Вы тут

Біябібліяграфічны паказальнік публікацый Вячаслава Рагойшы падрыхтавалі ў БДУ


Вячаслаў Пятровіч Рагойша — вядомы беларускі літаратуразнавец, крытык, заслужаны работнік адукацыі, доктар філалагічных навук, прафесар. У мінулым годзе ён адзначыў сваё 80-годдзе. Фундаментальная бібліятэка БДУ пры падтрымцы філалагічнага факультэта падрыхтавала і выдала біябібліяграфічны паказальнік публікацый Вячаслава Рагойшы, які ахоплівае перыяд з 1957 г. да жніўня 2022 г. Выданне стане ўкладам бібліятэкі ў раскрыццё і пашырэнне інфармацыі аб апублікаванай спадчыне выдатнага вучонага і грамадскага дзеяча Беларусі. Складальнікі — супрацоўнікі бібліятэкі: Алена Вараб’ёва, Святлана Прыхач, Вікторыя Гурына.


Фота з са старонкі Фундаментальнай бібліятэкі БДУ ў Facebook.

Пра падрыхтоўку біябібліяграфічнага паказальніка пагутарылі з Аленай Вараб’ёвай, загадчыцай аддзела інфармацыйнага абслугоўвання навуковых даследаванняў Фундаментальнай бібліятэкі БДУ.

— Алена Яўгенаўна, хто ініцыяваў стварэнне паказальніка?

— Гэта быў запыт ад філалагічнага факультэта БДУ. Затым праз дырэктара Уладзіміра Кулажанку гэтае заданне паступіла ў наш аддзел інфармацыйнага абслугоўвання навуковых даследаванняў. Гэта наш першы досвед складання біябібліяграфічных паказальнікаў па літаратуразнаўстве. Глядзелі спачатку прыклады паказальнікаў, падрыхтаваных супрацоўнікамі ЦНБ НАН Беларусі. На жаль, у фондзе нашай бібліятэкі не было ніводнага, прысвечанага навукоўцу-літаратуразнаўцу. Паказальнікі ж, прысвечаныя навукоўцам прыродазнаўчых навук, маюць больш простую структуру. Наша задача ўскладнялася, бо Вячаслаў Пятровіч пісаў вершы, літаратуразнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі, ствараў пераклады, і ўсё гэта трэба было адлюстраваць ў паказальніку, а таксама і літаратуру пра яго. Паказальнік уключае прадмову — артыкул пра навукоўцу, які напісала Таццяна Шамякіна. Раздзел «Асноўныя даты жыцця і творчасці» дапамог скласці сам Вячаслаў Пятровіч. Далей ідуць раздзелы з яго працамі і літаратурай аб ім. Усяго паказальнік уключае 2054 запісы.

З якімі цяжкасцямі сутыкнуліся ў працэсе работы?

— Цяжкасцей было шмат. Аднак, дзякуючы дапамозе аўтара, мы паспяхова спраўляліся. За аснову ўзялі паказальнік, апублікаваны да 60-годдзя з дня нараджэння Вячаслава Пятровіча. Таксама ён перадаў нам спіс сваіх прац і матэрыялаў аб ім. Аднак гэтыя крыніцы не былі дастаткова вычарпальныя і дакладныя. Напрыклад, назва артыкула напісана адна, а па факце аказвалася зусім іншая, няправільна маглі быць пазначаны крыніцы, год, нумар выпуску, старонкі і інш. Кожны запіс у паказальніку быў правераны на дакладнасць фактычных звестак. Цяжка было знайсці газетныя публікацыі ранейшых гадоў, асабліва з раённых газет. Шмат прыйшлося працаваць з электроннымі газетнымі архівамі, выданнямі дзяржаўнай бібліяграфіі Беларусі, электроннымі каталогамі Нацыянальнай кніжнай палаты Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, бібліятэк Украіны і Польшчы. Дапамог і наш газетны архіў, які знаходзіцца ў медыятэцы факультэтаў журналістыкі, філасофіі і сацыяльных навук. Таксама мы звярталіся да аўтара, калі не маглі наогул нідзе знайсці ніякай інфармацыі. Праца была складаная і карпатлівая. Прычым факультэт хацеў выдаць паказальнік менавіта да дня нараджэння юбіляра, ды заставаўся толькі месяц. За такі кароткі час гэта было зрабіць нерэальна, улічваючы той аб’ём работы, якую нам давялося правесці. Я думаю, сам аўтар не чакаў, што ў яго будзе столькі публікацый.

— Колькі часу спатрэбілася і хто яшчэ, акрамя вас, удзельнічаў у рабоце над паказальнікам?

— Работа вялася з пачатку мая да канца верасня 2022 года. Шмат часу затрачана на рэдагаванне і складанне дапаможных паказальнікаў, асабліва прадметнага. Акрамя мяне, над паказальнікам працавалі яшчэ два нашы супрацоўнікі — Святлана Віктараўна Прыхач і Вікторыя Аляксандраўна Гурына. Шмат зрабіла Святлана Прыхач, якая дапамагала вышукваць фактычныя звесткі, працавала з архівамі газет. Вікторыя Гурына больш займалася наборам даных. Стварэнне паказальніка — вельмі складаная праца, якая патрабуе не толькі намаганняў некалькіх чалавек, але і асаблівай уважлівасці, пэўнай бібліяграфічнай інтуіцыі.

— У працэсе работы вы ва ўсёй паўнаце змаглі ацаніць аб’ём і змест творчай і навуковай дзейнасці Вячаслава Рагойшы. На што параіце звярнуць увагу?

— На яго апошнюю кнігу «Прыгаршчы светлах згадак», якая выйшла ў свет зусім нядаўна, у 2022 годзе. Гэта ўспаміны пра бацькоў, жонку, сяброў, пісьменнікаў. Там ёсць і яго раннія вершы. Многа артыкулаў Вячаслаў Пятровіч прысвяціў месцу, дзе нарадзіўся, — вёсцы Ракаў у Валожынскім раёне. Ён і называў яе з асаблівай любоўю — «мой Ракаў».


Вікторыя Гурына, вядучы бібліятэкар аддзела інфармацыйнага абслугоўвання навуковых даследаванняў:

— Гэта вельмі карпатлівая праца, якая патрабуе вялікай уважлівасці, праца дакладна не аднаго дня, не аднаго тыдня і нават месяца. Наш аддзел даволі хутка справіўся, і я лічу, што мы выканалі на «ўра» гэтую задачу — складанне біябібліяграфічнага паказальніка Вячаслава Пятровіча Рагойшы.

Адчуваеш свой уклад, каштоўнасць сваёй працы, што ты сапраўды прыносіш карысць, робіш унёсак у фарміраванне спадчыны, становішся часцінкай, якая захоўвае гісторыю.

З паказальнікам можна азнаёміцца на сайце электроннай бібліятэкі БДУ ў адкрытым доступе па спасылцы.

Гутарыла Ганна НОВІКАВА, бібліятэкар II катэгорыі

Навукова-метадычнага аддзела Фундаментальнай  бібліятэкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».