Вы тут

Вясна па нотах. Што падрыхтаваў для слухачоў фестываль музыкі «Мінская вясна»


У першы красавіцкі дзень на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ўрачыстым канцэртам распачаўся XXXVIII фестываль музыкі «Мінская вясна», які праводзіцца пры падтрымцы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. Сёлета падзея супала з важнай датай. Роўна 150 гадоў таму, 1 красавіка 1873 года, нарадзіўся слынны рускі кампазітар і піяніст Сяргей Васільевіч Рахманінаў. Ва ўсім свеце і ў сталіцы Беларусі адбываюцца святочныя імпрэзы. Паралельна з музычным фестывалем Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь дае серыю канцэртаў, прысвечаных юбілею кампазітара, «Рахманінаў+».


Фота Іны Карпук.

Традыцыйны міжнародны музычны форум  сёлета праходзіць з 1 красавіка да 24 мая. Меламанаў чакаюць юбілейныя канцэрты, выступленні музыкантаў з сусветным іменем і сустрэчы з сапраўдным мастацтвам. Праграма маштабнай падзеі насычаная і разнастайная. «Мінская вясна» абяцае стаць грандыёзным завяршэннем святочных мерапрыемстваў, прысвечаных 85-годдзю Белдзяржфілармоніі. Канцэрты фестывалю пройдуць у Вялікай канцэртнай зале і ў Малой зале імя Р. Шырмы.

Вось ужо больш за тры дзесяцігоддзі фестываль музыкі «Мінская вясна» нязменна здзіўляе гасцей Беларускай дзяржаўнай філармоніі яркімі і ўнікальнымі канцэртнымі праграмамі, натхняе і дорыць незабыўныя эмоцыі.

Амаль два месяцы ў мінчан будзе магчымасць далучацца да вяршынь класічнай музыкі падчас правядзення «Мінскай вясны». Распачалося свята элегій і сімфоній урачыстым канцэртам «Рахманінаў+».

У дзень нараджэння «рускага генія» 1 красавіка на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі — Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр (мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор — народны артыст Беларусі Аляксандр Анісімаў). Пад кіраўніцтвам дырыжора Валерыі Рыбінскай славуты калектыў выканаў Канцэрт № 3 рэ мінор для фартэпіяна з аркестрам. За фартэпіяна — Алена Навуменка, лаўрэат міжнародных конкурсаў. Твор напісаны кампазітарам у 1909 годзе і з’яўляецца на сёння адным з самых папулярных. Музычныя крытыкі Канцэрт № 3 рэ мінор для фартэпіяна з аркестрам называюць вяршыняй творчасці Сяргея Рахманінава пачатку ХХ стагоддзя. Акрамя твораў юбіляра, філарманічны калектыў выканаў Элегію з Серэнады до мажор для струннага аркестра П. Чайкоўскага.

Канцэрт № 3 рэ мінор для фартэпіяна з аркестрам — паўнавартасная і аўтэнтычная праца, якая раскрыла ўнікальны талент кампазітара, — прагучаў на ўсю моц з асаблівай паэтычнай чароўнасцю. Выканаўца сольнай партыі не супрацьстаіць аркестру, а, безумоўна, дамінуе над ім.

Не менш выбітным творам майстра даследчыкі музыкі лічаць і «Сімфанічныя танцы». Кампазіцыя была напісана Сяргеем Рахманінавым у 1940 годзе. Стымулам для стварэння сталі ўласныя перажыванні. Кампазітара вельмі турбавалі падзеі ў Францыі, акупіраванай нацысцкімі войскамі, таму што ў Парыжы знаходзілася яго дачка. У надзвычай кароткі тэрмін ён стварыў сімфанічнае сачыненне. Яно вылучаецца аўтабіяграфічнасцю і ўласнай гісторыяй.

Канцэртам-падзеяй абяцае стаць аўтарскі вечар Талібхона Шахідзі. 7 красавіка ўпершыню ў Беларусі будзе выканана музыка знакамітага таджыкскага і расійскага кампазітара. Шахідзі — народны артыст Рэспублікі Таджыкістан, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі імя Рудакі, член Саюза кампазітараў і Саюза кінематаграфістаў Расіі.

Кампазітарскі стыль Талібхона Шахідзі адметны натуральным спалучэннем багацця еўрапейскага традыцыйнага мастацтва і каларыту нацыянальнай музычнай спадчыны.

Белдзяржфілармонія. Фота Кастуся Дробава.

Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр пад кіраўніцтвам маэстра Аляксандра Анісімава прадставіць публіцы самыя вядомыя творы аўтара: Трэці канцэрт для фартэпіяна з аркестрам, вакальны цыкл «Недасканаласць нашага свету» на словы Поля Верлена, фрагменты з балетаў «Ліхвяр», «Рубаі Хаяма», сімфанічную паэму «Сада».

На аўтарскім вечары ўпершыню пасля доўгага перапынку выступіць знакамітая піяністка Кацярына Мячэціна — салістка Маскоўскай дзяржаўнай акадэмічнай філармоніі, заслужаная артыстка Расійскай Федэрацыі. У яе выкананні прагучыць Трэці канцэрт для фартэпіяна з аркестрам.

Працягнуць урачыстасць два юбілейныя канцэрты, якія займаюць асаблівае месца ў праграме фестывалю «Мінская вясна».

У сераду, 26 красавіка, у Вялікай канцэртнай зале адбудзецца святочны вечар Ніны Шарубінай. У 2023-м салістка Вялікага тэатра, народная артыстка Беларусі адзначае 20-годдзе творчай дзейнасці. У яе рэпертуары шырока прадстаўлены рамансы розных часоў. Менавіта гэты бок творчасці беларускай прымы натхніў галоўнага дырыжора Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь Яўгена Бушкова на стварэнне ўнікальнай праграмы. «Рамансы і танцы» спалучаюць і вакальныя, і інструментальныя рамансы з танцавальнай музыкай.

Сярод кампазітараў — Э. Грыг, С. Рахманінаў, П. Чайкоўскі, І. Брамс, А. Дворжак, Д. Шастаковіч, Д. Попер, І. Альбеніс, І. Штраус, А. П’яцола, а таксама старажытныя рамансы для голасу з акампанементам.

Сёлетні фестываль азнаменаваны яшчэ адной важнай падзеяй. 60 гадоў спаўняецца канцэртнаму аргану філармоніі. У гонар значнай даты 27 красавіка адбудзецца канцэрт Аляксандра Фісейскага. Заслужаны артыст Расіі, прафесар Расійскай дзяржаўнай кансерваторыі імя П. І. Чайкоўскага і Расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных не ўперышню выступае на беларускай сцэне. У перыяд з 1975 да 1983 года А. У. Фісейскі з’яўляўся салістам-арганістам Беларускай дзяржаўнай філармоніі. У праграме — І. Бах, Ф. Мендэльсон-Бартольдзі, І. Брамс, М. Рэгер.

Вядучая канцэрта — музыказнаўца  Вольга Савіцкая. Менавіта яна аўтар шматгадовага праекта «Шэдэўры сусветнага арганнага мастацтва». Пад яе кіраўніцтвам адбудзецца і другі арганны канцэрт фестывалю. 23 мая ў Вялікай зале выступіць народны артыст Расіі і Татарстана Рубін Абдулін. Музыкант з’яўляецца заснавальнікам казанскай арганнай школы, старшынёй Саюза арганістаў Расіі. А рэпертуар яго канцэртных праграм ахоплівае ўсе асноўныя стылі ад эпохі Адражэння да нашых дзён.

Не менш разнастайнай абяцае быць і канцэртная праграма Малой залы імя Р. Шырмы.

Яна ЦЭГЛА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».