ў санчасць 80-й стралковай дывізіі пад Сталінград.

Што там давялося перажыць, адзін бог толькі ведае! Добразычлівая, старанная дзяўчына (на здымку) была спачатку санінструктарам, потым, на выдатна здаўшы экзамен, — ужо медсястрой: як магла дапамагала параненым, прайшла ад Сталінграда да Вены, сама атрымала раненне і... назаўжды развіталася з марай стаць медыкам. Пасля вайны і ўсяго, што там давялося перажыць, ёй хацелася радасці, шчаслівага дзіцячага смеху. Такім чынам былая франтавічка паступае ў педінстытут, працуе настаўніцай, стварае клуб «Шукальнік» — музей баявой і працоўнай славы ў САШ-44, які працуе і сёння...

Клара Залманаўна — сціплая, інтэлігентная, добразычлівая — ніколі не хвалілася сваімі ўзнагародамі: ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, ордэнам Чырвонай Зоркі, многімі баявымі медалямі, званнем «Выдатнік народнай адукацыі БССР». Яна проста служыла людзям.

Ганна АТРОШЧАНКА

г. Гомель


Пад сваім сонейкам

Дарога з дому да школы, з дому на работу, з дому на лецішча — у мяне адна і тая ж: дарога майго жыцця. Для таго каб зімой яе не заносіла снегам, абапал насаджаны два рады елачак. А да іх чаго толькі не прыбілася!

Вясной маю дарогу ўсцілаюць завушнічкі бяроз і парашуцікі клёнаў, на ўзбочынах расцвітаюць пралескі, а на правадах электраслупоў абавязкова з'яўляюцца дзве пары вялікіх дзікіх галубоў. Мабыць, недзе тут іх гняздо?

Пазней на елачках «загараюцца» маленькія ружовыя свечачкі, яшчэ пазней — зацвітаюць ліпы, і тады водар стаіць такі, што яго, здаецца, можна сабраць у далоні!

У канцы лета па вечарах на дарогу выходзяць вожыкі. Убачыўшы іх, злажу з ровара і пераводжу ад бяды падалей, бо машын праносіцца шмат, у бяспечнае месца.

Там жа, на дарозе, калі пашчасціць, можна ўбачыць зайца, казулю — і дзівоснае хараство ўвосень, калі да зялёнага колеру елак далучыцца золата бяроз, ліп, таполяў, аранжава-барвовыя фарбы клёнаў! Грэх, здаецца, і ступаць на такую прыгажосць! А як жа тады лёгенька думаць і ўспамінаць, нават... выдумваць!

Аднойчы на асфальце каля абочыны я заўважыла цікавыя трэшчыны: роўненькі такі паўкруг і ў бакі ад яго чатыры палачкі. «Акурат як сонейка», — усміхнулася сама і са мной згадзіліся ўнукі і потым на пад'ездзе да месца мы віталіся з жывёліна. І віталіся доўга, аж пакуль не прыехалі дарожнікі і не паклалі новы асфальт.

Нам шкада было нашага «сонейка». На ўспамін аб ім я прымацавала да галінкі белую стужачку.

...Днямі праходзіла там. Ад дум адарваў тэлефонны званок: унук (першакласнік) далажыў, што прыйшоў са школы, што адзін, сумуе... «Давай, — прапануе, — пагуляем у «трактары». — «Добра, — кажу, — прыйду, і мы гэтак зробім». — «А ты дзе цяпер?» — удакладняе хлопчык. — «Амаль пад «сонейкам». — «О, дык табе яшчэ доўга ісці!» — «Не, дзіцятка, я хутка!...»

Шчыра кажу, калі дома цябе чакаюць (а тым больш — каб пагуляць у «трактары»!), ісці куды весялей і лягчэй!

Таццяна НОВІК

г. Клецк

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.