Вы тут

Лідарства ў адукацыі: як зрабіць школу паспяховай?


Ці заўсёды паміж кіраўніком і лідарам у калектыве можна паставіць знак роўнасці? Хто яны — лідары ў адукацыі? Якія навыкі для лідара найбольш важныя: уменне працаваць у камандзе, планаваць і мысліць стратэгічна, гатоўнасць прымаць хуткія рашэнні, нестандартнасць, уменне выходзіць за рамкі, крэатыўнасць, а можа быць, эмпатыя ці харызма? У гэтым паспрабавалі разабрацца ўдзельнікі міжнароднай канферэнцыі «Лідарства і кіраванне ў адукацыі», якая была арганізавана камандай праграмы «Настаўнік для Беларусі» пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і ААТ «Сбер Банк». Сваім бачаннем лідарскіх кампетэнцый у педагагічнай супольнасці і практычнымі інструментамі лідара ў адукацыі на сустрэчы дзяліліся спікеры з Беларусі, Расійскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Арменія.


Веды і кампетэнцыі

— Пра што нам хацелася б папрасіць сістэму адукацыі, — звярнуўся да прысутных намеснік старшыні праўлення ААТ «Cбер Банк» Андрэй Вушаў. — Па-першае, гэта пра новыя веды, колькасць якіх пастаянна прырастае. На іх вельмі вялікі попыт. Але іх трэба ўмець знаходзіць і правільна выкарыстоўваць. Таксама трэба тлумачыць вучням, навошта ім патрэбныя веды, таму што проста мець іх у сваім багажы сэнсу не мае. Гэта як чамадан без ручкі. Веды трэба ўмець прымяняць. Таксама трэба вучыць школьнікаў вырашаць праблемы (выяўляць іх і знаходзіць рашэнне), а для гэтага патрабуюцца міксы ведаў. Што мы, асабіста, хацелі б бачыць у маладых спецыялістах, якія прыходзяць да нас, дык гэта матывацыю. Для таго, каб захоўваць канкурэнтаздольнасць у сучасным свеце з яго вялізным патокам інфармацыі, мы павінны імкнуцца да самаразвіцця і пастаянна самаўдасканальвацца. І сістэма адукацыі — ключавы гулец на гэтым полі. Матывацыя стымулюе здольнасць да самаадукацыі. Кожны працэс павінен мець вынік, таму школьнікі павінны заўсёды імкнуцца яго атрымаць.

— Запыты бізнесу супадаюць з тымі мэтамі, якія Міністэрства адукацыі ставіць перад сабой, — запэўнівае намеснік міністра адукацыі Аляксандр КАДЛУБАЙ. — У Беларусі рэалізоўваецца галіновая навукова-тэхнічная праграма па развіцці функцыянальнай адукаванасці, у якой дакладна прапісана, якія інструменты будуць укараняцца на ўсіх узроўнях адукацыі, каб нашы навучэнцы разумелі, як прымяняць атрыманыя веды на практыцы. Таксама на парадку дня — падрыхтоўка педагагічных кадраў, здольных вучыць новым ведам і кампетэнцыям. Мы дакладна разумеем, што лідар фармальны (кіраўнік арганізацыі) павінен быць і нефармальным лідарам, каб стварыць у калектыве атмасферу поспеху і павесці людзей за сабой. Тэма лідарства ў адукацыі надзвычай актуальная. Упэўнены, што ў праекта «Настаўнік для Беларусі» — добрая будучыня. Ужо сёння тым ці іншым чынам у яго ўцягнуты каля 10 тысяч чалавек: навучэнцы, педагогі, бацькі, куратары, метадысты і г. д.

— Педагог — ключавая фігура ўстойлівага развіцця сістэмы адукацыі, — падкрэслівае начальнік каардынацыйнага цэнтра «Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця» БДПУ імя М. Танка Інэса Зубрыліна. — У цяперашні час сфарміраваўся новы кантэкст чаканняў з нагоды дзейнасці лідараў менавіта ў адукацыі.

Інэса ЗУБРЫЛІНА: «Кіраўнік-лідар умее ўбачыць лідарскі патэнцыял у калег...»

На думку Інэсы Зубрылінай, для паспяховай рэалізацыі сваёй місіі, акрамя прафесійных якасцей, педагог павінен валодаць здольнасцю забяспечыць выхаванне асобы з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй і нацыянальнай самасвядомасцю, арганізацыю сацыяльна значных ініцыятыў у кантэксце ўстойлівага развіцця, гатоўнасцю да рэалізацыі інклюзіі, навыкамі работы ў лічбавым асяроддзі і здольнасцю прадбачыць сацыяльную сітуацыю развіцця сучаснага лічбавага школьніка.

А для таго, каб быць лідарам, трэба валодаць бачаннем перспектыў, уменнем эфектыўна вырашаць праблемы, аказваць падтрымку калегам, быць нацэленым на вынік. Ад настаўніка-лідара патрабуецца здольнасць генерыраваць ідэі і падыходы, ствараць новыя тэхналогіі, уменне актуалізаваць унутраны патэнцыял сваіх паслядоўнікаў.

«Лідарская кампетэнцыя — гэта здольнасць і гатоўнасць да вырашэння лідарскіх задач: бачанне мэты, матывацыя сябе і іншых на яе дасягненне, — падкрэслівае Інэса Зубрыліна. — Чаму паміж кіраўніком і лідарам не заўсёды можна паставіць знак роўнасці? Таму што асновай уплыву кіраўніка з’яўляецца як мінімум службовая ўлада, а асновай ўплыву лідара —сацыяльнае ўзаемадзеянне не з падначаленымі, а з паслядоўнікамі. Кіраўнік-лідар умее ўбачыць прафесійна значныя лідарскія якасці і патэнцыял у калег і забяспечыць магчымасці для іх развіцця. Зразумела, што педагог-лідар здольны дасягаць высокіх вынікаў у акружэнні падобных яму прафесіяналаў».

Што рабіць у часы VUCA?

— Калі настаўнік — гаспадар свайго выніку, калі ён сэрцам за яго хварэе і актыўна дзейнічае, значыць, ён лідар на сваім месцы, і кіраўнік установы адукацыі павінен даць яму гэта зразумець, — разважае старшыня Савета папячыцельскага фонду «Айб», дырэктар школы «Айб» з 2014 да 2020 года Арам ПАХЧАНЯН (Арменія). — У перыяд крызісу патрабуюцца нетрывіяльныя падыходы і эксперыменты, укладанне душы і сіл больш чым звычайна. Прымусіць падначаленых дзейнічаць немагчыма. Толькі калі людзі на месцах зразумеюць, што ад іх насамрэч штосьці залежыць, яны змогуць дзейнічаць эфектыўна. Але размеркаванае лідарства (уменне дэлегаваць свае паўнамоцтвы) — істотна больш складаная мадэль (і ў плане размеркавання рэсурсаў, і ў плане сістэмы прыняцця рашэнняў). Гэтаму трэба вучыцца.

Арам ПАХЧАНЯН: «У эпоху перамен самы час — вучыцца і змяніць штосьці ў сваёй свядомасці і свядомасці іншых людзей».

Характарызуючы стан сучаснага свету, спецыялісты з розных абласцей усё часцей ужываюць тэрмін VUCA. Гэта акронім англійскіх слоў volatіlіty (нестабільнасць), uncertaіnty (нявызначанасць), complexіty (складанасць) і ambіguіty (неадназначнасць), а па сутнасці — канстатацыя таго, што ў нас амаль не засталося ніякіх арыенціраў. Нічога стабільнага няма, усё мяняецца. І першае, што трэба зрабіць, — прызнаць і прыняць змены, якія мы не можам кантраляваць, затое можам кіраваць сваёй рэакцыяй на іх і сваім станам. Наша задача — адаптавацца, навучыцца жыць у новай сітуацыі.

— У эпоху перамен самы час — вучыцца і змяніць штосьці ў сваёй свядомасці і свядомасці іншых людзей, — падкрэслівае Арам Пахчанян. — Дарэчы, дзеці вельмі востра адчуваюць трывогу бацькоў, трывогу педагогаў, пачуццё нявызначанасці і страту матывацыі. Цяпер самы час для таго, каб укараніць у сваёй установе адукацыі адкрытую зваротную сувязь, сказаць, што выказванне любога меркавання будзе вітацца, не варта палітызаваць, але і абыходзіць вострыя вуглы нельга. Прычым такая зваротная сувязь дапамагае кіраўніку-лідару прымаць граматныя рашэнні.

«Што трэба рабіць у крызіс? Наноў усвядоміць сваю місію, вярнуцца да каштоўнасцяў сканцэнтравацца на галоўным, выбудаваць бачанне ў новых рэаліях, умацаваць размеркаванае лідарства — сысці ў плоскую іерархію, але з дастаткова высокай інтэнсіўнасцю кантролю, — раіць Арам Пахчанян. — Не падманваць сябе, адмовіцца ад ілюзій. Не захоўваць тое, што ёсць, а развівацца. Трэба зрабіць фокус на людзях — ад іх усё залежыць! Вельмі важна мець моцную каманду. Трэба быць напагатове і памятаць, што крызіс — гэта не толькі стрэс, але і магчымасці. У крызіс трэба інвеставаць у будучыню: сёння людзям як ніколі патрабуецца адукацыя...»

Кава з дырэктарам

«У школу па шчасце, ці гэта магчыма?» — звярнулася да дырэктараў-удзельнікаў канферэнцыі педагог-псіхолаг, каардынатар куратарскай падтрымкі праграмы «Настаўнік для Беларусі», аўтар праекта па развіцці эмацыянальнага інтэлекту і падтрымцы педагогаў «Школа радасці» Вольга ТКАЧУК.

Вольга ТКАЧУК: «Хто ва ўстанове адукацыі павінен быць шчаслівым: дзеці, дырэктар, настаўнікі?»

Яна прапанавала ўсім ацаніць узровень шчасця сваёй школы і асабісты: «Падумайце, ці звязана ваша шчасце са шчасцем школы? А хто ва ўстанове адукацыі павінен быць шчаслівым: дзеці, дырэктар, настаўнікі? Чыё шчасце найбольш важнае? Ці ведаеце вы, што адзін шчаслівы дырэктар можа „заразіць“ шчасцем цэлую школу? Тэатр пачынаецца з вешалкі, а з чаго пачынаецца шчаслівая школа? Усё пачынаецца з усмешкі... Калі ты заходзіш у школу, а там табе ўсміхаюцца. Калі цябе сустракаюць фатаграфіі дзяцей, педагогаў, у тым ліку і дырэктара, з усмешкамі. Калі на сценах прадстаўлена дзіцячая творчасць. Калі на перапынках гучаць музычныя званкі. Калі ў школе прадугледжаны месцы, дзе можна пабыць аднаму, адпачыць і гэтак далей. Аднойчы я пачула ад настаўніцы: „Пра якую радасць вы гаворыце? Дзеці прыйшлі сюды вучыцца і кропка!“ Але дзеці прыходзяць у школу, не толькі каб атрымліваць адзнакі. Асноўныя матыватары — не матэрыяльныя. Вельмі важную ролю ў школьным дабрабыце вучняў, іх паспяховасці і матывацыі адыгрывае фігура педагога, асаблівасці іх узаемаадносін, гатоўнасць прыйсці вучню на дапамогу, а таксама псіхалагічны дабрабыт самога педагога. Між іншым, псіхалагічны дабрабыт школьнага персаналу залежыць... ад кіраўніцтва».

Паводле праведзеных даследаванняў, уцягнутасць супрацоўніка залежыць ад некалькіх фактараў: ці была ў яго магчымасць расці і развівацца за апошні год, ці ўлічвалася яго меркаванне, ці ёсць у яго магчымасць рабіць добра тое, што ён умее, ці былі заўважаны і адзначаны яго дасягненні за апошні час.

«Задача кіраўніка-лідара — зрабіць усё, каб настаўнікі адчулі сваю каштоўнасць. Адзначаць іх поспехі і дасягненні, асабісты ўклад у жыццё школы. Забяспечыць максімальную празрыстасць працэсаў кіравання. Даць магчымасць педагогам уплываць на штосьці, штосьці выбіраць (курсы павышэння кваліфікацыі, тэмы для класных гадзін і гэтак далей). Трэба быць у доступе рэгулярна, весці адкрыты дыялог аб праблемах, калі яны ёсць, — раіць Вольга Ткачук. — Трэба „хадзіць у народ“, вітаць, кантактаваць, усміхацца, пытацца „Як вы?“, жадаць добрага дня. Можна арганізоўваць рэгулярныя індывідуальныя сустрэчы „Кава з дырэктарам“. Дапамажыце калегам выпрацаваць баланс паміж работай і асабістым жыццём, які дапамагае аднаўленню сіл. Дазвольце сабе, у рэшце рэшт, быць недасканалым і дайце такую магчымасць калегам. Так вы зможаце аблегчыць груз адказнасці, які нясуць педагогі, і пачаць дыялог аб тым, як падзяліць адказнасць за вучэбныя вынікі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу... Асабісты дабрабыт (well beіng) выкарыстоўваецца ўсё часцей у якасці маркера эфектыўнасці сістэмы менеджменту і кіравання персаналам у арганізацыі».

Пра доказную педагогіку і стратэгію паспяховых школ расказала ў сваім выступленні настаўнік матэматыкі кваліфікацыйнай катэгорыі «настаўнік-метадыст» сярэдняй школы № 20 горада Барысава, кіраўнік метадычнай падтрымкі праграмы «Настаўнік для Беларусі» Ірына АДАМОВІЧ:

— Нягледзячы на тое, што ўсе дзяржаўныя школы працуюць на адзіны дзяржаўны заказ і абапіраюцца на адны і тыя ж стандарты, тым не менш кожная ўстанова адукацыі непаўторная, адрозніваецца духам, атмасферай і вынікамі. І гэта залежыць ад шматлікіх фактараў: кантынгенту, адміністрацыі, педагагічных падыходаў і тэхналогій, якія выкарыстоўваюцца, сфармуляваных місій і каштоўнасцяў і інш. Ні адна адукацыйная арганізацыя не абыходзіцца ў сваёй дзейнасці без мэт, прыярытэтаў і напрамкаў развіцця. І школа не выключэнне. Місія школы з’яўляецца адлюстраваннем адукацыйнай філасофіі яе супрацоўнікаў.

Ірына АДАМОВІЧ: «Паспяховая школа — тая, якую выбіраюць вучні і бацькі».

Сапраўдны лідар-кіраўнік не проста трансліруе падрыхтаваны адміністрацыяй варыянт рашэння, а прымае яго сумесна з калектывам. Гэта важна, паколькі дапамагае дабіцца разумення і падтрымкі калектывам яго ідэй па развіцці школы. А знешнія рэсурсы прынясуць максімальную карысць школе толькі тады, калі ў педагагічным калектыве ёсць адзінства, супрацоўніцтва і імкненне да змен.

«Добрая школа — тая, у якую хочацца прыходзіць да настаўнікаў, да аднакласнікаў, з якімі хочацца вучыцца і сябраваць. Такая школа патрэбная ўсім, — канстатуе Ірына Адамовіч. — Паспяховая школа — гэта школа, якую выбіраюць вучні, выбіраюць бацькі. І калі нас выбіраюць, значыць, мы паспяховыя і канкурэнтаздольныя. Дык няхай кожная школа будзе паспяховай!»

Ірына АДАМОВІЧ і Вольга ТКАЧУК расказваюць пра стратэгіі паспяховых школ.


​Мэта праекта «Настаўнік для Беларусі» прыцягнуць у школы ў невялікіх гарадах і населеных пунктах крэатыўных і неабыякавых настаўнікаў, забяспечыць кожнаму дзіцяці доступ да якаснай адукацыі і магчымасць раскрыць індывідуальны патэнцыял. Праграма разлічана на людзей, якія гатовыя змяняцца і змяняць свет вакол сябе, і на тых, хто не баіцца новага. На працягу двух гадоў удзельнікі вучаць і натхняюць, рэалізоўваюць праекты для мясцовай супольнасці, адкрываюць новыя напрамкі і вераць у патэнцыял кожнага дзіцяці, у магчымасці яго росту і развіцця. Праграма аказвае ўдзельнікам куратарскую, метадычную, праектную і фінансавую падтрымку, фарміруе актыўную супольнасць настаўнікаў-лідараў, рэалізоўвае адукацыйныя спецпраекты. Арганізатары аказваюць дапамогу ахвотным далучыцца да праграмы ў падборы школы, але можна застацца працаваць і ў сваёй. Галоўнае, каб школа падала заяўку на ўдзел у праграме. Зараз ідзе пяты набор у праграму. Падрабязнасці на teach4.by.

Надзея НІКАЛАЕВА

Фота аўтара і арганізатараў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».