Вы тут

Найстарэйшая міліцэйская альма-матар у Магілёве адзначыла юбілей


Установа адлічвае гісторыю ад 2 красавіка 1948 года, калі па загадзе міністра дзяржбяспекі СССР у Магілёве была заснавана школа перападрыхтоўкі сяржанцкага складу корпуса галоўнага ўпраўлення аховы на чыгуначным і водным транспарце. Афіцэры і курсанты школы былі задзейнічаны ў шматлікіх знакавых мерапрыемствах, у тым ліку з удзелам першых асоб савецкай дзяржавы.


Яны неаднойчы рызыкавалі жыццём, калі абаранялі ў пасляваенныя гады грамадства ад бандфарміраванняў, прымалі ўдзел у выкананні спецзаданняў СССР, забяспечвалі ахову правапарадку на ўсесаюзна значных мерапрыемствах. З падачы і пры непасрэдным удзеле супрацоўнікаў і курсантаў школы ў 1952 годзе пад Магілёвам быў закладзены мемарыял у гонар батальёна міліцыі пад камандаваннем легендарнага Канстанціна Уладзімірава. Капітан і амаль усе яго байцы загінулі, стрымліваючы на подступах да горада націск нямецкіх войскаў у першыя дні вайны.

Інстытутам школа стала 9 гадоў таму, і яе выпускнікі ўжо не раз пацвярджалі сваю высокую кваліфікацыю і прафесіяналізм. Ва ўрачыстасцях, прысвечаных знамянальнай даце, прынялі ўдзел міністр унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў, намеснік дзяржсакратара Савета Бяспекі Аляксандр Невяроўскі, старшыня Магілёўскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў. У сваім віншаванні міністр адзначыў, што са сцен установы выйшла шмат прафесіяналаў, якія якасна і на высокім узроўні забяспечваюць грамадскі парадак і бяспеку грамадзян. Ён нагадаў, што сённяшні час выпрабоўвае краіну на трываласць, і вельмі важна з гонарам несці званне супрацоўніка органаў унутраных спраў.

— Грамадзяне краіны могуць быць спакойныя: бяспека ім гарантавана, — падкрэсліў ён. —Для гэтага ў нас ёсць усе неабходныя сілы і сродкі, а галоўнае — падрыхтаваныя кадры, сярод якіх нямала выпускнікоў магілёўскага інстытута міліцыі МУС.

Міністр паведаміў, што ў найбліжэйшай будучыні будзе працягнута рэканструкцыя помніка байцам батальёна Канстанціна Уладзімірава. Подзвіг мужных міліцыянераў з'яўляецца прыкладам для кожнага супрацоўніка органаў унутраных спраў, у тым ліку для курсантаў, якія робяць першыя крокі ў прафесіі.

У святочны дзень шэраг супрацоўнікаў інстытута атрымалі ўзнагароды. Ганаровай граматай Дзяржсакратарыята Савета Бяспекі ўшанаваны начальнік ВНУ Валерый Палішчук, Падзяка дзяржсакратара Савета Бяспекі аб'яўлена начальнікам кафедры прыкладной фізічнай і тактыка-спецыяльнай падрыхтоўкі і крымінальнага працэсу і крыміналістыкі Аляксею Скачынскаму і Дзмітрыю Свірыдаву. Першаму намесніку начальніка інстытута Юрыю Шкаплераву, намесніку начальніка па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні Дзмітрыю Пануждаеву і старшыні ветэранскай арганізацыі Мікалаю Жалезняку міністр МУС уручыў корцікі.

Супрацоўнікі, курсанты і ветэраны інстытута ўшанавалі памяць выпускнікоў, якія загінулі пры выкананні службовых абавязкаў.

У гэты ж дзень у інстытуце МУС адбылася XІ Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі ўстаноў адукацыі праваахоўнага і грамадзянскага блокаў, практычных падраздзяленняў органаў унутраных спраў Беларусі, Расіі і Казахстана. Гэтым разам мерапрыемства было прысвечана тэме «Барацьба са злачыннасцю: тэорыя і практыка».

— Абмен вопытам з калегамі з дружалюбных краін садзейнічае ўдасканаленню форм барацьбы са злачыннасцю, — падкрэсліў начальнік Магілёўскага інстытута МУС генерал-маёр міліцыі Валерый Палішчук. — Немалаважную ролю ў падрыхтоўцы будучага афіцэра адыгрывае навукова-даследчая дзейнасць выкладчыкаў і курсантаў. Будні нашых супрацоўнікаў — ад маладога спецыяліста да прафесара — напоўнены пошукам і рэалізацыяй новых форм і метадаў работы.

Для гасцей свята быў падрыхтаваны вялікі святочны канцэрт, у якім прымалі ўдзел як прафесійныя калектывы і салісты, так і самі курсанты. Ад выпускнікоў інстытута розных гадоў прагучала кранальная песня «Не паўтараецца такое ніколі». Скончыўся вечар гімнам, які тут спявалі яшчэ ў тыя гады, калі інстытут быў школай транспартнай міліцыі, і песняй «Беларусь, наперад!».

Нэлі ЗІГУЛЯ

Фота Варвары СЯРОВАЙ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».