Вы тут

Дыялог пакаленняў


Сустрэча са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах, а таксама ўрачыстая цырымонія ўручэння маладзёжных білетаў адбылася ў верхняй палаце парламента. Маладыя людзі атрымалі магчымасць не проста пабываць у будынку дзяржаўнага органа, дзе прымаюцца адны з найважнейшых рашэнняў у краіне, але і пазнаёміцца з гісторыяй Савета Рэспублікі.


Найлепшыя ўражанні ў маладых людзей засталіся і ад сустрэчы са старшынёй Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах. Сам фармат дыялогу, які прапанавала Таццяна Рунец, прыйшоўся моладзі даспадобы. Член прэзідыума верхняй палаты парламента максімальна даступна і зразумела расказала моладзі пра структуру Савета Рэспублікі, задачы, якія вырашае дзяржаўны орган, над якімі законапраектамі сенатары працуюць у цяперашні час.

Адказала парламентарый і на пытанні школьнікаў. У прыватнасці, іх цікавіла, як стаць удзельнікам патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці». Таксама маладыя людзі хацелі даведацца пра сучасныя формы патрыятычнага выхавання насельніцтва, заканадаўчую дзейнасць парламентарыяў. Шчырай Таццяна Рунец была і падчас адказу на пытанні асабістага характару. Сенатар згадала, пры якіх абставінах у свой час ёй уручалі камсамольскі білет, расказала, кім марыла стаць у дзяцінстве, падзялілася падзеяй, якая стала найбольш запамінальнай. Ведаючы, што старшыня Пастаяннай камісіі любіць чытаць, школьнікі пацікавіліся, ці ёсць у Таццяны Рунец любімая кніга, і папрасілі парады, дзе можна адпачыць у Беларусі.

У сваю чаргу, сенатар задавала сустрэчныя пытанні, адзначала, на што важна звярнуць увагу сучаснай моладзі. Галоўнае, па яе словах, каб маладыя людзі любілі сваю краіну і прыслухоўваліся да бацькоў, якія жадаюць ім толькі найлепшага.

Як адзначыла Таццяна Рунец у размове з карэспандэнтам «Звязды», ва ўзаемадзеянні з моладдзю патрэбна апрабаваць усе фарматы. «Увогуле, з маладымі людзьмі трэба размаўляць, — лічыць Таццяна Рунец. — Прычым на роўных, на адной мове. Часам нават і парады папрасіць. Без павучанняў. З павучаннямі моладзь не заўсёды ўспрымае інфармацыю».

Паводле яе слоў, сустрэчы з моладдзю вельмі важныя. «Хаця б для таго, каб сувязь пакаленняў не была страчана, — акцэнтавала ўвагу сенатар. — Як кажа наш Прэзідэнт, моладзь — гэта звяно, якое звязвае. Ім будаваць нашу краіну, заўтра гэтыя маладыя людзі прыйдуць на кіруючыя пасады. Па меншай меры, такія сустрэчы закладваюць пэўны падмурак, у тым ліку сямейных традыцыйных каштоўнасцяў. Ва ўсім свеце навязваюць нетрадыцыйныя каштоўнасці, а мы павінны расказаць, што з'яўляецца асновай сям'і, асновай нашага грамадства. Я заўсёды кажу нашай моладзі, што трэба любіць людзей і не быць абыякавымі. Калі мы будзем абыякавымі, мы нічога не пабудуем».

Таццяна Рунец падкрэсліла, што ў нашай краіне рабоце з моладдзю ўдзяляецца вельмі вялікая ўвага. «Узяць хаця б 18 ваенна-патрыятычных клубаў, створаных на базе воінскіх часцей, — удакладніла парламентарый. — Думаю, што гэта яшчэ не мяжа і падобныя клубы будуць стварацца далей».

Сенатар засталася задаволеная сустрэчай з актывам БРСМ Маскоўскага раёна. «Спрабавала простай мовай расказаць моладзі аб тым, чым займаюцца члены Савета Рэспублікі, — заўважыла Таццяна Рунец. — У сілу свайго ўзросту яны яшчэ не ўсё могуць зразумець. Аднак, у любым выпадку, гэтая сустрэча ім запомніцца. Па-першае, таму што адбылася яна ў Савеце Рэспублікі. Па-другое, што ў гэтай дзяржаўнай установе ім уручылі членскі білет БРСМ. Спадзяюся, што карыснай для іх была і наша размова. Дыялог пакаленняў — гэта таксама свайго роду падмурак, які мы закладваем для далейшага развіцця нашай дзяржавы».

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.