Вы тут

У Ружанах ідзе рэстаўрацыя помніка архітэктуры ХVІІІ стагоддзя — капліцы Святога Казіміра


Яшчэ адной турыстычнай разыначкай на Ружаншчыне неўзабаве пабольшае. У кантэксце новых тэматычных праектаў рэгіёна гэта вельмі добрая навіна. На нядаўняй калегіі ўпраўлення спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама падрабязна гаварылі пра работу па стварэнні турыстычных кластараў.


І пілотны праект у гэтым кірунку ўжо рэалізаваны. Летась з'явіўся «Турыстычны рэгіён Прыпяцкае Палессе». Названая ініцыятыва аб'яднала Пінск і пяць найбліжэйшых раёнаў — Драгічынскі, Іванаўскі, Лунінецкі, Пінскі і Столінскі. У ходзе рэалізацыі праекта ў Пінску адкрылі турысцка-інфармацыйны цэнтр, стварылі 20 новых маршрутаў, дадаткова правялі атэстацыю 21 экскурсавода. У вёсцы Белін Драгічынскага раёна цяпер ёсць інфармацыйны цэнтр байдарачнага турызму. У заказніках «Сярэдняя Прыпяць» і «Простыр» усталявалі пункт пракату веласіпедаў, на маршруце «Янаўскі ровар», што на Іванаўшчыне, адкрылі новае кафэ. Прыклады можна доўжыць, галоўнае — што вынікам праведзеных сумесных мерапрыемстваў спецыялісты называюць павелічэнне патоку турыстаў больш чым у 2,5 раза.

Работа над праектам працягваецца. Тым часам будуецца план развіцця тэрыторый яшчэ ў трох турыстычных зонах. Адзін з гэтых кластараў аб'яднае Бярозаўскі, Івацэвіцкі, Камянецкі, Пружанскі раёны. У названай зоны вельмі цікавы патэнцыял. Бярозаўшчына — край заказнікаў на ўнікальных балотах, Івацэвічы славяцца Косаўскім палацавым комплексам, Камянец вядомы старажытнай вежай і Белавежскай пушчай. А на Пружаншчыне турыстаў найперш вабяць Ружаны. Гэта сапраўды музейны пасёлак з галоўнай славутасцю — палацам Сапегаў. Для гурманаў даўніны цікавым будуць манастыр базыльян, Свята-Траецкі касцёл, Петрапаўлаўская царква і інш. А цяпер вось, як выглядае, хутка дабавіцца яшчэ адзін помнік архітэктуры — капліца Святога Казіміра.

Надзвычай цікавая гісторыя гэтага невялікага храма. Ён узведзены ў гонар Казіміра, заступніка Ружан, гістарычнай асобы, якая была кананізавана. Выява святога ёсць і на гербе пасёлка.

Казімір, прадстаўнік дынастыі Ягелонаў, унук Ягайлы, сын караля польскага і вялікага князя літоўскага Казіміра ІV, нарадзіўся ў Кракаве ў 1458 годзе. Пры жыцці звярнуў на сябе ўвагу сучаснікаў адукаванасцю, сціпласцю, набожнасцю. Засталіся яго павучанні юным сучаснікам: «Пасля Бога больш за ўсё трэба любіць праўду і справядлівасць», — гаварыў будучы святы. Пазней яго назавуць заступнікам моладзі і рамеснікаў. Пражыў Казімір усяго 25 гадоў, памёр у Гародні. Астанкі захоўваюцца ў Кафедральным саборы ў Вільні. У ХVІІ стагоддзі Папа Пій ХІІ кананізаваў яго.

Што звязвае святога з Ружанамі? Падчас вайны 1654—1667 гадоў пэўны час у Ружанскім замку захоўвалі яго прах. Менавіта ў гонар гэтай падзеі прыдворны архітэктар Сапегаў Ян Самуіл Бекер пабудаваў капліцу. Архітэктар вядомы таксама такімі помнікамі, як Свята-Траецкі касцёл, Петрапаўлаўская царква, манастыр. Месца для культавай пабудовы было выбрана насупраць Ружанскага палаца, на штучна ўтвораным узвышшы. Цяпер абапал капліцы размешчаны могілкі. Фундатарам будаўніцтва выступіў Аляксандр Міхаіл Сапега. Дарэчы, памяць пра святога ўшаноўвалі і трапятліва захоўвалі ўсе ружанскія магнаты, пачынаючы з канцлера Льва Сапегі.

Каменнае збудаванне з чатырохкалонным порцікам на галоўным фасадзе і невысокім дахам эпохі класіцызму з'явілася ў Ружанах у канцы ХVІІІ стагоддзя. Храм аздаблялі ляпныя архітэктурныя дэталі фасадаў і інтэр'ера, але яны выглядалі стрымана. Капліца ўваходзіла ў комплекс базыльянскага манастыра і знешнім выглядам адпавядала свайму прызначэнню.

— І хоць помнік гісторыі і культуры адносна добра захаваўся для пабудовы яго ўзросту, асабліва хутка стаў разбурацца ў канцы мінулага — пачатку гэтага стагоддзя. Што і не дзіва: пабудова ніяк не выкарыстоўвалася, не значылася на балансе, — расказвае старшыня Ружанскага сельскага Савета Аксана ЮРКОЎСКАЯ. — У абарону помніка выказваліся прадстаўнікі грамадскасці, спецыялісты. Было некалькі спроб сабраць сродкі на рэстаўрацыю, і вось нарэшце фундатары знайшліся. З 2019 года мы займаліся гэтым пытаннем, зрабілі ўсе дакументы. А пазалетась рашэннем сесіі сельвыканкама капліцу перадалі на баланс рэлігійнай абшчыны прыхода Святой Тройцы, якая цяпер і выступае заказчыкам будаўнічых і рэстаўрацыйных работ.

Спецыялісты філіяла «Брэстрэстаўрацыя» ААТ «Белрэстаўрацыя» працуюць на аб'екце з сакавіка мінулага года. Архітэктары адзначаюць добрую захаванасць асобных частак пабудовы. Напрыклад, алтар фактычна аказаўся непашкоджаны, засталіся элементы дэкору і карнізы. На франтоне будынка цалкам аднавілі крыж. Рэстаўратары пастараліся захаваць як мага больш аўтэнтычных элементаў. Унікальныя бэлькі ўдалося выратаваць часткова. Зараз пачынаецца ўнутраная і знешняя аддзелка сцен. Навуковы кіраўнік і галоўны архітэктар праекта філіяла «Брэстрэстаўрацыя» Святлана КОРСУНАВА сказала, што капліца стала адным з найцікавейшых аб'ектаў апошніх гадоў:

— Усё-такі будынак у параўнанні з тым жа Ружанскім палацам пацярпеў менш, хоць і быў у аварыйным стане. Цагляную падлогу мы фактычна аднаўляем з сучасных матэрыялаў, захаваўшы толькі яе ідэю. А вось тынкоўка месцамі добра захавалася. Яе аднаўляем на падставе фізіка-хімічных даследаванняў фарбы, якія праводзяць спецыялісты нашай лабараторыі і лабараторыі Брэсцкага тэхнічнага ўніверсітэта. Завяршыць работу плануецца гэтым летам.

Святлана ЯСКЕВІЧ

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».