Вы тут

«Абеліскі параненай зямлі». Жывая памяць аб першых вызваліцелях


Знакаміты контрудар на Дняпры ў 1941 годзе сарваў актыўнае наступленне нямецкіх войск на маскоўскім напрамку і даў магчымасць эвакуіраваць прадпрыемствы Гомеля.

Сёлета 55 гадоў, як на цэнтральнай плошчы Жлобіна быў адкрыты абеліск «ВОІНАМ-ВЫЗВАЛІЦЕЛЯМ». Гэты памятны знак — чатырохгранны пілон з шэрага граніту. На адным з яго бакоў размешчаны барэльеф ружовага колеру з выявай чырвонаармейцаў і выбітымі надпісамі: «У цяжкі 1941 год, 15 ліпеня, воіны 21-й арміі ўзялі штурмам акупаваны Жлобін», «Подзвігам вашым — слава», «Воінам-вызваліцелям», «1941 год, 15 ліпеня».


Па мясцінах баявой славы

Абеліск «ВОІНАМ-ВЫЗВАЛІЦЕЛЯМ» — сімвал памяці і ўдзячнасці жыхароў Жлобіншчыны подзвігу савецкіх байцоў 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем Леаніда Пятроўскага. Улетку 1941 года яго воіны фарсіравалі Дняпро, нанеслі моцны контрудар фашыстам, прарвалі і ўклініліся ў абарону праціўніка месцамі на 30 кіламетраў, вызвалілі Рагачоў і Жлобін. Дзякуючы подзвігу савецкіх байцоў больш як на месяц было спынена наступленне ворага на гомельскім напрамку. Гэта дало абласному цэнтру час для эвакуацыі прамысловых аб'ектаў, каштоўных рэсурсаў, гараджан. Ваенная аперацыя, праведзеная байцамі 63-га стралковага корпуса пад камандаваннем Леаніда Пятроўскага, таксама больш як на месяц адцягнула значныя сілы фашысцкіх войскаў ад наступлення на Маскву.

Карпатлівую работу па зборы і захаванні інфармацыі пра ваенную гісторыю вызвалення райцэнтра ў 1941 годзе працягваюць супрацоўнікі Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея. Асноўныя матэрыялы пра баі 63-га стралковага корпуса сабраны старшым навуковым супрацоўнікам установы Кацярынай Цісецкай у музейным праекце «Жывая памяць» і сумесным з грамадскай арганізацыяй «Патрыёты Беларусі» праекце «Захаваем гісторыю». Дапамогу ў падрыхтоўцы дадзенага тэксту аказала і навуковы супрацоўнік Вікторыя Ільіна.

Помнік воінам-вызваліцелям 63-га стралковага корпуса 21-й арміі на цэнтральнай плошчы Жлобіна.

Нарадзіўся Леанід Пятроўскі ў 1902 годзе на Данбасе. Да рэвалюцыі паспеў адслужыць у імператарскай арміі, пасля адвучыўся ў школе прапаршчыкаў, атрымаў пасаду малодшага афіцэра роты запаснога кулямётнага палка ў Петраградзе, потым — камандзіра роты. У лістападзе 1917-га ўжо ў атрадах Чырвонай гвардыі браў удзел у штурме Зімовага палаца. Удзельнічаў у баях супраць германскіх войскаў на Паўночным фронце і на Усходнім фронце супраць Калчака. У 1920 годзе на савецка-польскай вайне быў цяжка паранены, трапіў у палон, але па абмене вярнуўся на радзіму. Пасля — вучоба ў Ваеннай акадэміі Рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, курсы ўдасканалення вышэйшага кіруючага саставу, прызначаны камандзірам стралковай дывізіі, пазней камандзірам 5-га стралковага корпуса Беларускай ваеннай акругі, камандуючым Сярэднеазіяцкай ваеннай акругай, членам Ваеннага савета і намеснікам камандуючага Маскоўскай ваеннай акругі. У канцы 1938-га — звальненне з арміі. Ён знаходзіўся пад следствам у органах НКУС, аднак не быў арыштаваны, а ў жніўні 1940 года справа ў адносінах Леаніда Пятроўскага была спынена, ён адноўлены ў званні, прызначаны на пасаду камандзіра 63-га стралковага корпуса.

Вяртанне на Беларусь

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны яго корпус перадыслацыраваны на заходні напрамак. Вядома, што з Беларуссю былі звязаны гады камандзірскай маладосці военачальніка. Тут пачалася гісторыя і яго асабістага шчасця. У 1923 годзе ў Віцебску Леанід Рыгоравіч пазнаёміўся са сваёй будучай жонкай Надзеяй Вікулавай. У 1937 годзе на пасадзе камкора 5-га стралковага корпуса на Беларусі праводзіў вучэнні: наступленне ад Бабруйска на Рагачоў і Жлобін...

Ужо на трэці дзень ад пачатку Вялікай Айчыннай вайны чыгуначны вузел у Жлобіне пераведзены на надзвычайны графік работы: у дэпо зманціраваны бронецягнік і накіраваны ў прыфрантавую зону, тут жа ў дэпо сталі вырабляць санітарныя вагоны-лятучкі. У Жлобіне і Стрэшыне створаны знішчальныя батальёны і атрады самаабароны. Іх задачы — вядзенне разведкі, прадухіленне панікі і дыверсій, захаванне грамадскага парадку, дапамога ў правядзенні эвакуацыі. Жлобінскі знішчальны батальён быў створаны 27 чэрвеня і налічваў звыш 100 чалавек. Фарміраваўся ён з партыйных і савецкіх работнікаў, камсамольцаў, супрацоўнікаў НКУС, актывістаў. Адначасова з добраахвотнікаў і моладзі непрызыўнога ўзросту ствараліся атрады і групы народнага апалчэння. У Жлобіне толькі на чыгуначным вузле атрад народнага апалчэння склаў каля ста чалавек.

27 чэрвеня 1941 года нямецкая авіяцыя ўпершыню бамбіла чыгуначны вузел Жлобіна. 3 ліпеня 1941 года, заходняя частка раёна і горад былі занятыя нямецкімі войскамі. Чырвонаармейскія фарміраванні 21-й арміі Заходняга фронту занялі абарону на левабярэжжы Дняпра. 6 ліпеня часці 117-й стралковай дывізіі правялі разведку боем і выбілі акупантаў з горада, але пад націскам ворага вымушаныя былі адысці на зыходныя рубяжы за Дняпро.

Тым часам Генеральным штабам і Стаўкай Вярхоўнага галоўнакамандавання распрацаваны план арганізацыі абароны і затрымання ворага па лініі рэк Дняпро і Бярэзіна. Камандуючы Заходнім фронтам маршал Савецкага Саюза Сямён Цімашэнка аддаў загад фарміраванням 21-й арміі перайсці ў контрнаступленне ў напрамку Бабруйска і знішчыць нямецкую групоўку, якая прарвалася да Быхава.

У рамках якраз таго контрудару 63-і корпус пад камандаваннем камкора Леаніда Пятроўскага і фарсіраваў Дняпро. Аперацыя стала настолькі нечаканай для немцаў, што першапачаткова яны нават не далі адпор. Толькі калі савецкія часці выйшлі на заходнія ўскраіны горада, немцы арганізавалі ўзмоцненае супраціўленне.

Тым не менш, 13—15 ліпеня воіны Пятроўскага выбілі немцаў са Жлобіна і Рагачова. Яны развілі наступленне на Бабруйск і прабіліся на 30 кіламетраў углыб тэрыторыі, занятай ворагам. Пра гэтую перамогу Саўінфармбюро апавясціла ўсю краіну. Аперацыю падтрымлівалі байцы жлобінскага і рагачоўскага знішчальных батальёнаў, а таксама палкоў народнага апалчэння.

Успаміны відавочцаў тых падзей захоўваюцца ў фондах Жлобінскага гісторыка-краязнаўчага музея.

Малодшы лейтэнант П. А. Лушнікаў, які змагаўся ў шэрагах 465-га гвардзейскага стралковага палка, успамінаў пасля вайны: «...у размяшчэнне дывізіі на грузавой машыне прыбыў камкор таварыш Пятроўскі Л. Р. і аддаў загад збіць з пазіцый не паспеўшыя абкапацца нямецкія часці. Дывізія рынулася ў атаку... Нават цяпер, праз 30 гадоў, цяжка забыць яе. Дывізія знаходзілася ў старым хваёвым бары. Немцы адкрылі шалёны агонь з усіх відаў артылерыі і мінамётаў. У нас на вачах падалі гіганцкія хвоі. Мы перайшлі ў імклівую штыкавую атаку. Вялікую частку немцаў знішчылі на месцы, а астатнія кінуліся назад у раку Дняпро перапраўляцца ў горад Рагачоў».

Захаваліся ўспаміны пра баі за Жлобін і камандзіра батарэі 3-га дывізіёна 63-га стралковага корпуса Леаніда Папкоўскага: «Фарсіравалі Дняпро побач з падарваным чыгуначным мостам. Прыкрываў пераправу бронецягнік, які стаяў паблізу падарванага моста з боку Гомеля. Каля пераправы быў і камандзір корпуса Пятроўскі. Я далажыў становішча, ён тут жа даў распараджэнне палкоўніку, які кіраваў пераправай, прапусціць гарматы за Дняпро і загадаў на тым баку арганізаваць прыкрыццё пераправы, каб даць магчымасць прапусціць за раку больш тэхнікі і войскаў. Што і было зроблена».

Камандзір 318-га гаўбічнага артылерыйскага палка 63-га стралковага корпуса палкоўнік Г. П. Куляшоў у сваіх успамінах згадваў адзін цікавы выпадак: «Наткнуўшыся на лютае супраціўленне нямецкай пяхоты, якая ўмацавалася на вышыні, 154-я стралковая дывізія запаволіла наступленне. Л. Р. Пятроўскі загадаў палкоўніку Фоканаву на досвітку сіламі аднаго стралковага палка атакаваць вышыню і выбіць адтуль ворага. Раніцай камандзір корпуса з'явіўся ў размяшчэнні палка, якому была пастаўлена гэтая баявая задача. Нападзенне затрымлівалася. Камандзір палка растлумачыў прычыну затрымкі тым, што інтэнсіўны агонь праціўніка не дасць нават галаву падняць. Выслухаўшы даклад камандзіра палка, Л. Р. Пятроўскі моўчкі павярнуўся і пайшоў па акопе. Потым ён вылез на бруствер і спакойна пайшоў уздоўж акопа. Камандзіру палка і камбатам прыйшлося ісці за ім. Як і меркаваў Пятроўскі, вораг, як кажуць у такіх выпадках, «палохаў» і вёў не асабліва прыцэльную стральбу. Прайшоўшы па брустверы перад усім батальёнам і спусціўшыся ў акоп, Пятроўскі ціха спытаў камандзіра палка: «Дык вы кажаце, нельга галаву падняць?» Той збянтэжыўся, маўчаў.

Леанід Рыгоравіч спакойна распарадзіўся: «Даю вам на арганізацыю нападзення дзве гадзіны. Праз дзве гадзіны трыццаць хвілін вышыня павінна быць узята». У прызначаны тэрмін полк авалодаў вышынёй».

Абеліск на месцы пахавання ў 1941 годзе камкора Леаніда Пятроўскага  каля вёскі Рудзенка.

Жлобін адбіты

Батальён 437-га стралковага палка пад камандаваннем   капітана Фёдара Баталава першы ўварваўся ў Жлобін. Калі на наступную раніцу вораг спрабаваў акружыць батальён, нашы воіны не толькі не адступілі, а, адбіўшы варожае нападзенне, зноў адкінулі гітлераўцаў. Шэсць разоў узнімаў свой батальён капітан Фёдар Баталаў, двойчы справа даходзіла да штыкавых удараў, і вораг вымушаны быў адступіць. Батальён адцягнуў на сябе значныя варожыя сілы, каб даць магчымасць прасунуцца па тэрыторыі іншым падраздзяленням дывізіі і поўнасцю вызваліць Жлобін. Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР за мужнасць і гераічнасць, праяўленыя ў баях за горад Жлобін, камандзіру батальёна капітану Баталаву Фёдару Аляксеевічу было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Легендарная вайсковая аперацыя

Контрудар на Дняпры сыграў вялікую ролю ў пачатковым перыядзе вайны: сарваў актыўнае наступленне ворага на маскоўскім напрамку, прыкметна аслабіў войскі правага крыла групы армій «Цэнтр». А яшчэ контрудар байцоў 63-га стралковага корпуса стаў сведчаннем таго, што нават у цяжкіх умовах пачатку вайны часці Чырвонай Арміі не толькі ўстойліва абараняліся, але і дастаткова паспяхова вялі наступальную аперацыю.

Два беларускія гарады — Жлобін і Рагачоў — сталі першымі ў гісторыі Вялікай Айчыннай вайны вызваленымі ад фашыстаў. Цэлы месяц на гэтай тэрыторыі зноў дзейнічала савецкая ўлада. Каля тыдня танкавы клін Гудэрыяна, скінуты з берагоў Дняпра, быў прымушаны шукаць новую пераправу. Немцы не толькі адступілі, але і перагрупавалі свае сілы. Корпус пад камандаваннем Пятроўскага сарваў планы нямецкага камандавання. 31 ліпеня прыйшла вестка пра тое, што за ўмелае кіраўніцтва баявымі дзеяннямі камандзіру корпуса Леаніду Рыгоравічу Пятроўскаму прысвоена званне генерал-лейтэнанта.

Трымалі абарону

30 дзён і начэй корпус трымаў абарону і перакрываў шляхі наступлення ворага на гомельскім напрамку. Але, нягледзячы на поспехі, Чырвоная Армія адыходзіла. Корпус быў адрэзаны ад асноўных сіл, кальцо вакол яго сціскалася. Познім вечарам 13 жніўня ў штабе прынялі тэрміновую шыфраграму — загад Пятроўскаму «неадкладна ўступіць у камандаванне 21-й арміяй». Неўзабаве прыбыў і самалёт за Пятроўскім. Але Леанід Рыгоравіч не змог у такі цяжкі час пакінуць байцоў свайго корпуса. У камандавання фронтам ён просіць адтэрмінаваць выкананне загада і на дасланым самалёце адпраўляе ў тыл цяжкапараненага байца. Сам жа пачынае рыхтаваць прарыў акружэння і адначасова наступленне.

На досвітку вораг перайшоў у наступленне, прарваў абарону 154-й стралковай дывізіі, разбурыў пераправы праз Дняпро ў раёне Жлобіна, да якога ўсё падыходзілі і падыходзілі новыя нямецкія часці. Ім была пастаўлена задача акружыць 63-ці стралковы корпус, адкрыць дарогу на Гомель. У самога ж корпуса сувязь перапынілася. Камкору Пятроўскаму прыйшлося кіраваць баявымі дзеяннямі, не маючы ніякіх звестак пра становішча на суседніх участках фронту.

У ноч на 15 жніўня савецкія байцы пачалі адыходзіць на мяжу Столпня, Гарадзец, Жлобін для таго, каб сіламі 154-й стралковай дывізіі нанесці ўдар па ворагу ў бок Стрэшына і адкінуць яго за Дняпро. Манеўр атрымаўся. Імклівы ўдар прымусіў гітлераўцаў адступіць. Усё гэта раздражняла нямецкае кіраўніцтва: такога нахабства яны не чакалі, як і таго, што корпус будзе стаяць насмерць. Супраць яго байцоў, якіх засталіся ўжо няпоўныя дзве дывізіі, вораг кінуў сем адборных пяхотных дывізій. Буйныя сілы праціўніка падцягваліся і з тылу.

Без боепрыпасаў і харчавання, у акружэнні, генерал Пятроўскі пачынае прарыў даручаных яму часцей. Сам камкорпуса з групай байцоў прарываецца да часцей, якія закрывалі адыход дывізій, каб дапамагчы ім адбіцца ад ворага. Пятроўскі зноў наперадзе байцоў, сам вядзе іх у атаку.

16 жніўня ў 12 гадзін ён аддаў загад на прарыў, дзе рукой дапісаў: «Усяму начсаставу, незалежна ад звання і пасады, у перыяд начной атакі, аж да злучэння часцей корпуса з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіцца ў перадавых ланцугах, маючы пры сабе эфектыўную зброю з задачай аб'яднаць вакол сябе ўвесь асабовы склад дывізіі...»

У раёне Чацвярні Пятроўскі ўдакладніў задачы. Атака прызначалася на 3 гадзіны 17 жніўня 1941 года. Успыхваюць рукапашныя сутычкі. Гіне ў штыкавой атацы начальнік штаба корпуса А. Фейгін, цяжка паранены начальнік артылерыі А. Казакоў, па-геройску гіне ад'ютант генерала — лейтэнант В. Колесаў, а група на чале з Леанідам Пятроўскім трымаецца. 17 жніўня камкор зноў паранены. Як сцвярджаюць гісторыкі, каб пазбегнуць палону, ужо атрымаўшы раненне, генерал застрэліўся. Адбылося гэта паміж вёскамі Рудзенка і Скепня Пірэвіцкага сельсавета Жлобінскага раёна.

Апошні ліст генерала Пятроўскага да жонкі.

Захаваўся ліст Леаніда Пятроўскага, які ён напісаў у апошнія дні жыцця сваёй жонцы: «Прывітанне і найлепшыя пажаданні. Карыстаючыся выпадкам, пішу гэту пісульку, каб паслаць Вам пару фатаграфій. Адна, па-мойму, нядрэнная. Здымаўся ў лесе, недалёка ад таго месца, дзе мы жывём. У нас сёння «весела». Ноч мы не спалі, ды і цяпер у напружанні. Я здаровы і жывы. Пішыце мне. Нашы таварышы ўжо атрымліваюць ад сваіх лісты, у якіх мяне віншуюць са званнем. Я апрануў ужо генеральскія зорачкі і хаджу як у новай форме. Заканчваю. Прывітанне ўсім. Вас усіх цалую, гэта значыць цябе, Надзя, і Волю. Усім прывітанне. Ваш Леанід. 13.08.41».

У жніўні 1941 года генерала Пятроўскага пахавалі на ўзлеску вёскі Рудзенка. Але ў 1944 годзе астанкі генерала былі перанесены і перапахаваны ў брацкай магіле ў вёсцы Старая Рудня. Там жа цяпер узвышаецца бронзавы бюст генерала Пятроўскага. На самім жа месцы гібелі гэтага гераічнага чалавека ў 1979 годзе быў устаноўлены помнік з надпісам-прысвячэннем: «ТУТ 17.VІІІ.1941 г. па-геройску загінуў камандзір 63-га стралковага корпуса генерал-лейтэнант Пятроўскі Леанід Рыгоравіч».

Брацкая магіла ў вёсцы Старая Рудня, дзе ў 1944 годзе былі перапахаваны астанкі генерала Пятроўскага.

Доўгія гады складана было зразумець, што ж здарылася з генералам Пятроўскім і яго акружэннем у трагічныя дні жніўня 1941 года — доступ да дакументаў быў абмежаваны. У 1944 годзе, пасля вызвалення рэспублікі ад фашыстаў і распачатага расследавання, была знойдзена магіла камкора, а на ёй крыж і надпіс на нямецкай мове «Генерал-лейтэнант Пятроўскі». Мясцовыя жыхары распавялі, што савецкага генерала немцы пахавалі з вайсковымі ўшанаваннямі. Дадзены факт сыграў сваю ролю ў ацэнцы дзейнасці 63-га стралковага корпуса і асабіста яго камандзіра. І гэта нягледзячы на тое, што 6 чэрвеня 1944 года была праведзена эксгумацыя цела генерал-лейтэнанта з наступным канстатаваннем: «...На чэрапе і ў зоне цемянной і левай скроневай косці парушэнні цэласнасці чэрапа зоркападобнай формы, памерам 10 на 18 сантыметраў...». Відавочны факт — Пятроўскі застрэліўся.

Праз гады на абарону сумленнага імя генерала ўстала эліта савецкай арміі, маршалы СССР Дзмітрый Язаў, Андрэй Яроменка. Георгій Жукаў у сваім звароце да кіраўніцтва краіны пісаў: «Леаніда Рыгоравіча Пятроўскага я добра ведаў як аднаго з самых таленавітых і адукаваных военачальнікаў, і калі б не заўчасная гібель, думаю, што ён стаў бы камандзірам буйнога маштабу». Рашэннем Палітбюро ЦК КПСС і ўрада СССР у 1964 годзе генерал-лейтэнант Пятроўскі быў пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені.

У 1990 годзе Леаніду Пятроўскаму было прысвоена званне ганаровага грамадзяніна Жлобіна. У райцэнтры працягваюць захоўваць і шанаваць памяць не толькі аб подзвігу генерала, але і аб гераічных байцах 63-га стралковага корпуса.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Матэрыялы і фатаграфіі дадзены Жлобінскім гісторыка-краязнаўчым музеем

Праект створаны пры фінансавай падтрымцы ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта № 131 ад 31 сакавіка 2022 года.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?